ФЕО́Д (позналац. feodum ад стараж. герм. fihu, fehu маёнтак, маёмасць + ōd уладанне),

у сярэдневяковай Зах. Еўропе землі або фіксаваны даход з іх, якія сеньёр (буйны землеўласнік: імператар, кароль, герцаг, граф і г.д.) перадаваў у спадчыннае ўладанне свайму васалу (гл. Васалітэт) на ўмовах выканання васалам ваен. ці прыдворнай службы і выплаты ўстаноўленых звычаем грашовых сум. Непасрэдным папярэднікам Ф. быў бенефіцый. Найб. пашырэнне Ф. меў у 11—15 ст. З развіццём таварна-грашовых адносін і пераходам да сістэмы наёмнага войска Ф., уладанне якім ужо не было непасрэдна звязана са службай сеньёру, ператварыўся ў юрыд. фікцыю.

т. 16, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ато́пак ’стары стаптаны абутак’ (Нас., Інстр. I, Мядзв., Касп., Янк. I, Бяльк., Юрч., Янк. Мат.), ато́пкі ’абноскі’ (БРС). Другое значэнне, відаць, пашырэнне першага. Рус. отопок, отоптыш ’тс’. Утворана ў рускай і беларускай мовах ад дзеяслова а(б)таптаць пры дапамозе суфікса ‑ак (‑ок), як і растопак ’атопак’ (Касп.) ад дзеяслова растоптваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атруі́ць ’атруціць’ (Нас., Булг.). Рус. паўдн. отруить, укр. отруїти ’тс’, труїти ’атручваць’, польск. otruć, truć, truję, чэш. дыял. trouti, truji. Ст.-бел. отруити (Булыка, Запазыч.). Улічваючы пашырэнне і наяўнасць у беларускай мове толькі прэфіксальнага варыянта, з польскай (Гіст. мовы, 1, 97). У польскай мове слова роднаснае з trawa. Гл. трава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жанчы́на. Улічваючы націск і абмежаванае літаратурнае пашырэнне, хутчэй не ўласна бел. утварэнне (жен‑ък‑а, женък‑ина), а запазычанне са ст.-польск. ženczyzna (з XV ст. ад *žen‑ъk‑izna) з пазнейшым падвядзеннем пад усх.-слав. мадэль без ‑z‑ (параўн. ojczyzna, айчына, гл.). Параўн. ст.-укр. (канец XVII ст.) женщизна (Цімчанка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

экспа́нсія

(лац. expansio = расшырэнне, распаўсюджанне)

1) распаўсюджанне чаго-н. за першапачатковыя межы;

2) імкненне імперыялістычных дзяржаў да захопу калоній, рынкаў збыту і інш.;

3) пашырэнне сферы ўплыву.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

генераліза́цыя

(ад лац. generalis = агульны, галоўны)

1) абагульненне, лагічны пераход ад прыватнага да агульнага; падпарадкаванне прыватных з’яў агульнаму прынцыпу;

2) пашырэнне хваробатворнага працэсу па ўсім арганізме або органе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АБШЧЫ́ННАЯ ТЭО́РЫЯ, маркавая тэорыя,

сістэма поглядаў у гістарыяграфіі 2-й пал. 19 ст., паводле якой зыходным пунктам агр. эвалюцыі і ўсяго сац. ладу сярэднявечча была абшчына (марка). Асн. прынцыпы абшчыннай тэорыі выклаў і абгрунтаваў Г.Л.Маўрэр (Германія). Мела пашырэнне ў гіст. навуцы, у рус. медыявістыцы 1870—90-х г. была пануючая. Асн. сцверджаннем абшчыннай тэорыі было тое, што грамадскаму ладу, заснаванаму на прыватнай уласнасці, папярэднічаў лад, заснаваны на калект. апрацоўцы зямлі і на калект. уласнасці на зямлю.

Літ.:

Данялов А.Н. Проблемы аграрной истории раннего средневековья в немецкой историографии конца XIX—нач. XX в. М., 1958;

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988.

т. 1, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЕ МАСТА́ЦКА-ПРАМЫСЛО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

культурна-асветная арганізацыя ў Вільні ў 1904—15. Засн. ў гонар ураджэнца горада М.Антакольскага. Ставіла за мэту пашырэнне маст. адукацыі сярод рамеснікаў і рабочых, тэарэт. і практ. ведаў у галіне прыкладнога мастацтва, павышэнне ў насельніцтва ўзроўню маст. густу, развіццё маст. прам-сці ў Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай губ. З ліп. 1905 пры т-ве дзейнічалі класы па малюнку, курсы лепкі, сталярнага і малярнага майстэрства.

Літ.:

Устав Виленского художественно-промышленного общества. Вильна, 1904;

Устав Рисовальных классов, учреждённых Виленским художественно-промышленным обществом в г. Вильне. Вильна, 1905;

Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 4, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСАМАЛЁТ, гідраплан,

самалёт, прыстасаваны для ўзлёту з вады і пасадкі на яе. Адрозніваюць гідрасамалёты лодачныя (з корпусам у выглядзе лодкі), паплаўковыя (з адным або двума паплаўкамі) і самалёты-амфібіі (лодачныя або паплаўковыя з колавым шасі для ўзлёту з сушы і пасадкі на яе). Першы гідрасамалёт пабудаваны ў Францыі ў 1910 А.​Фабрам, у Расіі ў 1911 Я.​М.​Гакелем. Найб. пашырэнне атрымалі гідрасамалёты канструкцыі Г.​М.​Берыева (на іх устаноўлены сусв. рэкорды, напр., скорасці палёту ў 912 км/гадз на вышыні каля 15 км).

Гідрасамалёты выкарыстоўваюцца для грузапасажырскіх перавозак, разведкі рыбы, выратавальных работ, у ваен. справе (вядзенне разведкі, пошук і знішчэнне падводных лодак).

Гідрасамалёт.

т. 5, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЛАКІ́,

1) наёмныя рабочыя, якія перамяшчалі рачныя судны ўручную пры дапамозе канатаў і вёслаў. У Расіі з’явіліся з 16 ст. Бурлацтва было выклікана ростам перавозак пры тэхн. недасканаласці рачнога транспарту. На Беларусі працавалі на ўсіх вял. рэках: Дняпры, Прыпяці, Нёмане, Бугу, Зах. Дзвіне, Бярэзіне, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Агінскім каналах. У 17—19 ст. бурлацтва на Беларусі стала самастойным і адыходніцкім промыслам (гл. Адыходніцтва). У бурлакі наймаліся мужчыны (зрэдку і жанчыны) з вял. фізічнай сілай ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў. Узнікненне і пашырэнне параходства ў канцы 19 ст. выцесніла бурлацтва.

2) Бяздомныя халастыя або ўдовыя бяздзетныя людзі, якія вялі гаспадарку адасоблена.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)