КАЦЯРЫ́НА I Аляксееўна

(15.4.1684, каля г. Алуксне, Латвія — 17.5.1727),

расійская імператрыца [1725—27]. Дачка бел. прыгоннага селяніна-католіка С.​Скаўронскага, які перасяліўся з Мінскага ваяв. ў Ліфляндыю; да прыняцця праваслаўя мела імя Марта. У час Паўн. вайны 1700—21 пры ўзяцці рас. войскамі ў вер. 1702 г. Марыенбург (цяпер Алуксне) трапіла ў палон. З 1705 неафіцыйная, з 1712 афіцыйная жонка Пятра I. Нарадзіла 8 дзяцей, з якіх выжылі 2 дачкі — Ганна (1708—28) — герцагіня гольштэйнская, маці рас. імператара Пятра III, і Лізавета (1709—62) — будучая імператрыца Лізавета Пятроўна. Каранавана ў 1724. Пасля смерці Пятра I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым, які пры ёй фактычна кіраваў дзяржавай. У яе цараванне створаны Вярхоўны тайны савет, адкрыта рас. АН у Пецярбургу (1725).

Літ.:

Андреев В. Представители власти в России после. Петра I: Репр. воспр. изд. 1871 г. Мн., 1990;

Буганов В.И. Екатерина 1 // Вопр. истории. 1994. № 11.

Кацярына I. Мастак Ж.​М.​Нацье. 1717.

т. 8, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЗАВЕ́ТА ПЯТРО́ЎНА (29 12.1709, Масква — 5.1.1762),

расійская імператрыца [1741—62]. З дынастыі Раманавых. Дачка Пятра I і Кацярыны I. Заняла прастол у выніку дварцовага перавароту 6.12.1741 супраць малалетняга Івана VI Антонавіча і яго маці Ганны Леапольдаўны (рэгенткі пры ім). Прызначыла пераемнікам свайго пляменніка Карла Петэра Ульрыха фон Гольштэйн-Готарпа (пазней Пётр III), у 1745 ажаніла яго з прынцэсай Соф’яй Аўгустай Фрэдэрыкай фон Ангальт-Цэрбсцкай (будучая Кацярына II). У час праўлення Л.П. ў Расіі ліквідаваны ўнутр. мытні (з 1.4.1754), адменена пакаранне смерцю (1756), заснаваны Маскоўскі універсітэт (1755), першы рас. публічны т-р (1756), Пецярбургская Акадэмія мастацтваў (1757), адбылася рас.-швед. вайна 1741—43, якая завяршылася Абаскім мірным трактатам 1743, рас. войскі ўдзельнічалі ў Сямігадовай вайне 1756—63.

Літ.:

Анисимов Е.В. Россия в середине XVIII в.: Борьба за наследие Петра. М., 1986;

Наумов В.П. Елизавета Петровна // Вопр. истории. 1993. № 5;

Валишевский К.Ф. Дочь Петра Великого. Ростов н/Д, 1998.

Імператрыца Лізавета Пятроўна. Гравюра Ж.​Меку паводле арыгінала А.​Бенера. 1817.

т. 9, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙБ-ГВА́РДЫЯ (ад ням. Leib цела + гвардыя),

асабістая ахова манарха і ганаровае найменне адборных прывілеяваных вайск. часцей у некат. краінах. У Расіі ўведзена ў канцы 17 ст. У далейшым гэта найменне мелі амаль усе гв. часці рас. арміі. Часціца «лейб» дадавалася таксама да назвы часцей, шэфамі якіх былі імператар або імператрыца.

т. 9, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРА ФЁДАРАЎНА (сапр. Аліса Вікторыя Алена Луіза Беатрыса; 25.5.1872 — 16.7.1918),

апошняя рас. імператрыца, жонка Мікалая II (з 1894). Дачка вял. герцага гесен-дармштацкага Людовіка IV. Была прыхільніцай неабмежаванага самадзяржаўя, узначальвала германафільскія групоўкі пры двары, бязмежна давярала авантурысту Р.Я.Распуціну, які выкарыстоўваў яе прыхільнасць пры вырашэнні важных паліт. пытанняў. У час 1-й сусв. вайны патранавала службу Чырв. Крыжа, была ў прыфрантавой зоне, на Зах. фронце, у т. л. ў Мінску і Магілёве. Расстраляна разам з царскай сям’ёй у Екацярынбургу.

т. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЯРБУ́РГСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1762,

мірны дагавор паміж Расіяй і Прусіяй (5.5.1762, С.-Пецярбург), які спыніў стан вайны паміж гэтымі дзяржавамі (гл. Сямігадовая вайна 1756—63). Заключаны па ініцыятыве рас. імператара Пятра III. Расія вяртала Прусіі ўсе занятыя рас. войскамі прускія землі, абавязвалася спрыяць заключэнню міру паміж Прусіяй і Швецыяй. Незадаволенасць патрыятычна настроеных колаў рас. арміі і грамадства П.м.д. і саюзным трактатам з Прусіяй (19.6.1762) паспрыяла звяржэнню Пятра III (9.7.1762), аднак новая імператрыца Кацярына II пакінула П.м.д. у сіле.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНСЕРЭ́,

расійскія мастакі; бацька і сын.

Яўген Аляксандравіч (24.8.1848, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 4.4.1886), скульптар. У 1867 і 1876 вывучаў маст. ліццё ў Парыжы. Майстар дробнай, пераважна жанравай скульптуры, анімаліст. Сярод твораў: «Тройка» (1868), «Сакалінае паляванне» (1872), «Запарожац пасля бітвы» (1873), «Кіргізскі касяк адпачывае» (1880), «Арабская конная гульня» (1884), «Святаслаў» (1886). Яўген Яўгенавіч (4.9.1875, г. Паўлаўск Ленінградскай вобл. — 13.9.1946), графік і жывапісец. Акад. жывапісу (з 1912). Засл. дз. маст. Грузіі (1933). Нар. мастак Расіі (1945). Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў у Пецярбургу (1892—95), у акадэміях Каларосі і Жуліяна ў Парыжы (1895—98). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Выкладаў у Тбіліскай АМ (1922—34), Маскоўскім арх. ін-це, Усерасійскай АМ у Ленінградзе (1934—38). Зазнаў уплывы А.Бенуа і К.Сомава. Творчасць вызначаецца імкненнем да жыццёвай пераканаўчасці, канкрэтнасці ў перадачы гіст. эпохі, цікаўнасцю да нар. жыцця. Выконваў сатыр. малюнкі для часопісаў «Жупел», «Адская почта», «Зритель» (1905—08), ілюстраваў творы Л.​Талстога, М.​Лермантава і інш. Аўтар станковых работ «Нікольскі рынак у Пецярбургу» (1901), «Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле» (1905), «Караблі часоў Пятра I» (1911), серыі «Трафеі рускай зброі» (1942), манум. размалёвак у будынках Казанскага вакзала (1933—34, 1945—46) і гасцініцы «Масква» (1937) у Маскве. Афармляў спектаклі ў Малым т-ры ў Маскве. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Літ.:

Подобедова О.И. Е.​Е.​Лансере. М., 1961.

Я.Я.Лансерэ. Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле. 1905.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫСІ́, Цы Сі (29.11.1835—15.11.1908),

маньчжурская імператрыца, якой фактычна належала ўлада і ў Кітаі ў 1861—1908. З маньчжурскага роду Нара. Была наложніцай імператара Сяньфына, а пасля нараджэння сына — наследніка прастола — стала яго другой жонкай. Рэгентша ў 1861—73 і 1875—1889. Супрацьстаяла спробам прагрэс. рэформ, што вяло да эканам. адставання Кітая і яго закабалення імперыял. дзяржавамі. У 1898 у выніку дварцовага перавароту (гл. «Сто дзён рэформ») зноў сканцэнтравала ў сваіх руках усю ўладу.

Літ.:

Семанов В.И. Из жизни императрицы Цыси, 1835—1908. М.,1976.

т. 17, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУ́ЛІС Алена Андрэеўна (н. 27.7.1943, в. Складанцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1968). Працавала ў т-рах Расіі. У 1973—75 і з 1983 у Гродзенскім, у 1978—83 у Магілёўскім абл. драм. т-рах. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Дама («Тутэйшыя» Я.​Купалы), Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Імператрыца Аляксандра Фёдараўна («Змова імператрыцы» А.​К.​Талстога і П.​Шчогалева), Валянціна Андронаўна («Заўтра была вайна» паводле Б.​Васільева), Валянціна («Зоркі на ранішнім небе» А.​Галіна), Мірандаліна («Гаспадыня гасцініцы» К.​Гальдоні), Марыя Сцюарт (аднайм. п’еса Ф.​Шылера), Марта («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.​Олбі).

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria; 24.5.1819, Лондан — 22.1.1901),

каралева Вялікабрытаніі і Ірландыі [1837—1901], імператрыца Індыі [1876—1901]. Апошняя прадстаўніца Гановерскай дынастыі. Час яе праўлення наз. «віктарыянскай эрай» (падзяляецца на 3 перыяды). Першы (ранневіктарыянскі) перыяд быў адметны сац. напружаннем (гл. Чартызм, барацьба супраць хлебных законаў). У сярэдневіктарыянскі (1846—73) пашырыўся эканам. лібералізм, устанавілася прамысл. і гандл. манаполія Англіі ў свеце, зменшылася сац. напружанасць. У познавіктарыянскі час Вялікабрытанія стала найб. моцнай сярод еўрап. дзяржаў. Вяліся калан. войны з краінамі Азіі і Афрыкі; завяршылася заваяванне Індыі. У л-ры, мастацтве з’явіўся новы «віктарыянскі» стыль, яго пераймалі ў інш. краінах. У гонар Вікторыі названы гарады, рэкі, астравы, тэрыторыі і правінцыі ў краінах, якія ўваходзілі ў склад Брыт. імперыі.

Вікторыя.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ТРЫХ (Dietrich) Марлен [сапр. Лош (Losh) Марыя Магдалена фон; 27.12.1904, Берлін — 5.5.1992). амерыканская кінаактрыса. Вучылася ў Муз. акадэміі і Школе драм. мастацтва М.Райнгарта (Берлін). У 1922 дэбютавала ў т-ры, у 1923 — у кіно. У 1930 сыграла першую значную ролю ў фільме «Блакітны анёл» (паводле рамана Т.​Мана). З 1930 у Галівудзе, ЗША. Здымалася ў экзатычных фільмах рэж. Дж.​Штэрнберга «Шанхайскі экспрэс», «Чырвоная імператрыца», «Д’ябал — гэта жанчына» ў амплуа жанчыны-«вамп», была адной з самых папулярных «зорак» амер. кіно 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну вяла антыфаш. прапаганду. У 1950-я г. стварыла яркія складаныя характары ў фільмах «Сведка абвінавачання», «Працэс у Нюрнбергу» і інш. Вядома і як эстр. спявачка.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)