ЭСТО́НІЯ (Eesti), Эстонская Рэспубліка (Eesti Vabariik),
дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы.
Мяжуе на У з Расіяй, на Пд з Латвіяй, на З абмываецца Рыжскім і Фінскім залівамі Балтыйскага мора. У складзе Э. 1521 востраў, у т. л.Маанзундскі архіпелаг. Пл. 45,2 тыс.км². Нас. 1356 тыс.чал. (2003). Дзярж. мова — эстонская. Сталіца — г.Талін. Краіна падзяляецца на 15 паветаў (маакондаў). Нац. свята — Дзень незалежнасці (24 лютага).
Дзяржаўны лад. Э. — парламенцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая 28.6.1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам (у асобных выпадках калегіяй выбаршчыкаў) на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Рыйігікагу (аднапалатны парламент, які складаецца з 101 дэпутата), выбіраецца на ўсеагульных выбарах тайным галасаваннем. Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Тэр. Э. размешчана на ПнЗУсх.-Еўрапейскай раўніны, каля ўсх. берагоў Балтыйскага мора. Берагі на З і ПнЗ моцна парэзаныя, шмат заліваў і бухтаў; на З нізінныя, на Пн высокія і стромкія (глінт). Большая ч. паверхні — нізінная раўніна (сярэдняя выш. каля 50 м). На З і крайнім У пераважаюць нізіны, найб. з іх Зах.-Эстонская, на Пн і ў цэнтры — узв. Пандыверэ (выш. да 166 м), на Пд — узв. Сакала (выш. да 145 м), Отэпя (выш. да 217 м) і Хаанья (найвыш. пункт Э. г. Суур-Мунамягі, 318 м). На фарміраванне рэльефу вял. ўплыў зрабілі зледзяненні. Пашыраны марэнныя адклады, озы, друмліны. Карысныя выкапні: гаручыя сланцы (запасы 15 млрд.т), фасфарыты (500 млн.т), буд. матэрыялы (вапнякі, даламіты, жвір, пяскі, гліны, вапняковы туф), торф (разведаныя запасы 1,6 млрд.т), сапрапель, мінер. воды і лекавая гразь. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Зіма мяккая, лета ўмерана цёплае. Сярэдняя т-раліп. ад 16,5 °C на Пн да 17,3 °C на ПдУ, лютага адпаведна -5,8 і -6,6 °C. Ападкаў 600—700 мм за год. 420 рэк даўж. больш за 10 км (агульны працяг 31,2 тыс.км), гал.: Нарва, Пірыта, Казары, Пярну (бас. Балтыйскага м.); Пылтсамаа (бас.воз. Выртс’ярв); Эмайыгі (бас. Чудскога воз.). Больш за 1150 азёр, пераважна ледавіковага паходжання. У межах Э. частка Нарвенскага вадасховішча. Глебы на Пд дзярнова-падзолістыя і дзярнова-глеевыя, на Пн дзярнова-карбанатныя, якія чаргуюцца з участкамі падзолістых, падзоліста-балотных і балотных глеб. Пад балотамі каля 22% тэрыторыі. Э. размешчана ў падзоне мяшаных лясоў; пашыраны хвойныя (хвоя, елка), з лісцевых — бяроза, асіна, вольха, на З і Пн дуб. Лесапакрытая пл. 47% (2001). У лясах водзяцца лось, казуля, дзік, буры мядзведзь, рысь, зайцы бяляк і русак, воўк, ліс; з птушак глушэц, рабчык, цецярук і інш.; у Балтыйскім м. — кольчатая нерпа, даўгаморды цюлень; з рыб салака, кілька, камбала; у азёрах — сняток, сіг, лешч і інш. 4 запаведнікі: Війдумяэ, Вільсандзі, Матсалу, Нігула; нац. парк Лахемаа; каля 30 заказнікаў, у т. л. 14 ландшафтных і 1 геал. (метэарытныя кратэры Каалі на в-ве Саарэмаа).
Насельніцтва. Эстонцы складаюць 67,9% (2000). Жывуць таксама рускія (25,6%), украінцы (2,1%), беларусы (1,3%), фіны (0,9%) і інш. У 1945 эстонцаў было 93%, у 1989—62%. Эстонцы раўнамерна размешчаны па краіне, рускія і інш. неэстонцы — пераважна ў прамысл. цэнтрах (Талін, Нарва, Кохтла-Ярве). Сальда міграцыі насельніцтва і натуральны прырост адмоўныя. Большасць вернікаў пратэстанты (евангелічныя лютэране, баптысты, метадысты, адвентысты сёмага дня), ёсць правасл. хрысціяне, католікі, іудаісты. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 69%. Найб. гарады (тыс.ж., 2002): Талін — 401, Тарту — 101, Нарва — 69, Кохтла-Ярве — 48, Пярну — 46. Сельскія населеныя пункты невялікія, захавалася хутарское рассяленне. У прам-сці занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 11%, у абслуговых галінах — 69%.
Гісторыя. Тэр. Э. заселена чалавекам з часоў мезаліту (8—4-е тыс. да н.э.). З 3-га тыс. да н.э. тут жылі пераважна фіна-угорскія плямёны, што прыйшлі з Прыуралля і Паволжа. Да 1-га тыс. да н.э. адбылася кансалідацыя прыбалт.-фін. плямён, у т. л. продкаў сучасных эстонцаў — эстаў (саманазва maarahvas — народ зямлі, у рус. летапісах — чудзь). Аснову іх гаспадаркі складала жывёлагадоўля, з першых стагоддзяў н.э. — і земляробства. У 9—10 ст.н.э. эсты ўдзельнічалі ў паходах стараж.-рус. князёў. Каля 1030 кіеўскі кн.Яраслаў Мудры на некалькі дзесяцігоддзяў далучыў да Кіеўскай Русі паўд.-зах.ч. Э., дзе на месцы эст. гарадзішча Тарпату засн.г. Юр’еў (цяпер Тарту). Пазней гэтыя землі былі ў залежнасці ад Ноўгарада і Пскова. У 10 — пач. 13 ст. ў эстаў складваліся феад. адносіны, яны мелі сваіх плем. князёў, умацаваныя гарады-крэпасці (Лінданісе-.Равала, Отэпя, Варбала і інш.), войска і флот. У 13 ст. кансалідавалася эст. народнасць. Аднак працэс утварэння эст. дзяржавы перарваны агрэсіяй ням.крыжакоў-мечаносцаў (у 1208—17 захапілі Паўд. і Цэнтр. Э.) і дацкіх феадалаў (у 1219—20 захапілі Паўн. Э.). На месцы заваяванай датчанамі (1219) эст. крэпасці Лінданісе-Равала (Калывань) імі засн.г. Рэвель (сучасны Талін). У 1222—24 адбылося агульнаэст. паўстанне супраць датчан і мечаносцаў. У 1223 наўгародскі служылы князь (б. васал полацкага кн.Уладзіміра) Вячка з атрадам усходнеслав. воінаў (200 чал.) заняў г. Юр’еў, адкуль кіраваў б.ч. зямель эстаў. У 1224 паўстанне падаўлена, мечаносцамі ўзяты Юр’еў, дзе пасля гераічнага змагання загінулі кн. Вячка са сваімі і эст. воінамі. Юр’еў быў перайменаваны ў Дэрпт. У 1227 крыжакі захапілі в-аў Саарэмаа. Тэр. Э. была падзелена паміж заваёўнікамі: паўд.-ўсх. часткай валодаў дэрпцкі епіскап, цэнтр. і паўд.-зах. часткамі — ордэн мечаносцаў (з 1237 — Лівонскі ордэн у складзе Тэўтонскага ордэна), паўн. часткай — Дацкае каралеўства. Эстаў прымусова акаталічылі і ператварылі ў залежных ад ням. і дацкіх рыцараў сялян-васалаў. Узмацненне іх эксплуатацыі ў дацкіх уладаннях прывяло да Юр’евай ночы паўстання 1343—45, якое перакінулася на тэр. Лівонскага ордэна і задушана з яго дапамогай. У 1346 Данія прадала Паўн. Э. Тэўтонскаму ордэну, а той у 1347 перапрадаў яе Лівонскаму ордэну. З канца 14 ст. пачаўся працэс юрыд. запрыгоньвання эст. сялянства. Гарады Рэвель, Дэрпт, Пернаў (цяпер Пярну), Нарва, якія былі членамі еўрап.гандл.-паліт. саюза Ганза, выраслі ў значныя гандл.-рамесныя цэнтры. Насельніцтва Э. цярпела ад шматлікіх войнаў паміж Лівонскім ордэнам, з аднаго боку, і Ноўгарадам, Псковам, пазней Маскоўскім вял. княствам і Рас. дзяржавай, з другога. Знаходзячыся пад уладай ням. рыцараў-памешчыкаў і ням. духавенства, а ў гарадах — і ням.патрыцыяту, купцоў і майстроў, эстонцы адчувалі моцны герм.культ.-нац. ўплыў і ціск, але здолелі захаваць сваю нац. самабытнасць, мову і традыцыі. У час Лівонскай вайны 1558—83рас. войскі разграмілі Лівонскі ордэн, і ў 1562 ён спыніў існаванне.
Да 1577 б.ч. Э. заваявала Рас. дзяржава, якая, аднак, страціла яе ў выніку наступлення ў 1580—81 войск рэчы Паспалітай пад камандаваннем Стафана Баторыя. Паўн. Э. (Эстляндыя) адышла да Швецыі, паўд. з гарадамі Дэрпт і Пернаў — да Рэчы Паспалітай, в-аў Саарэмаа — да Даніі. У выніку вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 Швецыя да 1625 заваявала ўсю мацерыковую Э. і амаль усе астравы, а ў 1645 — і в-аў Саарэмаа. Пры швед. уладзе пануючай сілай у Э., як і раней, заставаліся ням. бароны і рыцары, а ў гарадах — ням. патрыцыят. Пануючай рэлігіяй стала лютэранства, якое пранікла ў Э. яшчэ ў 1523. У выніку рус.-швед. вайны 1656—58 паводле Валіесарскага дагавора 1658г. Дэрпт (Юр’еў, Тарту) з прылеглай вобласцю адышоў да Расіі, якая, аднак, вярнула яго Швецыі разам з інш. землямі Ліфляндыі паводле Кардыскага мірнага дагавора 1661 (пацверджаны ў 1683). Аўтарытэт швед. манархіі ў асяроддзі ням. дваранства Э. моцна падарвала рэдукцыя 1680—1700, паводле якой у мясц. феадалаў была канфіскавана значная частка зямельных уладанняў. У ходзе Паўночнай вайны 1700—21рас. войскі да канца 1710 авалодалі ўсёй тэр. Э., якая за час баёў была значна спустошана. Паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721 Э. разам з інш.ўсх.-прыбалт. землямі афіц. далучана да Расіі. У Паўн. Э. была ўтворана Рэвельская губ. (1719, з 1796 наз. Эстляндскай), Паўд. Э. ўключана ў склад Рыжскай губ. (1713, з 1796 наз. Ліфляндскай). Ням. дваранству Э. былі захаваны ўсе саслоўныя прывілеі і вернуты землі, адабраныя швед. каронай па рэдукцыі. Яно засяродзіла ў сваіх руках адм., суд. і паліцэйскую мясц. ўладу, уплывала на царк. і школьныя справы. Мовай справаводства заставалася нямецкая. Мясц. пытанні вырашаліся на ландтагах (сходах) дваран. Да 1780-х г. тут дзейнічала ранейшае мясц. заканадаўства, потым уведзены агульнарас. «Устанаўленне для кіравання губерняў» і «Даравальная грамата гарадам», у 1782 скасавана мытная мяжа паміж прыбалт. губернямі і астатняй Расіяй. Паводле агр. рэформ 1816 у Эстляндыі і 1819 у Ліфляндыі эст. сяляне сталі асабіста вольнымі, але ўся зямля засталася ўласнасцю памешчыкаў. Летам 1858 адбылося буйное сял. паўстанне ў Паўн. Э. («вайна ў Махтра»), жорстка падаўленае рас. войскамі. Малазямелле прымушала многіх эст. сялян перасяляцца ва ўсх. і паўд. губерні Расіі.
З сярэдзіны 19 ст. ў Э. хутка развівалася капіталіст.прам-сць. Завяршыўся працэс фарміравання эст.нац. буржуазіі і інтэлігенцыі. У 2-й пал. 19 ст. ў асноўным склалася эст. нацыя. Жыхары Э. актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07, выступалі з патрабаваннямі сац. і нац. вызвалення; узнікла ліберальна-бурж.Эст.нар. партыя. У снеж. 1905 Усеэст. сход нар. прадстаўнікоў у г. Тарту запатрабаваў звяржэння самадзяржаўя і стварэння рэв. самакіравання. У час падаўлення рэвалюцыі ў Э. карнікі толькі ў снеж. 1905 — лют. 1906 расстралялі каля 300 чалавек. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Э. пашырылася дзейнасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, фарміраваліся эст.нац. партыі: Нац.-ліберальная, Эст. народная, Радыкальна-дэмакр., с.-д. «Юхендус» («Адзінства»), Сял. саюз і інш. 30.3(12.4).1917 Часовы ўрад перадаў Паўд. Э. ў склад Эстляндскай губ., якая атрымала аўт. правы. Пры губ. камісары Часовага ўрада (лідэр нацыянал-лібералаў Я.Позка) дзейнічаў дарадчы орган — Эстляндскі губ. земскі савет. 24—25.6(7—8.7).1917 нац. партыі правялі выбары ў 1-ы эст. парламент — Эст.нац. кангрэс (савет), які 29.9(12.10). 1917 стварыў Часовы ўрад Э. на чале з К.Пятсам. У ходзе 1-й сусв. вайны герм. войскі і флот у кастр. 1917 акупіравалі Маанзундскія астравы (гл.Маанзундскія аперацыі). Напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 1917 эст. бальшавікі і іх прыхільнікі ўтварылі ВРК Э., які 26.10(8.11).1917 абвясціў пераход улады ў Э. да Саветаў (гэты акт не прызналі нац. партыі). Але ў лют.—сак. 1918 герм. войскі акупіравалі ўсю тэр. Э.
24.2.1918 Часовы ўрад Пятса абвясціў незалежнасць Э. (у сучаснай Э. 24 лют. — нац. свята Дзень незалежнасці).
Гэты акт не прызналі герм. акупацыйныя ўлады, якія далучылі Э. да т.зв. Балт. герцагства (у асабістай уніі з Прусіяй), але пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі пры садзейнічанні немцаў 11.11.1918 у Таліне нанава сфарміраваны Часовы ўрад Э. на чале з К.Пятсам. У канцы 1918—пач. 1919 у часова занятых рас.Чырв. Арміяй усх. раёнах Э. непрацяглы час існавала Эстляндская працоўная камуна, ліквідаваная эст. арміяй з дапамогай замежных добраахвотнікаў, рус. белагвардзейцаў і брыт. флоту. 19.5.1919 Устаноўчы сход Э. абвясціў незалежную Эст. Рэспубліку. Эст. ўрад дазволіў стварэнне на тэр. Э. рус. белагвардз. арміі М.М.Юдзеніча (у яе складзе корпусам камандаваў С.Н.Булак-Балаховіч), разам з якой эст. войскі ўдзельнічалі ў вясенне-летнім і восеньскім наступленнях 1919 на Петраград. З вер. 1919 у Э. дзейнічала Вайскова-дыпламатычная місія БНР. Паводле Тартускага мірнага дагавора 1920 (гл.Савецка-эстонскія пагадненні) Сав. Расія прызнала незалежнасць Э. і перадала ёй шэраг тэр. на У ад г. Нарва і на З ад г. Пскоў (вернуты ў склад Расіі ў 1944 і 1957). 15.6.1920 Устаноўчы сход прыняў Канстытуцыю Э., паводле якой урад фарміраваўся аднапалатным парламентам. У знешняй палітыцы Эст. Рэспубліка арыентавалася пераважна на Вялікабрытанію, аснову яе знешнеэканам. дзейнасці складаў экспарт с.-г. прадуктаў у краіны Зах. Еўропы. У сак. 1934 лідэры партыі аграрыяў здзейснілі дзярж. пераварот: быў распушчаны парламент, у 1935 забаронены ўсе партыі, замест якіх створана партыя «Ісаамаайліт» («Айчынны фронт»). Скліканы ў 1937 Нац. сход прыняў новую канстытуцыю, у 1938 прэзідэнтам Э. выбраны К.Пятс. У пач. 2-й сусв. вайны ў новых паліт. умовах, што склаліся пасля заключэння сав.-герм.пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Э. 28.9.1939 заключыла пакт з СССР, які прадугледжваў размяшчэнне на яе тэр.сав. баз і войск. У гэтых умовах у краіне адбылася змена ўрада і дзярж. ладу. 6.8.1940 Вярх. СаветСССР задаволіў просьбу Дзярж. думы Э. (выбрана ў ліп. 1940) аб прыняцці Э. ў склад СССР у якасці Эст. ССР. У Э. пачаліся сацыяліст. пераўтварэнні на сав. ўзор, малазямельным сялянам перададзена каля 400 тыс.га зямлі, канфіскаванай у буйных землеўладальнікаў. Адначасова разгарнуліся рэпрэсіі супраць службоўцаў Эст. Рэспублікі, памешчыкаў і некат. інш. катэгорый насельніцтва.
У Вял.Айч. вайну войскі гітлераўскай Германіі да вер. 1941 акупіравалі мацерыковую ч. Э., да сярэдзіны снеж. — усе астравы. Э. была ўключана як адзін з ген. камісарыятаў у склад рэйхскамісарыята «Остланд». Са згоды акупантаў у Таліне дзейнічаў урад Эст. самакіравання. Частка насельніцтва Э. супрацоўнічала з гітлераўцамі, служыла ў адміністрацыі, паліцыі і сфарміраваным у 1943—44 эст. корпусе войск СС. Акупанты і іх памагатыя ў 1941—44 знішчылі ў Э. 61 тыс. мірных жыхароў (пераважна іншаземцаў) і 64 тыс.сав. ваеннапалонных. На сав.-герм. фронце супраць ням.-фаш. войск змагаўся сфарміраваны ў 1941—42 эст.стралк. корпус Чырв. Арміі. У лют.—вер. 1944 сав. войскі і флот выгналі ням.-фаш. захопнікаў з мацерыковай Э., да канца ліст. — з усіх астравоў. Пасля вайны частка насельніцтва не прыняла сав. ўладу, удзельнічала (да 1956) ва ўзбр. супраціўленні, якое было падаўлена органамі бяспекі СССР. У канцы 1940 — пач. 50-х г. у асноўным завершана пераўтварэнне эканомікі і грамадскага жыцця Э. на сав. ўзор, калектывізавана сельская гаспадарка. Да канца 1970-х г. узровень вытв-сці прамысл. прадукцыі перасягнуў даваенны больш як у 40 разоў. Адбылася значная міграцыя ў Э. рускамоўнага насельніцтва з рэспублік СССР (у 1989 з 1536 тыс.чал. усяго насельніцтва было 573 тыс. неэстонцаў). У час перабудовы ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Э. актывізаваліся нац. сілы, у т. л.Нар. фронт (створаны ў снеж. 1988), які выступаў за аднаўленне незалежнай Эст. Рэспублікі ўзору 1940. Пасля перамогі Нар. фронту на выбарах (сак. 1990) новы Вярх. СаветЭст. ССР назваў эст. народ свабоднай нацыяй. 8.5.1990 ён абвясціў Эст. Рэспубліку, а 20.8.1991 — яе дзярж. незалежнасць, якую 6.9.1991 прызнаў Дзярж. Савет СССР 28.6.1992 прынята канстытуцыя Э. У 1992—2001 прэзідэнтам краіны быў Л.-Г.Меры. Кіраўніцтва Э. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў для рэфармавання эст. гаспадаркі. Правы (1991—95), левацэнтрысцкі (1995—99) і правацэнтрысцкі (1999—2003) урады Э. паслядоўна праводзілі курс на лібералізацыю (найперш прыватызацыю) эст. эканомікі і супрацоўніцтва пераважна з зах.-еўрап. краінамі і ЗША. У вер. 2001 прэзідэнтам выбраны А.Руйтэль. На парламенцкіх выбарах у сак. 2003 перамаглі цэнтрысцкія партыі. На агульнаэст. рэферэндуме 14.9.2003 большасць удзельнікаў прагаласавала за ўступленне Э. ў Еўрап. Саюз. Э. — чл.ААН (з 1991), Савета Еўропы (з 1993), асацыіраваны партнёр Зах.-Еўрап. Саюза (з 1994). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 7.4.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Рэспубліка, Партыя рэформ, Саюз Айчыны, Цэнтрысцкая партыя, Партыя памяркоўных, Нар. саюз і інш.Гал.прафс. аб’яднанне — Цэнтр. саюз прафсаюзаў Э.
Гаспадарка. Э. — індустр.-агр. краіна. Эканам. рэформы, якія праводзяцца ў ёй з 1991, прызнаны аднымі з найб. паспяховых сярод краін Цэнтр. і Усх. Еўропы. Сучасная эканоміка Э. грунтуецца на транзіце, абслугоўванні фін. патокаў і турызме. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 склаў 14,6 млрд.дол. (10 тыс.дол. на душу насельніцтва). На долю прам-сці і буд-ва прыпадае 23,7% ВУП, сельскай і лясной гаспадаркі — 3,7%, сферы паслуг — 72,6%. Доля прыватнага сектара ў ВУП складае каля 70%. Гал. галіны прамысловасці — сланцаздабыўная і сланцаперапрацоўчая, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лясная, цэлюлозна-папяровая, тэкст., харчовая. Аснова паліўна-энергет. гаспадаркі — сланцавы бас. (цэнтр — Кохтла-Ярве) і электраэнергетыка. Здабыча (11,8 млн.т, 2001) і перапрацоўка сланцаў (выраб вадкага паліва, газу, попелу, коксу і інш.) у Кохтла-Ярве і Ківіылі. Вытв-сць электраэнергіі 8,3 млрд.кВт∙гадз (1999), пераважна на ЦЭС, якія працуюць на сланцах (Балтыйская і Эстонская ДРЭС, Талінская ЦЭЦ), і Нарвенскай ГЭС. Здабыча торфу ў 2001 склала 824 тыс.т. Сярод галін машынабудавання і металаапрацоўкі вылучаюцца прыладабуд. і электронная (вытв-сцьмед. і кантрольна-вымяральнай апаратуры, вузлоў прамысл. робатаў і інш.), эл.-тэхн. прам-сць, вытв-сць абсталявання для здабыўной і лёгкай прам-сці, маторна-трансп. сродкаў, рамонт суднаў і рухомых чыг. сродкаў. Асн. цэнтры: Талін, Тарту, Пярну, Нарва. Хім.прам-сць выкарыстоўвае прадукцыю сланцаперапр. прам-сці і мясц. фасфарыты, вырабляе аміяк, карбамід, бензол, фармалін, сінт. смолы, мыйныя сродкі, лакі, фарбы, мінер. ўгнаенні, серную к-ту, лекі, касметычныя вырабы (Кохтла-Ярве, Маарду, Ківіылі). Развіта лясная і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Вытв-сць цэлюлозы (51,7 тыс.т, 2001), паперы (53,3 тыс.т), мэблі, фанеры, шпону, зборных рубленых дамоў, лыж (224 тыс. пар) у Таліне, Кехры, Нарве, Пярну, Кохіле. Прам-сцьбуд. матэрыялаў працуе на мясц. сыравіне, шырока выкарыстоўваецца сланцавы. попел (вытв-сць цэменту 404,6 тыс.т, 2001). У лёгкай прам-сці вылучаецца тэкст., пераважна баваўняная (120,7 млн.м² тканін, 2001) і льняная, гарбарна-абутковая (1,3 млн. пар абутку), швейная галіны. У харч. прам-сці (1/3 апрацоўчай прам-сці Э.) найб. важныя галіны — малочная, вытв-сць напіткаў, рыбная, мясная, хлебапякарная. Вытв-сць (тыс.т, 2001) малака — 60,9, сыру — 11,9, масла — 6,7, рыбнай прадукцыі (з кансервамі) — 76,2, мяса — 39,3.
Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочнай, малочна-мясной жывёлагадоўлі, беконнай свінагадоўлі. Пл.с.-г. угоддзяў 1127,6 тыс.га, з іх 65% меліяравана. Каля 40% с.-г. угоддзяў належыць прыватным фермам (34,7 тыс. хутароў), 42% — с.-г. прадпрыемствам. Гадуюць (тыс. галоў, 2002) буйн. раг. жывёлу (эст. чырвоная і чорна-пярэстая пароды) — 254, свіней — 341, авечак і коз — 34, коней — 5, птушак — 2096. Пушная зверагадоўля. Пчалярства. Раслінаводства падпарадкоўваецца патрэбам жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць (тыс.га, 2001) 588, у т. л. пад збожжавымі і зернебабовымі — 261,6, кармавымі — 274,3, тэхн. — 33,2, бульбай і агароднінай — 19. Збор (тыс.т, 2002): пшаніцы — 148,4, ячменю — 249,4, аўса — 61,7, жыта — 41,5, трыцікале — 12,9, рапсу — 63,9, бульбы — 210,9, агародніны — 39,3. Развіта цяплічна-парніковая гаспадарка. Даўж. чыгунак 1811 км, у т. л. 132 км электрыфікавана, аўтадарог 41,5 тыс.км. Аўтапарк мае 539 тыс. аўтамашын, у т. л. 452 тыс. легкавых. Вял. роля марскога транспарту. Гандл. флот налічвае 552 судны. Гал. парты: Талін (70% гандл. абароту), Палдыскі, Кунда, Пярну. Паромная сувязь з Хельсінкі (Фінляндыя) і Стакгольмам (Швецыя). 10 аэрадромаў. Міжнар. аэрапорт у Таліне. Газаправоды (даўж. 400 км) злучаюць Кохтла-Ярве з Талінам, Тарту і інш. гарадамі і газаправоднай сеткай Расіі. Міжнар. турызм. Штогод краіну наведвае 1,3 млн. турыстаў, пераважна з Фінляндыі (96%). Экспарт (3,1 млрд.дол., 2000) прадукцыі машынабудавання, драўніны і вырабаў з яе, тэкстылю, с.-г. прадукцыі; імпарт (4 млрд.дол., 2000) прадукцыі машынабудавання, трансп. сродкаў, харч. прадуктаў, металаў, мінер. сыравіны. Асн.гандл. партнёры: Фінляндыя (25,1% экспарту і 17,4% імпарту), Швецыя (15,4% і 9,6%), Германія (9,6% і 11,3%), Латвія, Расія. Беларусь экспартуе ў Э. нафтапрадукты, шыны, мінер. ўгнаенні. Грашовая адзінка — эстонская крона.
Узброеныя сілы (2002). Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (5,51 тыс.чал.), рэзерв (каля 24 тыс.чал.), ваенізаваныя фарміраванні (войскі тэр. абароны, 2,6 тыс.чал.). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 2,55 тыс.чал., 32 бронетранспарцёры, 58 мінамётаў, 439 безадкатных і 19 буксірных гармат, 100 зенітных установак, 13 пускавых установак процітанк. кіроўных ракет. У ВПС 220 чал., 2 самалёты, 4 верталёты. У ВМС 440 чал., фрэгат, 2 патрульныя катэры, 4 мінна-тральныя караблі, 2 дапаможныя судны. У пагран. ахове 300 чал., 29 патрульных катэраў.
Ахова здароўя. На пач. 1990-х г. сістэма аховы здароўя рэфармавана з мэтай набліжэння да зах. стандартаў. Мед. абслугоўванне платнае, існуе сістэма мед. страхавання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 64, жанчын — 76 гадоў (2003). Узровень нараджальнасці — 9 на 1 тыс.чал., смяротнасць 13,4 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост адмоўны: -0,45%. Дзіцячая смяротнасць 12,3 на 1 тыс. нованароджаных (2003). Вядомыя курорты: Пярну, Хаапсалу, Кінгісеп, Нарва-Йыэсуу і інш.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. На ўсіх узроўнях адукацыі існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Адукацыя ў дзярж.навуч. установах бясплатная. Сістэмай адукацыі кіруе Мін-ва адукацыі і навукі. У 1993 у Э. дзейнічалі 724 школы і сярэднія спец.навуч. ўстановы (215 тыс. вучняў), 77 школ прафес. адукацыі (26 тыс. навучэнцаў). Каля 142 тыс. школьнікаў вучыліся ў школах з выкладаннем на эст. мове і каля 70 тыс. з выкладаннем на рус. мове (рускамоўныя школы сканцэнтраваны пераважна ў Таліне і гарадах паўн.-ўсх. Э.). Існуюць таксама школы з выкладаннем на яўр., швед., укр. мовах. У школах з выкладаннем на эст. мове 12-гадовы цыкл навучання (9 гадоў няпоўнай і 3 гады поўнай сярэдняй адукацыі), у рускамоўных школах — 11 гадоў (9 гадоў няпоўнай і 2 гады поўнай сярэдняй адукацыі). У сістэме дзярж.ВНУ рыхтуюць бакалаўраў і магістраў. Буйнейшыя з іх: Тартускі ун-т (з 1632, больш за 7,5 тыс. студэнтаў), Талінскі тэхн.ун-т (каля 7 тыс.), Талінскі пед.ун-т (больш за 3 тыс.), Эстонскі с.-г.ун-т у Тарту (каля 3 тыс.). Да дзярж.ВНУ належаць таксама Талінскі маст.ун-т і Эстонская кансерваторыя (каля 500 студэнтаў). У Э. дзейнічае каля 25 прыватных ВНУ, якія даюць няпоўную вышэйшую адукацыю і не могуць рыхтаваць бакалаўраў, магістраў і дактароў. Найбуйнейшыя б-кі: Нацыянальная Э. (засн. ў 1918, каля 3 млн. тамоў), Нац.эст. мастацтва, Тартускага ун-та і інш. Музеі: Нац., маст., л-ры, гіст., прыроднай гісторыі, музыкі і тэатра, спарт., с.-г., парк-музей (скансэн) нар. дойлідства і побыту ў Таліне. Навук. даследаванні вядуцца ў АН Э., н.-д. ін-тах, ва ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2002 у Э. выдавалася 127 газет, у т. л. 16 агульнанац., 6 на рус. мове. Найб. тыражныя газеты: «Öhtuleht» («Вячэрняя газета», з 1944), «Postimees» («Паштальён», з 1891), «Eesti ekspres» («Эстонскі экспрэс», з 1989), «Maeleht» («Краіна», з 1987), «Eesti paevaleht» («Эстонская штодзённая газета», з 1905). Найбуйнейшае інфарм. агенцтва — Эст. бюро Балт. службы навін (з 1991). Радыёвяшчанне з 1926. Дзейнічаюць 30 радыёстанцый. Грамадская радыёвяшчальная арг-цыя «Эстонскае радыё» вядзе перадачы па 5 праграмах. Тэлебачанне з 1955. Агульнанац. перадачы вядуць 4 кампаніі: грамадская «Эстонскае тэлебачанне», прыватныя ТВ-1, Канал-2, ТВ-3. Дзейнасць грамадскага тэлерадыёвяшчання кантралюе Савет па тэлерадыёвяшчанні, прыватныя ўстановы ліцэнзуе мін-ва культуры. У 1991 створаны Савет грамадскай інфармацыі для абароны правоў сродкаў масавай інфармацыі і ўрэгулявання скаргаў.
Літаратура. Вытокі л-ры Э. ў фальклоры (рунічныя песні, казкі, прыказкі). Першая кніга, частка на эст. мове, выйшла ў 1525 (не збераглася). Захаваліся фрагменты лютэранскага катэхізіса 1535. У 16—18 ст. друкаваліся нар. календары і маст.-павучальныя творы, у канцы 18 — пач. 19 ст. — свецкія дыдактычныя кнігі. У сярэдзіне 19 ст. зарадзілася нац.маст.л-ра. Першы эст. паэт — К.Я.Петэрсан. У традыцыях нар. фальклору працавалі асветнікі Ф.Р.Фельман і Ф.Р.Крэйцвальд (на аснове нар. паданняў стварыў нац. эпас «Калевіпоэг»). Л-ра перыяду нац. руху (2-я пал. 19 ст.) пераважна рамант. (паэзія Л.Койдула, проза Э.Борнхёэ). У 1890-я г. развіваўся крытычны рэалізм (проза Э.Вільдэ, О.Лутса, К.Э.Сяргавы, паэзія Ю.Лійва, Г.Хаава, драматургія А.Кіцберга). Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07 сфарміраваўся культ.літ. рух «Маладая Эстонія», узніклі неарамант. кірункі (у паэзіі В.Рыдала, Г.Суйтс, у прозе Ф.Туглас), паявілася пралет.л-ра (Ю.Мадарык, Х.Пегельман, Ээссаарэ Ааду). У 1920—30-я г.маст. разнастайнасцю вызначалася паэзія — ад экспрэсіянісцкіх «песень часу» (Я.Кярнер, Х.Віснапуу) і леваавангардысцкіх вершаў (І.Барбарус) да сталага рэалізму (Б.Альвер, І.Семпер, Ю.Сюцістэ, Ундэр). У прозе рамант., імпрэсіянісцкія і сімвалісцкія формы саступілі месца рэаліст. манеры (творы П.Валака, М.Метсанурка, А.Тамсаарэ, А.Хінта, А.Якабсана, Р.Сірге). У драматургіі вылучыліся камедыі Х.Раўдсепа, антыфаш п’есы Э.Таммлаана. У 2-ю сусв. вайну развівалася антыфаш. патрыят. паэзія (Барбарус, Кярнер, Семпер). У пасляваен. л-ры на пярэдні план выйшла драматургія (п’есы Якабсана, Хінта). Празаікі распрацоўвалі ваен. тэматыку (Э.Мяннік, О.Тоамінг), пераўтварэнні ў вёсцы (Г.Леберэхт, Э.Крустэн). У паэзіі развіваліся жанры грамадз. лірыкі і эпічнай паэмы (Д.Ваарандзі, М.Раўд, Ю.Смуул). У 1950-я г. вядучае месца заняў гіст.-рэв. раман панарамнага тыпу (тэтралогія Хінта «Бераг вятроў», раманы Крустэна «Сэрцы маладых», Сірге «Зямля і народ»). У 1960—70-я г. развіваліся сац.-псіхал., гіст.-біягр., паліт.-публіцыст., «кароткі» і інш. тыпы рамана, розныя формы малой і дакумент.-маст. прозы. Павялічылася роля псіхал. аналізу, паказу драм. падзей нядаўняга мінулага праз лёс чалавека (ваен. раманы П.Куусберга, Л.Промет, У.Бээкмана). Л-ра 1980—90-х г. адметная філас.маральнай праблематыкай, наватарскімі маст. пошукамі (раманы Э.Бээкман, Э.Ветэмаа, М.Траата, аповесці М.Унта і інш.). Прозу ўзбагацілі гіст. аповесць і раман (Я.Крос), падарожны дзённік (Л.Г.Меры, У.Бээкман, Смуул), дакумент.-маст. раман (Юры Туулік), творы ўмоўна-інтэлектуальнай малой прозы (А.Валтан, Т.Калас, М.Саат і інш.). Пашырыўся тэматычны і эстэт. дыяпазон паэзіі, паглыбіўся яе філас.-этычны і інтэлектуальны змест (У.Лахт, А.Сійг, Альвер, Крос, П.Румма, А.Санг). У драматургіі вылучыліся сац.-псіхал. драма (Э.Раннет, Якабсан) і нар.-гумарыстычная камедыя (Смуул), з’явілася алегарычна-ўмоўная п’еса. Развіваліся л-ра для дзяцей (Э.Нійт, Я.Раннап, Э.Раўд і інш.), літ.-знаўства (Х.Пеэп, Х.Пухвель, Э.Сыгель).
Эст.-бел. літ. ўзаемасувязі бяруць пачатак з 1940—41: у перыяд. друку публікаваліся пераклады вершаў Я.Коласа. На эст. мове выйшлі бел.нар. казкі «Пакацігарошак» (1946), зб.бел. і ўкр.нар. казак «Музыка-чарадзей» (1947), зб.бел. сатыры «Пігмаліён навыварат» (1968). Пачалося выданне твораў бел. пісьменнікаў у перакладзе на эст. мову: зб-кі вершаў Я.Купалы «Хлопчык і лётчык» (1959), «А зязюля кукавала...» (1966), «З песень аб сваёй старонцы» (1982), Я.Коласа «Звон шыбаў» (1968), П.Броўкі «А дні ідуць...» (1964), М.Танка «Летні дождж» (1974), Р.Барадуліна «Ці пазяхае бегемот?» (1976); кнігі прозы Я.Брыля «Зялёная школа» (1955), «Апошняя сустрэча» і «Сірочы хлеб» (абедзве 1961), І.Шамякіна «Першы генерал» (1974); раманы Шамякіна «Крыніцы» (1959), І.Мележа «Людзі на балоце» (1964) і «Подых навальніцы» (1968), трылогія Я.Коласа «На ростанях» (1977); аповесці М.Лынькова «Міколка-паравоз» (1960), В.Быкава «Трэцяя ракета» (1963), «Сотнікаў» (1971), «Абеліск. Пайсці і не вярнуцца. Яго батальён» (1984), І.Пташнікава «Тартак» (1976), В.Казько «Судны дзень» (1982), А.Адамовіча «Карнікі» (1985) і інш. У перыяд. друку публікаваліся рэцэнзіі і артыкулы пра творы бел. пісьменнікаў. Актыўна прапагандаваў бел. л-ру О.Йыгі. Першыя артыкулы пра эст. л-ру і пераклады яе твораў у бел. друку з’явіліся ў 1940. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі: зб-кіэст.нар. казак «Лясны бацька» (1963), гумару «Як быў створаны кенгуру» (1968), «Эстонская навела» (1976); кнігі вершаў «Гняздоўе вятроў» (1986), апавяд., вершаў і казак «Скарбы старога Тоамаса» (1988); творы Леберэхта («Святло ў Коардзі», 1952), Хінта («Бераг вятроў», т. 1—2, 1960), Р.Л.Парве («У падполлі. Апавяданні пра Віктара Кінгісепа», 1960), В.Гроса («Распасцёршы крылы», 1961, пер. У.Краўчанка), Х.Мянд («Вецер у галаве», 1971, пер. А.Марціновіч), Э.Бээкман («Чародка белых варон», 1973, пер. М.Татур), Э.Раўда («Карантыш», 1974, пер. Я.Курто), Раннапа («Апошні арлан», 1976, пер. А.Чаркасаў), Смуула («Мурка-марак», 1979, пер. С.Міхальчук), Тамсаарэ («Аповесці», 1980, пер. А.Кудравец), Л.Метсара («Мары не паміраюць», 1983, пер. В.Рабкевіч) і інш. Сярод інш. перакладчыкаў эст. л-ры на бел. мову В.Адамчык, Л.Арабей, С.Дзяргай, Х.Жычка, В.Зуб, Г.Кляўко, У.Корбан, Л.Салавей, Ю.Свірка, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, Я.Скрыган, М.Федзюковіч і інш.
Архітэктура. Першыя паселішчы гар. тыпу (Талін, Тарту, Отэпя) узніклі ў 10—12 ст. У 13 ст. майстры, пераважна выхадцы з Германіі і Скандынавіі, будавалі крэпасці і храмы абарончага тыпу. Першыя каменныя ўмацаванні ўзведзены на Вышгорадзе ў Таліне. Матывы позняга раманскага стылю (царква ў Вальяла) спалучаліся з формамі ранняй готыкі. У 13—14 ст. склаліся самаст.арх. школы: у Зах. Э. і на астравах пераважаў тып 1 -нефавай бязвежавай царквы з высокімі нервюрнымі скляпеннямі, вузкімі аконнымі праёмамі, акцэнтаванымі парталамі і скульпт. убраннем; у Цэнтр. Э. панаваў тып 3-нефавай зальнай царквы з вежай, безнервюрнымі «купальнымі» скляпеннямі, круглымі слупамі з разнымі капітэлямі; у Паўд. Э. — 3-нефавыя зальныя цэрквы без вежы, з нервюрнымі скляпеннямі. Найб. значныя гатычныя помнікі: сабор Пятра і Паўла ў Тарту (хор зальнага тыпу, 2-вежавы фасад), у Таліне — Домскі сабор, цэрквы Пюхавайму (Св. Духа) і Олевістэ, ратуша, будынкі Вял. гільдыі, ансамбль манастыра св. Брыгіты. Захавалася больш за 50 каменных крэпасцей розных тыпаў: нерэгулярныя, падначаленыя рэльефу (Отэпя, Ліхула), жылыя вежы-данжоны (Пайдэ, Кійу), рэгулярныя замкі-кастэлі (Талін, Хаапсалу, Нарва). Крапасны характар мелі манастыры ў сельскай мясцовасці (кляштар цыстэрцыянцаў у Падызе). З канца 13 ст. будавалі т.зв. канвенцкія дамы, якія спалучалі кастэль з манастырскім клуатрам (Вільяндзі, Талін, Ракверэ, Курэссаарэ). Гарады Талін, Тарту, Нарва, Пярну, Вільяндзі і Хаапсалу абкружалі каменныя сцены з умацаванымі брамамі. У 16 ст. ў арнаментыцы і арх. дэкоры з’явіліся рысы рэнесансу (фасад дома брацтва Чорнагаловых у Таліне, арх. і скульпт. А.Пасер). З 17 ст. пашырана барока (ратуша ў Нарве, «важня» ў Курэссаарэ, палацава-паркавы ансамбль Кадрыёрг у Таліне). У пач. 19 ст. будавалі ў стылі класіцызму (гал. будынак ун-та ў Тарту, шматлікія сядзібныя дамы). Архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ўласцівы эклектызм, пач. 20 ст. — функцыяналізм (Х.-В.Іахансан, А.Котлі, О.Сійнмаа, А.Соанс), а таксама рамант. кірунак, звязаны з мадэрнам (К.-Ф.Бурман і інш.). У 2-й пал. 20 ст. вялося масавае буд-ва паводле тыпавых праектаў, забудоўваліся новыя раёны ў Таліне, Тарту і інш. (Э.-І.Куузік. Соанс). Наватарскімі пошукамі адметныя работы арх. Р.Карпа, В.Пормейстэр, М.Порта, В.Тамма, У.Тэльпуса, Х.Сепманна і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва вядомы з 3—2-га тыс. да н.э. (гліняны посуд, кераміка, вырабы з косці). У 1-м тыс. былі пашыраны арнаментаваныя метал. ўпрыгожанні (фібулы, нагрудныя цапы і інш.). У дэкоры цэркваў 13 ст. познараманскі стыль і готыка (царква Яана ў Тарту, 14 ст.). Познагатычная каменная разьба характэрна для Таліна (рэльефы парталаў). З таго часу вядомы першыя ўзоры насценных размалёвак (цэрквы Вальяла, Муху і інш.). У 13—15 ст. замежныя мастакі з Любека і Нідэрландаў стваралі драўляную скульптуру (алтар царквы Пюхавайму ў Таліне, ням. мастак Б.Нотке, 1483). Развівалася ювелірнае мастацтва. У 15 ст. выкананы жывапісныя створкі алтароў у цэрквах Нігулістэ і Пюхавайму, фрагмент «Танцы смерці» Нотке. У пач. 16 ст. ў Таліне працаваў нідэрл. скульптар і жывапісец М.Зіттаў. У скульптуры 16—17 ст. пераважала мемар. пластыка. У 16—18 ст. пашырылася разьба па дрэве (упрыгожанне мэблі, алтароў, кафедраў). З 19 ст. пачаўся росквіт выяўл. мастацтва. У 1803 К.Зенф заснаваў Рысавальную школу пры Тартускім ун-це, якая паўплывала на станаўленне жанраў пейзажа і партрэта ў духу класіцызму (Т.Гельхаар, А.Клара, В.Кругер, К.Кюгельген, Ф.Майдэль, А.Пецальд, Г.Шлатэр). У 2-й пал. 19 ст. ўзнікла нац.рэаліст.маст. школа: жывапісцы Г.Гіпіус, І.Кёлер, П.Раўд, скульптары А.Вейцэнберг, А.Адамсан. У пач. 20 ст. праявіліся рэаліст. тэндэнцыі ў творчасці А.Лайкмаа, Я.Коарта, К.Мягі, М.Трыйка, К.Раўда. У 1905—07 пашырылася паліт.сатыр. графіка. У 1920-я г. развіццю нац.выяўл. мастацтва спрыяла дзейнасць маст. школы «Паллас» у Тарту. Рысы футурызму ў творчасці жывапісца і графіка А.Ваббе, экспрэсіянізму — жывапісцаў П.Арэна, К.Мягі, графіка Э.Війральта, скульптара А.Старкопфа, канструктывізму — А.Акберга, Я.Вахтры, М.Лаармана. У 1930-я г. працавалі графікі А.Бах-Лійманд, Х.Мугаста, жывапісец і графік А.Іохані, жывапісец К.Лійманд. Жывапісу Э.-К.Адамсана-Эрыка, П.Бурмана, А.Вардзі ўласцівы рысы імпрэсіянізму. У 1941—45 група эст. мастакоў у г. Яраслаўль (Расія) засн. Саюз эст. мастакоў. У жывапісе канца 1940 — пач. 50-х г. развіваўся метад. сацыяліст. рэалізму (І.Выэрахансу, І.Кім, В.Лойк, Л.Мууга, Э.Окас, Р.Сагрытс, Р.Уутмаа, А.Янзен). Разнастайнасць творчых пошукаў выявілася ў станковым і манум. жывапісе (Э.Аллсалу, Вардзі, Т.Вінт, М.Кармашоў, Э.Кітс, О.Маран, Л.Мікка, Э.Пыльдраас, Т.Пяэсуке, О.Суббі і інш.), у скульптуры (Я.Варэс, М.Мікаф, Э.Роас, Ф.Саннамеэс, Я.Соанс, Старкопф, Э.Танілаа і інш.). Створаны мемарыяльныя ансамблі (напр., «Змагарам за Савецкую ўладу» ў Таліне, 1975, арх. А.Мурдмаа, скульптар М.Варык). Высокага ўзроўню дасягнула графіка (Г.Рэйндорф, А.Бах, Окас). Развіваліся жанры партрэта (А.Бах-Лійманд, Э.Эйнман), быт. (Р.Кальё, Окас, А.Хойдрэ), пейзажа (М.Лаарман, Рэйндорф). У 1960—70-я г. вядучыя майстры графікі А.Кеэрэнд, К.Клар, А.Кют, М.Мутсу, В.Толлі, І.Торн, П.Улас, Х.Ээльма, кніжнага афармлення — Х.Керсна, С.Лійберг, П.Лухтэйн, В.Тоатс, М.Эйнер. Развіваюцца традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва — кераміка, апрацоўка скуры, металу, ткацтва і інш. Высокага ўзроўню дасягнула афармленне грамадскіх будынкаў (В.Асі, Т.Ганс, М.Сумматавет, В.Там, Б.Томберг і інш.). Сярод вядучых майстроў тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва М.-Л.Кюла-Панса, Л.Роаза, В.Хаас і інш.
Музыка Э. звязана з культурай прыбалтыйска-фін. народаў. У стараж.эст.нар. музыцы пераважалі аднагалосыя рунічныя песні (прац., каляндарна- і сямейна-абрадавыя, лірычныя, ліраэпічныя). Нац.муз. інструменты: 5—7-струнны канель (род гусляў), 3—4-струнны хійуканель, кар’япасун, сарв, вілепіль, тарупіль (эст. валынка). З 2-й пал. 18 ст. развівалася аматарскае музіцыраванне, хар. спевы. У 2-й пал. 19 ст. на муз. жыццё паўплывалі выданне нац.паэт. эпасу «Калевіпоэг», збіранне эст. фальклору, традыц. пеўчыя святы (з 1869 у Тарту, з 1896 у Таліне). Асновай развіцця хар. спеваў і прафес. музыкі стала пеўча-тэатр.т-ва «Эстонія» (засн. 1865). На мяжы 19—20 ст. арганізаваны першы аматарскі сімф. аркестр (1900, Тарту), напісаны першыя нац. опера («Дачка Лембіту» А.Лембы, паст. 1908), муз. творы буйной формы (Р.Тобіяс). Сярод эст. кампазітараў 2-й пал. 19 ст.: А.Кунілейд, А.Томсан і інш. Оперныя спектаклі выконваліся ў Таліне (з 1918), Тарту (з 1933). Першы нац. балет — «Дамавік» Э.Тубіна (паст. 1943). У 1920—30-я г. развіваліся сімф. жанры, у 1940—50-я г. зарадзілася вак.-сімф. музыка для выканання на пеўчых святах (Э.Кап, Г.Эрнесакс), створаны оперы на гіст. сюжэты (А.Кап, Эрнесакс). У 1926 засн.сімф. аркестр Эст. радыёвяшчання. У 1950-я г. з’явіліся новыя тэндэнцыі ў інстр. музыцы, стылявая і жанр. разнастайнасць, характэрны зварот да стараж.нац. фальклору, узнікла «новая эст. школа» (Э.Тамберг, Я.Раэтс, В.Торміс, А.Пярт). У 1990-я г. пашырыліся муз. стылі «цынцынабулі», «новай прастаты», неарамантызм, мінімалізм, «канструяваны» авангард. Уклад у муз. мастацтва Э. 20 ст. зрабілі: кампазітары Э.Арра, М.Віхманд, П.Вяхі, Р.Кангра, А. і Э.Кап, Я.Коха, К.Крээк, М.Кылар, Б.Кырвер, Т.Кырвітс, М.Людзіг, А.Лятэ, А.Маргустэ, Э.Мягі, Л.Нормет, Пярт, Раэтс, Р.Раннап, М.Саар, К.Сінк, У.Сісаскі, Л.Сумера, Тамберг, Тобіяс, Торміс, Т.Тулеў, Х.Эллер, Эрнесакс, М.Яансан; скрыпач Ю.Э.Сырмус; дырыжоры А.Вольмер, Т.Кальюстэ, Р.Кул, А.Мустонен, А.Соатс, Н.Ярві; піяністы Б.Лук, Э.Клас, спевакі А.Ардэр, М.Войтэс, Х.Крум, Ц.Куузік, Г.Отс, К.Отс, М.-І.Пальм, Б.Хансен. У Э. працуюць: Нацыянальная опера «Эстонія», акад.муз.-драм.т-р «Ванемуйне» ў Тарту (з 1870), дзярж.сімф. аркестр Эстоніі (1975), філармонія (1944) і камерны хор пры ёй (1981), Нац. мужчынскі хор Эстоніі (1944), ансамбль стараж. музыкі «Hortus musicus» (1977), шматлікія аматарскія хар. і арк. калектывы, фалькл.-этнагр. ансамблі; Талінская кансерваторыя (з 1919), муз. вучылішчы і школы. Праводзіцца больш за 20 фестываляў, у т. л.міжнар. сучаснай музыкі (з 1991), арганны. У 1941 створаны Саюз кампазітараў Э. Дзейнічае Саюз выканаўцаў (з 1998).
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва адносяцца да глыбокай старажытнасці. У рытуалах, абрадах, нар. святах і гульнях выкарыстоўваліся дыялогі, элементы ігры, драм. дзейства, тэатр. відовішчнасць. Фарміраванне прафес.нац.т-ра адбывалася ў 2-й пал. 19 ст. У 1870—72 пры т-ве «Ванемуйне» ў Тарту пры садзеянні пісьменніцы Л.Койдулы пастаўлены яе п’есы «Стрыечны браток з Саарэмаа», «Гэтакі Мульк, або Сто пураў солі». У 1878—1903 пад кіраўніцтвам А.Війры тут ставіліся муз. спектаклі, творы У.Шэкспіра, Мальера. У 1906—14 трупу ўзначальваў К.Менінг. Пастаўлены эст. п’есы А.Кіцберга, Э.Вільдэ, О.Лутса. З 1906 у Таліне пры т-ве «Эстонія» наладжваліся паказы драм. спектакляў. У 1920—30-я г. працавалі т-ры: у Таліне — «Эстонія», Драм.т-р, «Драма-студыо» (з 1937 Эст.драм.т-р), Ранішні т-р, Рабочы т-р; у Тарту — «Ванемуйне». Дзейнічалі тэатр. калектывы ў Пярну, Вільяндзі, Нарве і інш. У 1940 створаны т-р у Ракверэ. У Таліне ў 1941 адкрыты Музей т-ра і музыкі, арганізаваны Рус.т-р (1948), Дзярж.т-р лялек (1952), Дзярж.т-р юнага гледача (1965). У пасляваен. перыяд вял. пашырэнне набыла драматургія А.Якабсана («Жыццё ў цытадэлі», «Барацьба без лініі фронту»), пастаўлены п’есы Р.Каўгвера, А.Лійвеса, Э.Раннета, Ю.Смуула. Сярод найб. значных спектакляў: «Чалавек і бог» паводле эпапеі «Праўда і справядлівасць» А.Тамсаарэ, «Дзікі капітан» Смуула, «Мужчынскія песні» і «Жаночыя песні» на аснове эст. песень, «Антоній і Клеапатра» і «Карыялан» Шэкспіра, «Мілы лгун» Дж.Кілці, «Маці» паводле М.Горкага. Уклад у развіццё сцэн. мастацтва зрабілі рэжысёры К.Ірд, Э.Кайду, М.Міківер, В.Панса, І.Таммур, Я.Тоамінг, Э.Хермакюла; рэжысёры і акцёры А.Лаўтэр, П.Пыльдраас; акцёры К.Карм, Л.Румма, А.Тальві, А.Эскала, Ю.Ярвет і інш. У Э. дзейнічаюць т-ры: у Таліне — Эст.драм., Дзярж. лялечны, Эст.дзярж.рус.драм., Гар., Т-р-студыя Старога горада і інш.; у Тарту — «Ванемуйне»; у Пярну — «Эндла»; у Вільяндзі — «Угала»; у Ракверэ. У т-рах Э. ставіліся бел. п’есы: «Пяюць жаваранкі» (Ракверэ), «Хто смяецца апошнім» (Талін, Пярну) К.Крапівы, «У ціхім завулку» А.Маўзона (Кохтла-Ярве), «Выбачайце, калі ласка!» (Талін, Пярну), «Лявоніха на арбіце» (Пярну) А.Макаёнка, «Радавыя» А.Дударава (Талін) і інш.Бел.драм. калектывы ў час «Прыбалтыйскіх тэатр. вёсен» выступалі ў Таліне, эст. — у Мінску. Бел. і эст. тэатразнаўцы і крытыкі сумесна ўдзельнічалі ў навук. канферэнцыях, абмеркаваннях спектакляў.
Кіно. На мяжы 19—20 ст. у Э. зроблены першыя дакумент. і відавыя кіназдымкі франц. кінафірмамі «Патэ», «Гамон» і «Эклер». У 1912—14 тартускі фатограф І.Пяэзуке зняў першыя эст.дакумент. стужкі, у 1913—14 — першы маст. фільм «Паляванне на мядзведзя ў Пярнумаа». У 1920-я г. ствараліся прыватныя і аматарскія кінафірмы, сярод якіх вылучалася «Эстонія-фільм» (1920—32). У 1930-я г. кінавытворчасць у Э. звязана з дзейнасцю студыі «Ээсты культуурфільм», якая атрымала дзярж. датацыю (у 1940 нацыяналізавана, з 1941 — Эст. студыя кінахронікі, з 1947 — Талінская кінастудыя, з 1963 — «Талінфільм»). Першы паўнаметражны маст. фільм — «Цені мінулага» (1924, рэж. Б.Кузбак). Рэж. К.Мярска зняў першы гукавы фільм «Залаты павук» (1930), дакумент. стужкі «Святы ў Пячорах» (1936), «Краявіды вострава Осмуссаар» (1936—37). Дасягненні ў маст. кіно звязаны з дзейнасцю рэжысёраў К.Кійска («Небяспечныя павароты», з Ю.Кунам, 1961; «Крыгаход», 1962; «Азірніся ў дарозе», 1964; «Пра цану смерці запытайся ў мёртвых», 1978), Л.Лайус («З вечара да раніцы», 1963; «Лясная легенда», 1969; «Крыніца ў лесе», 1974; «Гаспадар Кырбая», 1980), Ю.Мююра («Хлопцы адной вёскі», 1962; «Новы нячысты з пекла», з Р.Краманавым, 1964; «Людзі ў салдацкіх шынелях», 1968), Краманава («Што здарылася з Андрэсам Лапетэусам», 1966; «Брыльянты для дыктатуры пралетарыяту», 1976; «Атэль «Ля загінуўшага альпініста», 1979), А.Іха («Гульні для дзяцей школьнага ўзросту», з Лайус, 1985; «Назіральнік», 1987; «Толькі для вар’ятаў», 1990; «Сэрца мядзведзіцы», 2001), П.Сімма («Арабела — дачка пірата», 1983; «Танец вакол паравога катла», 1988; «Добрыя рукі», 2001), О.Неўланда («Гняздо на ветры», 1979). Найб. вядомыя акцёры эст.маст. кіно: Э.Ківі, Э.Кулль, Х.Мандры, Л.Мерзін, Л.Ульфсак, А.Эскала, О.Эскала, Ю.Ярвет і інш. Школу дакумент.эст. кіно склалі рэжысёры А.Сёэт («511 лепшых фотаздымкаў з Марса», 1968; «Іванаў дзень», 1978; «Майстар азёраў», 2002), М.Соасаар («Жанчына з вострава Кіхну», 1973; «Цюлені», 1974; «Радасці зямныя», 1977; «Нядзельныя жывапісцы», 1979; «Ану Рауд — вобразы жыцця мастака», «Жыццё матылёў», абодва 2002). У навук.-папулярным кіно працуюць рэжысёры Л.Меры («Ветры Млечнага шляху», 1977), Р.Маран («У цішыні балот», 1976; «Гадзюка звычайная», 1978; «Купальны дзень. Азбука птушак», 2002). Міжнар. поспех набыла эст. анімацыя. Сярод рэжысёраў дзіцячых лялечных фільмаў Э.Туганаў («Оць у космасе», 1961; «Жарабя ў яблыках», 1981), Х.Парс (серыя фільмаў пра прыгоды аператара Кыпса, 1964—68; «Цвік», 1972). Паэт. маляваная анімацыя Р.Раамата сінтэзавала моўныя сродкі кіно і жывапісу («Палёт», 1973; «Стралок», 1976; «Антэны ў ільдах», 1977; «Поле», 1978; «Вялікі Тыл», 1980). Дзейнічаюць 26 кінакампаній, працуюць 4 пракатныя фірмы. У 1962 заснаваны Саюз кінематаграфістаў Э. Распрацавана агульная канцэпцыя балт. кіно, яго сувязей са скандынаўскім, што прадугледжвае шырокую капрадукцыю пры захаванні традыцый нац. кіно, парытэту паміж высокамаст. і камерц. праектамі.
Беларусы ў Эстоніі. З 17—18 ст. у Тартускім ун-це і інш.навуч. установах краю вучыліся многія ўраджэнцы Беларусі. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. адбывалася прац. эміграцыя з Беларусі, пераважна ў г. Рэвель (цяпер Талін), дзе ў 1917 у сям’і беларусаў-мігрантаў нарадзіўся будучы нар. паэт Беларусі П.Е.Панчанка. У 1898—99 у Тартускім ун-це вучыўся дзеяч бел. і рас.рэв. руху П.У.Карповіч, у 1911 яго скончыў будучы гісторык, дзярж. і паліт. дзеяч БССР У.М.Ігнатоўскі. Паводле перапісу 1989 у Э. жыло 28 тыс. беларусаў, каля пал. з іх — у сталіцы (гл. раздзел пра беларусаў у арт.Талін). У 1989 засн. згуртаванне беларусаў у г. Кохтла-Ярве, Беларуска-эстонскае згуртаванне (БЭЗ) у г. Йыхві. У 1995 намаганнямі БЭЗа пры дапамозе Мін-ва культуры Эстоніі выдадзена кн. вершаў і апавяд. «Сярод белых эстонскіх начэй» У.Дзехцерука, аднаго з заснавальнікаў і сябра БЭЗа. У кастр. 1998 у г. Ківіылі ўстаноўлены помнік бел. пісьменніку Я.Скрыгану. Дзейнічаюць таксама бел. суполкі «Спадчына» (г. Нарва), «Лёс» і інш. Адна з кіраўнікоў БЭЗа М.Астравумава — чл. аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар».
Герб і сцяг Эстоніі.Да арт.Эстонія. Заходне-Эстонская нізіна.Да арт.Эстонія. Цэнтральная вуліца г. Ракверэ.Краявід на поўначы Эстоніі.Да арт.Эстонія. Панарама г. Рэвель (Талін) у 1648. Гравюра 17 ст.Да арт.Эстонія. Князь Вячка (справа) і малады эстонскі воін Меэліс у час абароны г. Юр’еў (Тарту) ад войска крыжакоў у 1224. Скульптар О.Мянні. 1950.Да арт.Эстонія. Порт Талін.Да арт.Эстонія. Сабор Пятра і Паўла ў Тарту.Да арт.Эстонія. Ратуша ў Таліне.Да арт.Эстонія. Галоўны будынак універсітэта ў Тарту.Да арт.Эстонія. Сядзібны дом у Сангасце.Да арт.Эстонія. Т.Гельхаар. Стары рынак у Таліне. 1835.Да арт.Эстонія. Г.Гіпіус. Эстонская нявеста. 1852.Да арт.Эстонія. М.Трыйк. Леннук. 1910.Да арт.Эстонія. Р.Кальё. Збор бульбы. 1947.Да арт.Эстонія. Л.Мууга. Пратэст супраць вайны. 1959.Да арт.Эстонія. Кадр з кінафільма «Гняздо на ветры» О.Неўланда. 1979.Да арт.Эстонія. Кадр з кінафільма «Добрыя рукі» П.Сімма. 2001.Да арт.Эстонія. Кадр з кінафільма «Сэрца мядзведзіцы» А.Іха. 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рэспубліка Беларусь на міжнароднай арэне
Фарміраванне асноў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на актывізацыю знешнепаліт. дзейнасці і пашырэнне міжнар. сувязей рэспублікі ў пасляваен. дзесяцігоддзі, пэўную эвалюцыю іх зместу і форм, яны не падняліся на якасна новую ступень, а іх узровень і практычныя вынікі не адпавядалі эканам., навукова-тэхн. і культурнаму патэнцыялу Беларусі, запатрабаванням яе сац.-эканам. і культурнага развіцця. Артыкул 28 Канстытуцыі БССР 1978 зацвердзіў, што рэспубліка «ў знешнепалітычнай дзейнасці кіруецца мэтамі, задачамі і прынцыпамі знешняй палітыкі СССР, вызначанымі Канстытуцыяй СССР». Канстытуцыя СССР 1977 адносіла да кампетэнцыі Саюза ССР устанаўленне агульнага парадку і каардынацыю адносін саюзных рэспублік з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, прадстаўніцтва СССР у міжнар. адносінах, сувязі СССР з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, знешні гандаль і інш. віды знешнеэканам. дзейнасці на аснове дзярж. манаполіі. Закон СССР аб парадку заключэння, выканання і дэнансацыі міжнар. дагавораў 1978 канкрэтызаваў і пашырыў паўнамоцтвы саюзных рэспублік у рэалізацыі міжнар.-прававой кампетэнцыі Саюза ССР. Але ўвогуле прававыя асновы нац.-дзярж. будаўніцтва СССР у галіне міжнар. дзейнасці, закладзеныя ў 1944, закансерваваліся ў пасляваен. перыяд, не былі дапоўнены неабходнымі юрыд., палітыка-дыпламат. і арганізац.-практычнымі мерапрыемствамі. Пэўнае ажыўленне знешнепаліт. дзейнасці Беларусі адбылося ў час перабудовы. Гэта выявілася найперш у актывізацыі замежных сувязей з Польшчай і інш. дзяржавамі, развіцці знешнегандл., культурных і гуманітарных кантактаў з зах. краінамі, пастаноўцы Чарнобыльскай праблемы на форуме нацый, развіцці міжпарламенцкіх сувязей, павароце да бел. эміграцыі, дыпламат. намаганнях, скіраваных на рэалізацыю нац. інтарэсаў бел. народа. На міжнар. арэне БССР не выступала як самастойны суб’ект еўрап. і сусв. палітыкі, не набыла міжнар.-прававога прызнання як суверэнная і незалежная дзяржава. Рэспубліка не мела дыпламат. адносін ні з адной дзяржавай свету, а яе прадстаўніцтвы пры міжнар. арг-цыях фактычна з’яўляліся філіяламі агульнасаюзных прадстаўніцтваў. Толькі дасягненне рэальнага суверэнітэту адкрыла перад Беларуссю перспектыву ўваходжання ў сусв. супольнасць дзяржаў і правядзення знешняй палітыкі ва ўласных нац. інтарэсах.
Пасля абвяшчэння незалежнасці 25.8.1991 і дэнансацыі Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь 10.12.1991 Саюзнага дагавора Беларусь выйшла на міжнар. арэну ў дзвюх якасцях: як новая незалежная дзяржава і як еўрап. краіна, якая мае глыбокія гістарычныя традыцыі дзяржаўнасці і знешняй палітыкі. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца спадкаемніцай дзяржаў, што існавалі на тэр. Беларусі. З набыццём незалежнасці пачаўся новы перыяд у гісторыі бел. дзяржаўнасці і знешнепаліт. дзейнасці Беларусі. Ён вызначаецца станаўленнем знешняй палітыкі і дыпламатыі Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Дэкларацыяй аб дзярж. суверэнітэце, актамі аб самаліквідацыі СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) Вярх. Савет і ўрад Рэспублікі Беларусь заявілі аб будаўніцтве незалежнай дзяржавы і правядзенні самаст. унутранай і знешняй палітыкі. Канстытуцыя краіны замацавала абавязацельствы дзяржавы зыходзіць у сваёй знешняй палітыцы з агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права, якія абвешчаны прыярытэтнымі над нац. заканадаўствам. Канстытуцыйную сілу набылі палажэнні Дэкларацыі аб дзярж. суверэнітэце аб ператварэнні Беларусі ў нейтральную краіну і бяз’ядзерную зону.
Канстытуцыйна-прававую базу бел. знешняй палітыкі складалі: Дэкларацыя Вярх. Савета БССР «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» ад 27.7.1990, Заява Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь «Аб прынцыпах знешнепаліт. дзейнасці Рэспублікі Беларусь» ад 3.10.1991, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15.3.1994, змененая і дапоўненая 24.11.1996, Канцэпцыя нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у ліп. 2001 (1-я рэдакцыя 1995), Ваен. дактрына Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у студз. 2002 (1-я рэдакцыя 1992), інш. дакументы, прынятыя Прэзідэнтам, Вярх. Саветам і Нац. сходам Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць дзейнасць дзярж. органаў улады ў галіне знешняй палітыкі, а таксама агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнар. права, зафіксаваныя ў Статуце ААН, Хельсінкскім Заключным акце, Парыжскай хартыі для новай Еўропы і інш. дакументах АБСЕ. У адрозненне ад большасці замежных дзяржаў у Рэспублікі Беларусь пакуль што няма афіцыйна прынятай канцэпцыі знешняй палітыкі. У пач. 21 ст. сфарміраваліся асн. прынцыпы бел. знешняй палітыкі, да якіх адносяцца: адпаведнасць знешнепаліт. мэт нац. рэсурсам, прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права, развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, добраахвотнасць уваходжання і ўдзелу ў міждзярж. утварэннях, адданасць палітыцы паслядоўнай дэмілітарызацыі міжнар. адносін, адсутнасць тэр. прэтэнзій да памежных дзяржаў і непрызнанне тэр. прэтэнзій да Рэспублікі Беларусь. Стратэгічныя мэты знешняй палітыкі Беларусі: абарона суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы, абарона інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы, захаванне бяз’ядзернага статуса. Сярод асн. задач бел. знешняй палітыкі: стварэнне знешніх умоў для павышэння дабрабыту народа, умацавання паліт., эканам., культурнага і духоўнага патэнцыялу дзяржавы; раўнапраўная інтэграцыя Беларусі ў сусв.паліт., эканам., навук., культурную і інфармацыйную прастору; садзейнічанне пабудове стабільнага, справядлівага, дэмакр. светапарадку, заснаванага на прынцыпах міжнар. права; фарміраванне добрасуседскіх адносін з памежнымі дзяржавамі; абарона правоў і інтарэсаў грамадзян Беларусі за мяжой. Асн. прыярытэтныя кірункі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь: развіццё ўзаемавыгадных адносін з Рас. Федэрацыяй; развіццё стабільных адносін з Еўрап. Саюзам і дзяржавамі — яго ўдзельніцамі; умацаванне супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД; удзел у Еўразійскім эканам. супольніцтве; падтрыманне і развіццё сяброўскіх адносін з суседнімі дзяржавамі; развіццё сяброўскіх адносін з усімі еўрап. дзяржавамі з мэтай дасягнення Беларуссю статуса раўнапраўнага ўдзельніка агульнаеўрап. інтэграцыйных працэсаў; развіццё раўнапраўных адносін з ЗША; развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з дзяржавамі Азіі (у першую чаргу з Кітаем, Індыяй, Японіяй), арабскага свету, Афрыкі; павышэнне ўзроўню паліт. і эканам. супрацоўніцтва з краінамі Лац. Амерыкі; садзейнічанне ўмацаванню кансалідуючай ролі ААН на глабальным і рэгіянальным узроўнях; удзел Беларусі ў шматбаковым супрацоўніцтве як фактару інтэграцыі краіны ў сусв. супольніцтва; развіццё шматбаковага супрацоўніцтва па пытаннях міжнар. бяспекі і раззбраення, прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; супрацоўніцтва з НАТО па пытаннях мер даверу і бяспекі ў ваен. сферы, забеспячэнне еўрап. бяспекі і стабільнасці, барацьбы з тэрарызмам, нелегальнай міграцыяй, аховы граніц, нац. бяспекі; падтрымка асн. падыходаў Руху недалучэння да праблем усеаг. і рэгіянальнай бяспекі, да выраўноўвання базавых умоў развіцця краін незалежна ад іх эканам. патэнцыялу.
Са снеж. 1991 пачаўся працэс міжнар. прызнання Рэспублікі Беларусь. Першымі дзяржавамі свету, якія прызналі незалежнасць Беларусі і ўстанавілі з ёй дыпламат. адносіны, былі Украіна і ЗША (27 і 28.12.1991 адпаведна). На працягу 1992 адбылося поўнае міжнар. прызнанне Рэспублікі Беларусь. На 1.7.2003 яна мела дыпламат. адносіны са 156 дзяржавамі свету. Краіну за мяжой прадстаўляюць 53 дыпламат. прадстаўніцтвы ў 46 краінах свету, у т. л. 44 пасольствы, 2 пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнар. арг-цыях, 6 ген. консульстваў, 1 консульства; 10 бел. паслоў акрэдытаваны па сумяшчальніцтве ў 16 краінах. За мяжой таксама функцыянуюць 12 аддзяленняў пасольстваў Беларусі: 10 у рэгіёнах Рас. Федэрацыі, 1 у Боне (Германія), 1 у Алматы (Казахстан). На Беларусі дзейнічаюць 34 пасольствы, 13 консульскіх устаноў, 12 прадстаўніцтваў міжнар. арг-цый, у т. л. Выканаўчы к-т і Эканам. суд СНД; па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь акрэдытавана 80 паслоў замежных дзяржаў. Значна пашырылася дагаворна-прававая база міжнар. адносін Беларусі з замежнымі краінамі і міжнар. арг-цыямі. На 1.7.2003 Беларусь ажыццяўляе выкананне 2701 міжнар. дагавора, з іх 1378 двух- і 1323 шматбаковыя; падпісана 47 інвестыцыйных і 76 гандл.-эканам. пагадненняў. Беларусь значна пашырыла свой удзел у міжнар. універсальных і рэгіянальных арг-цыях.
У пач. 1990-х г. прыярытэтнымі кірункамі знешняй палітыкі Беларусі з’яўляліся: умацаванне рэальнага суверэнітэту і незалежнасці, супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД у развіцці паліт. і эканам. інтэграцыі на постсав. прасторы, наладжванне добрасуседскіх адносін з суседнімі дзяржавамі, ператварэнне краіны ў бяз’ядзерную і нейтральную дзяржаву, «вяртанне ў Еўропу» і развіццё сувязей з краінамі Захаду, міжнар. дапамога ў ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Да сярэдзіны 1990-х г. па гэтых кірунках дасягнуты значныя вынікі. Беларусь зрабіла істотны ўклад ва ўмацаванне міжнар. бяспекі ў галіне ядзернага раззбраення і кантролю над узбраеннямі. Яна атрымала ў спадчыну ад СССР самую вышэйшую ў свеце канцэнтрацыю ваенных: 1 ваенны на 43 цывільныя асобы. Спатрэбілася шмат сіл і сродкаў для скарачэння арміі са 160 да 80 тыс.чал. У адпаведнасці з Дагаворам аб звычайных узбр. сілах у Еўропе (ДЗУСЕ), да якога дзяржава далучылася ў 1992, Беларусь знішчыла каля 10% узбраенняў і тэхнікі, ліквідаваных усімі 30 дзяржавамі — удзельніцамі ДЗУСЕ. Да канца 1996 Беларусь выканала ўмовы дагавора, што патрабавала ад яе значных фін. сродкаў. У сувязі з гэтым у 1995 рэалізацыя ДЗУСЕ была часова прыпынена. Беларусь стала першай краінай, якая ратыфікавала Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ у 2000. У 1992 за межы краіны была выведзена тактычная ядзерная зброя. У 1993 бел. парламент ратыфікаваў Дагавор аб стратэгічных наступальных узбраеннях (СТАРТ-1) і Лісабонскі пратакол 1992, які прадугледжвае далучэнне Беларусі да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці няядзернай дзяржавы. У 1993 Рэспубліка Беларусь падпісала Канвенцыю аб забароне хім. зброі, у 1996 — Дагавор аб усеаг. забароне выпрабаванняў ядзернай зброі. У ліст. 1996 з тэр. Беларусі выведзена стратэгічная ядзерная зброя і яна дэ-факта стала бяз’ядзернай дзяржавай. Паслядоўная палітыка Беларусі ў сферы ядзернага раззбраення атрымала высокае міжнар. прызнанне. Яна з’яўляецца ўдзельнікам усіх асноўных дамоўленасцей у галіне нераспаўсюджвання: Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, Канвенцыі аб забароне хім. зброі, Канвенцыі аб забароне біял. і таксічнай зброі, Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў; у 1995 падпісала пагадненне аб гарантыях з МАГАТЭ. Прыняцце Беларусі ў Групу ядзерных пастаўшчыкоў у 2000 засведчыла поўную адпаведнасць бел. сістэмы экспартнага кантролю міжнар. нормам. У 2002 Беларусь стала ўдзельніцай Гаагскага кодэкса паводзін па прадухіленні распаўсюджвання балістычных ракет. У 1998 на 53-й сесіі Ген. Асамблеі па ініцыятыве бел. дэлегацыі прынята рэзалюцыя «Рэгіянальнае раззбраенне», у якой ухвалена бел. прапанова аб стварэнні ў Цэнтр. і Усх. Еўропе прасторы, свабоднай ад ядзернай зброі. У 2002 на 57-й сесіі Ген. Асамблеі Беларусь стала ініцыятарам праекта рэзалюцыі «Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі», прынятай без галасавання. У рамках Венскага дакумента 1999 перагавораў па мерах умацавання даверу і бяспекі (МДБ) у 2001 дасягнута паліт. дамоўленасць аб дадатковых МДБ з Літвой, падпісана міжурадавае пагадненне аб дадатковых МДБ з Украінай. У 2004 былі дасягнуты аналагічныя паліт. дамоўленасці з Латвіяй (4.3.2004) і Польшчай (21.7.2004). У 2001 Беларусь ратыфікавала Дагавор аб адкрытым небе. З 1994 бел. кіраўніцтва выступала супраць пашырэння НАТО на Усход і прасоўвання блока да межаў Беларусі, бо лічыла гэта вялікай гіст. памылкай Захаду; заяўляла, што існаванне НАТО пасля распаду Варшаўскага дагавора не выклікана гіст. неабходнасцю, і прапаноўвала альянсу самараспусціцца ці сур’ёзна рэфармавацца. Беларусь выступае за стварэнне сістэмы еўрап. бяспекі без падзяляльных граніц і пры ўмацаванні каардынуючай ролі АБСЕ.
Пасля абрання ў ліп. 1994 прэзідэнтам дзяржавы А.Р.Лукашэнкі пачаўся новы этап у гісторыі суверэннай Беларусі і яе знешняй палітыкі. Значна зменены знешнепаліт. дактрына і механізм распрацоўкі і рэалізацыі бел. знешняй палітыкі. У 1995 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь сфармуляваў наступныя знешнепаліт. прыярытэты дзяржавы: умацаванне суверэнітэту краіны; узмацненне шматбаковага і двухбаковага супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД пры паглыбленні адносін з Расіяй; развіццё адносін з дзяржавамі Захаду, у т. л.Цэнтр. і Усх. Еўропы; стварэнне спрыяльных умоў для супрацоўніцтва з міжнар. арг-цыямі. У канцы 1990-х г. быў абвешчаны курс на шматвектарную знешнюю палітыку, што праявілася ў актывізацыі сувязей з дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі і ўступленні Беларусі ў 1998 у Рух недалучэння, а таксама вылучана канцэпцыя стварэння «пояса добрасуседства» вакол Рэспублікі Беларусь. Аднак паляпшэння адносін з Польшчай і краінамі Балтыі, як і нармалізацыі адносін з краінамі Еўрасаюза, ЗША і Захадам увогуле, дасягнуць не ўдалося. Фарміраванне пояса добрасуседства абумоўлена для Беларусі, якая знаходзілася ў складаных адносінах з Захадам, неабходнасцю працягвання палітыкі «прагматычнага рэалізму» з зах. суседзямі, выкарыстання трансп. калідораў суседніх краін у інтарэсах бел. эканомікі, аднаўлення і развіцця гандл.-эканам. і навук.-тэхн. кааперацыі краін-суседзяў, вырашэння экалагічных праблем, прыцягнення патэнцыялу бел. дыяспары з мэтай садзейнічання эфектыўнаму правядзенню знешнепаліт. і знешнеэканам. курса Беларусі адносна адпаведных краін. Бел. канцэпцыя фарміравання «пояса добрасуседства» па перыметры сваіх зах. і паўд. межаў дапаўняе і ўраўнаважвае рас. інтэграцыйны вектар знешняй палітыкі, накіраваны на ўсход і паўн. ўсход. Асн. кампанентамі гэтага пояса з’яўляюцца фарміраванне паліт., ваен., эканам., экалагічнай, культурнай і інфармацыйнай прасторы бяспекі, супрацоўніцтва і стабільнасць у адносінах з зах. прыгранічнымі дзяржавамі, а таксама Украінай.
Пасля канстытуцыйнага рэферэндуму (ліст. 1996) адносіны з Захадам ускладніліся. АБСЕ, Савет Еўропы, Еўрап. Саюз, зах. дзяржавы не прызналі яго вынікі і ўвялі абмежавальныя меры ў адносінах да Рэспублікі Беларусь. Савет Еўропы прыпыніў статус спецыяльна запрошанай краіны, а Еўрасаюз — дзеянне Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве. ЗША аб’явілі палітыку «выбарчага ўдзелу», якая прадугледжвае спыненне кантактаў з бел. кіраўніцтвам і падтрымку інстытутаў цывільнага грамадства на Беларусі. Пры гэтым Захад заявіў, што яго мэтай з’яўляецца не ізаляцыя Беларусі, а вяртанне яе ў сям’ю цывілізаваных еўрап. краін, на шлях дэмакратыі і рыначных рэформ.
Знешняя палітыка адыгрывала асаблівую ролю ў забеспячэнні ўнутранай трансфармацыі Беларусі. Ва ўмовах станаўлення нац. дзяржаўнасці, карэнных сац.-эканам. і паліт. пераўтварэнняў менавіта знешняя палітыка дзяржавы дэманстравала свету характар і накіраванасць перамен, якія адбываліся ў краіне. Гал. мэтай і нязменнай задачай знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з моманту абвяшчэння незалежнасці была адаптацыя да сістэмы міжнар. зносін, што склаліся пасля «халоднай вайны» і распаду СССР. Такая адаптацыя адбывалася ў 3 узаемазвязаных кірунках: адукацыя, прафесіяналізацыя і міжнар.-паліт. сацыялізацыя новых кіруючых колаў і эліт Беларусі, першапачаткова амаль незнаёмых з міжнар. сферай; фарміраванне знешнепаліт. механізму і знешнепаліт. працэсу новай дзяржавы; упісанне Беларусі ў рэаліі постсав. свету на падставе набыцця ёю комплексу знешніх інтарэсаў, новай міжнар. ідэнтычнасці і адпрацоўкі ўзаемадзеяння з інш. суб’ектамі міжнар. адносін. Знешняя палітыка Беларусі, як і любой інш. дзяржавы, абумоўлена найперш прыродай сац. сіл, што яе фарміруюць, ідэалогіяй і канкрэтнымі зацікаўленасцямі, забеспячэнне якіх дасягаецца сувязямі народа і дзяржавы са знешнім светам. На працягу першага 10-годдзя незалежнасці ў краіне паступова складваліся новыя сац. структура, дзярж. ідэалогія, усведамленне і новае разуменне нац.-дзярж. інтарэсаў. Гэтыя працэсы яшчэ далёка не завершаны.
На Беларусі склаўся канстытуцыйна-прававы механізм распрацоўкі і прыняцця знешнепаліт. рашэнняў. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са сваімі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі ажыццяўляе кіраўніцтва знешняй палітыкай краіны і прадстаўляе яе ў міжнар. зносінах. Савет Бяспекі ажыццяўляе падрыхтоўку рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне забеспячэння нац. бяспекі, аналіз узаемасувязей знешніх і ўнутраных пагроз нац. бяспецы і іх улік пры рэагаванні на гэтыя пагрозы. Нац. сход вядзе заканадаўчую работу па забеспячэнні знешнепаліт. і знешнеэканам. курсу дзяржавы і выканання яе міжнар. абавязацельстваў. Практычная рэалізацыя знешнепаліт. і знешнеэканам. курсу дзяржавы ўскладзена на ўрад Рэспублікі Беларусь. Міністэрства замежных спраў з’яўляецца асн. органам выканаўчай улады, які ажыццяўляе знешнепаліт. курс, зацверджаны Прэзідэнтам; каардынуе знешнепаліт. дзейнасць і замежныя сувязі органаў дзярж. і мясц. кіравання. Больш чым 10-гадовы вопыт самастойнага існавання суверэннай Беларусі сведчыць, што яна ў значнай ступені здзейснілася як еўрап. дзяржава з уласнымі геапаліт. традыцыямі, нац. інтарэсамі і знешнепаліт. прыярытэтамі. Краіна прасунулася па шляху ўмацавання незалежнасці і даказала здольнасць бел. нацыі і яе дзярж. структур да самаст. існавання. Аднак на шляху станаўлення знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь застаюцца аб’ектыўныя цяжкасці і нявырашаныя праблемы. Яе геапаліт. становішча характарызуецца далейшымі пошукамі сваёй міжнар. ідэнтычнасці.
Будынак Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Мінск.
Беларусь — адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Са жн. 1944, калі Сав. Саюз у Думбартан-Оксе (прыгарад Вашынгтона) упершыню ўнёс прапанову аб уключэнні ў склад Міжнар. арг-цыі бяспекі ўсіх 16 саюзных рэспублік, да мая 1945, калі Устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска прыняла рашэнне аб уключэнні БССР і УССР у лік заснавальнікаў новай міжнар. арг-цыі, вакол пытання аб членстве сав. рэспублік вялася напружаная дыпламат. барацьба паміж СССР і яго зах. саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі. Асн. вехі гэтай барацьбы — канферэнцыі ў Думбартан-Оксе, Ялце і Сан-Францыска. Сав. кіраўніцтва пачало рыхтавацца да выхаду саюзных рэспублік на міжнар. арэну і стварэння іх уласных наркаматаў замежных спраў з вясны 1943, калі вызначыўся карэнны паварот у ходзе 2-й сусв. вайны на карысць антыгітлераўскай кааліцыі. У сувязі з распрацоўкай планаў пасляваен. ўладкавання свету, якім займаліся зах. дзяржавы, перад СССР рэальнай станавілася небяспека апынуцца ў адзіноцтве ці ў лепшым выпадку мець толькі некалькі саюзнікаў і ў будучай Міжнар. арг-цыі бяспекі, і на канферэнцыях па пытаннях пасляваен. мірнага ўрэгулявання. Каб умацаваць свае пазіцыі на міжнар. арэне, сав. кіраўніцтва вырашыла дамагацца т.зв. «множнага прадстаўніцтва» саюзных рэспублік у міжнар. арг-цыях і асамблеях. Першая такая спроба зроблена ў канцы 1943, калі сав. ўрад папрасіў прадаставіць асобнае членства ў Камісіі Аб’яднаных Нацый па ваен. злачынствах для 7 саюзных рэспублік, што панеслі найб. страты ў вайне (Украіны, Беларусі, Малдавіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Карэла-Фінскай ССР). Але ЗША і Вялікабрытанія адхілілі просьбу СССР, адмову яны матывавалі адсутнасцю ў рэспублік канстытуцыйных паўнамоцтваў для вядзення знешнепаліт. дзейнасці. Гэта падштурхнула сав. кіраўніцтва вярнуць рэспублікам знешнепаліт. паўнамоцтвы, якія яны дэлегавалі саюзнаму цэнтру пры ўступленні ў Саюз ССР. З улікам таго, што Вялікабрытанія магла разлічваць у міжнар. арг-цыях і на канферэнцыях на падтрымку дзяржаў — членаў Брытанскай Садружнасці нацый, а ЗША — абапірацца на галасы залежных ад іх краін Лац. Амерыкі, Сав. Саюз вырашыў таксама стварыць сабе шматгалосую падтрымку ў асобе саюзных рэспублік. Аднак ні Украінская ССР, ні Беларуская ССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, не з’яўляліся ў поўным сэнсе суверэннымі дзяржавамі, а былі састаўнымі часткамі сав. саюзнай дзяржавы і цалкам падпарадкоўваліся саюзнаму цэнтру і парт.-дзярж. кіраўніцтву. На Маскоўскай канферэнцыі міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (кастр. 1943) яе ўдзельнікі выказаліся за стварэнне ў пасляваен. перыяд Міжнар. арг-цыі бяспекі, заснаванай на прынцыпах суверэннай роўнасці ўсіх міралюбівых дзяржаў. Гэтыя рашэнні пацверджаны на Тэгеранскай канферэнцыі кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (ліст.—снеж. 1943). У пач. 1944 разгарнулася праца па стварэнні новай міжнар. арг-цыі.
Юрыдычнай падставай для выхаду саюзных рэспублік на міжнар. арэну стаў закон Вярх. Савета СССР ад 1.2.1944 «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны камісарыят». Саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю СССР. Вярх. СаветБССР 24.3.1944 прыняў закон «Аб стварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР». У адпаведнасці з ім Канстытуцыя БССР была дапоўнена арт. 16 а, паводле якога рэспубліка атрымала права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. На канферэнцыі прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (21.8.—28.9.1944 у Думбартан-Оксе), перад якой стаяла задача папярэдняга абмеркавання пытанняў, звязаных са стварэннем новай міжнар. арг-цыі, кіраўнік сав. дэлегацыі А.А.Грамыка выступіў з патрабаваннем уключэння ўсіх 16 сав. саюзных рэспублік у лік яе першапачатковых дзяржаў-членаў. Супраць сав. патрабавання катэгарычна выступілі прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт і дзярж. сакратар К.Хэл. У пасланні Рузвельта да І.В.Сталіна ад 1.9.1944 адзначалася, што такое сав. патрабаванне можа паставіць пад пагрозу ўвесь праект стварэння міжнар. арг-цыі, і выказвалася гатоўнасць абмеркаваць гэта патрабаванне пасля таго, як яна пачне сваю працу. У адказе Сталіна Рузвельту ад 7.9.1944 падкрэслівалася выключна важнае значэнне, якое надаваў савецкі кіраўнік гэтаму пытанню. У ім гаварылася, што такія сав. рэспублікі, як Украіна і Беларусь, па колькасці насельніцтва і па паліт. значэнні пераўзыходзяць некаторыя дзяржавы, аднесеныя да ліку ініцыятараў стварэння новай арганізацыі. Сустрэўшы супраціўленне ЗША максімальнаму задавальненню сав. просьбы, Сталін паставіў Украіну і Беларусь у ліку першых рэспублік-кандыдатаў на першапачатковае членства ў арганізацыі. Збіраючыся на канферэнцыю ў Крым, Рузвельт у размове з сенатарамі заявіў, што ў выпадку просьбы Сталіна аб членстве 16 рэспублік, ён запатрабуе членства ўсіх 48 штатаў ЗША.
Да Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі (4—11.2.1945) урады СССР і ЗША падрыхтавалі кампрамісныя патрабаванні па працэдуры галасавання ў Савеце Бяспекі і першапачатковым членстве. Прапановы Вашынгтона па працэдуры галасавання ўлічылі пункт гледжання Масквы аб неабходнасці безумоўнага аднагалосся пастаянных членаў Савета Бяспекі па ўсіх найважнейшых пытаннях. Сав. ўрад, у сваю чаргу, адмовіўся ад патрабавання членства для ўсіх 16 рэспублік і вылучыў просьбу аб уключэнні ў лік заснавальнікаў арганізацыі трох ці, па меншай меры, дзвюх рэспублік: Украіны, Беларусі і Літвы. Аргументуючы просьбу, В.М.Молатаў падкрэсліў, што гэтыя рэспублікі панеслі найвялікшыя страты ў вайне і былі першымі тэрыторыямі, якія падвергліся ням. агрэсіі. Уключэнне Літвы ў формулу «тры» ці дзве савецкія рэспублікі» мела для сав. кіраўніцтва мэтай празандзіраваць магчымасць прызнання Захадам інкарпарацыі прыбалтыйскіх краін у склад СССР. Але паколькі ЗША і Вялікабрытанія па-ранейшаму адмаўляліся прызнаваць уключэнне Літвы, Латвіі і Эстоніі ў склад СССР, то яны адмоўна паставіліся да прапановы аб допуску Літвы ў першапачатковыя члены арганізацыі. У далейшым яе кандыдатура сав. урадам не прапаноўвалася. Рузвельт быў вымушаны пагадзіцца з сав. прапановай. Ён лічыў, што фактычная ўлада ў арганізацыі будзе належаць Савету Бяспекі; і таму не разглядаў як недарэчную прапанову Сталіна пра 2 дадатковыя галасы для Украіны і Беларусі. Рузвельт таксама пайшоў насустрач Сталіну, які гаварыў, што голас для Украіны неабходны для захавання «савецкага адзінства», г. зн. для захавання маналітнасці сав.шматнац. дзяржавы. Згода Рузвельта на допуск дзвюх сав. рэспублік у арганізацыю сустрэла незадавальненне шэрагу членаў дэлегацыі ЗША. Пад іх націскам прэзідэнт звярнуўся да У.Чэрчыля і Сталіна з просьбай даць таксама ЗША 2 дадатковыя галасы, на што тыя неадкладна пагадзіліся. Рузвельт і Чэрчыль пасля пэўных дэбатаў згадзіліся з просьбай Сталіна з улікам шырокага разумення міжнар. палітыкі. Яны палічылі сваім маральным абавязкам дапусціць у арганізацыю краіны, якія першымі прынялі на сябе ўдар фаш. Германіі, не скарыліся ворагу і зрабілі значны ўклад у агульную справу антыгітлераўскай кааліцыі. Дамоўленасць па Украіне і Беларусі па ініцыятыве Рузвельта і Чэрчыля была ўключана ў сакрэтны пратакол Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі. У пратаколе пасяджэння кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ад 11.2.1945 у раздзеле I «Сусветная арганізацыя» было запісана, што ўстаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый будзе склікана 25.4.1945 у ЗША; на яе павінны быць запрошаны Аб’яднаныя Нацыі па стане на 8.2.1945, а таксама нацыі, якія далучыліся да Аб’яднаных Нацый і аб’явілі вайну агульнаму ворагу да 1.3.1945. У час працы ўстаноўчай канферэнцыі дэлегаты Вялікабрытаніі і ЗША «падтрымаюць прапанову аб допуску да першапачатковага членства дзвюх Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, а іменна Украіну і Беларусь».
У Сав. Саюзе пра рашэнні Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі па пытанні членства УССР і БССР у новай міжнар. арг-цыі ведала вузкае кола асоб. Украіна і Беларусь, якія, паводле сталінскай тэрміналогіі, кваліфікаваліся як «дзве асноўныя рэспублікі СССР», з’яўляліся аб’ектам дыпламат. гульні. У сак. 1945 урады УССР і БССР, якія не атрымалі запрашэнняў на ўстаноўчую канферэнцыю Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска, па ўказанні з Масквы заявілі, што накіруюць на канферэнцыю свае дэлегацыі нават пры адсутнасці афіц. запрашэнняў. Гэты нечаканы ход сав. дыпламатыі абвастрыў рознагалоссі паміж СССР і зах. краінамі, распаліў атмасферу вакол падрыхтоўкі канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адміністрацыя ЗША пры падтрымцы брытанскага ўрада энергічна пярэчыла супраць такога кроку, адзначала, што рашэнне Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі не прадугледжвала ўдзелу дэлегацый Украіны і Беларусі на Сан-Францыскай канферэнцыі. Аднак намаганнямі Молатава ўдалося дамагчыся згоды ад ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая падтрымаць на канферэнцыі сав. просьбу аб запрашэнні прадстаўнікоў Украіны і Беларусі ў Сан-Францыска. Перспектывы рэалізацыі ялцінскай дамоўленасці ўскладніліся пасля таго, як у ЗША у канцы сакавіка стала вядома пра тайнае пагадненне адносна дадатковых галасоў для СССР і ЗША. У краіне выбухнуў паліт. скандал. Праціўнікі Рузвельта з асяроддзя рэспубліканцаў адхілялі ў прынцыпе ідэю дадатковых галасоў, лічачы, што яна супярэчыць прыродзе міжнар. арг-цыі і прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў. Палітыкі і аглядальнікі ўказвалі на тое, што Беларусь і Украіна не з’яўляюцца суверэннымі краінамі. Нават паплечнікі і сябры Рузвельта лічылі памылкай яго просьбу аб двух дадатковых галасах для ЗША. За тыдзень да смерці 5.4.1945 прэзідэнт Рузвельт на сваёй апошняй прэс-канферэнцыі падрабязна спыніўся на праблеме дадатковых галасоў для Украіны і Беларусі. Ён паведаміў, што яго ўрад не будзе прасіць у Сан-Францыска трох галасоў для ЗША, паколькі яны нічога не вырашаюць. 2.4.1945 ТАСС апублікавала паведамленне «Аб удзеле Украінскай ССР і Беларускай ССР у міжнароднай арганізацыі для падтрымання міру і бяспекі». У ім гаварылася, што на Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі сав. ўрад паставіў пытанне аб удзеле ў стварэнні міжнар. арг-цыі гэтых дзвюх рэспублік у якасці першапачатковых членаў, якое было падтрымана ЗША і Вялікабрытаніяй.
Канчаткова пытанне аб членстве Украіны і Беларусі ў міжнар. арг-цыі бяспекі вырашана на Устаноўчай канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска (25.4—26.6.1945). Канферэнцыя 27.4.1945 аднагалосна прыняла рашэнне пра ўключэнне Украінскай і Беларускай Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у лік першапачатковых членаў арг-цыі. Прапанову сав. ўрада, з якой выступіў кіраўнік дэлегацыі СССР Молатаў, падтрымалі кіраўнікі дэлегацый ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Ірана, Францыі, Бразіліі, Чэхаславакіі і Аўстраліі. 30.4.1945 таксама аднагалосна ўсе 47 краін-удзельніц канферэнцыі прагаласавалі за запрашэнне дэлегацый УССР і БССР на ўстаноўчы форум Аб’яднаных Нацый. За гэта рашэнне галасавалі і ўсе лацінаамерыканскія краіны ў абмен на дадзенае СССР абавязацельства падтрымаць запрашэнне Аргенціны. На 1-м пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый Кіруючага к-та 27 крас. ад імя ўрадаў УССР і БССР заявы зрабіў Молатаў. Заява ўрада БССР у адрас Сан-Францыскай канферэнцыі была падпісана Старшынёй СНКБССР П.К.Панамарэнкам і наркомам замежных спраў К.В.Кісялёвым (датавана 26.4.1945). У ёй гаварылася, што ўрад БССР, імкнучыся забяспечыць шчыры і эфектыўны ўдзел бел. народа ў дзейнасці Аб’яднаных Нацый, скіраванай на дасягненне міру і бяспекі, звяртаецца да канферэнцыі з заявай аб сваім жаданні далучыцца да міжнар. арг-цыі па падтрыманні міру і бяспекі ў якасці першапачатковага члена-заснавальніка і быць прадстаўленым на канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адзначалася, што БССР як суверэнная дзяржава мае канстытуцыйныя прэрагатывы ў галіне міжнар. адносін, што дае ёй поўнае права і падставу прыняць удзел у міжнар. канферэнцыі Аб’яднаных Нацый. Падкрэсліваўся вялікі ўклад Беларусі ў барацьбу свабодалюбівых нацый супраць агульнага ворага — гітлераўскай Германіі. Заяўлялася, што БССР лічыць сваім правам і абавязкам удзельнічаць ва ўсеаг. арганізацыі бяспекі і канферэнцыі ў Сан-Францыска і што прынцыпу найб. поўнага і шырокага прадстаўніцтва ўсіх міралюбівых краін у гэтай арганізацыі былі б нанесены сур’ёзныя страты, калі б Бел. Рэспубліка не была прадстаўлена ў гэтай арганізацыі і на канферэнцыі, закліканай стварыць такую арганізацыю, і калі б вырашэнне праблем забеспячэння пасляваен. міру і бяспекі рабілася без удзелу прадстаўнікоў БССР.
1.5.1945 ген. сакратар Сан-Францыскай канферэнцыі А.Хіс накіраваў з Вашынгтона ў Мінск тэлеграму наркому замежных спраў Кісялёву, у якой паведамляў пра рашэнне канферэнцыі запрасіць БССР стаць паўнапраўным членам міжнар. арг-цыі, а яе прадстаўнікам неадкладна прыбыць для ўдзелу ў канферэнцыі. 30 крас. Прэзідыум Вярх. Савета БССР назначыў дэлегацыю БССР на Сан-Францыскую канферэнцыю ў складзе Кісялёва (кіраўнік дэлегацыі), Г.І.Байдакова, А.Р.Жэбрака, У.М.Перцава, Ф.П.Шмыгава. Дэлегацыя атрымала паўнамоцтвы падпісаць канчатковы тэкст Статута Усеаг. міжнар. арг-цыі для падтрымання міру і бяспекі пры ўмове яго наступнай ратыфікацыі ў адпаведнасці з законамі БССР. 8.5.1945 урадавая дэлегацыя БССР прыступіла да работы Сан-Францыскай канферэнцыі і зрабіла канструктыўны ўклад у распрацоўку Статута ААН. Дэлегацыя Беларусі адстойвала права вета пастаянных членаў Савета Бяспекі, выступала за ўключэнне ў Статут ААН палажэнняў аб самавызначэнні народаў і сац.-эканам. правах чалавека, забеспячэнні інтарэсаў каланіяльных і залежных народаў і краін, за дакладнае вызначэнне агрэсіі, строгае выкарыстанне санкцый да парушальнікаў Статута, пярэчыла допуску ў ААН франкісцкай Іспаніі. 23.5.1945 адбылася першая з моманту стварэння ў 1919 наркамата замежных спраў БССР прэс-канферэнцыя наркома замежных спраў рэспублікі. Кісялёў заявіў, што БССР будзе праводзіць самастойную знешнюю палітыку, якая ва ўсіх прынцыповых пытаннях супадае з пазіцыяй СССР. 26.6.1945 прадстаўнікі 50 дзяржаў, у т. л.СССР, УССР і БССР, падпісалі Статут ААН, Статут Міжнар. суда і Часовае пагадненне аб стварэнні Падрыхтоўчай камісіі. 30.8.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН. 24.10.1945 ратыфікацыйная грамата БССР была здадзена на захаванне, як і ратыфікацыйныя граматы СССР і УССР. У гэты ж дзень Статут ААН набыў сілу. Устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска з’явілася першым міжнар. форумам 20 ст., у якім дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала на раўнапраўнай і правамоцнай аснове. Нягледзячы на тое, што бел. кіраўніцтва, вярх. органы ўлады рэспублікі не ставілі перад Сталіным, сав. кіраўніцтвам пытанне аб выхадзе на міжнар. арэну ці ўключэнні ў склад міжнар. арг-цыі, і тое, што яно было вырашана ў выніку дзейнасці сав. дыпламатыі, уваходжанне Беларусі ў склад першапачатковых членаў ААН мела вялікае гіст. значэнне, адпавядала нац. інтарэсам бел. народа. Подпіс БССР пад Статутам ААН азначаў, што сусв. супольніцтва фармальна прызнавала яе суверэннай і незалежнай дзяржавай. Рэспубліка атрымлівала ўсе прывілеі і імунітэты ААН, права выбірацца ў яе гал. органы, у т. л. ў Савет Бяспекі, магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні сусв. праблем, даводзіць сваю пазіцыю да ААН, уносіць на яе разгляд свае прапановы і заўвагі. Больш за 40 гадоў ААН была для Беларусі адзіным акном у знешні свет. Рэспубліка Беларусь як адна з дзяржаў-заснавальніц ААН разглядае сваё членства ў ААН і яе спецыялізаваных установах і органах як велізарны паліт. капітал, адзін з прыярытэтных знешнепаліт. кірункаў дзейнасці дзяржавы, як важны кампанент інтэграцыі Беларусі ў сусв. супольнасць. У 2004 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі 11 праграм, агенцтваў і арг-цый сістэмы ААН: Праграма развіцця ААН (ПРААН), Дэпартамент грамадскай інфармацыі, Дзіцячы фонд ААН, Міжнар.арг-цыя працы, Упраўленне вярх. камісара ААН па справах бежанцаў, Аб’яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІДу, Міжнар. валютны фонд, Сусв. банк, Міжнар.фін. карпарацыя, Сусв.арг-цыя аховы здароўя і фонд ААН у галіне народанасельніцтва. Міжнар. арг-цыі, акрамя фінансавання праектаў і праграм, садзейнічаюць прыцягненню ў Беларусь тэхн. дапамогі для рэалізацыі праектаў.
Кіраўнік дэлегацыі БССР К.В.Кісялёў падпісвае Статут ААН. Сан-Францыска. 26.6.1945.
Беларусь і міжнародныя арганізацыі. Першая спроба ўстанаўлення адносін і ўдзелу Беларусі ў працы міжнар. канферэнцый і арг-цый адносіцца да перыяду мірнага ўрэгулявання пасля заканчэння 1-й сусв. вайны. Дэлегацыі БНР неафіцыйна ўдзельнічалі ў працы Парыжскай мірнай канферэнцыі (1919—20) і Генуэзскай міжнар. канферэнцыі па эканам. і фін. пытаннях (1922). БССР, як і інш.сав. рэспублікі, даручыла прадстаўляць свае інтарэсы на Генуэзскай канферэнцыі дэлегацыі РСФСР. 10.5.1922 БССР падпісала пагадненне з Эпідэмічнай камісіяй Лігі Нацый па пытаннях аховы здароўя і разам з РСФСР і УССР стала яе членам. Дэлегацыя БССР прыняла ўдзел у канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска (крас.—чэрв. 1945) і падпісала Статут ААН. Беларусь у ліку 51 дзяржавы з’яўляецца дзяржавай-заснавальніцай, першапачатковым членам ААН. У жн. 1945 Беларусь уступіла ў Адміністрацыю Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні краін, якія пацярпелі ў гады 2-й сусв. вайны (ЮНРРА). Пагадненне паміж ЮНРРА і ўрадам БССР падпісана ў Вашынгтоне 18.12.1945. Дэлегацыя БССР прымала ўдзел у Міжнар. канферэнцыі па ахове здароўя (Нью-Йорк, 1946), якая заснавала Сусв. арг-цыю аховы здароўя (СААЗ). БССР далучылася да Статута СААЗ 7.4.1948. На 1-й сесіі СААЗ (1948) яна была абрана членам яе Выканаўчага к-та. У 1949 БССР разам з СССР і УССР, краінамі Усх. Еўропы спыніла актыўнае членства ў СААЗ на падставе неабгрунтаванага рашэння сав. кіраўніцтва. 13.5.1947 Беларусь уступіла ў Сусв. паштовы саюз (СПС), 16.5.1947 — у Міжнар. саюз электрасувязі (МСЭ), 12.4.1948 — у Сусв. метэаралаг. арг-цыю (СМА). У 1947 міністр замежных спраў БССР К.В.Кісялёў паставіў перад МЗССССР пытанне аб неабходнасці ўваходжання СССР, УССР і БССР у Арг-цыю Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), якое аднак тады вырашыць не ўдалося. У 1954 БССР увайшла ў Міжнар. арг-цыю працы (МАП) і ЮНЕСКА, у 1957 — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), у 1970 — Сусв. арг-цыю інтэлектуальнай уласнасці (САІУ), у 1985 — Арг-цыю Аб’яднаных Нацый па прамысл. развіцці (ЮНІДО). У 1958 пачало працаваць пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН у Нью-Йорку, у 1960-я г. адкрыліся пастаянныя прадстаўніцтвы БССР пры Аддзяленні ААН і інш.міжнар. арг-цыях у Жэневе, пры ЮНЕСКА у Парыжы, у 1982 — пры міжнар. арг-цыях у Вене. БССР была абрана непастаянным членам Савета Бяспекі на 1974—75, неаднаразова выбіралася членам Эканам. і Сац. савета, прымала ўдзел у рабоце розных функцыянальных і дапаможных органаў ААН, якія займаюцца пытаннямі раззбраення, дэкаланізацыі, эканам. і сац. супрацоўніцтва, правоў чалавека, інш. пытаннямі. Акрамя ААН і яе спецыялізаваных устаноў БССР з’яўлялася членам яшчэ 6 міжнар. міжурадавых арг-цый — Міжнар. архіўнага савета (з 1956), Міжнар. бюро выставак (з 1960), Пастаяннай палаты трацейскага суда (з 1962), Міжнар. арг-цыі марской спадарожнікавай сувязі (ІНМАРСАТ, з 1979). Як член ААН удзельнічала ў асобных канферэнцыях у рамках Міжнар. арг-цыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) і Міжнар. марской арг-цыі (ІМО), хаця і не была іх членам.
З 1990—91 пачаўся якасна новы перыяд дзейнасці Беларусі ў міжнар. арг-цыях. Рэспубліка Беларусь значна пашырыла свой удзел у міжнар. універсальных і рэгіянальных арг-цыях. Яна з’яўляецца дзяржавай — заснавальніцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У 1992 уступіла ў Міжнар. валютны фонд, Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця (МБРР), Міжнар.фін. карпарацыю (МФК), Міжнар. агенцтва па гарантыях інвестыцый, Еўрап. банк рэканструкцыі і развіцця, аднавіла актыўнае членства ў СААЗ, атрымала статус назіральніка пры Ген. пагадненні па тарыфах і гандлі (ГАТТ), у 1993 стала членам ІКАО. У 1992 у Мінску было адкрыта 1-е на постсав. прасторы прадстаўніцтва ААН — Праграмы развіцця ААН (ПРААН). Беларусь з’яўляецца членам больш як 50 спецыялізаваных устаноў ААН і інш. міжурадавых арг-цый, якія ўзаемадзейнічаюць з ААН на аснове спец. пагадненняў. Рэспубліка Беларусь дзейнічае ў ААН і яе спецыялізаваных установах у адпаведнасці са сваімі нац. інтарэсамі. Яна выступае за развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з ААН, лічыць неабходным рэфармаванне і ўмацаванне сістэмы ААН і яе асн. органаў, каб павысіць эфектыўнасць гэтай вядучай міжнар. арг-цыі. У рамках ЮНЕСКА для Беларусі распрацоўваліся праграмы «Генетычная спадчына», «ЮНЕСКА — Чарнобыль», «Чалавек і біясфера». У краіне дзейнічае нац. Камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЮНЕСКА. Беларусь падпісала 44 канвенцыі МАП. Планамерна ідзе працэс далучэння Беларусі да Сусв.гандл. арг-цыі (СГА), пры якой краіна атрымала ў 1995 статус назіральніка. У крас. 1995 паміж Беларуссю і МАГАТЭ падпісана пагадненне аб прымяненні гарантый. Удзельная вага спецыялізаваных устаноў ААН у агульным аб’ёме замежнай дапамогі краіне складае нязначную частку. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў працы такіх функцыянальных органаў ААН, як Еўрап.эканам. камісія (ЕКЕ), Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ), ПРААН, Канферэнцыя Аб’яднаных Нацый па гандлі і развіцці (ЮНКТАД) і інш. У 1995 у Мінску адкрыта прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па бежанцах, у 1996 — пастаяннае прадстаўніцтва Міжнар. арг-цыі па мігрантах. У крас. 1994 Мінск з трохдзённым візітам наведаў Ген. сакратар ААН Б.Бутрас-Галі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка прымаў удзел у спец. урачыстым пасяджэнні Ген. Асамблеі, прысвечаным 50-годдзю ААН (1995) і Саміце Тысячагоддзя (2000). З 1998 Беларусь з’яўляецца паўнапраўным членам Руху недалучэння (РН) і актыўна развівае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва па шэрагу кірункаў дзейнасці ААН з дзяржавамі — членамі гэтага найбуйнейшага міжнар. аб’яднання краін.
Рэспубліка Беларусь у 1992 прынята ў Арг-цыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і Савет Паўн.-атлантычнага супрацоўніцтва (з 1997 Савет еўраатлантычнага партнёрства), атрымала статус спецыяльна запрошанай дзяржавы ў Савеце Еўропы (СЕ), а ў 1993 падала заяўку на прыём у гэтую арг-цыю. У 1995 дзяржава падпісала ’Дагавор аб партнёрстве і супрацоўніцтве (не набыў сілы), у 1996 — Часовае пагадненне па пытаннях гандлю з Еўрап. Саюзам (ЕС), у 1995 стала ўдзельнікам праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру», у 1996 уступіла ў Цэнтральнаеўрап. Ініцыятыву (ЦЕІ), у 1997 — у Арг-цыю па забароне хім. зброі. Рэспубліка Беларусь — паўнапраўны член больш як за 20 міжнар. міжурадавых арг-цый. Яна выступае за ператварэнне СНД у рэгіянальную арг-цыю з высокім узроўнем эканам. і паліт. інтэграцыі. Бел. прадстаўнікі актыўна ўдзельнічаюць у сустрэчах кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, працы каардынацыйных органаў СНД (Міжпарламенцкай Асамблеі, Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны, Міждзярж. эканам.к-та і інш.). Мінск з’яўляецца месцам знаходжання выканаўчых і каардынацыйных органаў СНД. Рэспубліка Беларусь падпісала і ратыфікавала найважнейшыя ўстаноўчыя дакументы СНД, у т. л. яго Статут. Беларусь выступае за павышэнне эфектыўнасці рэгіянальных інтэграцыйных аб’яднанняў на постсав. прасторы, у прыватнасці, за фарміраванне зоны свабоднага гандлю ў межах СНД, стварэнне мытнага саюза ў рамках Еўраазіяцкага Эканам. супольніцтва (ЕўрАзЭС), якое складаецца з 5 краін — членаў Мытнага саюза (Беларусі, Казахстана, Кіргызстана, Расіі, Таджыкістана). 23.2.2003 кіраўнікі Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны падпісалі Заяву аб фарміраванні Адзінай эканам. прасторы і стварэнні Арг-цыі рэгіянальнай інтэграцыі. Сумесна з Арменіяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Расіяй і Таджыкістанам Рэспубліка Беларусь вядзе работу па паглыбленні ваенна-паліт. інтэграцыі ў рамках Дагавора аб калектыўнай бяспецы 1992. У 2002 кіраўнікамі 6 згаданых дзяржаў падпісаны Статут Арг-цыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і Пагадненне аб яе прававым статусе. З 18.9.2003 АДКБ пачала функцыянаваць як самастойная міжнар.арг-цыя (Статут АДКБ зарэгістраваны ў Сакратарыяце ААН 16.12.2003).
Развіваюцца эканам. і паліт. адносіны Беларусі з ЕС. У 1999 паміж бел. урадам і Еўрап. камісіяй падпісана Праграма TACIS «Развіццё грамадзянскай супольнасці» ў Беларусі, якая прадугледжвае выдзяленне 5 млн. еўра на развіццё няўрадавых арг-цый, сродкаў масавай інфармацыі і адукацыі; Еўрап. камісія выдзеліла 1,6 млн. еўра на фінансаванне гуманітарных праектаў, што рэалізуюцца на Беларусі ў галіне мед. абслугоўвання і сац. рэабілітацыі. Выконваліся інш. праекты ў рамках праграмы тэхн. дапамогі TACIS на 2000—2003. Еўрасаюз з’яўляецца найбуйнейшым пасля Расіі знешнегандл. партнёрам Беларусі. На долю дзяржаў — членаў ЕС прыпадае каля 15% агульнага гандл. абароту Беларусі і больш за 40% гандл. абароту з краінамі далёкага замежжа. Развіццё эканам. адносін з Беларуссю ЕС увязвае з развіццём у краіне дэмакр. працэсу, забеспячэннем уладамі правоў чалавека, правядзеннем свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасці з міжнар. стандартамі. Гал. мэтай бел. знешняй палітыкі на еўрап. напрамку з’яўляецца стварэнне стабільнай сістэмы агульнаеўрап. бяспекі і супрацоўніцтва вакол АБСЕ. У 1992 Беларусь падпісала Хельсінкскі заключны акт і Парыжскую хартыю для новай Еўропы. У час сустрэчы кіраўнікоў дзяржавы і ўрадаў краін — удзельніц АБСЕ у Будапешце (снеж. 1994) Беларусь, Вялікабрытанія, ЗША і Расія падпісалі Мемарандум аб гарантыях бяспекі Беларусі. Бел. дэлегацыі ўдзельнічалі ў сустрэчах кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін — удзельніц АБСЕ ў Лісабоне (1996) і Стамбуле (1999). У Стамбуле А.Р.Лукашэнка падпісаў Хартыю еўрап. бяспекі, Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ, Венскі дакумент 1999 па мерах умацавання даверу і бяспекі, Дэкларацыю Стамбульскага саміту. АБСЕ разам з ЕС і СЕ у межах «еўрапейскай тройкі» садзейнічае працэсу дэмакратызацыі Беларусі. У 1998—2001 у Мінску знаходзілася кансультацыйна-назіральная група АБСЕ, з 2002 дзейнічае офіс АБСЕ у Мінску. У 2003 Парламенцкая Асамблея АБСЕ прызнала права Нац. сходу Рэспублікі Беларусь прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Асамблеі. Беларусь зацікаўлена ў збалансаваным развіцці ўсіх кампанентаў агульнаеўрап. бяспекі і супрацоўніцтва і лічыць, што ваен., эканам. і экалагічнае вымярэнні АБСЕ заслугоўваюць больш актыўнага ўключэння ў парадак дня АБСЕ. У 1993 Беларусь далучылася да Еўрап. культурнай канвенцыі, у 1994 — да Венецыянскай камісіі «Дэмакратыя праз правы» ў межах Савета Еўропы. У студз. 1997 на сесіі Парламенцкай Асамблеі СЕ прынята рашэнне аб прыпыненні для Беларусі дзеяння статуса «спецыяльна запрошанай» дзяржавы. Беларусь развівае супрацоўніцтва з ЦЕІ з мэтай аб’яднання намаганняў дзяржаў-членаў для арганізацыі гнуткай і прагматычнай рэгіянальнай кааперацыі. Яна зацікаўлена ў падключэнні да рэгіянальнага і субрэгіянальнага супрацоўніцтва ў балтыйска-чарнаморскім рэгіёне, у т. л. дамагаецца статуса назіральніка ў Савеце дзяржаў Балтыйскага мора (СДБМ) і Арг-цыі чарнаморскага эканам. супрацоўніцтва (АЧЭС).
Пасля распаду Варшаўскага дагавора і СССР перад рэспублікай узнікла праблема вызначэння адносін з ваенна-паліт. арг-цыяй НАТО. У 1992 краіну наведаў ген. сакратар НАТО М.Вернер. Ён заявіў, што захад і НАТО з павагай ставяцца да імкнення Беларусі стаць нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавай і адзначыў іх зацікаўленасць у добрых адносінах з Беларуссю і яе суседзямі. У 1997 штаб-кватэрай НАТО ухвалена Індывідуальная праграма партнёрства (ІПП) Рэспублікі Беларусь з НАТО на 1997—99. У 1998 адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры НАТО у Бруселі. Беларусь выканала ІПП з НАТО на 2000—01 і 2002—03, у якіх зроблены акцэнт на мерапрыемствы неваен. характару. Краіна зацікаўлена ў канструктыўным супрацоўніцтве з НАТО, прызнаючы яе важную ролю ва ўмацаванні еўрап. і міжнар. бяспекі.
Рэспубліка Беларусь — член «Інтэрспадарожніка», Еўрап. арг-цыі спадарожнікавай сувязі (ЕВТЕЛСАТ), Еўрап. вяшчальнага саюза, Сусв. энергетычнага савета, Міжнар. арг-цыі па эканам. і навук.-тэхн. супрацоўніцтве ў галіне электратэхн. прамысловасці (Інтэрэлектра), Міжнар. эпізаатычнага бюро, Міжнар. арг-цыі па стандартызацыі (ІСО), Міжнар. электратэхн. камісіі, Міжнар. арг-цыі па заканадаўчай метралогіі, Міжнар. арг-цыі па сертыфікацыі электраабсталявання на адпаведнасць стандартам бяспекі. Нац. арг-цыі Рэспублікі Беларусь, яе юрыд. асобы ўваходзяць у склад наступных міжнар. няўрадавых арг-цый: Міжнар. федэрацыю інвалідаў (з 1991), Міжнар. федэрацыю вышэйшых органаў (з 1992), Міжнар. арг-цыю крымінальнай паліцыі «Інтэрпол» (з 1993), Міжпарламенцкі саюз (з 1995), Сусв. федэрацыю глухіх (з 1995), шэраг міжнар.спарт. арг-цый і федэрацый, у т. л.Міжнар. алімпійскі к-т, Сусв. федэрацыю асацыяцый садзейнічання ААН. З мэтай пашырэння супрацоўніцтва і павышэння эфектыўнасці ўдзелу краіны ў рабоце міжнар. арг-цый урад Рэспублікі Беларусь надае вял. значэнне гэтаму кірунку ў знешнепаліт. дзейнасці дзяржавы. У гэтай сувязі Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь 19.5.1997 прыняў пастанову «Аб супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі арганізацыямі», паводле якой усе міжнар. арг-цыі, членам якіх з’яўляецца Беларусь, замацаваны за гал. мін-вамі і інш.рэсп. органамі дзярж. кіравання. Каардынацыю і кантроль за ўзаемадзеяннем Беларусі з міжнар. арг-цыямі ажыццяўляе Мін-ва замежных спраў.
Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ф.Маёр (злева) і прэм’ер-міністр Беларусі С.С.Лінг у час падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА. Мінск. Верасень 1998.
Двухбаковыя сувязі Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі. У пач. 1990-х г. Рэспубліка Беларусь стала наладжваць сяброўскія адносіны з замежнымі краінамі. Прыярытэтным кірункам яе знешняй палітыкі было развіццё супрацоўніцтва з краінамі СНД, Еўропы і ЗША. На прасторы СНД гал. партнёрам Беларусі была Расія. У ходзе афіц. візіту ў Рэспубліку Беларусь Прэзідэнта Рас. Федэрацыі Б.М.Ельцына 21.2.1995 падпісаны двухбаковы дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве, які вызначыў адносіны Расіі і Беларусі як дачыненні дзвюх суверэнных, незалежных дзяржаў. У 2-й пал. 1990-х г.бел.-рас. адносіны выведзены на якасна новы ўзровень. 2.4.1996 А.Р.Лукашэнка і Б.М.Ельцын падпісалі ў Маскве дагавор пра стварэнне Супольнасці Расіі і Беларусі, 2.4.1997 — аб Саюзе Беларусі і Расіі. Да апошняга дагавора быў прыкладзены Статут Саюза Беларусі і Расіі, які пасля ўсенар. абмеркавання быў падпісаны прэзідэнтамі дзвюх краін 23.5.1997. У чэрв. 1997 Прэзідэнт Беларусі падпісаў Закон аб ратыфікацыі Статута і Дагавора. У снеж. 1998 у Маскве падпісаны Дэкларацыя аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі, дагавор аб роўных правах грамадзян і пагадненне аб стварэнні роўных умоў суб’ектам гаспадарання Беларусі і Расіі. У Дэкларацыі выказваўся намер «працягваць паэтапны рух да добраахвотнага яднання ў саюзную дзяржаву пры захаванні нацыянальнага суверэнітэту дзяржаў — удзельніц Саюза». 8.12.1999 прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі ў Маскве Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і Праграму дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Адпаведныя дакументы па збліжэнні бел. і рас. прававых, эканам., фін., мытных і інш. сістэм, фарміраванні міждзярж. структур улады ў перспектыве прадугледжваюць стварэнне Саюзнай дзяржавы. Пашырэнне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй садзейнічала наладжванню сувязей паміж прадпрыемствамі, дзелавымі коламі, грамадзянамі абедзвюх краін. Натуральнай з’явай у бел.-рас. адносінах сталі кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў, рэгіянальных органаў улады, рас. і бел. парламентарыямі. Найб. значныя пытанні двухбаковых адносін разглядаюць Вышэйшы Дзярж. Савет і Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы, якія збіраюцца на рэгулярнай аснове. Парламентарыі Расіі і Беларусі сумесна працуюць у рамках Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Да канца 1990-х г. Рэспубліка Беларусь і Рас. Федэрацыя мелі каля 200 міждзярж. і міжурадавых пагадненняў, працэс пашырэння дагаворна-прававой базы працягваўся і ў наступныя гады. У 2-й пал. 1990-х г. Беларусь і Расія пачалі ўмацоўваць супрацоўніцтва ў ваен. сферы. У 1995 Расія атрымала права выкарыстоўваць і ўтрымліваць на тэр. Беларусі свае ваен.-стратэг. аб’екты — сістэму папярэджання аб ракетным нападзе ў Баранавічах і РЛС у Вілейцы. 19.12.1997 Беларусь і Расія падпісалі дагавор аб ваен. супрацоўніцтве. Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў навейшых праграмах пераўзбраення рас. арміі, праводзіць мадэрнізацыю ўласнай сістэмы супрацьпаветранай абароны. У 2000 абвешчана пра стварэнне адзінай рас.-бел. ваен. групоўкі колькасцю да 300 тыс.чал. у выпадку ўзнікнення канфліктнай сітуацыі на зах. граніцах Саюза Беларусі і Расіі. Беларусь і Расія каардынуюць дзейнасць на міжнар. арэне. Расія неаднаразова падтрымлівала Рэспубліку Беларусь у міжнар. арг-цыях (ААН, АБСЕ, СЕ). У 2003 распрацоўваўся Канстытуцыйны Акт Саюзнай дзяржавы, абмяркоўваліся пытанні падпісання пагаднення аб увядзенні рас. рубля ў якасці адзінай валюты Саюзнай дзяржавы. Бел. бок лічыць, што аб’яднанне дзвюх дзяржаў павінна праводзіцца на аснове Саюзнага дагавора 1999 і пры захаванні суверэнітэту Беларусі і Расіі. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь неаднаразова падкрэслівала немагчымасць уваходжання Беларусі ў склад Рас. Федэрацыі на правах аднаго з яе суб’ектаў.
Важнае месца ў знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь займае супрацоўніцтва з Украінай. Бел.-ўкр. сувязі значна пашырыліся ў 2-й пал. 1990-х г. У ліп. 1995 адбыўся першы афіц. візіт на Беларусь прэзідэнта Украіны Л.Д.Кучмы. 17.7.1995 у Мінску падпісаны дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Украінай. У маі 1997 ва Украіне з афіц. візітам пабываў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка. Гал. вынікам візіту стала падпісанне дагавора аб дзярж. граніцы паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай. Пазней кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў, урадаў, міністрамі замежных спраў, кіраўнікамі мін-ва і ведамстваў дзвюх краін сталі нармальнай з’явай; пашырылася супрацоўніцтва паміж бел. і ўкр. парламентарыямі. Да пач. 21 ст. Украіна і Беларусь сфарміравалі развітую юрыд. базу міждзярж. ўзаемадзеяння (больш за 40 дагавораў, пагадненняў і інш. прававых дакументаў, якія ўрэгулявалі бел.-ўкр. адносіны ў розных сферах супрацоўніцтва). Павышаная ўвага аддавалася вырашэнню праблем вызначэння дзярж. граніцы і прыгранічнага супрацоўніцтва. У лют. 1997 Беларусь і Украіна ў асн. завяршылі работы па дэлімітацыі дзярж. граніцы, восенню 1997 пачалі яе дэмаркацыю. З 1.11.1997 на бел.-ўкр. граніцы быў уведзены пагранічны кантроль. У 1999 набыло моц пагадненне аб парадку перасячэння граніцы грамадзянамі, што пражываюць у пагранічных раёнах, якое спрашчала рэжым перасячэння граніцы грамадзянамі Беларусі і Украіны. Развіваецца супрацоўніцтва паміж асобнымі рэгіёнамі Беларусі і Украіны.
Сяброўскія адносіны Беларусь захоўвала ў 1992—2003 з інш. дзяржавамі СНД. Яе гал. партнёрамі былі Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Малдова. На мяжы 20—21 ст. пашырылася супрацоўніцтва Беларусі з Туркменістанам, Арменіяй і Азербайджанам. Важнымі падзеямі ў развіцці двухбаковых адносін Беларусі з краінамі СНД сталі візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ва Узбекістан (снеж. 1994), Малдову (вер. 1995), Казахстан (вер. 1997), Таджыкістан (крас. 2000), Арменію (май 2001), Туркменістан (май 2002). У 1995—2003 Рэспубліку Беларусь з візітамі наведвалі вышэйшыя дзярж. кіраўнікі Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана. Рэспубліка Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Малдовай (21.12. 1992), Казахстанам (17.1.1996), Таджыкістанам (5.4.2000), Туркменістанам (15.5.2002).
Рэспубліка Беларусь імкнулася развіваць партнёрскія адносіны з Літвой і Латвіяй — яе непасрэднымі суседзямі на паўн.-зах. напрамку. 24.10.1991 Беларусь падпісала Дэкларацыю аб прынцыпах добрасуседскіх адносін з Літвой, 16.12.1991 — з Латвіяй. У 1-й пал. 1990-х г. адносіны Беларусі з Літвой і Латвіяй мелі дружалюбны характар. У лют. 1995 адбыўся афіц. візіт у Літву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 21.2. 1994 падпісаны дагавор аб вызначэнні граніцы паміж Рэспублікай Беларусь і Латвіяй, 6.2.1995 — дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Літвой і дагавор аб бел.-літ. граніцы. З сярэдзіны 1990-х г. кантакты на вышэйшым дзярж. узроўні істотна скараціліся, хоць Літва і Латвія выказвалі гатоўнасць весці дыялог з Беларуссю па пытаннях вызначэння граніц, развіцця пагранічнага супрацоўніцтва і рэадмісіі нелегальных мігрантаў, што траплялі на іх тэр. з Беларусі. У 1997 Беларусь пачала дэмаркацыю граніцы з Літвой. У 2001 у парламенце Літвы створана група па развіцці супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. Беларусь разглядае Літву і Латвію як найзручнейшы выхад да Балтыйскага мора, асабліва праз порт Вентспілс, які яшчэ з сав. часоў непасрэдна звязаны з Наваполацкім нафтаперапрацоўчым з-дам. На характар адносін Беларусі з Літвой і Латвіяй істотна ўплывала збліжэнне гэтых краін з ЕС і НАТО. З 2003 Літва і Латвія па рэкамендацыі ЕС узмацнілі рэжым на граніцы з Беларуссю.
Даволі актыўна ў 1-й пал. 1990-х г. развіваліся адносіны паміж Беларуссю і Польшчай. У кастр. 1991 гэту краіну з афіц. візітам наведаў Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь В.Ф.Кебіч, у чэрв. 1992 — Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч. У ліст. 1992 Рэспубліку Беларусь наведала з візітам прэм’ер-міністр Польшчы Х.Сухоцкая, у чэрв. 1993 — Прэзідэнт Польшчы Л.Валенса. У сак. 1996 у Брэсце адбылася сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Польшчы А.Лукашэнкі і А.Квасьнеўскага. Развівалася супрацоўніцтва паміж бел. і польскімі парламентарыямі. 23.6.1992 Беларусь і Польшча падпісалі дагавор аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве. У 2-й пал. 1990-х г.бел.-польскія адносіны на паліт. узроўні сталі больш стрыманымі, але з пач. 21 ст.паліт. сувязі зноў пашыраюцца. Даволі актыўна супрацоўнічаюць прыгранічныя рэгіёны Беларусі і Польшчы. Польшча лічыць немэтазгоднай паліт. ізаляцыю Беларусі. У снеж. 2003 Мін-ва замежных спраў Польшчы прапанавала распрацаваць канцэпцыю «ўсходняга вымярэння» ЕС у адносінах да Беларусі, Малдовы, Расіі і Украіны. З улікам гэтай прапановы ў сак. 2003 падрыхтаваны дакумент ЕС «Пашыраная Еўропа» (Wider Europe), дзе вызначаны асновы палітыкі пашыранага ЕС у адносінах да яго ўсх. суседзяў. У кастр. 2003, выканаўшы патрабаванне ЕС, Польшча ўвяла паўнавартасны візавы рэжым у адносінах да Беларусі.
Да 1997 Рэспубліка Беларусь пашырала ўзаемадзеянне з краінамі Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы (Чэхія, Славакія, Венгрыя, Румынія, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Македонія, Боснія і Герцагавіна). У ліп. 1992 адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь Прэзідэнта Румыніі І.Іліеску. Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь Шушкевіч наведаў з візітамі Румынію (май 1993) і Балгарыю (кастр. 1993). Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Румыніяй (7.5.1993) і Балгарыяй (19.10. 1993). У 2-й пал. 1990-х г.паліт. дыялог Беларусі з краінамі гэтага рэгіёна быў згорнуты. Найб. схільнасць да захавання кантактаў з Беларуссю праяўляла Балгарыя, якая падтрымлівала сувязі з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У новым дзесяцігоддзі паліт. дыялог паміж Беларуссю і краінамі Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы зноў пачаў набываць дынаміку, але пакуль не стаў актыўным з той прычыны, што краіны гэтага рэгіёна аддаюць перавагу развіццю сувязей з еўрап. і еўраатлантычнымі арг-цыямі. У 2-й пал. 1990-х г.гал.паліт. партнёрам Беларусі ў рэгіёне стала Саюзная Рэспубліка Югаславія (СРЮ, з 2003 Сербія і Чарнагорыя). У сак. 1996 адбыўся афіц. візіт у Рэспубліку Беларусь прэзідэнта СРЮ З.Ліліча. 6.3.1996 Беларусь і СРЮ падпісалі дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве. У студз. 1998 і крас. 1999 СРЮ наведаў з візітамі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вясной 1999 бел. парламент падтрымаў просьбу югаслаўскага кіраўніцтва аб прыёме Саюзнай Рэспублікі Югаславіі ў Саюз Беларусі і Расіі, аднак пасля перамогі ў СРЮ апазіцыі на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах у кастр. 2000 пытанне аб далучэнні Югаславіі да саюза страціла актуальнасць і двухбаковыя адносіны набылі больш прагматычны характар.
Важным кірункам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь пасля яе выхаду на міжнар. арэну ў 1991 стала развіццё адносін з краінамі Зах. Еўропы. У 1-й пал. 1990-х г. вельмі актыўна пашыралася супрацоўніцтва Беларусі з Аўстрыяй, Бельгіяй, Германіяй, Вялікабрытаніяй, Італіяй, Нідэрландамі, Францыяй, Швейцарыяй. У сак. 1995 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь пабываў з афіц. візітам у Бельгіі, у ліп. 1996 — у Францыі, дзе 11.7.1996 падпісаны двухбаковы дагавор аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве (моцы не набыў, бо не ратыфікаваны франц. парламентам). У 2-й пал. 1990-х г. адносіны Рэспублікі Беларусь з еўрап. краінамі пагоршыліся. Дзяржавы Зах. Еўропы не прызналі вынікі канстытуцыйнага рэферэндуму ў Беларусі (ліст. 1996) і лічылі нелегітымным Нац. сход Рэспублікі Беларусь. У выніку практычна цалкам прыпыніліся кантакты на вышэйшым дзярж. узроўні. У пач. 2001 дыялог паміж Рэспублікай Беларусь і дзяржавамі Зах. Еўропы пачаў выходзіць са стану стагнацыі. Зах.-еўрап. краіны (Аўстрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Італія, Швейцарыя, Швецыя) праяўляюць цікавасць да пашырэння паліт. кантактаў з Беларуссю. У парламентах Вялікабрытаніі і Італіі створаны групы па развіцці супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. Працягваецца пашырэнне дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін. Аднак развіццё паўнавартаснага паліт. дыялогу, найперш на вышэйшым дзярж. узроўні, ставіцца ў залежнасць ад развіцця адносін Беларусі з вядучымі еўрап. арг-цыямі.
У 1-й пал. 1990-х г. паспяхова развівалася супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь са Злучанымі Штатамі Амерыкі. У ліп. 1993 ЗША наведаў з афіц. візітам Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч, у студз. 1994 у Рэспубліцы Беларусь упершыню з афіц. візітам пабываў Прэзідэнт ЗША У.Дж.Клінтан. З 1992 Беларусь і ЗША праводзілі сумесную працу па праграмах ліквідацыі стратэгічных наступальных узбраенняў. На правядзенне адпаведных мерапрыемстваў да канца 1996 Беларусь атрымала з боку ЗША каля 123 млн. долараў. У 2-й пал. 1990-х г. адносіны Рэспублікі Беларусь з ЗША пагоршыліся. У 1996 ЗША адмовіліся прызнаць вынікі бел. канстытуцыйнага рэферэндуму. У лют. 1997 амер. кіраўніцтва афіцыйна сфармулявала сваю пазіцыю ў адносінах да Беларусі, выказала намер падтрымліваць адносіны з бел. урадам на ўзроўні прадстаўніцтва, дастатковага для выканання задач ЗША, а гал. прыярытэтам зрабіць развіццё кантактаў з бел. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, незалежнымі СМІ і няўрадавымі арг-цыямі (у далейшым палітыка ЗША у адносінах да Беларусі атрымала назву «выбарачнае ўзаемадзеянне»). У кангрэсе ЗША у 2-й пал. 1990-х г. і ў пач. новага дзесяцігоддзя неаднаразова праходзілі слуханні па праблемах дэмакратыі на Беларусі, дзе жорсткай крытыцы падвяргалася ўнутраная і знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь. Заклікі кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь весці раўнапраўны, добразычлівы дыялог на аснове прызнання ўнутрыбел. рэалій не знаходзілі ў ЗША належнага водгуку.
Важным. кірункам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца супрацоўніцтва з краінамі Азіі. У 1992—93 адбыліся візіты бел. кіраўнікоў у Кітай, Манголію, Ізраіль, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Індыю, Кувейт. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў з афіц. візітамі Турцыю (1996), Рэспубліку Карэя, В’етнам (1997), Сірыю (1998, 2003), Іран (1998), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (2000), Катар (2001), Кувейт, Бахрэйн (2002). У 1997—2002 Беларусь наведвалі прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам Чан Дык Лыонг, прэм’ер-міністр Лівана Р.Харыры, міністры замежных спраў Сірыі, Лівана, М’янмы, Кувейта, Ірана, Манголіі, Лаоса. На мяжы 20—21 ст. актывізавалася супрацоўніцтва Беларусі з Іракам, аднак ваен. інтэрвенцыя ЗША і іх саюзнікаў супраць гэтай краіны ў 2003 перашкодзіла развіццю бел.-іракскіх сувязей. Рэспубліка Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Турцыяй (24.7.1996) і В’етнамам (24.4.1997). Краіны Азіі прызнаюць бел. ўнутрыпаліт. рэаліі і імкнуцца да пашырэння сувязей з Беларуссю па парламенцкай лініі. На працягу 1997—2003 Нац. сход Рэспублікі Беларусь меў добрыя адносіны з парламентамі В’етнама, Ізраіля, Ірана, Кувейта, Турцыі. Плённым з’яўляецца супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з адпаведнымі краінамі ў рамках міжнар. арг-цый (ААН, Рух недалучэння, Міжпарламенцкі саюз і інш.).
Адным з гал. партнёраў Беларусі ў Азіі з’яўляецца Кітай. Бел.-кітайскія сувязі захоўваюць дружалюбны характар, вызначаюцца ўзаемнай павагай бакоў адзін да аднаго і ўзаемаразуменнем па важнейшых пытаннях сучаснага жыцця. Умацаванню двухбаковых сувязей садзейнічалі візіты вышэйшых дзярж. кіраўнікоў Беларусі і Кітая. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў Кітай з афіц. і дзярж. візітамі ў 1995, 1997 і 2001, неаднаразова наведвалі Беларусь таксама і прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва КНР (у 1995 у Рэспубліцы Беларусь пабываў прэм’ер Дзяржсавета КНР Лі Пэн, у 2000 — нам. Старшыні КНР Ху Цзіньтао, у ліп. 2001 адбыўся візіт Старшыні КНР Цзян Цзэміня). Актыўна супрацоўнічаюць дэпутаты Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і Усекітайскага сходу нар. прадстаўнікоў, пашыраюцца сувязі на ўзроўні асобных рэгіёнаў дзвюх краін. У крас. 2001 Кітай сфармуляваў 4 прынцыпы адносін з Беларуссю. У прыватнасці, абвешчана, што Кітай з’яўляецца сябрам бел. народа, заўсёды падтрымліваў і будзе падтрымліваць унутраную палітыку бел. дзяржавы, лічыць прэзідэнцкія выбары ўнутранай справай Беларусі, выступае супраць умяшання ў яе ўнутраныя справы.
У адрозненне ад бел.-кітайскіх адносін супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Японіяй у 1990-я г. заставалася вельмі стрыманым. У 1996 Японія не прызнала вынікі бел. канстытуцыйнага рэферэндуму, хаця ў пач. новага дзесяцігоддзя стала праяўляць цікавасць да развіцця супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У парламенце Японіі створана бел.-японская група міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Даволі плённым у цяперашніх умовах з’яўляецца бел.-японскае ўзаемадзеянне на ўзроўні грамадскіх аб’яднанняў (у прыватнасці, цікавасць да развіцця сувязей з Беларуссю праяўляюць прадстаўнікі японскіх клубаў «Раторы»).
Дружалюбнасць і ўзаемаразуменне характарызуюць адносіны Рэспублікі Беларусь з Індыяй. У 1997 адбыўся афіц. візіт у Індыю Прэзідэнта Лукашэнкі. У 2001 Беларусь наведаў міністр замежных спраў Індыі А.Абдула. Бел.-індыйскія адносіны грунтуюцца на значнай дагаворна-прававой аснове. Канструктыўна супрацоўнічаюць бел. і індыйскія парламентарыі. Абедзве краіны маюць агульныя або падобныя падыходы да вырашэння многіх актуальных праблем сучаснасці і паспяхова супрацоўнічаюць у рамках ААН і інш.міжнар. арг-цый, што дазваляе ўзняць іх адносіны на больш высокі паліт. ўзровень.
У Лац. Амерыцы асн. партнёрам Рэспублікі Беларусь заставалася Куба. У 1-й пал. 1990-х г.бел.-кубінскі дыялог прыпыніўся, але ў 2-й пал. 1990-х г. адносіны зноў набылі сталы характар. У вер. 2000 Кубу з афіц. візітам наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 3.9.2000 Беларусь і Куба падпісалі дагавор аб сяброўскіх адносінах і супрацоўніцтве. Куба паважліва ставіцца да бел. ўнутрыпаліт. рэалій і падтрымлівае сувязі з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У 2-й пал. 1990-х г. Беларусь пашырыла паліт. дыялог з інш. краінамі Лац. Амерыкі і Карыбскага рэгіёна. На працягу 1998—2001 адбыліся візіты вышэйшых службовых асоб Беларусі ў Аргенціну, Калумбію, Уругвай, Чылі, Перу, Коста-Рыку, Панаму, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсію, Ямайку. Пашыраецца дагаворна-прававая база адносін з Аргенцінай, Бразіліяй, Мексікай, Перу, Уругваем, Чылі, Эквадорам.
У Афрыцы Беларусь вядзе актыўны паліт. дыялог з краінамі Магрыба (Паўн. Афрыка). У сак. 1998 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў з афіц. візітам Егіпет, у ліст. 2000 — Лівію. Развіваюцца кантакты Беларусі з Тунісам, Марока. У апошнія гады пашыраецца супрацоўніцтва Беларусі з Паўд.-Афрыканскай Рэспублікай і Анголай.
Будынак Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Гандлёва-эканамічныя адносіны Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі. У 1990-я г.эканам. сувязі Беларусі з замежнымі дзяржавамі набылі якасна новы характар. У 1994 Рэспубліка Беларусь падтрымлівала гандлёва-эканам. адносіны з 97 краінамі свету, у 2000 — са 153. Пытаннямі развіцця гандлёва-эканам. супрацоўніцтва паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі займаліся Дзярж.к-т па знешніх эканам. сувязях (у 1994—98 Мін-ва знешнеэканам. сувязей), Бел. гандлёва-прамысл. палата, замежныя дыпламат. прадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь. Беларусь удзельнічала ў міжнар. выстаўках і кірмашах, рабоце замежных арг-цый, праводзіць канферэнцыі і семінары, адкрывае свае гандл. дамы, сэрвісныя цэнтры і інш. У 2001 за мяжой дзейнічалі 169 аб’ектаў, праз якія вялася рэалізацыя бел. тавараў, з іх 135 у Рас. Федэрацыі, 11 у краінах СНД, 23 у краінах па-за межамі СНД. Распрацавана Нац. праграма развіцця экспарту на 2000—05, створаны Міжведамасны савет па развіцці экспарту, Каардынацыйны савет па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (у 2001 прынята рашэнне пра ўключэнне ў склад рабочых груп Каардынацыйнага савета буйнейшых замежных інвестараў з Германіі, ЗША, Нідэрландаў, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Расіі, Турцыі). У 2001 з мэтай актывізацыі крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва бел.Мін-ва замежных спраў падрыхтавала Інвестыцыйны атлас Рэспублікі Беларусь на рус. і англ. мовах. З шэрагам краін Беларусь стварыла спец. міжурадавыя камісіі па гандлёва-эканам. супрацоўніцтве (Арменія, Аўстрыя, В’етнам, Германія, Індыя, Ірак, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Латвія, Літва, Малдова, Польшча, Славакія, Турцыя, Узбекістан, Украіна, Швейцарыя і інш.), што дазваляе вызначыць перспектыўныя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва і найб. эфектыўныя спосабы дасягнення пастаўленых мэт. Знешнегандл. абарот Рэспублікі Беларусь (у доларах ЗША) у 1995 склаў 10 367 млн., у 2000—15 823, у 2002—17 077,7 млн.; агульны аб’ём экспарту ў 1995 склаў 4803 млн., у 2000—7331, у 2002—8097,8 млн. долараў; імпарту ў 1995—5564 млн., у 2000—8492 млн., у 2002—8979,9 млн. долараў. У гандлі з замежнымі краінамі Рэспубліка Беларусь захоўвае адмоўнае сальда.
Асаблівую ўвагу бел. кіраўніцтва аддае развіццю эканам. сувязей у межах СНД. У 1995 створаны Мытны саюз паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам. На сустрэчы ў Маскве ў сак. 1996 кіраўнікі Беларусі, Расіі, Казахстана і Кыргызстана падпісалі дагавор аб паглыбленні эканам. інтэграцыі (у 1998 да «чацвёркі» далучыўся Таджыкістан). У 2000 Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан заснавалі новае інтэграцыйнае аб’яднанне — Еўра-Азіяцкую супольнасць (ЕўрАзЭС). У 2003 Беларусь, Казахстан, Расія і Украіна абмяркоўвалі пытанні стварэння адзінай эканам. прасторы, маючы на мэце ўмацаванне інтэграцыйных сувязей на постсав. прасторы і каардынацыю дзеянняў пры ўваходжанні ў сусв.гандл. арг-цыю. У 2000 Рэспубліка Беларусь экспартавала ў краіны СНД тавараў на 4453,4 млн. долараў (з іх у Расію — на 3710,1), у 2002 — на 4461,3 (з іх у Расію — на 3977,1). Бел. імпарт з краін СНД у 2000 склаў 6000,9 млн. долараў (у т. л. з Расіі — 5604,7), у 2002—6215,7 (у т. л. з Расіі — 5922,3). Экспарт у краіны па-за межамі СНД у 2000 склаў 2926,3 млн. долараў, у 2002—3636,5 млн. Імпарт у адпаведныя краіны ў 2000 склаў 2476,5 млн. долараў, у 2002—2764,2 млн.Асн. гандлёва-эканам. партнёрам Беларусі ў межах СНД на працягу 1992—2002 заставалася Расія. У 1995 гандл. абарот з гэтай краінай складаў 5150,3 млн. долараў, у 1996—6546,5, у 1997—9453,1, у 1998—9278,5, у 1999—6988,7, у 2000—9314,8, у 2001—9400,6, у 2002—9899,4, у 2003—12 458,0 млн. Другім па значэнні партнёрам Беларусі ў межах СНД заставалася Украіна, хаця ў адрозненне ад Расіі гандаль з ёй меў адмоўную дынаміку. У 1995 гандл. абарот Беларусі з Украінай складаў 1176,2 млн. долараў, у 2000—900,3, у 2002—562,3. У 2002 у агульным аб’ёме тавараабароту Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі (па-за межамі СНД) удзельная вага краін Еўропы склала 75,9% (4860,5 млн. долараў), Азіі — 11,1% (708,5), Амерыкі — 7,5% (481,7), Афрыкі — 1,7% (105,6). Гал. знешнеэканам. партнёрамі Беларусі былі Вялікабрытанія, Германія, Італія, Латвія, Літва, Польшча.
У таварнай структуры бел. экспарту ў 2002 пераважалі мінер. прадукты, трансп. сродкі, механічныя і электрычныя машыны і абсталяванне, прадукцыя хім. прамысловасці, тэкст. вырабы. На мяжы стагоддзяў пераважная частка экспарту прадукцыі высокай і сярэдневысокай навукаёмістасці (грузавыя аўтамабілі, трактары, падшыпнікі, халадзільнікі і маразільнікі, аўтадарожная і с.-г. тэхніка, рухавікі ўнутр. згарання, фарбы і лакі, шыны) накіроўвалася ў дзяржавы СНД, найперш у Расію. На рынкі краін Захаду пастаўлялася пераважна нізкатэхнал. прадукцыя з невысокай ступенню апрацоўкі (прадукцыя сельскай гаспадаркі, лесаматэрыялы, тэкст. вырабы, лом і адходы металаў, стальныя пруткі і дрот, калійныя ўгнаенні). Міжнар. абарот паслуг Рэспублікі Беларусь у 2002 склаў 1891,3 млн. долараў, у т. л. экспарт паслуг — 1218,9 млн.Найб. ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме экспарту паслуг у 2002 займалі трансп. паслугі, аб’ём якіх склаў 691,4 млн. долараў. Экспарт дзелавых паслуг у 2002 склаў 253,6 млн. долараў, паслуг сувязі — 61,4 млн. Станоўчае сальда ў гандлі паслугамі па выніках 2002 склалася ў памеры 546,5 млн. долараў і на 61,9% кампенсавала адмоўнае сальда ў знешнім гандлі таварамі.
У 1-й пал. 1990-х г. Рэспубліка Беларусь атрымлівала крэдыты ад Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Швейцарыі. Сродкі на правядзенне эканам. рэформ на Беларусі выдзялялі ЕС, Міжнар. валютны фонд (МВФ), Еўрап. банк рэканструкцыі і развіцця. У жн. 1994 Рэспубліка Беларусь атрымала замежных крэдытаў на суму 1049,5 млн. долараў. З 2-й пал. 1990-х г. памеры крэдытавання бел. эканомікі развітымі дзяржавамі Захаду скараціліся, поўнасцю спынілася крэдытаванне з боку МВФ. З 1997 Беларусь удзельнічае ў рэалізацыі праграм па выпуску прадукцыі прамысловасці, фінансаванне якіх праводзіцца са сродкаў бюджэту Саюза Беларусі і Расіі («Развіццё дызельнага аўтамабілебудавання», «Арганізацыя серыйнай вытворчасці абсталявання для выпуску хімічных валокнаў» і інш.).
Новы імпульс у 1990-я г. атрымала практыка прыцягнення замежнага капіталу ў форме сумесных і замежных прадпрыемстваў. У 1992 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 201 сумеснае і 8 замежных прадпрыемстваў, у 2000 — адпаведна 1816 і 1332. На 1.1.2003 на Беларусі дзейнічалі 1396 сумесных і 1271 замежнае прадпрыемства. У пач. 21 ст.найб. прыцягальнымі для замежных інвестараў сталі сферы прамысл. вытворчасці, гандл. дзейнасць і транспарт. У прамысл. сектары асн. інвестыцыі прыпадалі на машынабудаванне, харчовую, лёгкую, дрэваапрацоўчую і хім. прамысловасць. Найбуйнейшыя прадпрыемствы створаны з удзелам інвестараў з Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі ў сферы будаўніцтва, вытворчасці электраізалятараў, выдавецкай справы і паліграфіі, дрэваапрацоўкі і вытворчасці прадуктаў харчавання. Цікавасць у замежных інвестараў выклікала стварэнне на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 1990-х г. свабодных эканам. зон «Брэст», «Гомель-Ратон», «Мінск» і «Віцебск». Беларусь развівае таксама кантакты з пагранічнымі дзяржавамі (Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй) у рамках еўрарэгіёнаў «Буг», «Нёман», «Азёрны край», «Белавежская пушча», «Дняпро».
Складанае становішча, у якое трапіла бел. эканоміка ў сувязі з разрывам сувязей, што склаліся ў сав. часы, паўплывала на характар яе гандлёва-эканам. дзейнасці. У 1990-я г. адмоўнай рысай гандлю Беларусі з замежнымі краінамі была вялікая ўдзельная вага безграшовых форм разліку, найперш бартэру. У 1999 бартэр у экспарце ў Расію дасягнуў 52,2% ад агульнай колькасці пастаўленай прадукцыі, у краіны па-за межамі СНД — 11,9%; у імпарце з Расіі доля бартэру склала 38,9%, з краін па-за межамі Расіі — 13,3%. У пач. 21 ст. доля бартэрных паставак у агульным аб’ёме бел. знешняга гандлю пачала скарачацца.
Культурныя і навуковыя кантакты, сувязі ў галіне спорту і турызму. Перабудова міжнар. адносін Беларусі ва ўмовах незалежнасці паўплывала на характар яе замежных сувязей у галіне навукі і культуры. У канцы 20 — пач. 21 ст. Рэспубліка Беларусь праводзіла навук. даследаванні і распрацоўкі разам са шматлікімі замежнымі навукова-даследчымі і навуч. ўстановамі. Актыўна ажыццяўлялася супрацоўніцтва з акадэміямі навук, інш.навук. ўстановамі. Да канца 1990-х г. міжурадавыя, міжакадэмічныя і міжінстытуцкія дагаворы і пагадненні заключаны з 60 краінамі свету. Толькі ў 2001 Нац.АН Беларусі мела 33 дагаворы і пагадненні, заключаныя на міжакадэмічным узроўні. На міжінстытуцкім узроўні выконваліся 302 дагаворы, праекты і кантракты з замежнымі навук. ўстановамі, фірмамі і арг-цыямі 38 краін, адбылося 780 навук. камандзіровак супрацоўнікаў АН Беларусі ў 50 краін далёкага замежжа і 245 прыёмаў замежных вучоных і спецыялістаў з 33 дзяржаў свету ў навук. установах Беларусі. Важным кірункам міжнар. супрацоўніцтва быў удзел АН Беларусі ў міжнар.навук. праграмах і праектах па лініі ЮНЕСКА, МАГАТЭ, Міжнар. навукова-тэхн. цэнтра, еўрап. праграмах INTAS і INCO-Copernicus. Значныя аб’ёмы даследаванняў і распрацовак выкананы па кантрактах з арг-цыямі Германіі, ЗША, Індыі, Рэспублікі Карэя, Нідэрландаў, Югаславіі.
Міжнар. сувязі ў галіне адукацыі ажыццяўляліся шляхам падрыхтоўкі ў бел.ВНУ спецыялістаў для замежных краін, арганізацыі двухбаковага супрацоўніцтва паміж навуч. ўстановамі Беларусі і навуч. і навук. цэнтрамі замежных краін з мэтай навучання, павышэння кваліфікацыі, правядзення навук. даследаванняў. Так, у сярэдзіне 1990-х г.навуч. ўстановы Беларусі падпісалі каля 130 пагадненняў з навуч. ўстановамі, прадпрыемствамі і фірмамі краін Еўропы, Азіі і Амерыкі. У 1994 у адпаведнасці з міжнар. пагадненнямі, а таксама на аснове дагавораў у навуч. установах Беларусі вучылася больш за 2,5 тыс. студэнтаў з 93 краін далёкага замежжа. У сваю чаргу бел. вучоныя і студэнты маглі вучыцца і стажыравацца на прадпрыемствах і ў навук. цэнтрах замежжа.
Моцным сродкам збліжэння народаў заставаліся ўзаемаабмен дасягненнямі літаратуры, кіно, выяўл. мастацтва, арганізацыя муз. і тэатральных фестываляў. У 1993 Рэспубліка Беларусь далучылася да Еўрап. культурнай канвенцыі 1954. Якасна новы змест набылі Дні бел. культуры, дзе Беларусь стала заяўляць пра сябе як пра краіну з адметнай нац. культурай еўрап. ўзроўню. З 1992 у Віцебску праводзяцца штогадовыя міжнар.муз. фестывалі «Славянскі базар» з удзелам вядомых спевакоў, кампазітараў, музыкантаў з замежных краін. У 1-й пал. 1990-х г. актывізавалася дзейнасць па вяртанні на Бацькаўшчыну культурных каштоўнасцей, што знаходзіліся за межамі Беларусі (рэстытуцыі). У сярэдзіне 1990-х г. адпаведныя міжурадавыя пагадненні падпісаны ці падрыхтаваны да падпісання з большасцю краін СНД, Польшчай, Літвой, Германіяй, Чэхіяй, Славакіяй, ЗША. Умацаванню культ. сувязей спрыяла дзейнасць на Беларусі Культурна-адукац. цэнтра імя Гётэ (Германія), Франка-бел. інфарм. залы, Брытанскага савета, Інфарм. цэнтра пасольства ЗША.
Разнастайную палітру муз. праграм прадстаўлялі бел. прафесійныя калектывы за мяжой (у 1990-я г. гастролі праходзілі ў Бразіліі, Германіі, Індыі, Іспаніі, Італіі, Кітаі, Літве, Польшчы, Францыі, Швейцарыі, Японіі і інш.). Актыўную гастрольную дзейнасць ажыццяўлялі трупы бел. балета і оперы, Дзярж. акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзярж. ансамбль танца, Дзярж. акадэмічны нар. хор імя Г.І.Цітовіча, ансамбль салістаў «Класік-авангард» і інш.Бел. тэатральнае мастацтва было прадстаўлена на найб. прэстыжных творчых форумах свету, сярод якіх Эдынбургскія фестывалі ў Вялікабрытаніі, Шылераўскія фестывалі і Бонскае біенале ў Германіі, Шэкспіраўскія фестывалі ў Іспаніі і Польшчы, Чэхаўскія фестывалі ў Расіі, фестывалі тэатр. мастацтва ў Егіпце, Францыі і многія інш. Годна прадстаўлялі сваю творчасць за межамі краіны бел. мастакі, скульптары, кінематаграфісты. Толькі ў 2001 з гастролямі, канцэртнымі праграмамі, для ўдзелу ў міжнар. конкурсах, фестывалях, выстаўках па лініі Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь больш за 3 тыс. артыстаў і дзеячаў мастацтва выехалі ў 18 краін свету, у т. л. ў Германію, Ірландыю, Іспанію, Італію, Кітай, Латвію, Нідэрланды, Польшчу, Расію, Турцыю, Украіну, Францыю. Мін-ва культуры забяспечвала міжнар. культурнае супрацоўніцтва з больш чым 30 краінамі свету на аснове 33 міжурадавых і міжведамасных дагавораў, заключаных з гэтымі дзяржавамі, у т. л. 4 пагадненні з рознымі рэгіёнамі Рас. Федэрацыі.
Паспяхова развіваліся сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА. У вер. 1998 Беларусь і ЮНЕСКА падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Пры дапамозе ЮНЕСКА адзначаліся 400-годдзе памяці гуманіста і філосафа С.Буднага, 100-годдзе з дня нараджэння бел. пісьменнікаў М.Багдановіча і М.Гарэцкага. Таксама ЮНЕСКА дапамагала Беларусі ў захаванні традыцыйнай культуры, мовы, фальклору, культурных і гіст. помнікаў, у вырашэнні праблем, звязаных з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы 1986. Дзякуючы дапамозе гэтай арг-цыі, наладжана камп’ютэрная сетка ў АН Беларусі, разгорнута сістэма камп’ютэрных каталогаў у Нац. б-цы Рэспублікі Беларусь. Паводле рашэння ЮНЕСКА 2 помнікі бел. даўніны — Белавежская пушча і замкавы комплекс Мір — унесены ў Спіс сусв. культурнай і прыроднай спадчыны. Значную работу па ўмацаванні міжнар. сувязей Беларусі праводзяць Бел.т-ва дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, Міжнар. асацыяцыя беларусістаў, інш. арг-цыі. Працягваецца супрацоўніцтва паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі ў рамках параднёных гарадоў. Пры дапамозе замежных краін і міжнар. арг-цый Беларусь паспяхова вырашала праблемы ў сферы аховы навакольнага асяроддзя; толькі ў 2002 рэалізавана 12 міжнар. экалагічных праектаў на суму больш за 4,8 млн. долараў.
У 1990-я г. на Беларусі актыўна развівалася сістэма міжнар. турызму, якая стала адной з форм знешнеэканам. дзейнасці дзяржавы. У 2002 пытаннямі міжнар. турызму займалася каля 500 бел. фірм. Гал. партнёрамі Беларусі ў сферы міжнар. турызму з’яўляюцца Расія, Украіна, Германія, Польшча, Вялікабрытанія, Турцыя, Чэхія, Славакія, Балгарыя, Швецыя, Нідэрланды, Літва. У 1992 за мяжой (без краін СНД) пабывала 312 258 турыстаў з Беларусі, у 1995—570 899, у 2000—1 181 570, у 2002—1 198 669. Колькасць замежных турыстаў, што наведалі Беларусь, павялічылася з 29 877 чал. у 1992 да 55 177 чал. у 2002. У Беларусь турысты пераважна прыбываюць з Польшчы, Вялікабрытаніі, Расіі, Латвіі, Германіі, Ізраіля, Літвы, Кіпра, Украіны. У 1996 у межах сумеснага праекта ўрада Рэспублікі Беларусь і ПРААН «Садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму развіццю Рэспублікі Беларусь у пераходны перыяд» распрацаваны турыстычны маршрут «Залатое кальцо Беларусі». Планавалася, што ён аб’яднае ў адзіны турысцка-гасп. комплекс усе тэрыторыі і аб’екты краіны, якія маюць цікавасць як турысцка-экскурсійныя і рэкрэацыйныя аб’екты ці спартыўна-аздараўленчыя базы і зоны адпачынку.
Умацоўваюцца спарт. сувязі Беларусі з замежнымі краінамі. Бел. спартсмены паспяхова ўдзельнічалі ў летніх і зімовых Алімпійскіх гульнях у Барселоне (1992), Лілехамеры (1994), Атланце (1996), Нагана (1998), Сіднеі (2000), Солт-Лейк-Сіці (2002), інш.міжнар. спаборніцтвах. Напр., на XXVIII летніх Алімпійскіх гульнях у Афінах (2004) 153 спартсмены Беларусі спаборнічалі ў 23 відах алімпійскіх праграм і атрымалі 2 залатыя, 6 сярэбраных і 7 бронзавых медалёў. Неаднаразова міжнар.спарт. турніры праводзіліся і на бел. тэрыторыі. Рэспубліка Беларусь стала паўнапраўным членам К-та па развіцці спорту Савета Еўропы, прычым бел. прадстаўнік першы з краін Усх. Еўропы ўвайшоў у склад яго Выканкома.
Літ.:
Белорусская ССР в международных отношениях: Междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР с иностр. государствами (1944—1959). Мн., 1960;
Броўка Ю.П. Да пытання аб удзеле Беларускай ССР у стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1963. №2;
Яго ж. Международная правосубъектность БССР. Мн., 1967;
Переписка Председателя Совета Министров СССР с президентами США и премьер-министрами Великобритании во время Великой Отечественной войны 1941—1945 гг.Т. 1—2. М.;
1976;
Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны, 1941—1945 гг.: Сб. док. Т. 3—5. М., 1978—84;
Белорусская ССР в международных отношениях: Многосторон. междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР (1960—1980). Мн., 1983;
Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986;
Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг.Мн., 1994;
Яго ж. «Мы, народы Объединенных Наций...»: Об участии Беларуси в деятельности ООН // Нёман. 1995. №10;
Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гт. Мн., 1997;
Яго ж. Внешняя политика Республики Беларусь: первые итоги первого десятилетия // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 2000. № 4;
Яго ж. Беларуская дзяржаўнасць і дыпламатыя ў XX ст. // Там жа. 2001. № 1;
Яго ж. Белорусско-российские отношения на рубеже столетий (конец 1999 — начало 2001 гг.) // Там жа. 2001. №2;
Яго ж. Беларусь в международных отношениях // История Беларуси: (Краткий очерк). Мн., 2002;
Запруднік Я. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996;
Белоруссия на перепутье: в поисках международной идентичности. М., 1998;
Национально-государственные интересы Республики Беларусь. Мн., 1999;
Смирнов В.С. Внешняя политика и дипломатия Республики Беларусь. Мн., 1999;
Розанов А. Внешняя политика Беларуси: новые очертания // Беларусь в мире. 1999. №2—3;
Суверенитет и многовекторность внешней политики Республики Беларусь в современных условиях. Мн., 2000;
Шадурский В.Г. Культурные связи Беларуси со странами Центральной и Западной Европы (1945—1990-е гг.). Мн., 2000;
Приоритеты внешней политики Республики Беларусь. Мн., 2001;
Внешняя политика Беларуси в исторической ретроспективе: Материалы междунар. науч. конф., 24—25 мая 2002 г.Мн., 2002;
Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 6. Мн., 2003;
Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях, 1772—2002. Мн., 2003;
Качуровский Е., Астапченко Ю. Беларусь: новая торговая политика. Мн., 2003;
Мир и Беларусь. Аспекты устойчивого развития. Мн., 2003;
Беларусь і Польшча — Polska i Białorus. Warszawa, 2003;
Челядинский А.А. Внешнеполитические приоритеты и интересы Республики Беларусь // Бел. журнал междунар. права и междунар. отношений. 2003. №4;
Актуальные вопросы международных отношений и внешней политики Беларуси: Материалы науч. семинаров, янв.—дек., 2002 г.Мн., 2003;
Беларусь в современном мире. Мн., 2003.
У.Е.Снапкоўскі (фарміраванне асноў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, Беларусь — адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Беларусь і міжнародныя арганізацыі), А.В.Ціхаміраў (двухбаковыя сувязі Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі, гандлёва-эканамічныя адносіны Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі, культурныя і навуковыя кантакты, сувязі ў галіне спорту і турызму).