КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД,

асобы орган краін, адзінай або гал. функцыяй якога з’яўляецца ажыццяўленне канстытуцыйнага нагляду. Упершыню засн. ў Аўстрыі ў 1920. З таго часу атрымаў распаўсюджанне ў Еўропе, некат. краінах Азіі, Амерыкі і Афрыкі. У адрозненне ад звычайных вярх. судоў К.с. не ўваходзіць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі. У адных краінах (напр., Расія) К.с. лічыцца судом асобай катэгорыі і ўваходзіць адпаведна ў суд. сістэму; у іншых (ФРГ, Італія, Румынія, Балгарыя, Манголія) — асобым органам кантролю, які не адносіцца да суд. улады. Члены К.с. выбіраюцца парламентам або назначаюцца кіраўніком дзяржавы, часам назначаюцца парламентамі і інш. органамі ўлады і юстыцыі. Поруч з ажыццяўленнем канстытуцыйнага нагляду К.с. у розных краінах мае права тлумачэння канстытуцыі. вырашае пытанне пра адпаведнасць канстытуцыі дзейнасці паліт. партый, разглядае спрэчкі аб кампетэнтнасці і інш. Гл. таксама Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.

т. 7, с. 597

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАРЭ́ЙКАВАЯ ДАРО́ГА,

транспартная сістэма, у якой пасажырскія вагоны або грузавыя ваганеткі перамяшчаюцца па рэйцы-бэльцы (манарэйцы), устаноўленай на эстакадзе ці асобных апорах. Бываюць навясныя, у якіх вагоны абапіраюцца на хадавыя цялежкі, і падвесныя — падвешаны на цялежках да манарэйкі.

Умяшчальнасць вагонаў 60—120 чал. Скорасць да 240 (часам да 500) км/гадз. Грузападымальнасць ваганетак 0,5—5 т, скорасць 2—4 (часам да 5) км/гадз, аптымальная працягласць да 1,5 км. Пасаж. М.д. выкарыстоўваюцца ў сістэмах высокаскараснога гарадскога (Манрэаль, Токіо і інш.) і міжгародняга транспарту, грузавыя — у сістэмах цэхавага або міжцэхавага транспарту прамысл. прадпрыемстваў.

І.​І.​Леановіч.

Навясная манарэйкавая дарога сістэмы «Трансрапід» (ФРГ).
Схема манарэйкавай дарогі а — навясной (1 — накіроўнае кола, 2 — вядучае кола, 3 — электрарухавік, 4 — апорная бэлька, 5 — кантактная рэйка); б — падвеснай (1 — вагон, 2 — апорная бэлька, 3 — вядучае кола).

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

BDA =

1. Bund Deutscher Architekten – Саюз Нямецкіх архітэктараў

2. Bundesvereinigung der Deutschen Arbeitgeberverbände – Федэральнае аб’яднанне саюзаў работадаўцаў (ФРГ)

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

ЛАНДТА́Г (ням. Landtag ад Land зямля, краіна + Tag сход, з’езд),

1) сход або з’езд саслоўных прадстаўнікоў земскіх чыноў (дваран, духавенства і гарадоў) у герм. дзяржавах у 13—17 (18) ст. 2) Мясц. органы ўлады ў асобных ням. княствах у 16—17 ст. 3) Выбарны прадстаўнічы орган на ўзор рэйхстага ў Лівоніі ў 1419—1561; сходы дваран у Курляндыі (Курземе), Ліфляндыі і Эстляндыі ў 1561—1917.

4) Выбарны прадстаўнічы орган у дзяржавах Герм. саюза, Паўночна-Германскага саюза і Герм. імперыі ў 19 — пач. 20 ст., у карэнных землях (адм. адзінках) Аўстр. імперыі (Аўстра-Венгрыі, да 1918), землях Германскай (1919—34) і Аўстрыйскай (1919—38) рэспублік.

5) Назва заканад. органа (прымае зямельныя законы, выбірае і кантралюе ўрад зямлі) у землях ФРГ (акрамя Берліна, Брэмена, Гамбурга), Аўстрыі (акрамя Вены) і да 1952 у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы.

6) Назва парламента ў княстве Ліхтэнштэйн.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЛА́МЕНЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

адзін з 2 асн. (разам з прэзідэнцкай рэспублікай) відаў рэспубліканскага дзярж. ладу. Характарызуецца абвяшчэннем прынцыпу вяршэнства парламента ў паліт. сістэме. Пры П.р. ўрад нясе адказнасць перад парламентам і фарміруецца толькі парламенцкім шляхам з лідэраў партыі (або парт. кааліцыі), што перамагла на чарговых выбарах. Заўсёды ёсць пасада кіраўніка ўрада (прэм’ер-міністра або старшыні). Роля прэзідэнта — кіраўніка дзяржавы ў фарміраванні ўрада чыста намінальная, гал. яго функцыя — прадстаўнічая, а выбранне ажыццяўляецца парламентам. Прэзідэнт фармальна можа мець вял. паўнамоцтвы, але ажыццяўляе іх урад. Урад знаходзіцца пры ўладзе да таго часу, пакуль ён карыстаецца падтрымкай большасці парламента, г.зн. выканаўчая ўлада знаходзіцца пад кантролем прадстаўнічай улады; аднак прэм’ер-міністр валодае правам роспуску парламента, прызначэння новых выбараў. П.р. існуюць у Італіі, ФРГ, Аўстрыі, Фінляндыі, Ірландыі, Індыі, Ізраілі, Ліване і інш. У 1991—94 П.р. (без прэзідэнта) была Рэспубліка Беларусь.

т. 12, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТАСТРАЛКО́ВЫЯ ВО́ЙСКІ,

род сухапутных войск ва ўзбр. сілах шэрагу краін, у т. л. Рэспублікі Беларусь. Складаюцца з мотастралк. злучэнняў (часцей), у якія ўваходзяць мотастралк., артыл., танк. і інш. часці і падраздзяленні. Ва ўзбр. сілах ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі і інш. М.в. называюцца мотапяхотай, пяхотай, механізаванымі войскаміСССР існавалі ў 1930—50-я г).

Першыя падраздзяленні, часці і злучэнні М.в. у Чырв. Арміі пачалі фарміравацца напярэдадні 2-й сусв. вайны. У 1956 у складзе сухапутных войск створаны мотастралковыя (замест стралковых) часці і злучэнні; з 1963 род сухапутных войск.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь М.в. складаюцца з мотастралк. часцей і падраздзяленняў. На ўзбраенні М.в. — баявыя машыны пяхоты, танкі, артылерыя і мінамёты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, процітанк. кіроўныя ракетныя комплексы, сродкі ППА, разведкі, кіравання і інш. М.в. здольны весці баявыя дзеянні самастойна і сумесна з інш. родамі войск.

С.​М.​Абрамаў.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРУП»

(Krupp, Fried. Krupp Gmb Η),

буйнейшы металургічны і машынабудаўнічы канцэрн ФРГ. Засн. ў 1968 у г. Эсен. Яго вытворчая камбінаваная праграма ахоплівае горназдабыўную, сталеліцейную, металаапрацоўчую прам-сць, агульнае машынабудаванне, аўта-, судна- і авіябудаванне, вытв-сць электраэнергіі, праектаванне і буд-ва камплектных прадпрыемстваў, гандаль і інш. Бярэ пачатак з заснаванага ў 1811 Ф.​Крупам сталеліцейнага прадпрыемства, якое больш за паўтара стагоддзя (да 1967) належала гэтай сям’і. Канцэрн актыўна ўдзельнічаў у стварэнні ваен. патэнцыялу Германіі да і ў час 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну фірма Крупаў была адным з вядучых пастаўшчыкоў узбраення фаш. Германіі. У 1960-я г. канцэрн аднавіў выпуск ваен. прадукцыі для бундэсвера. У 1968 «К.» апынуўся на мяжы фін. краху і звярнуўся за крэдытамі да дзяржавы і вядучых банкаў краіны. У кіруючыя органы канцэрна былі ўведзены прадстаўнікі інш. фін. і прамысл. груп, у выніку чаго ён страціў статус сямейнага прадпрыемства.

т. 8, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ЦЭНТР Я́ДЗЕРНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ (франц. Conseil Européen pour la Recherche Nucleaire; ЦЕРН),

міжнар. навук.-даследчая ўстанова 19 дзяржаў Еўропы (Аўстрыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Італія, Францыя, ФРГ і інш.). Створана пры падтрымцы ЮНЕСКА у 1954 каля Жэневы (Швейцарыя, Францыя) для правядзення тэарэт. і эксперым. работ у галіне фізікі элементарных часціц (фізікі высокіх энергій). Мае 2 буйныя паскаральнікі элементарных часціц на сустрэчных пучках (калайдэры): супер пратонны сінхратрон на 450 ГэВ у пучку ў імпульсным рэжыме (з 1981) і вялікі электрон-пазітронны калайдэр на 90 ГэВ (з 1996). На іх базе будуецца самы буйны ў свеце паскаральнік — вялікі адронны калайдэр, разлічаны на энергію пратонаў да 5000 ГэВ у пучку (увод у дзеянне ў 2004). У распрацоўцы і стварэнні дэтэктарных сістэм для гэтага паскаральніка ўдзельнічаюць вучоныя розных н.-д. устаноў Беларусі ў адпаведнасці з дзярж. пагадненнем аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве з ЦЕРН (1993).

А.​А.​Богуш.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТАБО́Л,

[ад мота... + (фут)бол], спартыўная гульня на матацыклах з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек 4 перыяды па 15 або 20 мін кожны. Мэта — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Спартсмены карыстаюцца пераважна матацыкламі класа 250 см³. Гульня ідзе на футбольным полі з травяным, грунтавым або інш. пакрыццём, вароты футбольныя. Дыяметр мяча 48—49 см.

Першыя мотабольныя матчы адбыліся ў Францыі (1929, г. Дыжон) і Германіі (1930, г. Кёльн). Міжнар. саюз мотабольных клубаў створаны ў 1963 (Бельгія, Нідэрланды, Францыя і ФРГ). З 1965 М. уваходзіць у Міжнар. федэрацыю матацыклетнага спорту. Першыя спаборніцтвы на Кубак Еўропы адбыліся ў 1964, першы чэмпіянат Еўропы у 1986 (г. Пінск Брэсцкай вобл.).

Чэмпіянаты Беларусі па М. праводзяцца з 1966, спаборніцтвы на Кубак Беларусі і міжнар. турнір «Брэсцкая крэпасць-герой» з 1974. Нац. зборная каманда Беларусі (існуе з 1994) — сярэбраны (1995, 1998) і бронз. (1999) прызёр чэмпіянатаў Еўропы.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

BR = Bundesrat

1. Бундэсрат (верхняя палата парламента ФРГ)

2. Федэральны Савет (верхняя палата парламента Аўстрыі)

3. Федэральны Савет (урада Швейцарыі)

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)