ФАЙЛ (ад англ. file картатэка, падшыўка папер) у інфарматыцы, сукупнасць звестак, аб’яднаных па якой-н. прыкмеце (ці некалькіх прыкметах). Мае апісанне для ідэнтыфікацыі (напр., імя), пачатак і канец Ф. пазначаюцца спец. меткамі. Размяшчаецца пераважна на носьбітах інфармацыі ў знешняй памяці ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАЗЕАГРА́ФІЯ (ад грэч. phrasis выраз + ...графія),
раздзел мовазнаўства, які займаецца складаннем, апісаннем і характарыстыкай фразеалагічных слоўнікаў. Бел. Ф. ўзнікла ў 19 ст., калі фразеалагізмы сталі ўключаць у слоўнікі жывой нар. мовы і тлумачыць (напр., «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча, 1870).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКВІВАЛЕ́НТ ХІМІ́ЧНЫ,
маса хім. элемента, якая далучае або замяшчае атамную масу вадароду ці палову ат.м. кіслароду. Напр., Э.х. хлору ў хлорнай к-це HCl раўняецца ат.м. хлору (35,453). Паняцце «Э.х.» ўжываецца і для злучэнняў: к-т, шчолачаў, солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСГУМА́ЦЫЯ (ад экс... + лац. humus зямля, глеба),
даставанне пахаванага трупа для агляду або ўскрыцця з мэтай выяўлення прычыны смерці ці для ўстанаўлення ідэнтычнасці трупа. Можа таксама рабіцца па інш. прычынах, не звязаных з расследаваннем крымінальнай справы (напр., для перапахавання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПО́ [ад франц. expo(sition) выстаўка],
сусветная выстаўка (звычайна з лічбай, што ўказвае год), якая знаёміць з дасягненнямі ў розных галінах дзейнасці. Напр., сусв. універсальная выстаўка «Экспо-2000. Чалавек—прырода—тэхніка» (г. Гановер, Германія) падвяла вынікі 20 ст.
кампанент клеткі нуклеапратэіднай прыроды, які ўтвараецца пры яе дзяленні і забяспечвае разыходжанне храмасом у мітозе і меёзе. Уяўляе сабой сістэму мікратрубачак з двайным праменепраламленнем, што фарміруецца ў праметафазе і распадаецца ў целафазе. Складаецца з апорных, або безупынных ніцей, арыентаваных ад аднаго полюса клеткі да другога (полюсных), і цягнучых, або храмасомных. Цягнучыя ніці злучаюць полюсы клеткі з цэнтрамі храмасом, якія ёсць на экватарыяльнай пласцінцы. Скарачэнне даўжыні цягнучых ніцей лічыцца гал. фактарам анафазнага руху храмасом да полюсаў клеткі. Верацяно дзяленне бывае прамога і непрамога тыпаў (у залежнасці ад характару сувязі храмасом з полюсамі), астральным (з выяўленымі полюсамі, напр. у шматклетачных жывёл) ці анастральным (без выразных полюсаў, напр. у кветкавых раслін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НА ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя, звязаная з інтэгральным выяўленнем рашэнняў краявых задач для дыферэнцыяльных ураўненняў. Апісвае вынік уздзеяння кропкавай (засяроджанай) крыніцы сілы, зараду ці інш. (функцыя крыніцы) або распаўсюджванне палёў ад кропкавых крыніц (функцыя распаўсюджвання, напр., патэнцыял поля кропкавага эл. зарада, размешчанага ўнутры заземленай праводнай паверхні). Названа ў гонар Дж.Грына. Грына функцыя і яе аналагі выкарыстоўваюцца ў тэорыі функцый, канечна-рознасных ураўненняў, тэарэт. фізіцы, квантавай тэорыі поля, стат. фізіцы і інш.
Грына функцыя зводзіць вывучэнне ўласцівасцей дыферэнцыяльнага аператара да вывучэння ўласцівасцей адпаведнага інтэгральнага аператара, дае магчымасць знаходзіць рашэнні неаднароднага ўраўнення, трактуецца як фундаментальнае рашэнне лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўн., якое адпавядае аднародным краявым умовам, і г.д.Напр., поле, створанае сістэмай крыніц (у т. л. працяглымі крыніцамі), апісваецца ў выглядзе лінейнай камбінацыі (суперпазіцыі) уплываў асобных крыніц. Гл. таксама Ураўненні матэматычнай фізікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДО́ГРАФ (ад грэч. hodos шлях, рух, кірунак + ...граф),
1) у механіцы — крывая лінія, утвораная канцом вектар-функцыі, значэнні якой пры розных значэннях аргумента адкладзены ад агульнага пачатку (пункт 0). Калі, напр., становішча рухомага пункта M вызначаецца радыус-вектарам , то гадограф вектара — траекторыя руху гэтага пункта. Гадограф дае геам. ўяўленне пра змяненне ў часе некат. вектар-функцыі і пра скорасць гэтага змянення, якая накіравана па датычнай да гадографа, напр., скорасць пункта M накіравана па датычнай да гадографа вектара , паскарэнне — па датычнай да гадографа вектара скорасці .
2) У сейсмалогіі — графік залежнасці паміж адлегласцю і часам, на працягу якога сейсмічныя ваганні распаўсюджваюцца ад цэнтра землетрасення або выбуху да пункта назірання. Аналіз формы гадографа выкарыстоўваецца пры даследаваннях будовы Зямлі, для разведкі карысных выкапняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДО́ЛЬНАСЦІ,
індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці асобы, якія з’яўляюцца суб’ектыўнымі ўмовамі паспяховага ажыццяўлення пэўнага роду дзейнасці. Вылучаюць З. агульныя (здзяйсненне разнастайных відаў дзейнасці, напр., разумовыя З., развітая памяць, мова і інш.) і спецыяльныя (поспехі суб’екта ў пэўных відах дзейнасці, напр.муз., матэм., літ.). З. фарміруюцца і развіваюцца ў працэсе ажыццяўлення розных відаў дзейнасці. Яны не тоесныя сукупнасці ведаў, уменняў і навыкаў індывіда, а праяўляюцца ў дынаміцы (хуткасці, глыбіні, трываласці) авалодання спосабамі і прыёмамі дзейнасці. Своеасаблівае спалучэнне З., якія абумоўліваюць дыяпазон магчымасцей суб’екта, узровень і спецыфіку яго дзейнасці, — адоранасць, вышэйшая ступень адоранасці — талент, найвышэйшая — геніяльнасць. Выяўленне і развіццё З. мае значэнне для прафес. арыентацыі чалавека.
Літ.:
Теплов Б.М. Избр. тр.Т. 1. М., 1985;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. М., 1989. Т. 2. С. 122—147;
Готсдинер А.Л. К проблеме многосторонних способностей // Вопросы психологии. 1991. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЯ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
водныя арганізмы, якія пры бясполым (вегетатыўным) размнажэнні застаюцца злучанымі з мацярынскай асобінай і ўтвараюць калоніі з агульным для ўсіх абменам рэчываў. Пашыраны пераважна сярод аднаклетачных водарасцей, некаторых жгуцікавых, радыялярый, губак, кішачнаполасцевых, ніжэйшых хордавых і інш. Большасць К.а. прымацоўваюцца да нерухомага субстрату (напр., гідроідныя і каралавыя паліпы) і маюць развіты шкілет, іншыя (радыялярыі, сіфанафоры, шэраг абалоннікаў) — жывуць у тоўшчы вады, звычайна паўпразрыстыя. шкілет не развіты. Для многіх К.а. характэрны метагенез: каланіяльнае (бясполае) пакаленне чаргуецца з адзіночным пакаленнем, якое размнажаецца палавым шляхам. Лічынкі палавога пакалення напачатку свабодна плаваюць, потым асядаюць на дно і, прымацаваўшыся, утвараюць шляхам пачкавання новую калонію. Лічыцца, што К.а. — пераходная форма ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў у эвалюцыйным развіцці. К.а. наз. іншы раз арганізмы, што вядуць пастаянна або часова згуртаваны спосаб жыцця, напр., шэраг бактэрый, тлей, многія птушкі. Гл. таксама Калоніі.