ГАРА́НІНАЎ (Павел Фёдаравіч) (1796, г. Магілёў — 21.10.1865),
рускі батанік-сістэматык, урач. Д-р медыцыны (1824), праф. (1832). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1820), выкладаў у ёй з 1825. Выказаў ідэю адзінства развіцця свету. Разглядаў сістэматыку раслін і жывёл у сувязі з іх эвалюцыяй. Стварыў арыгінальную сістэму развіцця расліннага і жывёльнага свету. Аўтар першай у Расіі працы па тэхн. мікалогіі: «Грыбы, цвілі і пылавікі ў медыка-паліцэйскіх і іншых адносінах» (1848).
Літ.:
Русские ботаники: Биографо-библиогр. словарь. Т. 3. М., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛІК (Любоў Мікалаеўна) (н. 16.3.1941, в. Хацяноўшчына Мінскага р-на),
бел. літаратуразнавец. Скончыла БДУ (1964). Канд.філал.н. (1973). Працавала настаўніцай, з 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Выступае ў друку па пытаннях сучаснага літ. працэсу, з артыкуламі, прысвечанымі творчасці П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі, А.Пысіна, Р.Барадуліна. Аўтар манаграфій «Аляксей Пысін» (1981), «Зямля бацькоў дала мне права» (1983), «Сатыры слова гнеўнае» (1989), «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996; з Т.К.Грамадчанка і А.С.Гурскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕВЕ́ЛІЙ (лац. Hevelius) Ян
(28.1.1611, г. Гданьск, Польшча — 28.1.1687),
польскі астраном, заснавальнік селенаграфіі. Стварыў першыя падрабязныя карты Месяца (у творы «Селенаграфія, або Апісанне Месяца», 1647), адкрыў аптычную лібрацыю Месяца, фазы Меркурыя. Склаў першы сістэматычны агляд усіх назіраных камет, каталог становішчаў 1564 зорак. Адкрыў 4 каметы, вылучыў 11 новых сузор’яў. Вырабляў секстанты, квадранты без оптыкі (для дакладных вымярэнняў), рэфрактары даўжынёй да 70 м («паветраныя трубы»). Пабудаваў абсерваторыю ў Гданьску, якую апісаў у творы «Нябесная машына» (1673).
Літ.:
Еремеева А.И. Выдающиеся астраномы мира. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л-АДМІРА́Л,
найвышэйшае воінскае званне (чын) у ВМФ Расіі ў 1708—1908. Адпавядала званню генерал-фельдмаршал у арміі. Генерал-адмірал быў правадз. начальнікам флоту або насіў званне як ганаровае. Генераламі-адміраламі былі Ф.М.Апраксін (з 1708), А.І.Астэрман (1740—41), М.М.Галіцын (з 1756), вял. князі Павел Пятровіч (з 1762, пазней імператар Павел I), Канстанцін Мікалаевіч (з 1831), Аляксей Аляксандравіч (з 1883).
Літ.:
Дыгало В.А. Флот государства Российского: Откуда и что на флоте пошло. М., 1993. С. 234—244.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦШПРУНГ ((Hertzsprung) Эйнар) (8.10.1873, г. Фрэдэрыксбарг, Данія — 21.10.1967),
дацкі і нідэрландскі астраном. Чл. Нідэрландскай, Дацкай, чл.-кар. Парыжскай АН. Скончыў Капенгагенскі політэхн.ін-т (1898). Праф. астраноміі ў гарадах Гётынген, Патсдам, Лейдэн. У 1935—45 дырэктар абсерваторыі Лейдэнскага ун-та. Навук. працы па эвалюцыі зорак. Увёў раздзяленне зорак на гіганты і карлікі. Пабудаваў залежнасць зорнай велічыні ад спектральнага класа зорак (гл.Герцшпрунга—Рэсела дыяграма). Упершыню выкарыстаў фатаграфію для вывучэння падвойных зорак (1914—19).
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НЦБУРГ (Ілья Якаўлевіч) (27.5.1859, г. Гродна — 3.1.1939),
рус. скульптар. Вучыўся ў М.Антакольскага (з 1871) і Пецярбургскай АМ (1878—86). Ствараў жанравыя фігуркі («Хлопчык, які збіраецца купацца», 1886), партрэтныя статуэткі дзеячаў рус. культуры («В.В.Верашчагін за работай», 1892). Аўтар надмагілля У.В.Стасава (1908), помнікаў М.В.Гогалю ў с. Сарочынцы Палтаўскай вобл., (Украіна; 1910), Г.В.Пляханаву (1925), Дз.І.Мендзялееву (адкрыты ў 1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАСПАДЫ́Я (ад гіпа... + грэч. spaō адцягваю ўніз, адрываю знізу),
ніжняя шчыліна мочаспускальнага канала, прыроджаны недахоп развіцця мочаспускальнага канала ў мужчын, калі вонкавая адтуліна канала адкрываецца на ніжняй паверхні палавога члена, машонцы ці на прамежнасці. Гіпаспадыя — самая частая анамалія развіцця органаў мочапалавой сістэмы. Прычыны гіпаспадыі: лішак жаночых палавых гармонаў, хваробы, што ўплываюць на развіццё плода (таксікоз і інш.). Пры гіпаспадыі бывае парушэнне мочавыдзялення і палавога жыцця. Лячэнне хірургічнае.
Літ.:
Савченко Н.Е. Гипоспадия и гермафродитизм. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКАЯ ((Glińska) Тэафіля) (сапр.Букатова; 1762 ці 1763, в.Вял. Косічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.10.1799),
польская паэтэса. Некаторы час жыла ў Шчорсах (Навагрудскі р-н). Яе творчасць развівалася ў рэчышчы сентыменталізму. Аўтар апісальнай паэмы «Шчорсы» (1784), вершаванага пералажэння фрагмента рамана Ж.Ф.Мармантэля «Інкі, або Знішчэнне Перу» («Перуанскія гімны смерці», 1785). Ёй прыпісваюць таксама не зусім дакладны пераклад драмы А. фон Кацэбу «Бянёўскі».
Літ.:
Mikulski T.T. Glińska // Mikulski T. Ze studiów nad oświeceniem. Warszawa, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МЕЛЬСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
1) газета ліберальна-асветнага кірунку. Выдавалася штодзённа з 28.12.1908 (10.1.1909) да 23.4(6.5). 1909 у Гомелі на рус. мове. Друкавала матэрыялы пра гар.навуч. ўстановы, дзіцячыя прытулкі, садзейнічала дабрачыннай дзейнасці, публікавала нататкі пра тэатр. і муз. жыццё Гомеля, вершы, нарысы, карэспандэнцыі мясц. аўтараў, пераклады.
2) Грамадска-паліт. і літ. газета афіцыёзнага кірунку. Выдавалася з 26.2(11.3) да 25.5(7.6). 1914 у Гомелі на рус. мове. Друкавала гасп. справаздачы, агітавала за афіц. спіс кандыдатаў у гар. думу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО СІ (каля 1020 — каля 1090),
кітайскі жывапісец і тэарэтык мастацтва. Аўтар манахромных (выкананы чорнай тушшу) пейзажаў з выявай суровых горных ландшафтаў («Горы восенню пасля дажджу», «Ранняя вясна», «Веснавы снег у гарах Гуань», «Вёска на высокай гары»), дзе выразныя чорныя лініі абмалёўваюць дакладна перададзеныя дэталі кампазіцыі. У трактаце па жывапісе (дапоўнены і выдадзены яго сынам Го Сы) сфармуляваў асн. законы пабудовы прасторы і перспектывы ў кіт.выяўл. мастацтве.