ЛІ́ЧБАВАГА КАНТРО́ЛЮ МАШЫ́НА,

разнавіднасць кіравальнага выліч. комплексу для атрымання і апрацоўкі вымяральнай, кантрольнай, дыягнастычнай інфармацыі. Выкарыстоўваюцца ў гібкіх аўтаматызаваных вытворчасцях, на заводах-аўтаматах, у сістэмах аўтам. кіравання тэхнал. працэсамі і абсталяваннем, станках з лічбавым кіраваннем і інш.

Звычайна ўбудоўваецца ў абсталяванне ў розным канструкцыйным выкананні, радзей як Л.к.м. выкарыстоўваюцца аўтаномныя міні- ці мікра-ЭВМ. Маюць абмежаваныя магчымасці апрацоўкі інфармацыі, спрошчаную арганізацыю прылад уводу-вываду (для сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі дадаткова забяспечваюцца стандартнымі блокамі ўводу-вываду) і невял. колькасць перыферыйных прылад. Пры выкарыстанні Л.к.м. працэс кантролю, рэгулявання і кіравання зводзіцца да выканання тыповых алгарытмаў першапачатковай апрацоўкі інфармацыі, праграмна-лагічнага кантролю і кіравання, ідэнтыфікацыі, аптымальнага і адаптыўнага кіравання і рэгулявання.

М.​П.​Савік.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДА́ЧА ДА́НЫХ,

перадача інфармацыі, прадстаўленай у выглядзе пэўнага кода. Тэрмін выкарыстоўваўся ў тэлеграфіі, пазней таксама для абазначэння працэсу абмену інфармацыяй паміж ЭВМ з дапамогай апаратуры. Асн. характарыстыкі сістэм П.д. — скорасць перадачы, імавернасць памылкі і інш.

У пашыраным сэнсе П.д., у т. л. тэлефанія, электронная пошта, відэаканферэнцсувязь, праграмы радыё- і тэлевізійнага вяшчання — перадача эл. сігналаў (пераважна лічбавых) сродкамі электрасувязі. Адрозніваюць лакальныя і глабальныя (напр., Інтэрнет) сеткі П.д., якія дазваляюць атрымліваць любы від паведамленняў. Глабальныя сеткі П.д. з’яўляюцца сеткамі агульнага карыстання і даюць абанентам максімум паслуг сувязі. П.д. ажыццяўляецца па лічбавых каналах правадной і бесправадной (напр., радыёканалах) сувязі; пры П.д. па аналагавых каналах дадаткова выкарыстоўваюцца спец. прылады — мадэмы.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАМСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1505,

канстытуцыя «Нігель нові» (лац. «нічога новага»), заканадаўчы акт Польшчы, прыняты сеймам у г. Радам 30.3—14.6.1505. Забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды палат сейма — Сената і Пасольскай Ізбы. Скасавала Мельніцкі прывілей 1501, якім кароль Аляксандр устанавіў кантроль Сената (г.зн. магнатаў) над каралеўскай уладай, і фактычна аддала ўладу Пасольскай Ізбе. Садзейнічала набыццю шляхтай статуса пануючага саслоўя ў дзяржаве. Пастанова сейма 1538 дадаткова забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды сейма. Аднак пры гэтым не быў праведзены дакладны падзел кампетэнцыі караля, Сената і Пасольскай Ізбы, што ў спалучэнні з прынцыпам аднагалосся (ліберум вета) стала адной з прычын зрывання сеймаў. Канстытуцыя 1505 зацвердзіла таксама ўсе ранейшыя саслоўныя прывілеі і правы шляхты.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА МАНІФЕСТА́ЦЫЙ,

магчымасць праводзіць дэманстрацыі, мітынгі, сходы, вулічныя шэсці і пікетаванне; адна з асноўных канстытуцыйных паліт. свабод грамадзян. С.м., якія не парушаюць правапарадак і правы інш. грамадзян, гарантуецца дзяржавай. У дэмакр. краінах аб маніфестацыях, апрача простых пікетаў, звычайна загадзя паведамляюць. Улады могуць забараніць маніфестацыі ў месцах, якія маюць важнае значэнне для нармальнага функцыянавання гар. транспарту. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб С.м. — Канстытуцыя (арт. 35) і Закон «Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсцях, дэманстрацыях і пікетаванні» ад 30.12.1997. Забараняецца правядзенне маніфестацый, калі іх мэтай з’яўляецца гвалтоўная змена канстытуцыйнага ладу ці прапаганда вайны, сац., нац., рэліг. або расавай варожасці. Мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы могуць дадаткова рэгламентаваць парадак правядзення маніфестацый з улікам мясц. умоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯГА́Ч,

машына для буксіроўкі прычэпаў, паўпрычэпаў і інш., а таксама ўстаноўкі навяснога с.-г., дарожна-буд. і інш. абсталявання. Мае счэпны механізм, прыстасаванні для далучэння да тармазной сістэмы і электраабсталявання прычэпа.

Адрозніваюць буксірныя і седлавыя Ц. Буксірныя Ц. маюць цягава-счэпны механізм. Для павелічэння счэпнай вагі пры транспартаванні непадзельных і цяжкавагавых грузаў кузаў Ц. дадаткова нагружаюць баластам (баластавыя Ц.). Уседлавых Ц. замест грузавой платформы ўстаноўлены апорна-счэпны механізм (сядло) для злучэння з рамай паўпрычэпаў. У параўнанні са звычайнымі трактарамі і аўтамабілямі Ц. маюць павышаную магутнасць рухавіка, большыя перадатачныя адносіны ў сілавой перадачы, укарочаную базу.

На Беларусі Ц. распрацоўваюць і выпускаюць прадпрыемствы вытв. аб’яднання «БелаўтаМАЗ» і Мінскі з-д колавых цягачоў.

т. 17, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

се́тачнік, ‑а, м.

1. Той, хто пляце сеткі (у 1 знач.).

2. Рабочы на машыне, якая вырабляе паперу. Сетачнік тае. Кавалёў за першую працоўную вахту выпрацаваў каля трох тон паперы дадаткова да плана. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАЛУМБІ́ЙСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т Засн. ў 1754 у Нью-Йорку як Каралеўскі каледж, з 1784 — Калумбійскі каледж. З 1912 мае статус ун-та. Прыватная навуч. ўстанова. Мае 2 аддзяленні: Калумбійскі каледж і Школу тэхн. і прыкладных навук; у іх склад уваходзяць асобныя каледжы і школы. У 1996/97 навуч. г. каля 20 тыс. студэнтаў. У К.у. уваходзяць каледжы: лячэбны і хірург.; бізнесу; агульных дысцыплін; калумбійскі (у праграме вывучэнне старажытнасцей, гісторыі мастацтва, астрафізікі, біяхіміі, класічных моў, камп’ютэрных дысцыплін, эканомікі, філасофіі, псіхалогіі і інш.); школы: тэхнікі і прыкладных навук; планавання і архітэктуры; мастацтва і навукі; міжнар. адносін; журналістыкі; права; медыцыны і інш. Выпускнікі ун-та атрымліваюць дыплом бакалаўра мастацтваў, навук, магістра навук (4 гады навучання), доктара (дадаткова 1—2 гады навучання).

В.​М.​Навумчык.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СТРАВЫЯ ГРАФІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

комплекс апаратна-праграмных сродкаў увядзення, апрацоўкі, захоўвання і ўзнаўлення аптычных відарысаў.

Зыходны 2-мерны відарыс дыскрэтызуецца з дапамогай растравага сканера і пераўтвараецца ў лічбавы відарыс у выглядзе матрыцы элементаў (пікселаў). Для каляровых відарысаў дадаткова праводзіцца колерадзяленне і фарміруюцца асобныя матрыцы для кожнага з асн. колераў. Для такога пераўтварэння 3-мерных відарысаў найб. пашыраны метад сячэння зыходнага аб’екта паралельнымі плоскасцямі і фарміравання паслядоўнасці 2-мерных матрыц, а таксама метад 2-мернага растравага ўвядзення эквівалентных светлавых ліній на паверхні аб’екта. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах тэхн. зроку ў робататэхніцы, медыцыне, паліграфіі, лёгкай прам-сці і інш., Гл. таксама Лічбавая апрацоўка відарысаў.

На Беларусі Р.г.с. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

В.​К.​Ерахавец.

т. 13, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТА́НСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

дзяржаўная сістэма выхавання і навучання, якая існавала ў 8—4 ст. да н.э. ў Спарце (Стараж. Грэцыя) з мэтай падрыхтоўкі фіз. развітых, вынослівых, смелых, валявых, рашучых і дысцыплінаваных воінаў. Выхаванне вялося ў дзярж. інтэрнатах ваен. тыпу. Вучні падзяляліся на 2 групы: малодшыя (хлопчыкі 7—14 гадоў) і эфебы (юнакі 14—20 гадоў). Уключала сістэму разнастайных фіз. практыкаванняў, загартоўванне, навучанне вайск. майстэрству, а таксама чытанню, пісьму, выразнай мове, харавым спевам, ігры на муз. інструментах. Ужываліся фіз. пакаранні. С.в. прадугледжвала ўсебаковае фіз. выхаванне і для дзяўчынак. Яны дадаткова вучыліся спевам і танцам; у адрозненне ад хлопчыкаў выхоўваліся не ў інтэрнатах, а ў сям’і. У пераносным сэнсе С.в. называюць сістэму выхавання, якая фарміруе вынослівасць, стойкасць, здольнасць пераносіць цяжкасці і нягоды.

Т.​І.​Адула.

т. 15, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

dorwać

зак.

1. дарваць;

dorwać ostatnie wiśnie — абарваць апошнія вішні;

2. нарваць (дадаткова)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)