ДЭМБО́ЎСКАЯ ((Dembowska) Зоф’я) (па мужу Ромер; 16.2.1885, г. Тарту, Эстонія — 23.8.1972),
беларуска-польская мастачка. Брала ўрокі малявання ў Вільні і Кракаве. У 1914—41 жыла ў Віцебскай вобл. Працавала ў жывапісе і графіцы. Да 1920 стварыла цыкл партрэтаў дзеячаў віленскіх універсітэцкіх і літ. колаў: рэктара М.Ромера, д-ра К.Міхейды, праф. Р.Радзіловіча, М.Здзяхоўскага і інш. У 1920-я г. пісала пейзажы («Дарога», «Вербы», «Стары дом», «Мост», «Снег» і інш.). З 1943 працавала ў Егіпце, Англіі, Канадзе, ЗША, дзе малявала партрэты арыстакратаў, чл. каралеўскіх сем’яў, вядомых палітыкаў і дзеячаў навукі і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСЕ́КА (Golasecca),
археалагічная культура эпохі жалеза (каля 900—15 да н.э.) на тэр. П’емонта і Ламбардыі, у вярхоўях р. По (Італія). Назва ад могільніка каля г. Мілан. Вядома па грунтавых могільніках тыпу палёў пахавальных урнаў культур. Пахавальны абрад — трупаспаленне, рэшткі якога ссыпаліся ў урну, часам абкладзеную камянямі, ці камеру з каменных пліт. У большасці пахаванняў бедны інвентар, сустракаюцца серыі метал. вырабаў (наканечнікі коп’яў, посуд, вазы з характэрным арнаментам, конская збруя, калясніцы і інш.). На познім этапе культуры трапляюцца надмагільныя стэлы з надпісамі этрускага пісьма (магчыма, гэта італьян. мова, якая зведала значны кельцкі ўплыў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́ВІЧ (Генадзь Міхайлавіч) (19.9.1934, с. Вялешына 1-е Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1992),
бел. графік. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). Скончыў Маскоўскі паліграф.ін-т (1966). У 1972—90 працаваў у выд-ве «Беларусь» (з 1980 гал. мастак). Аформіў кнігі: «Ленін у выяўленчым мастацтве Беларусі» (1978), «Лічбы на сэрцы» М.Савіцкага (1980), «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.» (1980), «Я.Колас у творчасці мастакоў» і «Я.Купала ў творчасці мастакоў» (абедзве 1982; усе разам з М.Ганчаровым); «Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬШТА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура ілірыйскіх і кельцкіх плямён, што ў раннім жалезным веку (8—5 ст. да н.э.) жылі на Пд Сярэдняй Еўропы. Насельніцтва займалася земляробствам, здабывала медную руду, соль, вырабляла бронзавыя, пазней жал. рэчы; жыло ў драўляных жытлах слупавой канструкцыі, паўзямлянках і пабудовах на палях. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, на пазнейшым этапе ў драўлянай грабніцы пад курганом. Грамадскія адносіны характарызаваліся распадам роду і пераходам да класавага грамадства. Рэчы гальштацкага тыпу (жал. наканечнікі коп’яў, шкляныя пацеркі, бронзавыя шпількі, кельты і інш.) знойдзены на тэр. Гомельскай вобл. на помніках мілаградскай культуры.
Да арт.Гальштацкая культура. Культавая мадэль павозкі з Штрэтвега (Аўстрыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЧО́Ў (Мікалай Сцяпанавіч) (н. 15.5.1948, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1972). Скончыў Бел.ін-тфіз.культуры (1972). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1972 на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 1000 м, свету (1974) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 10 000 м; бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету (1971) і Еўропы (1975) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 10 000 м. Чэмпіён СССР на байдарцы—чацвёрцы на дыстанцыях 10 000 м (1968, 1974—75), 1000 м (1973—74), на байдарцы-двойцы (1000 м — 1970, 1972), Спартакіяды народаў СССР на байдарцы-чацвёрцы (1000 м — 1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ЎНАЎСКІ МУЗЕ́Й МАСТА́ЦТВА І ЭТНАГРА́ФІІ.
Адкрыты ў 1982 у в. Дзіўная Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаецца ў будынку б. лютэранскага храма 19 ст. Экспазіцыя складаецца з 2 аддзелаў: этнаграфічнага, у якім экспануюцца прадметы старажытнай матэрыяльнай культуры беларусаў, вырабы нар. ганчарства, кавальства, пляцення з лазы і саломкі, ткацтва, і мастацкага, дзе прадстаўлены жывапісныя і графічныя творы бел. мастакоў Я.Драздовіча, П.Сергіевіча, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У. і М.Басалыгаў, П.Драчова, Я.Куліка, А.Марачкіна, В.Маркаўца, А.Кашкурэвіча, А.Паслядовіч, У.Тоўсціка, М.Купавы, У.Сулкоўскага, У.Савіча і інш. Працуе на грамадскіх пачатках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЎСК,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог Рагачоў—Слаўгарад і Гомель—Магілёў. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Доўск». За 31 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 90 км ад Гомеля. 1893 ж., 769 двароў (1997). Гомельская абл.с.-г. доследная станцыя. Асфальтавы, цагельны, малочны з-ды, хлебазавод, філіял Рагачоўскага камбіната буд. матэрыялаў, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГУ́Н (Фёдар Міхайлавіч) (н. 21.12.1962, Мінск),
бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1989). Працуе ў БПА з 1994. Асн. творы: вітражы ў бібліятэцы імя А.С.Пушкіна ў Мінску (1990—91), у зале Нар. адраджэння ў Горацкай гімназіі (1993), у Рэсп. медыка-генетычным цэнтры («Сонца на зямлі», 1994), у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1995), у Доме культурыг. Івацэвічы (1995). Сярод жывапісных твораў «Купальская ноч» (1992), «Поле ўдоў» (1993), «Дзікая ягада» і «Зорка Венера» (абодва 1994), «Летуценні» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫЧ (Соф’я Якаўлеўна) (н. 29.12.1919, Мінск),
бел. актрыса, рэжысёр т-ра і радыё. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—41). Дыктар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», у Брэсцкім і Гомельскім абл.драм. т-рах. У 1967—86 гал. рэжысёр літ.-драм. вяшчання Бел.рэсп. радыё. Ажыццявіла больш за 200 радыёпастановак, пераважна твораў бел. пісьменнікаў (у большасці была і аўтарам інсцэніровак). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за радыёпастаноўкі «Хамуціус» паводле А.Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.Коласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЧЫ́ННАСЦЬ.
1) Аказанне матэрыяльнай дапамогі маламаёмным, сацыяльна неабароненым прыватнымі асобамі ці арганізацыямі. Можа быць накіравана на падтрымку, развіццё і заахвочванне грамадска значных формаў дзейнасці (напр., ахову навакольнага асяроддзя, помнікаў культуры і інш.).
2) Паняцце маралі, якое вызначае ўстойлівыя станоўчыя якасці, асобы, адобраныя грамадскай думкай і нарматыўнай этыкай, напр., бескарыслівасць, разважлівасць, велікадушнасць, давер, сяброўства, любоў, патрыятызм, сумленне, справядлівасць і інш. Кожнай станоўчай маральнай катэгорыі тэарэт. этыка проціпастаўляе адмоўныя якасці ці заганы. Дабрачыннасць як грамадска значная норма арганізоўвае і накіроўвае дзейнасць людзей, упарадкоўвае грамадскае жыццё; падкрэслівае ролю асобы як актыўнага носьбіта пэўнай маральнасці.