КАЎЛЕ́РПА (Caulerpa),

род ніткаватых зялёных марскіх водарасцей сям. каўлерпавых. Каля 60 відаў. Характэрны для флоры трапічных мораў, зрэдку субтрапічных (C. prolifera). Трапляецца на мелкаводдзі на цвёрдых (камяні, мёртвыя каралы), пясчаных і глеістых грунтах.

Слаявішча складаецца з цыліндрычнай сцелістай ч. даўж. 1—2 м, рызоідаў і вертыкальных цыліндрычных або плоскіх простых ці разгалінаваных парасткаў выш. да 50 м, марфал. разнастайнасць якіх з’яўляецца сістэм. адзнакай. Унутры слаявішча знаходзяцца папярочныя цяжы (унутр. шкілет). Размнажэнне палавое (анізагамія) і вегетатыўнае (ч. слаявішча). У краінах Азіі і Акіяніі спажываецца ў ежу.

Т.​М.​Міхеева.

Каўлерпа: 1—4 — розныя тыпы будовы вертыкальных галін.

т. 8, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЦУГО́ВАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, што спалучае радкі вершаванага твора, паступова пераходзячы з адной страфы ў другую. Трапляецца ў некаторых цвёрдых формах верша, у прыватнасці ў тэрцынах, віланелі. Характэрна і для твораў з ланцуговай кампазіцыяй, у якіх асобныя радкі папярэдніх строф пачынаюць сабой строфы наступныя:

Ішла Купалка сялом, сялом,
Закрыўшы вочкі пяром, пяром,
Закрыўшы вочкі пяром, пяром,
Вітала хлопцаў чалом, чалом,
Вітала хлопцаў чалом, чалом,
Святліла ночкі агнём, агнём
(Бел. народная песня).

Ужываецца ў класічным санеце, дзе яднае 2 катрэны (чатырохрадкоўе) і 2 тэрцэты (трохрадкоўе), у вянках санетаў (пераходзіць з аднаго санета ў другі) і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАТУ́Н (Віктар Несцеравіч) (н. 10.6. 1941, в. Шунеўцы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізікахімік. Д-р хім. н. (1987). Скончыў БДУ (1964). З 1965 у Бел. тэхнал. ін-це. З 1974 у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па хіміі цвёрдага цела, хіміі неарган. гідратаў, гетэрагенным каталізе, прыкладной спектраскапіі кандэнсаваных фаз. Выявіў групы гідратаў, у якіх можа адбывацца дысацыяцыя каардынаваных малекул вады ў цвёрдым стане. Распрацаваў канцэпцыю ролі дынамікі пратоннай падрашоткі цвёрдых кіслот у іх каталітычнай актыўнасці, актыўныя асяроддзі для электра- і магнітарэалагічных суспензій.

Тв.:

Химия неорганических гидратов. Мн., 1985.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПСО́НІЯ (ад мана... + грэч. opsōnia закупка прадуктаў),

сітуацыя на рынку, калі аднаму пакупніку процістаіць вял. колькасць прадаўцоў. Ва ўмовах збалансаванага, насычанага таварамі рынку М. можа прыводзіць да негатыўных вынікаў: штучнае заніжэнне цэн буйнейшым спажыўцом на сыравіну, матэрыялы, паўфабрыкаты, якія ён купляе, навязванне контрагенту неспрыяльных умоў дагавораў і інш. Такія дзеянні прадпрыемстваў-манапсаністаў праследуюцца антыманапольным заканадаўствам. Найб. тыповае праяўленне М. — дзяржаўная М., калі адзіным пакупніком якой-н. прадукцыі (напр., узбраення) з’яўляецца дзяржава. Дзярж. М. часта выкарыстоўваецца як сродак падтрымкі некаторых галін (напр., сельскай гаспадаркі), прадукцыю якіх дзяржава купляе па цвёрдых цэнах. Гл. таксама Манаполія, Алігаполія, Алігапсонія.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУМАВЕ́Ц (Антон Рыгоравіч) (н. 2.1.1936, в. Рудка Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

украінскі фізік. Акад. Нац. АН Украіны (1997). Засл. дз. нав. і тэхн. Украіны (1995). Скончыў Кіеўскі ун-т (1957). З 1957 у Ін-це фізікі, з 1998 акадэмік-сакратар аддз. фізікі і астраноміі Нац. АН Украіны. Адначасова праф. Кіеўскага ун-та. Навук. працы ў галіне фізікі паверхні цвёрдых цел і фіз. электронікі. Даследаваў з’явы ў звыштонкіх плёнках з таўшчынёй у 1 атамны слой. Дзярж. прэміі СССР 1988 і Украіны 1997.

Тв.:

Двумерные кристаллы. Киев, 1988 (разам з І.​Ф.​Люксютавым, В.​Л.​Пакроўскім).

М.​П.​Савік.

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫЛ у атмасферы,

сукупнасць завіслых у паветры дробных (10​−2—10​−4 см) цвёрдых часцінак. Паступае ў атмасферу пры выветрыванні горных парод (асабліва ў пустынных абласцях), вулканічных вывяржэннях, ветравой эрозіі ворных зямель, дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў і транспарту. У паветры знаходзяцца таксама цвёрдыя часцінкі касм. і біял. (пылок раслін, споры, мікраарганізмы і інш.) паходжання. Асн. колькасць П. засяроджана ў слоі паветра да выш. 500 м. Зменьвае празрыстасць і цеплавыя ўласцівасці атмасферы, у вял. канцэнтрацыях можа садзейнічаць утварэнню смогу. Барацьба з вытворчым П. (пераважна ў гарадах і прамысл. раёнах) — важная ч. аховы навакольнага асяроддзя ад забруджвання (гл. таксама Забруджванне атмасферы).

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯГРА́ФІЯ (ад радые... + ...графія),

неразбуральны метад кантролю суцэльнасці цвёрдых цел; метад радыяцыйнай дэфектаскапіі. Засн. на прасвечванні аб’екта іанізавальным выпрамяненнем і рэгістрацыі выпрамянення, якое прайшло праз аб’ект, фатагр. метадам.

Пры Р. ў якасці крыніцы іанізавальнага выпрамянення звычайна выкарыстоўваюць радыенукліды, якія вылучаюць γ-кванты (напр., цэзій-137, ірыдый-192, селен-75), у якасці дэтэктара выпрамянення, што прайшло праз аб’ект, — рэнтгенаграфічныя плёнкі, у т. л. каляровыя, спец. ядз. фотаматэрыялы. Асн. разнавіднасць Р. — аўтарадыяграфія, калі фатагр. метадам рэгіструюць іанізавальнае выпрамяненне радыеактыўных атамаў, размеркаваных у аб’ёме ці паверхневым слоі цвёрдага цела. Выкарыстоўваюць Р. для кантролю якасці ліцця, зваркі, пайкі і інш.

т. 13, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэцыркуля́цыя

(ад рэ- + цыркуляцыя)

шматразовае вяртанне струменю газаў, вадкасцей або цвёрдых рэчываў у апарат з мэтай рэгулявання вытворчага працэсу, паляпшэння выкарыстання сыравіны, утылізацыі адходаў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хром, ‑у, м.

1. Хімічны элемент, цвёрды метал шэра-стальнога колеру, які выкарыстоўваецца для вырабу цвёрдых сплаваў, для пакрыцця металічных вырабаў.

2. Жоўтая, аранжавая, чырвоная ці зялёная мінеральная фарба (вокіс хрому або соль хромавай кіслаты).

3. Сорт мяккай тонкай скуры. Міхась сумеўся: было нязручна вось так адразу расчынаць гаворку пра хром, падэшвы, усцілкі. Асіпенка. Баўтрукоў не ішоў, а амаль бег да сцэны, суха шоргаючы рукавамі спартыўнага пінжака з карычневага хрому. Савіцкі.

[Ад грэч. chrōma — колер, фарба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

электро́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Раздзел фізікі, які вывучае электронныя працэсы ў вакууме, газах, цвёрдых целах. // Галіна тэхнікі, якая займаецца распрацоўкай, вытворчасцю і выкарыстаннем электронных прыбораў.

•••

Квантавая электроніка — раздзел фізікі, які вывучае працэсы генерацыі і ўзмацнення электрамагнітных хваль, што адбываюцца на аснове індуцыраванага выпрамянення квантавых сістэм (атамаў і малекул).

Ядзерная электроніка — галіна радыёэлектронікі, якая распрацоўвае метады і электронныя прылады для апрацоўкі электрычных і светлавых сігналаў ад дэтэктараў ядзерных выпрамяненняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)