рака ў Мінскай і Гродзенскай абл. Беларусі, у Літве і на мяжы Літвы і Калінінградскай вобл. Расіі. Даўж. 937 км. Пл. вадазбору 98,2 тыс.км² ( у межах Беларусі адпаведна 459 км і 35 тыс.км² — без вадазбору р. Вілія). Пачынаецца пад назвай Нёманец на Стаўбцоўскай раўніне каля в. Верх-Нёман Уздзенскага р-на Мінскай вобл., упадае ў Куршскі заліў Балтыйскага м., утварае дэльту. Н. падзяляюць на 3 часткі: верхняе цячэнне (ад вытоку да вусця Котры), сярэдняе (ад вусця Котры да вусця Віліі), ніжняе (ад вусця Віліі да ўпадзення ў Балтыйскае м.). У вярхоўі цячэ па Нёманскай нізіне, у сярэднім цячэнні перасякае Гродзенскае ўзв. і Балтыйскую граду, у нізоўях цячэ па прыморскай нізіне. Асн. прытокі: Уса, Сула, Бярэзіна, Гаўя (Беларусь), Дзітва, Вілія (Беларусь і Літва) — справа, Уша, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось (Беларусь, Свіслач (Беларусь і Польшча), Шашупе (Літва і Расія) — злева. За 46 км ад вусця Н. падзяляецца на 2 асн. рукавы: левы Гілія (Матросаўка), правы Русне, які таксама падзяляецца на шырокі і мелкаводны рукаў Атмата і паўнаводны Скірвітэ (Паўночны, падзяляецца на Ворусне і Руснайтэ). З шэрагам інш. рукавоў і меліярац. каналаў утварае вялізную дэльту. Даліна Н. (шыр. 1—4 км) да вусця Сулы невыразная, ніжэй, да мяжы з Літвой, пераважна скрынкападобная, паміж вусцямі Шчары і Чорнай Ганчы, дзе Н. цячэ па ўсх. ускраіне Гродзенскага ўзв., глыбокая і вузкая. Схілы даліны (выш. 6—25 м, месцамі 30—50 м) да ўпадзення Бярэзіны спадзістыя, на астатнім працягу стромкія, парэзаныя ярамі. Пойма пераважна двухбаковая (шыр. 1—2 км, месцамі да 4 км), парэзаная старыцамі, ніжэй г. Масты адсутнічае. Рэчышча ў вярхоўі (шыр. пераважна 35—40 м, месцамі да 150 м) ад вытоку на працягу 26,4 км каналізаванае, далей звілістае, шмат меляў, перакатаў, кос, пясчаных астравоў; У сярэднім цячэнні — пясчанае, шмат градаў і парогаў, у т. л. каля г. Гродна (найб. буйныя — Бічы і Гога ў Літве), у нізоўях расшыраецца да 180—380 м, замест камяністых парогаў з’яўляюцца пясчаныя мелі. Глыб. ў вярхоўі 3—4 м, у нізоўі да 1—2 м (за кошт моцнага адкладання наносаў). Тут праводзяцца днопаглыбляльныя работы з мэтай забеспячэння суднаходства. Цячэнне Н. спакойнае, з сярэдняй скорасцю 0,6—0,8 м/с і ваганнямі ад 0,2 м/с да 2 м/с (у разводдзе). Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое ў вярхоўі і дажджавое у нізоўі. Ледастаў з 2-й пал.снеж. да канца сак. (45—100 дзён). Таўшчыня лёду 20—65 см. У цёплыя зімы магчымы часовыя крыгаломы і крыгаходы. Веснавое разводдзе пачынаецца з сярэдзіны сак. (пры ранняй вясне — з пач.лют., пры позняй — з пач.крас.), доўжыцца 30—60 дзён. Сярэдняя выш. над межанным узроўні ад 2,5—4 м у вярхоўі да 5,2 м у нізоўі. Веснавы крыгаход 7—16 дзён. Характэрны працяглыя, амаль штогадовыя зажоры. Летне-асенняя межань (5—6 месяцаў) няўстойлівая, нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (80—90 дзён) больш устойлівая. У вусці ў межань істотную ролю адыгрываюць спады і нагоны вады ветрам. Сярэднегадавы расход вады каля г. Стоўбцы 18,4 м³/с, каля г. Гродна 197 м³/с, за мяжой Беларусі 214 м³/с, у вусці 685 м³/с. Выкарыстоўваецца як крыніца водазабеспячэння. Рэгулярнае суднаходства ад г. Бірштанас (Літва) да вусця, у межах Беларусі нерэгулярнае — ад в. Купіск Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. да в. Шандубры (Гродзенскі р-н.). Лесасплаў. На Н. Каўнаская ГЭС і вадасховішча. Н. злучаны з бас.р. Дняпро Агінскім каналам, з бас.р. Вісла — Аўгустоўскім каналам. З пабудовай Вілейска-Мінскай воднай сістэмы частка сцёку з бас. Н. перакідваецца ў бас.р. Дняпро. На рацэ гарады Стоўбцы, Масты, Гродна (Беларусь), Друскінінкай, Алітус, Каўнас, (Літва), Нёман, Савецк (Расія). На беразе Н. ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.Коласаўскі заказнік, зоны адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАСУДО́ВЫЯ О́РГАНЫ,
дзяржаўныя органы ў СССР, надзеленыя ў неканстытуцыйным парадку правам ажыццяўлення рэпрэсіўных мер без прытрымлівання крымінальна-працэсуальных норм. 21.2.1918 СНК РСФСР даў Усерас. надзвычайнай камісіі (ВЧК) і яе органам права пазасудовага разгляду спраў за контррэв., службовыя і інш. агульнакрымінальныя злачынствы з вызначэннем меры пакарання аж да расстрэлу на месцы злачынства, 5.9.1918 — права знявольваць «класавых ворагаў» у месцы пазбаўлення волі, а асоб, якія ўдзельнічалі ў белагвардзейскіх арг-цыях, змовах і мяцяжах, — расстрэльваць. Пасля ліквідацыі ВЧК і ўтварэння 6.2 1922 Дзярж.паліт. ўпраўлення (ДПУ) пры НКУС РСФСР (гл.Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР) органы ДПУ былі пазбаўлены права пазасудовага разгляду спраў. Але 16.10.1922 паводле пастановы ВЦВК РСФСР ім зноў дадзена права «пазасудовай расправы аж да расстрэлу ў адносінах да ўсіх асоб, злоўленых з доказамі на месцы злачынства пры бандыцкіх налётах і ўзброеных грабяжах». Асобай камісіі НКУС па высылках дазвалялася высылаць і знявольваць у лагеры прымусовых работ дзеячаў антысав. паліт. партый і рэцыдывістаў. 28.3.1924 у сувязі са стварэннем Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) ЦВКСССР усклаў на Асобую нараду пры АДПУ вынясенне пастаноў пра адм. высылкі, ссылкі і зняволенні ў канцэнтрацыйны лагер. Адначасова ажыццяўляла пазасудовую дзейнасць і калегія АДПУ. Цыркулярамі АДПУ ад 29.10.1929 і 8.4.1931 у цэнтр. апараце створаны «тройкі» для папярэдняга разгляду закончаных следчых спраў і наступнага іх дакладу на суд. пасяджэннях калегіі ці Асобай нарады. 3.2.1930 Прэзідыум ЦВКСССР даў АДПУ права на час правядзення кампаніі па «ліквідацыі кулацтва» перадаваць свае паўнамоцтвы па пазасудовым разглядзе спраў паўнамоцным прадстаўнікам (ПП) АДПУ у рэспубліках, краях і абласцях. 10.7.1934 АДПУ скасавана і ўтворана НКУССССР. Пры наркоме ўнутр. спраў створана Асобая нарада, якой давалася права выносіць прыгаворы пра зняволенне ў папраўча-працоўныя лагеры, ссылцы і высылцы да 5 гадоў ці высылцы па-за межы СССР асоб, якія «прызнаваліся грамадска небяспечнымі». У наступныя гады паўнамоцтвы Асобай нарады значна пашыраны. Паводле рашэння Дзярж.к-та абароны ад 17.11.1941 ёй дадзена права па справах «аб контррэвалюцыйных злачынствах і асабліва небяспечных дзеяннях супраць парадку кіравання СССР» вызначаць меру пакарання аж да расстрэлу. Асобая нарада існавала і пры МУССССР. 27.5.1935 загадам НКУССССР у НКУС рэспублік, упраўленнях НКУС па краях і абласцях арганізаваны «тройкі» НКУС, на якія пашыраліся правы Асобай нарады. «Тройкі» прымалі рашэнні пра высылку, ссылку ці зняволенне ў лагеры на тэрмін да 5 гадоў. У сувязі з правядзеннем масавых аперацый у адносінах да «былых кулакоў, членаў антысавецкіх партый, белагвардзейцаў, жандараў і чыноўнікаў царскай Расіі, бандытаў, рээмігрантаў, удзельнікаў антысавецкіх арганізацый, царкоўнікаў і сектантаў, крымінальнікаў-рэцыдывістаў» загадам НКУССССР ад 30.7.1937 створаны рэсп., краявыя і абл. «тройкі» для разгляду спраў на названых асоб, якія па мерах пакарання разбіваліся на 2 катэгорыі: да 1-й адносіліся тыя, хто падлягаў расстрэлу, да 2-й — тыя, хто падлягаў зняволенню ў лагеры або турме на тэрмін ад 8 да 10 гадоў. У пасяджэннях Асобай нарады і «троек» прадугледжваўся абавязковы ўдзел пракурора. У адпаведнасці з загадамі НКУС ад 11.8 і 20.9.1937 спісы асоб, якія падлягалі рэпрэсіям палітычным, разглядаліся таксама «двойкамі» — наркомамі ўнутр. спраў рэспублік і начальнікамі УНКУС сумесна з адпаведнымі пракурорамі. Адначасова існаваў парадак разгляду спраў без выкліку абвінавачваемага і сведкаў у суд т.зв. «вышэйшай двойкай» у складзе Старшыні Вярх. суда і Пракурора СССР. Пастановы гэтага органа пры наяўнасці падстаў маглі адмяняцца і пераглядацца пленумам Вярх. суда СССР. З мэтай выканання пастановы СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 17.11.1938 «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» 26.11.1938 загадам НКУССССР «тройкі» і «двойкі» пры НКУС скасаваны. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 1.9.1953 скасавана Асобая нарада пры МУС. У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 16.1.1989 «Аб дадатковых мерах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў», зацверджаным Вярх. Саветам СССР 31.7.1989, усе грамадзяне, за выключэннем здраднікаў Радзімы і карнікаў перыяду Вял.Айч. вайны, нацысцкіх злачынцаў, удзельнікаў бандфарміраванняў і іх памагатых, фальсіфікатараў крымінальных спраў, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці П.о., былі рэабілітаваны, а згаданыя вышэй П.о. названы антыканстытуцыйнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСТАЎРА́ЦЫЯ (ад позналац. restauratio аднаўленне),
1) у шырокім сэнсе — аднаўленне чаго-н. у першапачатковым (ці блізкім да першапачатковага) выглядзе.
2) Р. ў архітэктуры і мастацтве — умацаванне і аднаўленне разбураных, пашкоджаных або скажоных помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, археал. знаходак і інш.); састаўная ч.аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Праводзіцца з мэтай выяўлення і аднаўлення іх гіст. і маст. каштоўнасці, падаўжэння іх веку і ўключэння ў сучаснае жыццё на аснове дэталёвага дакумент. даследавання помніка (апісанні, фотафіксацыя, абмерныя чарцяжы, археал., гіст., інж.-тэхн.) і навукова абгрунтаванага праектнага рашэння з фіксацыяй усіх змен.
У працэсе Р. могуць уводзіцца новыя элементы, неабходныя па эстэт. і канстр. меркаваннях, ужываюцца новыя матэрыялы, тэхніка і тэхналогіі, якія не парушаюць цэласнасці помніка і яго гіст.рыс. Метады і спосабы Р. вызначаюцца характарам далейшага існавання помніка: кансервацыя, аднаўленне (адбудова), прыстасаванне, рэканструкцыя, уласна Р., перанясенне (з поўнай разборкай помніка або без яе), рэгенерацыя (комплекс горадабуд. і рэстаўрацыйных ’работ па захаванні гіст. забудовы і ансамбляў). Мэта Р. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва — умацаванне і раскрыццё ад скажаючых напластаванняў. Р. папярэднічае вывучэнне прычын і відаў разбурэнняў аб’ектаў (спектральны, храматаграфічны, мікракрышт. і інш. аналізы, рэнтгенаграфаванне, макра- і мікрафатаграфаванне і г.д.). У працэсе Р. праводзіцца структурнае ўмацаванне твораў з выкарыстаннем роднасных ці спец.сінт. матэрыялаў, выпраўляюцца іх дэфармаваныя часткі, аднаўляюцца ці выдаляюцца хім. зменлівыя элементы, часткова ці поўнасцю выдаляюцца пазнейшыя дапаўненні. Розніца мясц. умоў, традыцый, мэт і ўзроўню Р. вызначае разнастайнасць яе тэарэт. канцэпцый у розных рэгіёнах. Першыя прыклады Р. помнікаў архітэктуры мелі выпадковы характар. У 19 ст. склаўся навук. падыход да Р. (арка Ціта ў Рыме, 1 ст.н.э., рэстаўрыравана ў 1821; Дзмітрыеўскі сабор 12 ст. ў г. Уладзімір, Расія, рэстаўрыраваны ў 1834-43).
На Беларусі першыя навук. Р. гіст. помнікаў арганізаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. членамі камісіі Рус.археал.т-ва У.В.Суславым (Камянецкая вежа 13 ст.) і П.П.Пакрышкіным (Сафійскі сабор 11 ст. ў г. Полацк). У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі праведзена Р. помнікаў архітэктуры: Стары замак 14—16 ст. ў Гродне, палац 18 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на, кальвінскі збор 16 ст. ў г. Смаргонь, касцёл 16 ст. ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на. Значныя рэстаўрацыйныя работы праведзены пасля разбурэнняў у Вял.Айч. вайну. Спецыфічнасць помнікаў архітэктуры і мастацтва Беларусі (шматразовыя разбурэнні, перабудовы і наслаенні розных эпох і стыляў, асаблівасці ўздзеяння на помнікі кліматычных умоў, недаўгавечнасць іх асн. матэрыялаў) ускладняе іх Р. З 1968 Р. помнікаў вялі Спец.навук.-рэстаўрацыйныя вытв. майстэрні, з 1985 — вытв. аб’яднанне «Белрэстаўрацыя». У 1991 утворана Гал. ўпраўленне па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры СМ Беларусі, у 1996 яно рэарганізавана ў Камітэт па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў пры Мін-ве культуры Беларусі. Сярод найб. значных навук. Р. помнікаў: архітэктуры — Спаса-Праабражэнская царква 16 — пач. 17 ст. ў г. Заслаўе, касцёл 19 ст. ў в. Раўбічы Мінскага р-на; Слуцкая брама 17—18 ст. ў г. Нясвіж, манастыр базыльянак 18 ст. і рэшткі Прачысценскай царквы 12 ст. ў Гродне, Сафійскі сабор у г. Полацк (рэшткі храма 11 ст., дэкор 18 ст. і інш), будынкі філіялаў Літ. музея Я.Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на і Літ. музея Я.Коласа ў в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на; гісторыі — дом-музей Э.Ажэшкі 19 ст. ў Гродне; манум. жывапісу — размалёўка абл. б-кі імя Я.Ф.Карскага і сграфіта на фасадах касцёла брыгітак 17 ст. ў Гродне, размалёўка Успенскага касцёла ў г. Мсціслаў. Рэстаўрыруюцца старадаўні жывапіс і скульптура, керамічныя і ювелірныя вырабы, мэбля, муз. інструменты, старадрукі і інш. (захоўваюцца ў Нац.маст. музеі Беларусі, Нац. музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі і інш.).
3) Р. ў палітыцы — аднаўленне ранейшага, звергнутага паліт. ладу.
Літ.:
Выгонная А.А., Калнин В.В., Цейтлина М.М. Основы реставрации памятников архитектуры, монументальной и станковой живописи. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРТР ((Sartre) Жан Поль) (21.6.1905, Парыж — 15.4.1980),
французскі філосаф, пісьменнік і літаратуразнавец, прадстаўнік экзістэнцыялізму і фенаменалогіі. Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1929). З 1931 выкладаў у ліцэях Парыжа, Гаўра і Ліёна. У час 2-й сусв. вайны ўдзельнік руху Супраціўлення. З 1945 узначальваў час. «Les temps modernes» («Новыя часы»). У цэнтры філасофіі С. — феномен чалавека і анталогія яго свядомасці. Крытыкаваў псіхааналіз і эксперым. псіхалогію, якія ператвараюць чалавека ў «раба сваіх эмоцый» і здымаюць з яго адказнасць; распрацаваў экзістэнцыяльна-псіхааналітычны метад, які даследуе асобу ў працэсе «самавынаходніцтва». У гал.філас. працы «Быццё і нішто» (1943) прапанаваў анталагічную канцэпцыю свету, які ўяўляў як сукупнасць 3 форм быцця: «быцця-ў-сабе» (цэласны, самадастатковы і нязменны наяўны матэрыяльны свет), «быцця-для-сябе» (свет чалавечай свядомасці), «быцця-для-іншага» (свет індывідуальнай свядомасці чалавека ва ўспрыняцці інш. асобы). Лічыў, што чалавек знаходзіцца ў адвечным антаганізме ў адносінах і да матэрыяльнага свету, і да «быцця-для-іншага», якое выяўляецца ў барацьбе за доказ уласнай свабоды. На думку С., чалавек «асуджаны» на свабоду; імкненне шляхам самападману («кепскай веры») ухіліцца ад свабоды і звязаных з ёй адзіноты і адказнасці за выбар ператварае чалавека са свядомай істоты ў адзінку матэрыяльнага свету. У «Крытыцы дыялектычнага розуму» (1960, незавершаная) вызначыў у якасці недахопаў марксізму жорсткі дэтэрмінізм і недаацэнку ролі асобы ў гіст. працэсе; распрацаваў сац. анталогію, заснаваную на сінтэзе экзістэнцыялізму, фенаменалогіі і марксізму. Празаічныя і драм. творы С. прасякнуты экзістэнцыяльнымі ідэямі адчужанасці ад знешняга свету і самаадчужанасці чалавека (раман «Млоснасць», 1938), немагчымасці пазбавіцца ад абсурднасці рэчаіснасці (зб.апавяд. «Мур», 1939), шляху да свабоды і цяжару адказнасці за выбар (п’еса «Мухі», 1943; незавершаная тэтралогія «Дарогі свабоды», 1945—49), асуджанасці на адзіноту (п’еса «Пры зачыненых дзвярах», 1945) і інш. Проза С. спалучае рысы традыц. рэалізму, «плыні свядомасці» і натуралізму, эсэістычнасці і дакументалізму. С. імкнуўся пашырыць межы біягр. жанру: распрацаваў канцэпцыю «рамана рэальнай асобы», у якім разглядаў чалавека як «тыповую універсальную адзінку сваёй эпохі», спалучаючы маст. метады з экзістэнцыялізмам, псіхааналізам і навук. аналізам сац. асяроддзя. Прынцыпы «рамана рэальнай асобы» развіваў у творах «Бадлер» (1947), «Святы Жанэ, камедыянт і пакутнік» (1952), аўтабіягр. аповесці «Словы» (1964) і канчаткова замацаваў у рамане «Ідыёт у сям’і» (т. 1—3, 1971—72). Асаблівае месца ў яго творчасці належыць драматургіі. У п’есах імкнуўся да прытчавасці і развіваў прынцыпы ўласнай канцэпцыі «тэатра сітуацый», у якім універсальныя першаасновы чалавечай экзістэнцыі выяўляюцца праз прызму канкрэтнай сітуацыі («Мёртвыя без пахавання», 1946; «Брудныя рукі», 1948; «Д’ябал і Гасподзь Бог», 1951; «Пустэльнікі Альтоны», 1960 і інш.). Гісторыю л-ры разглядаў у кантэксце агульнага культ.-гіст. працэсу, лічыў, што кожны літ. стыль быў «ангажыраваны» пэўным класам, які імкнуўся да панавання ў грамадстве. С. адстойваў сац.-пераўтваральную функцыю л-ры і канстатаваў крызіс зах.-еўрап. л-ры 20 ст. як вынік «дэкласаванасці пісьменнікаў» («Што такое літаратура?», 1947). На бел. мову прозу і драматургію С. перакладаў З.Колас. П’еса С. «Пры зачыненых дзвярах» пастаўлена ў Дзярж. маладзёжным тэатры Рэспублікі Беларусь (1994) і Мінскім абл. тэатры (1996). Нобелеўская прэмія 1964, ад якой С. адмовіўся.
Тв.:
Бел.пер. — Мур: Апавяданні. Мн., 1991;
Пры зачыненых дзвярах // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Герострат: [Сб.]. М., 1992;
Проблемы метода. М., 1994;
Ситуации: Антология лит.-эстет. мысли. М., 1997;
Идиот в семье: Г.Флобер от 1821 до 1857. СПб., 1998;
Грязными руками: Пьесы. Харьков;
М.;
Назрань, 1999;
Дороги свободы. М.;
Назрань;
Харьков, 1999;
Что такое литература?; Слова. Мн., 1999; Бытие и ничто: Опыт феноменол. онтологии. М., 2000; Тошнота: Роман; Стена: Рассказы. Харьков; М., 2000.
Літ.:
Долгов К.М. Эстетика Жана-Поля Сартра. М., 1990;
Арон Р. Мнимый марксизм: Пер. с фр.М., 1993;
Андреев Л.Г. Жан-Поль Сартр: Свободное сознание и XX в. М., 1994;
Мілаш Ч. Дастаеўскі й Сартр: Пер. з пол. // Arche. 2000. № 1.