ВАЛО́КНЫ ПРЫРО́ДНЫЯ, валокны натуральныя,

тэкстыльныя валокны расліннага, жывёльнага і мінер. паходжання для вырабу пражы.

Раслінныя валокны прыродныя (баваўняныя, ільняныя, канапляныя, джутавыя і інш.) складаюцца з цэлюлозы, якой спадарожнічаюць геміцэлюлоза і лігнін. Вылучаюць з насення, лісця ці сцёблаў раслін. Выкарыстоўваюць у вытв-сці тканін, трыкатажу, нятканых вырабаў, швейных нітак, вяровак, канатаў. Жывёльныя валокны прыродныя — шэрсць (валокны валасянога покрыва авечак, коз і інш.) і шоўк (валокны з выдзяленняў залоз вусеняў тутавага і інш. шаўкапрадаў); іх асновай з’яўляецца бялок — керацін. Шарсцяныя валокны маюць нізкую цеплаправоднасць, эластычныя, гіграскапічныя, але нетрывалыя. Выкарыстоўваюць для вытв-сці касцюмных, палітовых тканін, трыкатажу, лямцавых вырабаў. Шоўк мае высокую трываласць, эластычнасць, гіграскапічнасць, лёгка фарбуецца. З яго вырабляюць тонкія плаццевыя і бялізнавыя тканіны. Мінеральныя валокны прыродныя — азбест.

М.​Р.​Пракаачук.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРБАВА́ННЕ ТКАНІ́НЫ нанясенне фарбавальніка на ўсю масу матэрыялу, што афарбоўваюць (у адрозненне ад друкавання тканіны). Спосабы Ф.т. вызначаюцца хім. прыродай фарбавальніка і валакна, а таксама патрабаваннямі да ўстойлівасці афарбоўкі.

Баваўняныя тканіны афарбоўваюць прамымі, сярністымі, актыўнымі і кубавымі фарбавальнікамі, пігментамі; шарсцяныя — кіслотнымі, пратраўнымі і актыўнымі; ільняныя — кубавымі, актыўнымі і прамымі святлотрывалымі фарбавальнікамі. Для Ф.т. з валокнаў хімічных — ацэтатных, трыацэтатных і поліэфірных выкарыстоўваюць пераважна дысперсныя фарбавальнікі, поліамідных — дысперсныя і кіслотныя, поліакрылнітрыльных — катыённыя. Усе хім. валокны могуць быць афарбаваны і ў працэсе іх фармавання (фарбаванне ў масе). Звычайна Ф.т. ажыццяўляюць у водным растворы фарбавальніка (фарбавальнай ванне). Пасля фарбавання тканіну высушваюць і апрацоўваюць, напр., апрэтуюць (гл. Апрэтаванне), для надання ёй таварнага выгляду.

Літ.:

Мельников Б.Н., Захарова Т.Д., Кириллова М.Н. Физико-химические основы процессов отделочного производства. М., 1982;

Краткий курс химической технологии волокнистых материалов. М., 1984.

А.​І.​Валожын.

т. 16, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пейза́н, ‑а, м.

Селянін, які паказаны ідылічна ў мастацкай літаратуры, жывапісе, тэатры 18–19 стст. А жанчыны спявалі. А я глядзеў на іхнія прыгожыя твары, на іх ільняныя або чорныя як смоль (сярэдняга не было) косы, на іхнія ўборы і думаў, што гэта дзіва як добра. Таму што гэтыя шнуроўкі і андаракі былі не ад оперных пейзан у лапціках, а было гэта заўсёды так. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім р-нах. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Для яго характэрныя разнастайныя прыёмы вышыўкі і стрыманасць каларыту. Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі». Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыста-тканы з вялікай гронкай кутасоў пояс. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівыя ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнасцю рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна ў дробныя гафрыраваныя складачкі). Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульнанацыянальных відаў і формаў не мелі.

М.​Ф.​Раманюк.

Буда-Кашалёўскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёскі Чабатовічы і Рудня-Альхоўка Буда-Кашалёўскага раёна.

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у канцы 19 — пач. 20 ст. на тэрыторыі, што ўключала г. Слуцк (пераважна мяшчан) і навакольныя вёскі. Яму ўласцівы аднатыпнасць форм адзення, сціпласць арнаментальнага аздаблення, перавага крамных тканін.

Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух і гарсэт. Кашулю шылі з каўняром (пры нашэнні прыпадымалі вакол шыі), з рукавамі, сабранымі на каўнерцы. Спадніцу шылі з крамнай шарсцянкі або з даматканай клятчастай тканіны светлых вясёлкавых колераў, фартух — з крамнага цёмнага ці белага набіванага паркалю з нашыўкамі шырокіх паскаў карункаў па нізе. Доўгі суцэльны гарсэт цёмна-сіняга ці чорнага колеру з аблямоўкай па крыссі меў вялікі, амаль да таліі, выраз, які запаўняўся вертыкальным шляком вышыўкі кашулі і шматлікімі нізкамі пацерак. Галаўныя ўборы жанчын — вялікія з махрамі набіваныя хусткі, завязаныя ў выглядзе турбана. У мужчынскі гарнітур уваходзіла кашуля з адкладным каўняром, ільняныя або суконныя нагавіцы, у якія запраўлялася кашуля, камізэлька. Галаўныя ўборы мужчын — саламяныя капелюшы з расшыраным верхам, футраванкі, картузы. Верхняе адзенне мужчын і жанчын значна адрознівалася: жаночую вопратку кроілі па тыпу гарсэта, да якога прыточвалі рукавы (чорныя суконныя курцікі, світы), а мужчыны насілі курты з чорнага ці карычневага сукна, кажухі.

М.​Ф.​Раманюк.

Слуцкі строй. Маладуха ў традыцыйным адзенні. Случчына Пач. 20 ст.
Слуцкі строй. Дзяўчаткі ў святочным убранні. Случчына. Пач. 20 ст.

т. 15, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ільняны́ і льняны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лёну. Ільняны палетак. Ільняное сцябло. Ільняное валакно. Ільняная сеялка. Ільняная сыравіна. // Атрыманы з ільнянога семя. Ільняны алей. Ільняная макуха. // Выраблены з валакна лёну. Ільняное палатно. Ільняная сарочка.

2. Які мае адносіны да апрацоўкі лёну. Ільняная прамысловасць. Ільняная фабрыка. Ільняны камбінат.

3. Які колерам і мяккасцю нагадвае валакно лёну. У Валькі ж валасы, як у мамы, ільняныя, і вочы такія ж сіне-зялёныя, толькі бровы бацькавы — густыя, чорныя. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ткані́на, ‑ы, ж.

1. Выраб, атрыманы ў працэсе ткання на ткацкім станку; матэрыя, матэрыял. Ільняныя тканіны. □ Саромеючыся бацькі, .. [Марына] ціхом дастала вішнёвую тканіну і панесла шыць. Чорны. Свае шырокія тканіны На лад персідскі ткуць яны [ткачыхі]. Багдановіч. Паглядзіш на такую тканіну, на яркае спалучэнне колераў і скажаш адразу — Афрыка! В. Вольскі.

2. перан. Тое, што складае аснову, змест якога‑н. мастацкага твора. Музычная тканіна оперы. Тканіна сюжэта. □ [Літаратурныя ўстаркі] ўвязваліся ў агульную тканіну пазмы, але маглі ісці ў свет асобна, адны... Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ электратэхнічныя,

матэрыялы з высокім эл. супраціўленнем, прызначаныя для электраізаляцыі токаправодных частак эл. машын, апаратаў і ўстановак. Належаць да дыэлектрыкаў. Характарызуюцца дыэлектрычнай пранікальнасцю, электраправоднасцю, дыэлектрычнымі тратамі, эл. трываласцю, нагрэва- і марозаўстойлівасцю, мех. трываласцю і інш. Бываюць: газападобныя, вадкія і цвёрдыя; арганічныя, неарганічныя і крэмнійарганічныя і інш.

Газападобныя І.м. (паветра, вадарод, аргон, азот, гелій, элегаз, фрэон і інш.) выкарыстоўваюцца ў трансфарматарах, эл. машынах, газанапоўненых кабелях, электравакуумных прыладах. Вадкія І.м. ўжываюцца для ахаладжэння, узмацнення цвёрдай ізаляцыі эл. апаратаў і кабеляў, для гашэння дугі ў выключальніках. Падзяляюцца на мінеральныя (ізаляцыйныя маслы), раслінныя (рыцына, ільняныя, тунгавыя алеі; ідуць на ўтварэнне электраізаляцыйных плёнак) і сінтэтычныя (савол, саўтол, крэмній- і фторарганічныя злучэнні). Саволам і саўтолам замяняюць трансфарматарнае масла ў пажаранебяспечных устаноўках, крэмній- і фторарганічныя злучэнні ідуць на лакі. З цвёрдых І.м. найб. пашыраны арганічныя: лакі і смолы (прыродныя — шэлак, каніфоль, бітумы; штучныя — гліфталевыя, эпаксідныя, полівінілавыя, полістырол, поліэтылен і інш.); матэрыялы на аснове цэлюлозы (папера, кардон, фібра), каўчуку (натуральны і сінт. каўчук, гума, эбаніт, эскапон) і пластмасы (карбаліт, бакеліт, тэксталіт, гетынакс і інш.). Цвёрдыя неарганічныя І.м. (прыродныя — кварц, слюда, азбест; штучныя — кераміка, фарфор, шкло, шкловалакно, шклотканіна і матэрыялы на аснове слюды — міканіт, мікалекс, мікафолій) вызначаюцца высокай цеплаўстойлівасцю і эл. трываласцю, ідуць на выраб ізалятараў электрычных і інш. Крэмнійарганічныя І.м. — смолы, лакі, гумы, кампаўнды, шклотканіна, пластмасы на крэмнійарганічнай аснове. Сінтэзам палімераў атрымліваюць новыя І.м. з высокімі дыэлектрычнымі і мех. ўласцівасцямі (сіталы, шклофарфор і інш.).

А.​М.​Дарафейчык.

т. 7, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЯЛКА,

машына для высявання насення с.-г. і лясных культур, а таксама для ўнясення мінер. угнаенняў. Бываюць трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), конныя і ручныя.

Паводле спосабу сеяння адрозніваюць С.: радковыя — для высявання насення звычайным радковым, вузкарадковым, шырокарадковым і стужачным спосабамі; гнездавыя — для сяўбы групамі (гнёздамі); пункцірныя (дакладнага высявання) — для высявання насення на аднолькавай адлегласці ў радку; пункцірна-гнездавыя — для размяшчэння насення гнёздамі на аднолькавай адлегласці; раскідныя — размяркоўваюць насенне траў і ўгнаенне па плошчы поля. Паводле прызначэння бываюць С.: для сяўбы збожжавых культур (у т. л. камбінаваныя зернетукавыя для адначасовага высявання асн. культуры, мінер. угнаенняў і падсявання насення траў); сяўбы прапашных культур (кукурузныя, цукровабураковыя, бавоўнавыя); ільняныя і агароднінныя; спец. прызначэння (лясныя, парніковыя, плодагадавальнікавыя і інш.). У раёнах з ветравой эрозіяй пашыраны камбінаваныя сеялкі-культыватары для сяўбы на глебах, апрацаваных безадвальнымі прыладамі. Пры сяўбе яны рыхляць глебу, падразаюць пустазелле, высяваюць мінер. ўгнаенні і прыкачваюць засеяныя радкі.

На Беларусі фірма «Лідаграпраммаш» выпускае разнастайныя С. для сяўбы збожжавых, зернебабовых і травяных культур, Брэсцкі электрамех. з-д — сеялкі СПУ-6 «Бярэсце» для сяўбы збожжавых культур і травасумесей.

В.​М.​Кандрацьеў.

Сеялка: 1 — радковая англійскага вынаходніка Дж.​Тула (пач. 18 ст.); 2 — пнеўматычная універсальная СПУ-6 «Бярэсце» (Брэсцкі электрамеханічны завод).
Сеялка: а — прычапная радковая зернятукавая (1 — гідрацыліндр для пад’ёму сашнікоў; 2 — бункер для насення і ўгнаенняў; 3 — высейвальнае прыстасаванне; 4 — падножная дошка; 5 — закладвальныя рабочыя органы; 6 — сашнікі; 7 — насеннеправоды); б — пнеўматычная універсальная (1 — вентылятар; 2 — інжэктарны шлюз; 3 — шахтавая труба; 4 — размеркавальнікі; 5 — насеннеправоды; 6 — бункер; 7 — дазіравальнае прыстасаванне; 8 і 9 — высявальныя лемяшы); в — сашнікі (1 і 2 — радковы і вузкарадковы двухдыскавыя; 3 — аднадыскавы; 4 — анкерны; 5 — кілепадобны).

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна на тэр. Жабінкаўскага і Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Вызначаўся класічнай завершанасцю форм, віртуознай распрацоўкай арнаменту касцюма жанчын.

Комплекс летняга жаночага адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха. Кашулю шылі з саматканага льнянога палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным або стаячым каўняром, прамым рукавом, які заканчваўся фальбонкай або каўнерцам, аздаблялі вышыўкай, радзей узорыстым ткацтвам і маршчэннем тканіны. Дробнаўзорысты (геам. або расл.) чырвона-малінавы арнамент з невял. ўкрапінамі чорнага ці цёмна-сіняга збіраўся ў вузкія, аднолькавай шырыні шлячкі, што ў падоўжным ці папярочным напрамку запаўнялі ўсю паверхню рукавоў. У блізкім да кашулі кампазіц.-арнаментальным вырашэнні афармляўся фартух, пашыты з 2 дэкар. злучаных полак белай ільняной тканіны. Адметнасць К.с. ў спосабе нашэння фартухоў (апраналі 2 фартухі так, каб асноўны арнамент ніжняга быў відаць з-пад верхняга). Спадніцы шылі з 4 полак узорыстай тканіны: ільняныя — з серабрыста-белай, вытканай у тэхніцы шматнітовага ткацтва; ваўняныя (андаракі) — з чырвонай, запоўненай каляровымі вузенькімі лініямі-прасноўкамі. Радзей выраблялі андаракі з чорнай або цёмна-сіняй тканіны. Падпяразвалі спадніцу поясам з кутасамі, вытканымі у рознакаляровыя палосы. Зрэдку надзявалі гарсэт. Галаўныя ўборы — намітка, белая палатняная хустка, упрыгожаная павай (пяром або веерам з пер’яў), чапец, вянок. Шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалася з кашулі навыпуск, падпяразанай поясам, белых палатняных нагавіц, галаўнога ўбору — саламянага картуза, аздобленага ўзорыстай тасёмкай па верху і маляўнічай кукардай, шапкі (круглай чубатай). Верхняе адзенне мужчын і жанчын: світа (латушка з вусам), пашытая з белага або шэрага валенага сукна і аздобленая на грудзях і бакавых клінах стракатымі пышнымі кутасамі і вышыўкамі малінавымі, блакітнымі ніткамі воўны; куртка, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Кобрынскі строй. Жанчына ў касцюме з наміткай. Вёска Яўсімавічы Кобрынскага раёна. Пач. 20 ст.

т. 8, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)