АНІКУ́ШЫН (Міхаіл Канстанцінавіч) (н. 2.10.1917, Масква),

рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1963). Правадзейны чл. АМ СССР (1962). Герой Сац. Працы (1977). Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1947). Аўтар помнікаў А.​С.​Пушкіну (1957; Ленінская прэмія 1958), У.​М.​Бехцераву (1960), скульптур да мемарыяла «Гераічным абаронцам Ленінграда» (1975, у сааўт.; усе ў С.-Пецярбургу), станковых партрэтаў («А.​П.​Чэхаў», 1964) і інш.

Літ.:

Прибульская Г. Аникушин. Л.;

М., 1961.

М.Анікушын. А.​П.​Чэхаў. 1964. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА БЕЛАРУ́СКАЙ ФІЛАРМО́НІІ.

Існаваў у 1937—41 у Мінску. Першы на Беларусі прафес. калектыў падобнага тыпу. Маст. кіраўнік І.Любан, хормайстар Н.Сакалоўскі, балетмайстар К.Алексютовіч. Рэпертуар уключаў апрацоўкі бел. нар. песень, арыгінальныя песні пераважна бел. кампазітараў, бел. і інш. нар. танцы, вак.-харэагр. карцінкі. Удзельнік Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Адыграў вял. ролю ў прапагандзе традыц. і сучаснага песеннага і танц. бел. фальклору.

Літ.:

Ансамбль Белорусской народной песни и пляски Государственной филармонии БССР. Мн., 1939.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 1, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РБЕР ((Arber) Вернер) (н. 3.6.1929, г. Грэнхен, Швейцарыя),

швейцарскі генетык. Скончыў політэхн. школу ў Цюрыху. З 1953 у Жэнеўскім ун-це. Праф. Базельскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні структуры і функцыянавання віруснага геному. Сфармуляваў прынцып штамаспецыфічнай рэстрыкцыі і мадыфікацыі ДНК. Адкрыў (1962) новы клас ферментаў, якія спецыфічна ўзаемадзейнічаюць з ДНК і дзеянне якіх накіравана супраць чужароднай ДНК. Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне 1978 (разам з Д.​Натансам і Г.​Смітам).

Літ.:

Лауреаты Нобелевской премии 1978 г. // Природа. 1979. № 1.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГО́ (франц. argot),

разнавіднасць маўлення, якая выкарыстоўваецца вузкай сацыяльнай групай людзей з мэтай моўнага адасаблення, адна з формаў існавання мовы. У шырокім сэнсе арго — любыя разнавіднасці прафесійнага нелітаратурнага маўлення (арго лётчыкаў, паляўнічых і інш.). Нярэдка пад арго разумеюць маўленне дэкласаваных і крымінальных элементаў. Да арго адносяць тайныя мовы. Тэрмін «жаргон» таксама абазначае сац. разнавіднасць маўлення. Аднак у адрозненне ад арго жаргоны выкарыстоўваюцца больш шырокімі сац. і ўзроставымі групамі насельніцтва.

Літ.:

Жирмунский В. Национальный язык и социальные диалекты. Л., 1936.

П.​Б.​Мячкоўская.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМАДУ́ЛІНА (Бэла) (Ізабэла) Ахатаўна (н. 10.4.1937, г. Масква),

руская паэтэса. Вучылася ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (выключана за подпіс ліста ў абарону Б.​Пастарнака). Друкуецца з 1955. Аўтар зб. вершаў «Струна» (1962), «Урокі музыкі» (1969), «Свечка» (1977), «Сад» (1987; Дзярж. прэмія СССР 1989), «Таямніца» (1983), «Выбранае» (1988); паэм «Мая радаслоўная» (1964), нарысаў, кінасцэнарыяў. Перакладае з груз. і інш. моў: у 1959 выйшаў зб. вершаў груз. паэтэсы Г.​Каландадзе «Ляціце, лісты», у 1977 — кн. арыгінальных перакладаў і вершаў «Сны пра Грузію».

Б.А.Ахмадуліна.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ РА́ДА»,

вайскова-грамадская і літ. газета. Выдавалася з 25.11(8.12).1917 да 5.2.1918 у Мінску на рус. мове, некаторыя матэрыялы друкавала па-беларуску. Адлюстроўвала нац.-кансалідацыйныя працэсы на Беларусі і за яе межамі, асабліва сярод беларусаў у вайск. фарміраваннях б. царскай Расіі, імкненне бел. народа да нац.-дзярж. самавызначэння з уласным войскам, прапагандавала свабодныя, раўнапраўныя адносіны на падставе федэратыўнага саюзу з інш. народамі сав. Расіі. Пашырала ідэю дзяржаўнасці бел. мовы, падкрэслівала сав.-адраджэнскую ролю нац. інтэлігенцыі.

А.​К.​Каўка.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРО́НАЎШЧЫНА,

рэакцыйны рэжым у Расіі ў 1730—40-я г. Назва ад прозвішча фаварыта імператрыцы Ганны Іванаўны Эрнста Іагана Бірона (1690—1772), які фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу ў краіне. Характэрным для біронаўшчыны было засілле іншаземцаў ва ўсіх кіруючых установах, раскраданне дзярж. сродкаў, сістэма шпіянажу, даносаў, рэпрэсій, узмацненне феад. прыгоннага ўціску. Пасля смерці Ганны Іванаўны Бірон пазбаўлены ўсіх пасад.

Літ.:

Строев В. Бироновщина и Кабинет министров: Очерк внутренней политики императрицы Анны. Ч. 1—2. М.; СПб., 1909—10.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ЛАДЗЬ»

(«Byelorussian Youth»),

штоквартальны часопіс. Выдаваўся ў 1959—67, 1972—80 у Нью-Йорку на бел. і англ. мовах. Выйшлі 52 нумары. Выдаўцы: Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы, Саюз бел.-амерыканскай моладзі (з № 16 за 1962). Друкаваў гіст. і літ.-маст. матэрыялы, хроніку культ. жыцця бел. эміграцыі, у т. л. моладзі і студэнцтва ў розных краінах свету, творы бел. (у т. л. эмігранцкіх) пісьменнікаў і дзеячаў культуры, успаміны. З 1972 меў англамоўную рубрыку «Амерыканцы гавораць пра Беларусь».

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЧАНКА (сапр. Панасенка) Сцяпан Васілевіч

(8.1.1879, г. Ічня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 11.8.1932),

украінскі пісьменнік. Скончыў Карастышаўскую настаўніцкую семінарыю (1898). Настаўнічаў. Асн. тэмы твораў — жыццё ўкр. дарэв. вёскі (зб-кі апавяданняў «Эскізы», 1911; «Апавяданні», 1915), праца нар. настаўніка (навелы «Вячэра», «Чароўная Галя», «Грэх»), падзеі 1-й сусв. вайны («Акопны дзённік», 1917, і інш.). Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў, фельетонаў, незакончанай аповесці пра Т.​Шаўчэнку «У бур’янах» (апубл. 1938).

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ, 1974.

Літ.:

Шумило Н.М. Проза Степана Васильченко. Київ, 1986.

В.​А.​Чабаненка.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (25.5.1888, Масква — 16.4.1982),

рускі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1916), з 1923 выкладаў у ёй (праф. з 1926). Працаваў у многіх жанрах, найб. плённа ў вакальным. Аўтар цыклаў рамансаў «З Александрыйскіх песень М.​Кузьміна» (4 сш.), «Вернасць» (Дзярж. прэмія СССР 1951) і інш., опер «Бэла» (1941), «Дзікая Бара» (1957), «Ляўша» (1975), сімф. і камерна-інстр. твораў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Кокушкин В. Анатолий Александров. М., 1987.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)