БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для будаўнічых работ. Адрозніваюць будаўнічыя машыны для падрыхтоўчых, земляных, дарожных, буравых, палябойных, пад’ёмна-трансп., пагрузачных, драбільна-сартавальных, бетонных, аддзелачных і інш. работ.

Будаўнічыя машыны для падрыхтоўчых работ — гэта рыхліцелі, кустарэзы, карчавальнікі, дрэвавалы; яны звычайна ў выглядзе зменнага абсталявання навешваюцца на гусенічны трактар. Будаўнічыя машыны для земляных работ падзяляюцца на землярыйныя (экскаватары аднакаўшовыя і бесперапыннага дзеяння), землярыйна-трансп. (бульдозеры, скрэперы, грэйдэры, грэйдэр-элеватары, рыхліцелі), трансп. (аўтасамазвалы, канвееры, землявозныя цялежкі, грунтакідальнікі), грунтаўшчыльнікавыя (каткі, трамбавальныя, вібрацыйныя і інш. машыны), бурыльныя. Будаўнічыя машыны для дарожна-будаўнічых работ уключаюць машыны для падрыхтоўчых і земляных работ і спецыялізаваныя: для буд-ва аўтадарог — дарожныя машыны, чыгунак — пуцявыя машыны. Палябойныя машыны — дызель-молаты, капры, вібрамолаты, вібрапагружальнікі і інш. Пад’ёмна-транспартныя машыны ўключаюць самаходныя і стацыянарныя пад’ёмныя краны, пагрузчыкі. Драбільна-сартавальныя машыны выпускаюцца як асобныя машыны, перасоўныя ўстаноўкі, зборна-разборныя аўтаматызаваныя лініі і самаходныя ўстаноўкі. Гэта драбілкі, грохаты, прамывачныя і абязводжвальныя машыны, класіфікатары. Для апрацоўкі каменных матэрыялаў выкарыстоўваюцца каменярэзныя машыны, шліфавальныя і інш. Будаўнічыя машыны для бетонных работ уключаюць машыны для прыгатавання бетоннай сумесі (дазатары, бетоназмяшальнікі), яе транспарціроўкі (бетанавозы, аўтабетоназмяшальнікі), размеркавання (бетанапомпы), ушчыльнення (вібраўзбуджальнікі), устаноўкі для напырсквання сумесі. Будаўнічыя машыны для дахавых работ ачышчаюць, перамотваюць, раскочваюць і наклейваюць рулонныя матэрыялы (перасоўныя станцыі, дахавыя машыны), перамешваюць, падаграюць, падаюць на дах масціку (спец. ўстаноўкі). Машыны для аддзелачных работ падзяляюцца на групы: для тынкавальных работ (тынкавальныя агрэгаты і станцыі, таркрэтныя ўстаноўкі), для малярных работ (шпаклёвачныя і фарбавальныя агрэгаты, фарбапульты), для аддзелкі падлог (дыскавыя, загладжвальныя, шліфавальныя машыны, апараты для зваркі лінолеуму і інш.). Асобную групу складаюць ручныя машыны для апрацоўкі металаў, дрэва, пластмас, каменю, бетону, грунту і інш. матэрыялаў. Гэта электрычныя, пнеўматычныя, гідраўлічныя і з рухавікамі ўнутранага згарання свідравальныя, шліфавальныя, дрэваапрацоўчыя і інш. машыны. Выкарыстоўваюцца таксама козлавыя краны, панэлявозы, фермавозы.

Літ.:

Строительные машины: Справ. Т. 1—2. 3 изд. М., 1991.

І.​Ілеановіч.

т. 3, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗА (Betula),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 140 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і ад гор субтропікаў да арктычных тундраў. На Беларусі 6 дзікарослых і 44 інтрадукаваныя віды рознага геагр. паходжання. Бяроза павіслая, або бародаўчатая (B. pendula), і пушыстая, або белая (B. pubescens), утвараюць бярозавыя лясы; карэльская, або чачотка (B. carelica), і няясная, або цёмная (B. obscura), з амаль чорнай па ўсім ствале карой, трапляюцца рэдка асобнымі дрэвамі ці невял. групамі пераважна на ўзвышшах у зах. і цэнтр. раёнах; нізкая (B. humilis) і карлікавая (B. nana) — кустовыя расліны, утвараюць хмызнякі на балотах і па берагах балотных азёр. Б. карлікавая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. З інтрадукаваных у зялёным буд-ве найчасцей выкарыстоўваюцца бяроза папяровая (B. papyrifera), жоўтая (B. lutea), вязалістая (B. ulmifolia), Эрмана (B. ermanii), японская (B. japonica), блакітная (B. coerulea), туркестанская (B. turkestanica), даурская (B. dahurica), рабрыстая (B. costata) і Шміта, або жалезная (B. schmidtii).

Аднадомныя лістападныя дрэвы або кусты і кусцікі з гладкай ці трэшчынаватай, часцей белай, радзей шэрай і інш. колеру карой. Лісце суцэльнае (у садовых формаў бывае рассечанае), на чаранках. Кветкі аднаполыя, у тычынкавых і песцікавых каташках, распускаюцца ў крас.—маі, амаль адначасова з лісцем, апыляюцца з дапамогай ветру. Плады — дробныя аднанасенныя арэхі з плёначнымі крылцамі па баках. Лесаўтваральнікі, дэкар., лек. (пупышкі і маладое лісце выкарыстоўваюць у медыцыне як жаўцягонны, мачагонны і процізапаленчы сродак), харч. (бярозавы сок мае да 20% цукру, спажываецца як напітак), кармавыя (галінкі з лісцем служаць кормам для жывёлы, пупышкі і каташкі — для птушак) і тэхн. (з драўніны атрымліваюць метылавы спірт, ацэтон, воцат, актываваны вугаль, вырабляюць фанеру, мэблю, лыжы і інш. вырабы; з кары здабываюць дзёгаць, з лісця — фарбу для шэрсці) расліны. Выкарыстоўваюцца на лесаўзнаўленне, азеляненне населеных месцаў, прысады каля дарог, у проціпажарных і полеахоўных палосах, для замацавання адхонаў і інш.

В.​Ф.​Пабірушка.

Бяроза: павіслая (уверсе); карэльская.

т. 3, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 20,7 тыс. чал. (1995), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 12,9 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Ветка, 88 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Вяліканямкоўскі, Данілавіцкі, Маланямкоўскі, Неглюбскі, Прыснянскі, Радужскі, Свяцілавіцкі, Стаўбунскі, Хальчанскі, Шарсцінскі, Яноўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), адселена 16 700 жыхароў з 53 населеных пунктаў.

Большая ч. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся, паўн., паўд.-зах. і ўсх. часткі — на Чачорскай раўніне. Паверхня раўнінная, пераважаюць выш. 120—150 м, найвыш. пункт 188,9 м (на ПдУ раёна, каля в. Старое Закружжа). Карысныя выкапні: торф, вапна, мел, гліны для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 580 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рака Сож з прытокамі Беседзь, Нёманка, Спонка, Ліпа. У поймах рэк шмат старыц. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 30,3% тэр. раёна. Найб. лясістасць на ПнЗ па левабярэжжы Сажа. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Балоты займаюць 10,3 тыс. га. Біял. заказнік Веткаўскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 51 тыс. га, з іх асушана 16,6 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 5 калгасаў і 10 саўгасаў. Конезавод «Гомельскі». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла, сталярныя вырабы), тэкст. (пража, пакрывалы, ручнікі), харч. (масла, крухмал) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Гомель—Ветка—Свяцілавічы—Чачэрск, Буда-Кашалёва—Ветка—Добруш. Суднаходства па Сажы і Беседзі. У раёне 11 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач. школ, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 15 дашкольных устаноў, 26 клубаў, 21 б-ка, 4 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў, пансіянат для ветэранаў Вял. Айч. вайны і працы. Помнік архітэктуры — сядзіба пач. 19 ст. ў в. Хальч. Вёска Неглюбка — цэнтр ткацкага рамяства. Выдаецца газ. «Голас Веткаўшчыны».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 4, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ РАЁН,

на У Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 47,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Віцебск, гар. пасёлкі Сураж і Янавічы, 386 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Акцябрскі, Бабініцкі, Варонаўскі, Вымнянскі, Задуброўскі, Замастоцкі, Запольскі, Заронаўскі, Курынскі, Лятчанскі, Мазалаўскі, Ноўкінскі, Тулаўскі, Шапечынскі.

Цэнтральную і ўсх. часткі раёна займае Віцебскае ўзвышша, на З частка Полацкай нізіны, на ПнУ — Суражская нізіна. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвышэйшы пункт 266,8 м (каля в. Хамутоўка). Карысныя выкапні: даламіты, торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мінер. вада. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Рака Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Лужасянка, Шэвінка, Каспля, Віцьба, Лучоса. Найб. азёры Вымна, Заронава, Янавіцкае, Сосна, Скрыдлева, Гародна, Княжно, Кастаўе. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя. Біял. заказнікі Запольскі, Мошна, Чысцік.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 124,6 тыс. га, з іх асушана 8,4 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 20 калгасаў і 10 саўгасаў, акц. т-ва. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Птушкагадоўля. Ільнаводства. Пашыраны пасевы збожжавых. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (вытв-сць цэглы), паліўнай (торф), харч. прам-сці; вытв-сць біяпрэпаратаў. Віцебскі і Суражскі лясгасы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Полацк—Віцебск—Смаленск, Невель—Віцебск—Орша, шаша Лепель—Віцебск. У раёне 22 сярэднія, 6 базавых і 9 пач. школ, саўгас-тэхнікум, СПТВ № 176, 2 муз. школы, 33 дашкольныя ўстановы, 40 клубаў, 65 б-к, 9 бальніц, 32 фельч.-ак. пункты, 2 санаторыі, 3 санаторыі-прафілакторыі, дзіцячы санаторый «Лукі». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (1843) у в. Бараўляны, земляробчая школа 2-й пал. 19 ст. і Пакроўская царква канца 19 ст. ў в. Лужасна. Выдаецца газ. «Жыццё Прыдзвіння».

С.​І.​Сідор.

т. 4, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАЎСКІ РАЁН,

на Пн Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 38 тыс. чал. (1995), гарадскога 24%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Воранава; г.п. Радунь, 338 сельскіх нас. пунктаў. 13 сельсаветаў: Бастунскі, Беняконскі, Больцішскі, Гіркаўскі, Доцішскі, Жырмунскі, Забалацкі, Канвелішскі, Місявіцкі, Нацкі, Пагародзенскі, Паляцкішскі, Пераганцаўскі.

Раён размешчаны ў межах Лідскай раўніны. Паверхня пераважна раўнінная, выш. 160—180 м, найвышэйшы пункт 215 м (каля в. Тракелі). Карысныя выкапні: торф, цагельныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -5,8 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 615 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі Жыжма, Дзітва (з прытокам Радунька) — правыя прытокі Нёмана. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 26% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы; у далінах рэк участкі з бярозы і вольхі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 86,3 тыс. га, з іх асушана 23,4 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 16 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Ліда — г.п. Воранава — Вільнюс, аўтадарога Гродна — г.п. Радунь — Вільнюс і інш. У раёне 13 сярэдніх, 17 базавых, 16 пач. школ, ПТВ-190, 2 школы-інтэрнаты, спарт. і 6 муз. школ, 22 дашкольныя ўстановы, 42 клубы, 48 б-к, 36 бальнічных устаноў. Помнікі архітэктуры: касцёл Іаана Хрысціцеля (1900—06) у в. Беняконі, парк 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі, Гайцюнішскі дом-крэпасць і Гайцюнішская капліца, парк канца 18 ст. ў в. Гародна, касцёл (1789) у в. Жырмуны, Петрапаўлаўскі касцёл (1803—12) у в. Забалаць, касцёл Сэрца Ісуса (1916) у в. Канвелішкі. Выдаецца газ. «Воранаўская газета».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЭ́ЗІЯ (ад геа... + грэч. daiō дзялю, падзяляю),

навука аб вызначэнні формы, памераў, гравітацыйнага поля Зямлі, вымярэнні аб’ектаў мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, правядзення праектна-вышукальных работ інж. прызначэння. Цесна звязана з астраноміяй, геаграфіяй, геафізікай, картаграфіяй і інш. Падзяляецца на вышэйшую геадэзію (вывучае форму і гравітацыйнае поле Зямлі, тэорыю і метады пабудовы апорнай геад. сеткі) і ўласна геадэзію (распрацоўвае спосабы вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў інж. справе). Раздзел геадэзіі, які ўключае тэхналогію і арганізацыю вымярэнняў на мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, адносяць да тапаграфіі. Інжынерная геадэзія вывучае комплекс геад. работ, што выконваюцца пры праектаванні, буд-ве і эксплуатацыі гідратэхн., трансп., прамысл., гар. і сельскіх збудаванняў. Касмічная геадэзія на аснове назіранняў штучных спадарожнікаў вывучае форму Зямлі і метады вызначэння каардынат геадэзічных пунктаў на зямной паверхні. Для выканання геад. работ на мясцовасці ўжываюцца спец. геадэзічныя прылады і інструменты. Асноўныя геафіз., тапагр., фотаграмметрычныя, картаграфічныя работы на Беларусі выконваюць Мінскае ВА «Аэратапагеадэзія», Мінская картаграфічная фабрыка.

Геадэзія ўзнікла за некалькі тысячагоддзяў да н.э., калі з’явілася неабходнасць правядзення вымярэнняў на зямлі і складання планаў і картаў у гасп. мэтах. Прасцейшыя геад. вымярэнні былі вядомы ў Вавілоне, Асірыі, Егіпце, Грэцыі, Кітаі, Індыі і Рыме. З 18 ст. вядуцца градусныя вымярэнні для вызначэння формы і памеру Зямлі і інш.

На Беларусі геад. работы ў 19 ст. выконвалі М.​Глушневіч і І.​Ходзька. І.​І.​Жылінскі быў нач. трыянгуляцыі зах. тэр. Расіі, кіраваў градусным вымярэннем дугі паралелі 52° паўн. шыраты. Па матэрыялах аэрафотаздымкі складзены дробнамаштабныя карты тэр. ўсёй краіны. Вял. ўклад у тэорыю і практыку інж. вылічэнняў зрабілі вучоныя Беларусі А.​А.​Дражнюк, І.​В.​Зубрыцкі, І.​І.​Купчынаў, Я.​Г.​Ларчанка, Д.​А.​Куляшоў, С.​М.​Лебедзеў, В.​Ю.​Мінько, В.​В.​Папоў, А.​А.​Саламонаў і інш.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы для аховы (гідраізаляцыі) буд. канструкцый, будынкаў і збудаванняў ад шкоднага ўздзеяння вады і хімічна агрэсіўных водных раствораў. Падзяляюцца на проціфільтрацыйныя (герметызавальныя) і процікаразійныя; паводле віду асн. матэрыялу — на нафтабітумныя, дзёгцевыя, палімерныя, армацэментавыя і інш. (у іх састаў могуць уводзіцца мінер. напаўняльнікі і мадыфікаваныя дабаўкі — растваральнікі, стабілізатары, пластыфікатары, антысептыкі, структураўтваральнікі і г. д.). Бываюць абклеечныя, абмазачныя, цвёрдыя і пластычныя. Могуць арміравацца стальнымі або палімернымі валокнамі, метал. або шкласеткай, шклотканінай і інш.

Абклеечныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — руберойд, пергамін, гідраізол, шклоруберойд, металаізол і інш. рулонныя матэрыялы, аснова якіх (з кардону, шкловалакна, метал. фольгі і інш.) прамочана або пакрыта бітумам ці дзёгцевымі рэчывамі. Укладваюць у некалькі слаёў, змацоўваюць масцікай. Абмазачныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — гарачыя або халодныя бітумныя і дзёгцевыя масцікі, бітумныя лакі і фарбы з напаўняльнікамі, пасты і эмульсіі (гл. Лакафарбавыя матэрыялы). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі трубаправодаў, падземнай часткі жалезабетонных канструкцый, для аховы метал. канструкцый ад карозіі. Цвёрдыя гідраізаляцыйныя матэрыялы — тынк цэментавы (з воданепрымальнымі і ўшчыльняльнымі дабаўкамі), асфальтавы і інш.; пліты і маты асфальтавыя (арміраваныя і неарміраваныя, гарачапрасаваныя); прыродныя, керамічныя і бетонныя камяні, прамочаныя арган. вяжучымі рэчывамі; жалезабетонныя вырабы (бетоны высокай шчыльнасці), а таксама лісты са сталі і інш. Выкарыстоўваюць для аховы фундаментаў і сцен будынкаў, тунэляў, рэзервуараў, гідратэхн. збудаванняў. Пластычныя гідраізаляцыйныя матэрыялы падзяляюцца на масцікавыя (аналагічныя абмазачным, але наносяцца большай колькасцю слаёў), плітачныя (сумесь бітумаў з напаўняльнікамі, арміраваная кардонам, тканінамі, метал. сеткамі) і асфальтавыя (асфальтавая масціка з напаўняльнікамі, выкарыстоўваецца для ізаляцыі праезнай часткі мастоў, падлогі ў міжпаверхавых перакрыццях і г.д.). Пашыраны пакрыцці з тэрмапластаў — палімерных плёнак (наносяць на трубы для іх гідраізаляцыі і інш.). Гідраізаляцыйныя матэрыялы выбіраюць з улікам геал. і гідрагеал. умоў, рэжыму падземных вод, важнасці збудаванняў і асаблівасці іх эксплуатацыі, ступені небяспекі ад уцечкі вадкасці з ёмістасці і інш.

А.​Я.​Вакар.

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ (ад гідра... + механізацыя),

спосаб механізацыі земляных, горных і інш. работ, пры якім асн. тэхнал. працэсы выконваюцца за кошт энергіі патоку вады. Асн. сродкі гідрамеханізацыі — гідраманіторы, землясосныя снарады, землечарпальныя снарады, гідраэлеватары, эрліфты, помпы (у т. л. грунтавыя), загрузачныя апараты, трубаправоды і інш. абсталяванне для транспартавання пульпы (гл. Гідраўлічны транспарт).

Гідрамеханізацыя прадугледжвае: разбурэнне грунту (горнай пароды) струменем вады або мех. рыхліцелямі з утварэннем воднай сумесі (пульпы); транспартаванне сумесі самацёкам (па латаках, жалабах, каналах) або пад напорам (па трубах) да месца ўкладкі; укладку грунту ў цела збудавання або адвалы з выдаленнем (адводам) вады. Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца ў горнай прам-сці (пры здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам і вугалю — падземным; гл. Гідраўлічная здабыча), пры буд-ве гідратэхн. збудаванняў (плацін, дамбаў, насыпаў, перамычак), у сельскай гаспадарцы (намыў урадлівых глеяў, торфу, сапрапеляў на прылеглыя да вадаёмаў малапрадукцыйныя землі; пры меліярацыі вадаёмаў, ачыстцы сажалак і каналаў ад наносаў, рэкультывацыі, планіроўцы зямель і інш.), у рыбнай прам-сці (выгрузка рыбы з сетак і транспартаванне яе па трубах). Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца таксама для распрацоўкі пяску і жвіру ў кар’ерах, пры дапаможных работах (гідрапопелавыдаленне і інш.). Спосабам гідрамеханізацыі пабудаваны самая высокая (80 м) намыўная плаціна Мінгечаурскай ГЭС (Азербайджан), найб. працяглыя (55 км) намыўныя плаціны і дамбы Кіеўскай ГЭС. На Беларусі гідрамеханізацыі выкарыстоўваюцца для паглыблення рэчышчаў рэк (напр., р. Свіслач у Мінску), азёр і каналаў, павышэння гар. тэрыторый для забудовы і інш.

Літ.:

Шкундин Б.М. Гидромеханизация в энергетическом строительстве. М., 1986;

Харин А.И. Гидромеханизация в мелиоративном строительстве. М., 1982;

Глевицкий В.И. Гидромеханизация в транспортном строительстве. М., 1988.

У.​М.​Сацута.

Схема гідрамеханізацыі земляных работ (гідраманіторны спосаб): 1 — месца ўкладкі грунту; 2 — рака; 3 — помпавая ўстаноўка; 4 — напорны вадавод; 5 — лінія электраперадачы; 6 — гідраманітор; 7 — кар’ер; 8 — канава для збору пульпы; 9 — землясосная ўстаноўка; 10 — напорны пульпавод; 11 — размеркавальны пульпавод; 12 — скідныя калодзежы.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЦКІ РАЁН,

на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 27,7 тыс. чал. (1996). Сярэдняя шчыльнасць 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Горкі. 173 сельскія населеныя пункты. 12 сельсаветаў: Аўсянкаўскі, Будскі, Горацкі, Горскі, Добраўскі, Копцеўскі, Ленінскі, Маслакоўскі, Паршынскі, Рудкаўшчынскі, Рэкценскі, Саўскі.

Паверхня раёна пласкахвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Каля ⅔ тэр. занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай, на ПнУ — частка Смаленскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 190—200 м, найвыш. пункт 231,4 м (каля в. Майсеева). Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -8,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 183 сут. Рэкі: Проня з прытокамі Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Галыша; Бася з прытокамі Паўна і Галубіна; Рамясцвянка, Лебядзёўка, Дняпрэц, Мярэя. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лесам 17,9% тэр. раёна (на Пн вял. масіў Горацкая лясная дача); пераважаюць яловыя, хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. Пад балотамі 4,1% тэрыторыі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 81,6 тыс. га, з іх асушаных 18,8 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 7 саўгасаў, племзавод «Леніна», элеватар (каля в. Нівішча), міжгаспадарчае прадпрыемства «Дняпрэц». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (масласыраробнай), лёгкай (перапрацоўка льносыравіны) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Орша—Крычаў, аўтадарогі з г. Горкі на Оршу, Магілёў, Мсціслаў. На тэр. раёна знаходзіцца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія і пед. вучылішча (в. Леніна). У раёне 12 сярэдніх, 6 базавых і 10 пач. школ, 2 муз. школы, 16 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 27 б-к, 6 бальніц, 21 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры — рэшткі касцёла (пач. 19 ст.) і сядзіба (канца 19 ст.) у в. Расна. Мемар. комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях».

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКІ,

горад, цэнтр Горацкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Проня, пры ўпадзенні ў яе р. Парасіца. Вузел аўтадарог на Оршу, Магілёў, Чавусы, Мсціслаў, Смаленск. За 86 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. ст. Пагодзіна на лініі Орша—Крычаў. 32,8 тыс. ж. (1997).

Паводле дакумент. крыніц вядома з 1544 як сяло, з 17 ст. — цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У 17—19 ст. называліся Горы-Горкі. З 1584 належалі Сапегам. У 1619 атрымалі самакіраванне. У 1-й пал. 17 ст. згадваюцца як горад. З 1717 належалі кн. А.​Д.​Меншыкаву, графам М.​А.​Патоцкаму, Я.​М.​Салагубу. З 1772 у Рас. імперыі; мястэчка ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — Аршанскага, потым Копыскага пав. Магілёўскай губ. У 1780 у Горках 992 ж. У 1795 — 1820 дзейнічала Горацкая суконная мануфактура, двойчы ў год праходзілі кірмашы. У 1829 Горкі канфіскаваны ў царскую казну. З 1840 працавала Горы-Горацкая земляробчая школа, у 1848—64 Горы-Горацкі земляробчы інстытут. З чэрв. 1861 Горкі — горад, цэнтр Горацкага павета. У 1867 зацверджаны герб: у залатым полі 3 чорныя горкі, з якіх вырастаюць зялёныя каласы. У 1879—80 дзейнічаў Горы-Горацкі народніцкі гурток. У 1897 — 6737 ж. Да сак. 1924 у Гомельскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Горацкага раёна БССР. У 1939 у Горках 22,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 12.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Горках і раёне 2530 чал. Дзейнічала Горацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 26.6.1944 у ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. У 1970 — 22,1 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч., мясц. прам-сці. Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (19 ст.). Брацкая магіла падпольшчыкаў і ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму, магіла сав. ваеннапалонных.

У.​М.​Ліўшыц.

Горкі. Фрагмент забудовы вуліцы Ціміразева.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)