бел.нар. гульня. На прасторнай пляцоўцы збіраюцца 8—15 чал. і выбіраюць вядучага — «рыбака», які прысядае і кладзе перад сабой мячык. Астатнія становяцца паўкругам каля мяча. «Рыбак» гаворыць некалькі разоў: «Клюе...» — і нечакана называе імя аднаго з гульцоў. Усе уцякаюць, а той, каго ён назваў, павінен схапіць мяч і кінуць у каго-небудзь з гульцоў, калі пападзе («падсячэ»), той выбывае з гульні, а калі не — выбывае з гульні сам. Апошні гулец падкідае мяч уверх і ўцякае. «Рыбак» імкнецца злавіць мяч і пацэліць ім у гульца, які ўцякае. Калі пападзе, то «рыбаком» становіцца апошні «непадсечаны» гулец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЦЮ́К-ЖУКО́ЎСКІ Аляксей Андрэевіч (н. 15.8.1953, в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979), з 1981 выкладаў у ім, з 1982 — у Бел. каледжы мастацтваў у Мінску. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу ў рэаліст. манеры. Творам уласцівы лаканізм выяўл. сродкаў, псіхалагізм: «Бабіна лета. Бульба» (1979), «Ля матчынага парога» (1980), «Слуцкія ткачыхі» (1981), «Вясна Перамогі. Салдатка» (1984), «Мелодыя стагоддзяў» (1986), «Мір табе, зямля мая» (1987), «Ля студні» (1991), «Пажоўклыя лісты» (1995), «Лёс» (1996), трыпціхі «Раніца «залатога» дажджу» (1996), «Бязвінна загінуўшым воінам» (1998), «Укрыжаваная Югаславія» (1999), «Здрадніцтва» (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ТРЫН Аляксей Аляксеевіч (н. 8.10.1945, г. Брэст),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1967) і працаваў у ім. З 1993 на пед. рабоце ў Польшчы. Навук. працы па фотаэлектрычных з’явах у паўправадніках. Выявіў дыслакацыйную люмінесцэнцыю ў крэмніі, распрацаваў асновы фотаэлектрычнай спектраскапіі вызначэння якасці крэмніевых матэрыялаў.
Тв.:
Рекомбинационное излучение на дислокациях в кремнии (разам з М.А.Драздовым, В.Дз.Ткачовым) // Письма в ЖЭТФ. 1976. Т. 23, № 11;
Спектр оптического поглощения кремния, содержащего внутренние упругие напряжения (разам з М.І.Тарасік) // Журн. прикладной спектроскопии. 1998. Т. 65, № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКАЯ Лізавета Іванаўна (1830, г. Магілёў — 1915),
збіральніца бел.нар. песень. Маці У.Л.Кігна. Скончыла Магілёўскую гімназію. Жыла ў в. Фёдараўка (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.). Склала зб. «Народныя беларускія песні» (выд. ў 1853 на рус. мове ў Пецярбургу пад крыптанімам Е.П.), куды ўвайшлі творы каляндарна-абрадавай і пазаабрадавай нар. лірыкі, запісаныя ў Быхаўскім пав. Значнае месца ў кнізе адведзена апісанню мясц. вясельнага абраду і тэкстам звязаных з ім песень (пераклады недасканалыя).
Літ.:
Букчин С.В. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 158—160;
Цішчанка І. Адна з першых // Мастацтва Беларусі. 1984. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ГУ (Pigou) Артур Сесіл (18.11.1877, г. Райд, Вялікабрытанія — 7.3.1959),
англійскі эканаміст, прадстаўнік кембрыджскай школыпаліт. эканоміі. Скончыў Кембрыджскі ун-т. У 1908—43 кіраваў у ім кафедрай. З 1918 чл. валютнага К-та, у 1919 чл. каралеўскай камісіі па падаходных падатках, у 1924—25 чл. кабінета міністраў па пытаннях грашовага абарачэння. Даследаваў праблемы тарыфнай палітыкі, цыклічных ваганняў у прам-сці, занятасці, дзярж. фінансаў («Прамысловыя ваганні», 1929; «Даследаванне грамадскіх фінансаў», 3-е выд. 1947), распрацоўваў канцэпцыю «эканомікі дабрабыту». У кн. «Эканоміка дабрабыту» (1920) выклаў пачаткі тэорыі дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту, адно з палажэнняў якой — неабходнасць умяшання дзяржавы ў эканам. жыццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЬКО́ Яўген Канстанцінавіч (н. 8.3.1948, в. Рамейкі Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фармацэўтыкі. Д-р фармацэўтычных н. (1993), праф. (1994). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1970). З 1978 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры), з 1999 у Мінскім ін-це кіравання. Навук. працы па даследаванні стабільнасці лек. прэпаратаў і шляхах яе павелічэння.
Тв.:
Спектрально-оптический метод определения примесей в препаратах тетрациклина (разам з А.С.Прышчэпавым) // Журн. прикладной спектроскопии. 1999. Т. 66, № 5;
Оптические спектры водных растворов ассоциатов глутамин-триптофана (з ім жа) // Там жа. 2000. Т. 67, № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЯ́СТРА, пілястр (італьян. pilastro ад лац. pila калона, слуп),
плоскі верт. прамавугольны ў плане выступ на сцяне ці слупе, які паўтарае ўсе часткі і прапорцыі калоны арх. ордэра, але пазбаўлены патаўшчэння ў сярэдняй частцы ствала (энтазіса). П. выкарыстоўваліся ў ордэрнай сістэме як дэкар. элементы для верт. члянення сцен. Часам канструктыўна ўмацоўвалі найб. напружаныя ўчасткі сцен (вуглы, прасценкі і інш.). Упершыню паявіліся ў ордэрнай архітэктуры Стараж. Грэцыі. У архітэктуры барока і класіцызму былі важным сродкам узбагачэння арх. кампазіцыі, стварэння выразнага рытму фасадаў і надання ім манументальнасці. Выкарыстоўваюцца ў сучасным буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАК (Pollack) Міхай (1773, Вена — 5.1.1855),
венгерскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Венскай АМ. З 1799 працаваў у Пешце. Пабудовы П. ў значнай ступені ствараюць класіцыстычнае аблічча левабярэжнай ч. Будапешта 18—1-й пал. 19 ст.Ім уласцівы манументальнасць і прастата форм, стрыманая пластыка фасадаў, выразнасць архітэктанічнага дэкору: у Будапешце — лютэранская царква (1799), уласны дом (1822), будынкі Ваен. акадэміі (б. ліцэй Людовіка; 1829—35), Нац. музея (1837—47); Дом абл. савета ў Секешфехервары (1807—12, з Я.Тэглем), замак у Алчуце (1819—27, не захаваўся), дом камітацкай управы ў Сексардзе (1827—53).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДСТАЎНІ́К УЛА́ДЫ,
дзяржаўны служачы, які мае права ў межах сваёй кампетэнцыі даваць распараджэнні і загады, прымаць рашэнні адносна асоб, што не падначалены яму па службе. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да П.у. адносяцца дэпутаты палат Нац. сходу і дэпутаты мясц. Саветаў, работнікі праваахоўных і кантралюючых органаў і інш. службовыя асобы, надзеленыя ўладнымі паўнамоцтвамі. Закон прадугледжвае крымін. адказнасць за супраціўленне П.у., публічную яго знявагу, пагрозу насіллем і насілле над П.у. пры выкананні ім службовых абавязкаў. У той жа час прадугледжана крымін. адказнасць і П.у. за злоўжыванне ўладай або яе перавышэнне ці бяздзейнасць (невыкананне службовых абавязкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛІ́ВЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ,
прыродныя марскія шляхі, якія злучаюць асобныя моры ці акіяны і выкарыстоўваюцца для міжнар. суднаходства. Паводле міжнар. звычаяў, практыкі і пагадненняў дзяржаў для такіх праліваў гістарычна ўстаноўлены прынцып свабоды праходу суднаў і пралёту самалётаў усіх краін. Паводле Канвенцыі ААН па марскім праве 1982, у пралівах, дзе існуе міжнар. суднаходства, усе судны і лятальныя апараты карыстаюцца правам свабоднага транзітнага праходу, і ім не павінны чыніцца перашкоды. Існуюць пралівы, якія вядуць у закрытыя моры і па сваім геагр. становішчы не служаць мэтам транзіту. Да іх адносяцца Балтыйскія і Чарнаморскія пралівы. Іх прававы рэжым рэгулюецца спец.міжнар. пагадненнямі і міжнар. звычаямі.