ЛЕ́ПЕЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1954 у г. Лепель Віцебскай вобл. Пл. экспазіцыі 237 м², больш за 14,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). У 6 залах экспазіцыі адлюстравана гісторыя Лепельшчыны. Сярод экспанатаў прылады працы, упрыгожанні 8 ст. да н.э. — 12 ст. н.э. з раскопак стараж. паселішчаў на тэр. раёна; дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., грамадз. вайну, індустрыялізацыю і калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу і інш. Значнае месца займае экспазіцыя, прысвечаная Вял. Айч. вайне (абарончыя баі, Лепельскі контрудар 1941, дзейнасць падполля і партыз. руху, вызваленчыя баі, у т. л. асабістыя рэчы і баявая зброя Герояў Сав. Саюза Ф.Ф.Дуброўскага, У.Е.Лабанка). Дэманструюцца прылады працы і рэчы побыту 19—20 ст., ганчарныя вырабы, нац. адзенне лепельскага строю, нар. муз. інструменты. У раздзеле прыроды — чучалы жывёл і птушак Бярэзінскага запаведніка.
В.Я.Ланікіна.
т. 9, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й БІ́ТВЫ ЗА ДНЯПРО́,
назва Лоеўскага музея бітвы за Дняпро да 1991.
т. 11, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЦКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1977 у г.п. Бешанковічы як музей баявой славы, з 1987 — гіст.-краязнаўчы музей. Пл. экспазіцыі 311 м², каля 6,8 тыс. адзінак асн. фонду (1995). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (касцяныя наканечнікі стрэл, каменныя і рагавыя сякеры, бівень маманта, фрагменты гліняных гаршкоў з раскопак, карты археал. помнікаў на тэр. раёна), матэрыялы пра падзеі часоў Кастр. рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны, калектывізацыі, Вял. Айч. вайны (абарончыя баі 1941, дзейнасць падп. антыфаш. арг-цый, партыз. атрадаў, брыгады «За Савецкую Беларусь», вызваленне раёна ў 1944). У экспазіцыі творы жывапісу, графікі, скульптуры (дыярама А.Гарбунова «Бітва пад Астроўнам у 1812», карціна В.Ціханенкі «Кірмаш у Бешанковічах» і інш.).
А.В.Крачкоўскі.
т. 3, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Адкрыты ў студз. 1979 у г. Капыль. Мае 4 экспазіцыйныя залы
(пл. экспазіцыі 396 м²),
каля 13 тыс. экспанатаў (1997). Тэматычныя раздзелы: гісторыя краю ў дасав. перыяд; кастр. падзеі 1917 і грамадз. вайна на Капыльшчыне; сацыяліст. будаўніцтва: Вял. Айч. вайна і партыз. рух у краі; пісьменнікі — ураджэнцы Капыльшчыны; этнаграфія і побыт. Экспануюцца матэрыялы і л-ра па гісторыі населеных пунктаў раёна і Капыля, пра падзеі вайны 1812 і Вял. Айч. вайны 1941—45, узнікненне і разгортванне падполля і партыз. руху супраць ням.-фаш. акупантаў, пра вызваленне краю ад акупантаў, пра Герояў Сав. Саюза — ураджэнцаў Капыльшчыны, пісьменнікаў-землякоў і інш. У аддзеле этнаграфіі і побыту экспануюцца прылады працы, вырабы мясц. рамеснікаў, узоры нар. выяўленча-прыкладнога мастацтва 17—19 ст. У асобным памяшканні музея размешчана карцінная галерэя, дзе выстаўлены работы ўраджэнцаў Капыльшчыны, у т. л. мастака Расіі П.Розіна.
т. 8, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф. Багушэвіча 2/25, 26, 66; 6/394; 7/303
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДНАГА МАСТА́ЦТВА,
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты 12.12.1979 у в. Раўбічы Мінскага р-на ў будынку б. касцёла. Пл. экспазіцыі і выставачнай залы 400 м², больш за 500 экспанатаў (2000). У музеі вырабы ткацтва, разьбы па дрэве, керамікі, саломапляцення 16—20 ст., большасць прадметаў канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў драўляная браціна 16 ст., разное культавае начынне 18 ст. (укрыжаванне, фрагменты прыдарожных крыжоў), плеценыя з саломы царскія вароты, жаночае нар. адзенне і святочнае ўбранства, камянецкія прасніцы, узоры мотальскіх, неглюбскіх, краснапольскіх, пінска-івацэвіцкіх ручнікоў, гараднянскай, дубровенскай, івянецкай, пружанскай керамікі, тканыя дываны і посцілкі з розных рэгіёнаў Беларусі, творы сучасных бел. майстроў дробнай пластыкі, саломапляцення, інкрустацыі і інш. Музей наладжвае выстаўкі тэматычныя і прыватных калекцый.
Літ.:
Музей беларускага народнага мастацтва: [Фотаальбом]. Мн., 1983.
І.М.Паньшына.
т. 11, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1918 у Віцебску як губернскі на базе музеяў старажытнасцей пры Віцебскім губ. стат. к-це (засн. ў 1868), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, матэрыялаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віленскага ваен. збору, прыватнага музея В.П.Федаровіча, калекцый А.Брадоўскага і інш. З 1924 — Віцебскае аддз. Бел. дзярж. музея, з 1929 Віцебскі культ.-гіст. музей, з 1951 сучасная назва. У Вял. Айч. вайну частка экспанатаў разрабавана ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1945. Займае будынак б. ратушы (18 ст.), мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 921 м²), каля 157 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: н.-д. фондаў, навук асветны, рэстаўрацыйна-мастацкі. Сярод экспанатаў археал. знаходкі, берасцяная грамата 13 ст., кніга прывілеяў Віцебска, рыцарскі пояс караля Стафана Баторыя, кларнет караля Яна III Сабескага, старадрукі 17—18 ст., посуд Налібоцкай і Ўрэцкай мануфактур 18 ст., калекцыі манет 9—20 ст., у т. л. рэдкая — яфімкаў, стараж. зброі, атрыбутыкі масонаў, габеленаў 18—19 ст. Зберагаюцца асабістыя фонды гісторыка А.П.Сапунова, грамадскага дзеяча Ф.Нікановіча, матэрыялы па гісторыі Вял. Айч. вайны, пасляваен. развіцця Віцебшчыны. Мае філіялы: мастацкі, літаратурны, музей прыватных калекцый, Рэпіна Ільі музей-сядзіба (у в. Здраўнева).
В.І.Акуневіч.
т. 4, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1964, адкрыты ў 1968 як школьны ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., з 1969 народны, з 1974 сучасная назва; з 1993 размешчаны ў в. Блонь у сядзібным доме рэвалюцыянера-народніка А.В.Бонч-Асмалоўскага. Пл. экспазіцыі 297 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае аддзелы: жыццё і дзейнасць асветнікаў Бонч-Асмалоўскіх, мастака-партызана Г.Ф.Бржазоўскага, нас. пункты Пухавіцкага раёна, Вял. Айч. вайна, нар. побыт, знакамітыя людзі краю, прырода і экалогія. Сярод экспанатаў археал. і нумізмат. калекцыі з раскопак гарадзішчаў, матэрыялы пра землякоў-удзельнікаў грамадз. вайны 1918—20, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну на тэр. раёна, асабістыя рэчы землякоў — Герояў Сав. Саюза, дзярж. дзеячаў, кампазітараў, літаратараў і інш. У экспазіцыі музея інтэр’ер сял. хаты, прылады ручной апрацоўкі лёну і вырабы з яго 19 — пач. 20 ст., калекцыі карцін Бржазоўскага, прылад працы і хатняга ўжытку, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве, вышыванкі. Мае філіялы ў вёсках Блужа, Гарэлец і г. Мар’іна Горка.
А.А.Прановіч.
т. 13, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1995 у г. Нясвіж Мінскай вобл. Пл. экспазіцыі 256 м², каля 4,2 тыс. адзінак асн. фонду, 7 залаў, з іх 2 выставачныя (2000). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (кафля, шкляныя вырабы, дахоўка 16—18 ст.), соліды ВКЛ і Рэчы Паспалітай, напольны гадзіннік і фартэпіяна з замка Радзівілаў, сярэбраны кубак пач. 18 ст. з выявай Багуслава Радзівіла, бібліі 1 малітоўнікі 19 ст., карціны і асабістыя рэчы бел. мастака М.К.Сеўрука. У экспазіцыі нац. адзенне, вышываныя ручнікі, вырабы з саломкі і лазы, бандарныя вырабы 19 — пач. 20 ст. Музей праводзіць выстаўкі карцін бел. мастакоў, у т. л. мясцовых, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва, калекцый інш. музеяў. У дні фестываляў камернай музыкі ў ім адбываюцца навук.-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя муз. і пісьмовай спадчыне Нясвіжчыны. З 1966 працуе аддзел музей-кватэра Сеўрука.
В.У.Шкрабіна.
т. 11, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1950 у Брэсце. Мае 11 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 872 м²), 63 тыс. экспанатаў асн. фонду (1995). Аддзелы: прыроды, гісторыі Брэстчыны, Вял. Айч. вайны, этнаграфічны. Сярод экспанатаў археал. і нумізматычныя калекцыі, зброя і даспехі воінаў 13—19 ст., рукапісныя і друкаваныя кнігі (трэбнік 1646, рукапісны «Апостал» 17 ст.), гербы і пячаткі стараж. Брэста, матэрыялы пра Брэсцкую арг-цыю РСДРП, пра арг-цыю КПЗБ і яе дзеячаў (В.З.Харужую, У.З.Царука і інш.), абарону Брэста і Брэсцкай крэпасці, партыз. і падп. рух на тэр. вобласці ў Вял. Айч. вайну, Герояў Сав. Саюза — землякоў, у т. л. С.І.Грыцаўца, П.І.Клімука і інш.; у аддзеле этнаграфіі муз. інструменты 18 ст., прылады працы і побыту сялян 19 ст.; у аддзеле прыроды экспанаты расліннага і жывёльнага свету Брэстчыны, агучаныя дыярамы «Белавежская пушча», «Палессе». Філіялы: Археалагічны музей «Бярэсце», Музей партызанскай славы, Камянецкая вежа, карцінная галерэя.
Т.М.Новікава.
т. 3, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)