ДО́ННАЯ МАРЭ́НА,

тып адкладаў марэны з грубаабломкавай горнай пароды, моцна ўшчыльненай пад ціскам лёду. Характэрна для покрыўных і горных ледавікоў. Утвараецца ў працэсе намнажэння матэрыялу, які пераносіцца прыдонным слоем ледавіка. Вельмі пашырана на Беларусі.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Белетрысты́чны. Запазычанне ў дакастрычніцкі перыяд з польскай мовы (польск. beletrystyczny). Аб запазычанні сведчыць марфалагічны тып прыметніка (на ‑н‑, у параўнанні з рус. тыпам на ‑еск‑). Гл. Крамко, Гіст. мовы, 2, 144.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЫХАТАМІ́Я (грэч. dichotomia ад dicha на дзве часткі + tomē разрэз, сячэнне),

тып галінавання раслін, пры якім вось падзяляецца на 2 новыя, звычайна аднолькава развітыя галінкі (гл. Галінаванне). Д. ўласціва і некат. беспазваночным жывёлам (напр., дыхатамічнае дзяленне кішачнаполасцевых).

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРНО́ВА-ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,

тып глеб, якія фарміруюцца пад хвойна-шыракалістымі і хвойна-драбналістымі лясамі ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму. Належаць да аўтаморфных глеб. Пашыраны на Пд лясной зоны Усх.-Еўрап. і Зах.-Сібірскай раўнін. На тэр. Беларусі найб. пашыраны тып глеб, размешчаны вял. масівамі ва ўсіх яе частках, пераважна на павышаных элементах рэльефу (у паніжаных пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы). Асн. плошча ворных зямель размешчана на супесках і пясках. Значная частка Дз.-п.г. мае мала гумусу (да 2%) і пажыўных рэчываў, дрэнную аэрацыю і нетрывалую структуру, невысокую насычанасць асновамі. Іх урадлівасць павышаюць паглыбленнем ворнага гарызонта і паляпшэннем яго структуры, вапнаваннем глебы, унясеннем мінер., арган. і зялёных угнаенняў, мікраэлементаў, увядзеннем правільных севазваротаў.

М.​І.​Смяян.

т. 6, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРСУТЫ́ЗМ (ад лац. hirsutus махнаты, валасаты),

мужчынскі тып абваласення ў жанчын; адно з праяўленняў вірылізму. Тэрмін «гірсутызм» увёў франц. ўрач Э.​Апер у 1910. Гірсутызм найчасцей бывае пры хваробах, якія ўзнікаюць пры пашкоджанні кары наднырачнікаў і палавых залоз. Праяўляецца валасатасцю на твары (вусы, барада), жываце, грудзях, руках, нагах, атлусценнем («тлусты» тып гірсутызму) з вял. колькасцю вугроў ці мужчынскімі рысамі («мышачны»); у дзяўчынак — заўчасным развіццём вонкавых палавых органаў і другасных палавых прыкмет, што ўласцівы мужчынскаму полу, адсутнасцю менструацый, павелічэннем малочных залоз (за кошт тлушчавай тканкі), грубым голасам; псіхіка і інтэлект зніжаны, палавыя пачуцці адсутнічаюць. Лячэнне хірургічнае. Валасатасць іншы раз бывае ў жанчын у клімактэрычны перыяд пры паніжэнні функцый яечнікаў. Лячэнне: электракаагуляцыя, электроліз.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯРЫ́К, кантынент,

буйны масіў зямной кары, б. ч. паверхні якога выступае над узроўнем Сусветнага акіяна ў выглядзе сушы, а перыферычная ч. апушчана пад узровень акіяна. У сучасную геалагічную эпоху існуе 6 мацерыкоў: Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Антарктыда. Для іх характэрны кантынентальны тып будовы зямной кары магутнасцю 35—70 км з прысутнасцю гранітна-метамарфічнага слоя. Вылучаюць унутрыкантынент. і ўскраінна-кантынент. структуры. Да першых адносяцца раўнінныя вобласці, развітыя на стараж. і маладых платформах, і горныя ўтварэнні, якія ўзніклі на месцы геасінклінальных складкавых абласцей. Другі тып структур уключае выраўнаваныя падводныя прадаўжэнні кантынентаў (шэльф, схіл) пасіўных (атл.) ускраін і шэльф, схіл, глыбакаводныя катлавіны, жалабы, акіянічныя астраўныя дугі актыўных (ціхаакіянскіх) ускраін, якія чаргуюцца. Гл. таксама Зямля.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эрг2

(ар. ’irk = жыла)

тып пясчанага масіву ў пустынях Паўн. Афрыкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

валю́та 1, ‑ы, ДМ ‑люце, ж.

1. Асноўная адзінка грашовай сістэмы якой‑н. краіны.

2. Тып грашовай сістэмы. Залатая валюта.

3. зб. Грошы замежных краін, якімі карыстаюцца ў міжнародных разліках. Замежная валюта.

[Іт. valuta — цана.]

валю́та 2, ‑ы, ДМ ‑люце, ж.

Скульптурнае аздабленне ў выглядзе спіральнага завітка з кружком у цэнтры.

[Ад іт. voluta— завіток.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Арты́кул ’невялікае сачыненне, частка дакумента; тып вырабу’ (БРС, КТС, Касп., Нас.). У старабеларускай пісьменнасці ўжо з 1388 г. у форме артыкулъ ’частка дакумента’ з лац. articulus (Гіст. мовы, 1, 53; Гіст. лекс., 110; Вясноў, Бел. лекс., 35), магчыма, праз польскую (Крапівін, Бел. лекс., 88; Гіст. лекс., 90), супраць чаго фіксацыя слова ў польскай мове з XVI ст. У «Нашай ніве» пачынаецца паслядоўнае ўжыванне слова ў значэнні ’невялікае сачыненне’ (Шакун, Гісторыя, 300), магчыма, пад польскім уплывам. Першаснае лацінскае значэнне articulus ’частка’ (ад artus член’) дало магчымасць развіць значэнне тавар’ (ням. Artikel, польск. artykuł), адкуль, напэўна, і рускае, беларускае ’тып тавару’ (Шанскі тлумачыць рус. артикултып тавару’ як семантычнае ўтварэнне на базе значэння ’параграф’ у XX ст. — 1, А, 148, аднак гэта не вельмі пераканаўча, таму што ў рускай значэнне ’параграф’ у той час не было пашырана: ужо Даль адзначаў яго як архаічнае).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

description

[dɪˈskrɪpʃən]

n.

1) апіса́ньне, прадстаўле́ньне n.

beyond description — неапіса́льны

2) гату́нак -ку m., тыпm.

of the worst description — найго́ршага гату́нку

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)