ВІ́НДХ’Я, Віндыйскія горы,

платопадобныя горы на Пн п-ва Індастан, у Індыі. Выш. да 881 м. Паўн. схілы пакатыя, паўднёвыя — стромкія. Складзены з вулканічных парод, пясчанікаў і кварцытаў. Трапічныя мусонныя лясы, участкі саваннаў. Нац. парк Шыўпуры (б. назва Мадх’я-Бхарат).

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎВО́СТРАЎ,

участак сушы, які рэзка і далёка выдаецца ад краю мацерыка або вострава ў мора. Большасць П. — прамы працяг мацерыка (Апенінскі, Малая Азія, Лабрадор). Некаторыя П. раней былі астравамі, а затым далучыліся да мацерыкоў (Індастан, Камчатка, Крымскі, Фларыда). Самы вялікі П. Зямлі — Аравійскі.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛКСКІ ПРАЛІ́Ў (англ. Palk Strait),

праліў паміж п-вам Індастан і паўн. краем в-ва Шры-Ланка. Злучае Бенгальскі і Манарскі зал. Індыйскага ак. Даўж. 150 км, найменшая шыр. каля 55 км, глыб. 2—9 м. Названы імем брыт. дзярж. дзеяча Р.​Полка.

т. 12, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЛГІ́РЫ,

горны масіў на Пд п-ва Індастан, у Індыі, на стыку Зах. і Усх. Гатаў. Складзены з гнейсаў, крышт. сланцаў, парфіраў. Выш. да 2636 (г. Дадабета). Платопадобная вяршыня, стромкія схілы, парэзаныя цяснінамі. Высакатраўныя лугі з рэшткамі вечназялёных трапічных лясоў і крывалессяў. Чайныя і кававыя плантацыі, эўкаліптавыя гаі. Горныя кліматычныя курорты (Утакаманд, Кунур і інш.).

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ЗІЯ ў геалогіі,

сутыкненне вялізных літасферных пліт або кантынентаў. У месцы К. ствараліся магутныя горныя сістэмы, пароды зямной кары зміналіся ў складкі, разломаўтварэнне дасягала глыбінь мантыі, актывізаваліся тэктанічныя і вулканічныя працэсы. Прыкладам К. служыць сутыкненне п-ва Індастан (Інд. платформа якога лічыцца ч. даюрскага кантынента Гандвана) з кантынентам Еўразія, што, магчыма, з’явілася адной з прычын утварэння Гімалаяў.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛВА,

плато на ПнЗ п-ва Індастан, у Індыі. Абмежавана на ПнЗ хр. Аравалі, паўд. ч. ўваходзіць у склад гор Віндх’я. Выш. 200—600 м. Складзена пераважна з пясчанікаў, перакрытых на Пд базальтавымі лавамі. Характэрны згладжаныя масівы і моцна расчлянёныя ступеньчатыя раўніны. Клімат субэкватарыяльны, мусонны, ападкі (каля 1000 мм за год) выпадаюць пераважна летам. Рэдкастойныя мусонныя лясы і ксерафітныя хмызнякі. Вырошчваюць бавоўнік, пшаніцу.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́МАЎ МОСТ,

ланцуг скал, водмеляў, невял. каралавых астравоў у Полкскім праліве, паміж п-вам Індастан і в-вам Шры-Ланка. Даўж. каля 30 км. Належыць Індыі і Шры-Ланцы. След былой сухапутнай сувязі в-ва Шры-Ланка з мацерыком Еўропы — Азіі.

Назва звязана з паданнем пра шлях Адама, выгнанага з раю на зямлю (на в-аў Шры-Ланка), які перайшоў на Ам. на мацярык.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУ́НГЛІ (англ. jungle ад джангал, на мове хіндзі — лес, зараснікі),

дрэвава-хмызняковыя зараснікі ў спалучэнні з высокімі грубасцяблістымі дрэвападобнымі злакамі (гіганцкім бамбукам, цукр. трыснягом, эрпантусам і інш.). Звычайна густыя, месцамі абвітыя ліянамі. Характэрны для вільготных мусонных абласцей тропікаў, пераважна ў Паўд. (Індастан) і Паўд.-Усх. Азіі (Індакітай. Зондскія а-вы); трапляюцца ў пераўвільготненых субтрапічных абласцях (Д. Усход і інш.). Часам Дж. памылкова называюць цяжкапраходныя ўчасткі забалочаных трапічных лясоў.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ШНА, Кістна,

рака на п-ве Індастан, на Пд Індыі. Даўж. 1280 км, пл. бас. 330 тыс. км². Вытокі ў Зах. Гатах, перасякае з З на У Дэканскае пласкагор’е, упадае ў Бенгальскі зал., утварае дэльту. Асн. прыток — р. Тунгабхадра. Жыўленне дажджавое, мусонны рэжым з летняй паводкай. Сярэдні гадавы расход вады 1730 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння; гідравузел Нагарджунсагар. У нізоўі суднаходная, злучана каналам з дэльтай р. Гадавары. На К. — г. Віджаявада.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСО́ННЫЯ ЛЯСЫ́,

лістападныя лясы абласцей з мусонным кліматам, якія скідваюць лісце ў сухі сезон. Адрозніваюць вільготныя мяшаныя М.л., фларыстычны склад якіх параўнальна бедны (цік, сал, эўкаліпт, падлесак з вечназялёных відаў расліннасці, травяное покрыва самкнутае) і сухія монадамінантныя М.л., якія складзены з аднаго віду (салавыя, эўкаліптавыя і інш.). Пашыраны ў тропіках, трапляюцца ў субтрапічных і ўмераных шыротах (на Д. Усходзе, п-вах Індастан, Індакітай, у Паўн. і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Цэнтр. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы).

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)