КАРЧА́ГІНА-АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Кацярына Паўлаўна) (23.12.1874, г. Кастрама, Расія — 15.1.1951),
руская актрыса. Нар.арт.СССР (1936). Акцёрскую дзейнасць пачала ў 1887, выступала ў розных гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Магілёве. З 1904 у Пецярбургу: у т-рах В.Камісаржэўскай, Літ.-маст.т-ва, з 1915 у Александрыйскім (цяпер Тэатр драмы імя Пушкіна). На правінцыяльнай сцэне сыграла каля 400 роляў у п’есах А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Грыбаедава і інш. Выканаўца характарна-быт. роляў. Стварыла галерэю вобразаў рус. жанчын. Сярод лепшых: Уліта, Ефрасіння Патапаўна, Домна Панцялеўна («Лес», «Беспасажніца», «Таленты і паклоннікі» Астроўскага), Хрысціна Архіпаўна («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Дзямідзеўна («Нашэсце» Л.Лявонава) і інш. Здымалася ў кіно: Уліта («Іудушка Галаўлёў» паводле «Паноў Галаўлёвых» М.Салтыкова-Шчадрына, 1934). У створаных ёй вобразах камедыйнасць спалучалася з глыбокім драматызмам. Аўтар кн. «Старонкі жыцця» (выд. 1955). Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛТ,
старажытнае жаночае ўпрыгожанне. Вядома ў слав. і некаторых інш. народаў у 11—13 ст. Меў выгляд акруглай ці зоркападобнай формы метал. падвескі, якая мацавалася да галаўнога ўбору з 2 бакоў на ланцужках або стужках. У сярэдзіне К. быў звычайна пустацелы; мяркуецца, што туды змяшчалі тканіну, прамочаную духмяным алеем. У 11—12 ст. выраблялі з золата, серабра, з канца 12 ст. з’яўляюцца больш танныя К. з бронзы і свінцу. К. упрыгожвалі перагародчатымі эмалямі, аздаблялі філігранню, сканню, зярненнем, цісненнем, чарненнем. У арнаментыцы трапляюцца выявы птушак, птушак з жаночымі галовамі, «дрэва жыцця» і інш. У Беларусі выяўлены ў час археал. раскопак у г. Брэст, Мінск, Полацк, каля в. Вішчын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. і інш.
І.М.Каранеўская, Г.В.Штыхаў.
Сярэбраныя колты канца 12 — пач. 13 ст. з гарадзішча Вішчын Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл.
польскі пісьменнік, драматург; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1827—29). Дэбютаваў гіст. аповесцямі. Найб. значны твор — драма «Нябоская камедыя» (1835), у якой адлюстраваны канфлікт паміж паэт. асобай і будзённасцю прыватнага жыцця, асуджанасць старога свету і гіст. бесперспектыўнасць рэвалюцыі як разбуральнай сілы. Месіянізм, вера ў прагрэс чалавецтва праз пакуты, ахвяры, маральнае ўдасканаленне ў драме «Ірыдыён» (1836), паэмах «Тры думкі Генрыка Лігэнзы» (1840), «Напярэдадні» (1843), цыкле «Псалмы будучыні» (1845—48). У лістах К. каштоўная інфармацыя пра л-ру, мастацтва. філасофію эпохі.
Тв.:
Dzieła literackie. T. 1—3. Warszawa, 1973;
Listy do Delfiny Potockiei. Warszawa 1975.
Літ.:
Janion M. Zygmunt Krasiński: Debiut i dojrzalość. Warszawa, 1962;
Sudolski Z. Korespondencja Zygmunta Krasińskiego. Warszawa, 1968;
Śliwiński M. Ańtyk i chrześcijaństwo w twórczości Zygmunta Krasińskiego. Słupsk, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ТАПІС ГАЗЕ́ТНЫХ АРТЫ́КУЛАЎ»,
дзяржаўны штомесячны бібліяграфічны паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1937 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Рэгіструе артыкулы, дакумент. матэрыялы, творы маст. л-ры з міжрэгіянальных газет, рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх, а таксама газет т-ваў, асацыяцый, аб’яднанняў, партый, рухаў, незалежных, рэлігійных, газет прыватных заснавальнікаў, дадаткаў да газет і спец. выпускаў, прысвечаных міжнар. падзеям і інш.Бібліягр. апісанне артыкулаў даецца на мове выданняў, у якіх выкарыстана кірылічная ці лац. графіка. Бібліягр. запісы групуюцца па галіновых раздзелах, у якія ўключаюцца часовыя тэматычныя рубрыкі, прысвечаныя падзеям паліт., эканам., культ.жыцця Беларусі і замежжа, юбілеям асоб, арг-цый і г.д. Мае паказальнікі: імянны, геагр., газет, артыкулы якіх зарэгістраваны ў летапісе, моў (акрамя бел. і рускай), на якіх надрукаваны артыкулы, штогадовы (у № 12) паказальнік часовых тэматычных рубрык.
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся ў Берліне ў К.Штэфека (1866—68), у Маст. школе ў Веймары (1868—72) Праф. (1897), прэзідэнт (1920) Берлінскай АМ. Заснавальнік «Берлінскага Сецэсіёна» (1898—99). У ранні перыяд працаваў у рэаліст. кірунку. У творах пераважалі сцэны з жыцця сялян і рабочых: «Ашчыпванне гусей» (1872), «Школа шыцця ў Галандыі» (1876), «Амстэрдамскія вязальшчыцы» (1880), «Майстэрня шаўца» (1881), «Селянін у дзюнах» (1895). Пазней пад уплывам імпрэсіянізму яго творчасць набыла пленэрны характар. Ствараў пераважна пейзажы і партрэты, якія вызначаліся святлонасычанасцю, свабоднай пластыкай мазка: «Алея папугаяў» (1902), «На рацэ Альстэр у Гамбургу» (1910), «Галандскі пейзаж» (1912), партрэты А. фон Бергера (1905), Ф.Заўэрбруха (1932), аўтапартрэт (1909) і інш. Сярод графічных твораў: «Маці з дзіцем» (1891), «Пола» (1912) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.
Існавала ў 1908 — 14. Статут зацверджаны 14.2.1909. Мела на мэце культ.-асв. дзейнасць, прапаганду сярод жыхароў Гомеля муз. і тэатр. мастацтва і л-ры, развіццё маст. здольнасцей членаў т-ва. Было важным асяродкам культ.жыцця горада. У 1910—11, калі т-ва ўзначальваў Л.С.Драгунскі, яно аб’ядноўвала каля 240 чал. Працавалі секцыі літ. (распарадчык І.Х.Бабарыкін), драм. (І.Я.Марголін, В.М.Плахаў) і муз. (С.Л.Захарын). Пад кіраўніцтвам Марголіна пастаўлены спектаклі «На бойкім месцы» і «Лес» А.Астроўскага, «Лебядзіная песня» А.Чэхава, «Рэвізор» М.Гогаля і інш.Муз. секцыяй быў створаны хор, наладжваліся вечары, прысвечаныя творчасці кампазітараў-класікаў (у т. л. П.Чайкоўскага), выконваліся рамансы і нар. песні, арыі з рус. і замежных опер. Т-ва працавала ў памяшканні клуба грамадскага сходу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНО́БІЯ (Септымія) (лац. Zenobia Septimia, сірыйскае Bathzabbai; ? — пасля 274),
правіцельніца рым. калоніі Пальміра (цяпер у Сірыі). Пасля забойства мужа каля 266 стала рэгенткай пры сваім малалетнім сыне Вабалату. У 270, калі Рым. імперыі з захаду пагражалі герм. плямёны, прыняла тытул «Аўгусты», захапіла Егіпет. У 271 Вабалат абвясціў сябе імператарам Усходу і напаў на рым. ўладанні ў М. Азіі. У 272 пальмірцы былі пераможаны арміяй імператара Аўрэліяна, у 273 яны зноў напалі на рымлян, але былі разгромлены, а іх горад Пальміра зруйнаваны. З. трапіла ў палон і ў 274 разам са сваімі сынамі прайшла ў працэсіі пераможаных у час трыумфу Аўрэліяна. Аддадзеная замуж за рым. сенатара, да канца жыцця заставалася ў Тыбуры (цяпер г. Тывалі, Італія). Яе біяграфія змешчана ў «Гісторыі імператараў» («Historia Augusta») і стала сюжэтам драм 17 і 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́СКІ (Георгій Рыгоравіч) (21.1.1903, г. Гомель — 19.6.1987),
расійскі мастак. Нар.маст. Расіі (1965). Правадз.чл.АМСССР (1958). Вучыўся ў Гомельскай студыі імя М.Урубеля (1919—21), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях і Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1921—30). Зазнаў уплыў А.Дайнекі. У пейзажах імкнуўся перадаць рытм сучаснага жыцця праз яркае каларыстычнае вырашэнне ў спалучэнні з абагульненасцю кампазіцыі. Сярод твораў: «Беларускі пейзаж» (1947), «Верхняя Волга» (1949), «Вясёлка», «Ля берагоў Далёкага Усходу», «Порт Адэса» (цеплаход «Расія»), «Пейзаж з маяком» (усе 1950), «Падмаскоўная зіма» (1951), «Рыбінскае мора» (1953—54), «Парусны спорт. Пестава» (1954), «Падмаскоўе. Люты», «Падмаскоўная ракада» (абодва 1957), «Азёрны край» (1958), «Над снягамі», «Калгас «Загор’е» (абодва 1959—60), «Каля магілы сябра» (1963—64), трыпціха «На Поўначы» (1957). Дзярж. прэміі СССР 1947, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫ ШЛЯХ»,
часопіс, орган Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП). Выдаваўся ў ліст. 1933 — ліст. 1937 у Вільні на бел. мове кірыліцай і лацінкай. Меў падтрымку ведамства замежнай палітыкі Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі. Рэдактар-выдавец У.Казлоўскі. Прапагандаваў ідэі нацыянал-сацыялізму, друкаваў дакументы і матэрыялы БНСП, рэзка крытыкаваў нац. і эканам. палітыку, будаўніцтва сацыялізму ў БССР, дзейнасць Камінтэрна і КПЗБ. Шмат увагі аддаваў падзеям у свеце, асабліва ў Германіі, узнімаў праблемы асветы і жыццябел. вёскі, палемізаваў з час. «Золак», газ. «Наша воля», «Родны край». Змясціў біяграфіі лідэраў БНСП Ф.Акінчыца, Казлоўскага і К.Юхневіча, літ. і публіцыстычныя творы, Казлоўскага і А.Стаповіча, крытычныя агляды асобных нумароў час. «Маладая Беларусь», «Калоссе». Публікаваў хроніку. Выйшла 26 нумароў (апошні ў Лідзе), з іх некат. канфіскаваны. Казлоўскі неаднойчы меў справы з судом. Забаронены польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЙ ВЕ́СТНИК»,
газета. Выдавалася з мая да снеж. 1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Мела нядзельны ілюстраваны дадатак. Была неафіц. органам герм.акупац. улад, але выразнага паліт. або ідэалаг. кірунку не мела. Змяшчала дырэктыўныя матэрыялы герм. камандавання 10-й арміі, гар. камендатуры і інш., якія датычыліся мясц. насельніцтва і ваеннапалонных. З № 208 ад 13 ліст. выдавалася пад кантролем Савета салдацкіх дэпутатаў 10-й арміі. Асвятляла гасп. і культ. жыццё горада. Мела аддзелы аб’яў, рэкламы і пошты. Значнае месца адводзіла дзейнасці ўрада БНР і органаў мясц. самакіравання. Матэрыялы рас. і міжнар.жыцця досыць аб’ектыўна асвятлялі сутнасць тагачасных падзей. З сярэдзіны ліст. ў сувязі з рэвалюцыяй у Германіі павялічыўся аб’ём матэрыялаў пра захады розных грамадска-паліт. сіл па фарміраванні новых органаў улады на Беларусі. Спыніла існаванне пасля эвакуацыі герм. войск і прыбыцця ў Мінск часцей Чырв. Арміі.