ГХОР, Эль-Гор,

тэктанічная ўпадзіна ў Зах. Азіі, у Ізраілі, Сірыі і Іарданіі. Даўж. з Пн на Пд каля 200 км, шыр. да 25 км. У межах Гхора — даліна р. Іардан, Тыверыядскае воз. і Мёртвае м., узровень якога на 395 м ніжэй узроўню акіяна (на яго беразе самае нізкае месца на сушы Зямлі). Упадзіна акаймавана стромкімі спадзістымі схіламі выш. 1000—1400 м. Клімат і расліннасць паўпустынныя.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́Т, Мануту (араб. лёс, смяротны лёс),

у старажытнаарабскай міфалогіі багіня лёсу і помсты, валадарка падземнага царства і захавальніца магільнага спакою, якая шанавалася пераважна ў Паўн. і Цэнтр. Аравіі. У арабаў Сірыйскай пустыні і Цэнтр. Аравіі лічылася дачкой Алаха — вярх. бога дамусульм. араб. вераванняў. У Набатэйскай дзяржаве (цяпер тэр. Іарданіі) і Пальміры (Сірыя) атаясамлівалася з грэч. багіняй Немесідай. Была апякункай г. Медына, дзе знаходзілася яе свяцілішча.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАРДА́Н,

рака на Блізкім Усходзе, у Ліване, Ізраілі, на мяжы Іарданіі і Палесцінскай аўтаноміі (т.зв. Заходні бераг ракі Іардан). Даўж. 252 км, пл. бас. 18 тыс. км². Пачынаецца ў хр. Джэбель-эш-Шэйх. Цячэ з Пн на Пд па паўпустыннай тэктанічнай упадзіне Гхор (Эль-Гор) праз Тыверыядскае воз., упадае ў Мёртвае м. (б.ч. цячэння ніжэй узр. м.). Гал. прыток — Ярмук. Сярэдні расход вады (летам) 50 м³/с. Зімовая паводка. ГЭС. Выкарыстоўваецца для арашэння. Бас. І. — адзін з цэнтраў зараджэння хрысціянства.

т. 7, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛІ́ЦКІЯ ЦЭ́РКВЫ УСХО́ДНЯГА АБРА́ДУ,

цэрквы, якія адышлі ад розных кірункаў усх. хрысціянства (праваслаўя, монафісіцтва, нестарыянства, монафеліцтва) і маюць унію (саюз) з каталіцкай царквой. Прызнаюць вярх. ўладу папы, асн. догматы каталіцызму, захоўваючы сваю традыцыйную абраднасць, царк. арг-цыю і літургічную мову. Дзейнічаюць 6 К.ц.у.а.: мараніцкая, грэка-каталіцкая (мелькіцкая), халдзейская (сіра-халдзейская, або асіра-халдзейская), сіра-каталіцкая, армяна-каталіцкая, копта-каталіцкая. Прыхільнікі К.ц.ў.а. жывуць пераважна ў краінах Б. Усходу — Ліване, Сірыі, Турцыі, Іарданіі, Ізраілі, Егіпце, але маюць абшчыны ў інш. рэгіёнах (гл. таксама Беларуская грэка-каталіцкая царква).

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБАТЭ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржава араб. племя набатэяў у канцы 3 ст. да н.э.пач. 2 ст. н.э. на тэр. сучаснай Іарданіі. Першы гістарычна вядомы кіраўнік дзяржавы — Харытат I [169 да н.э. — ?]. Пры Харытаце III [87—62 да н.э.] падпарадкавала Дамаск. З сярэдзіны 1 ст. да н.э. ў васальнай залежнасці ад Рым. дзяржавы. Найб. росквіту дасягнула пры Харытаце IV [9—40 н.э.]. У 106 н.э. заваявана рым. імператарам Траянам, які стварыў на тэр. Н.дз. рымскую прав. Аравія. Захаваліся рэшткі сталіцы Н.дз. — г. Петра — унікальнага комплексу храмаў, дамоў, тэатраў і інш. будынкаў, высечаных у скалах.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСІ́ДСКАГА ЗАЛІ́ВА НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН, Месапатамскі басейн,

адзін з найбуйнейшых нафтагазаносных басейнаў свету ў Іране, Іарданіі, Саудаўскай Аравіі, Іраку, Кувейце, Катары, Бахрэйне, Амане, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, часткова ў Турцыі і Сірыі; паўд.-ўсх. частка ў Персідскім заліве. Пл. больш за 2,93 млн. км², у т. л. 290 тыс. км² акваторыя. Запасы нафты 53,6 млрд. т (канец 1980-х г.), газу — 26,7 трлн. м³. Першае нафтавае радовішча (Месджэдэ-Салейман) адкрыта ў 1908, газавае (Парс) — у 1965. Радовішчы звязаны з вапнякамі і пясчанікамі пярмі, юры, мелу, палеагену і неагену. Выяўлена каля 300 нафтавых і газавых радовішчаў.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ДЗІ-ЭЛЬ-АРА́БА,

старажытныя медныя руднікі ў аднайм. даліне-грабене ў Зах. Азіі, на мяжы Іарданіі і Ізраіля; вядомыя таксама пад назвай «Капальні цара Саламона». Адкрыты ў 1945, археолага-геал. даследаванне праводзілася з 1959. Пл. да 400 км². Асн. тып арудзянення — медзістыя пясчанікі. Каля 3000 стараж. распрацовак. Найб. раннія з іх належаць да меднага веку (4-е тыс. да н.э.), пазнейшыя — да пачатку н.э. (перыяд рымскага ўладарніцтва). Найб. актыўна эксплуатаваліся ў перыяд Новага Царства Стараж. Егіпта (14—11 ст. да н.э.). Асн. тыпы вырабатак — ствалы, штрэкі, штольні. Макс. глыб. шахтаў 36 м, даўж. штрэкаў каля 50 м і больш. Вядомы медзеплавільні з металургічнымі горнамі і інш.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дырхе́м, дырха́м

(ар. dirham, ад гр. drachme = драхма)

1) старажытная арабская сярэбраная манета;

2) разменная манета Іарданіі і Кувейта, роўная 1/10 дынара;

3) грашовая адзінка Марока, роўная 100 сантымам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

А́НГЛА-ТРАНСІАРДА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1928, 1946, 1948.

Дагавор 20.2.1928 заключаны ў Іерусаліме. Фармальна пакідаў пэўную ўладу ў Трансіарданіі (мандатнай тэр. Англіі) эмірам, але замацоўваў за Англіяй кантроль над знешняй палітыкай, фінансамі і ўзбр. сіламі. Дагавор 22.3.1946 аб дружбе і саюзе падпісаны ў Лондане на 25 гадоў. Фармальна адмяняў англ. мандат на Трансіарданію (аб’яўлялася незалежным каралеўствам), аднак захоўваў права трымаць войскі і будаваць ваен. базы на трансіарданскай тэрыторыі. Дагавор 15.3.1948 аб саюзе, падпісаны ў Амане тэрмінам на 20 гадоў, ставіў Іарданію ў залежнасць ад Англіі: для англ. войскаў выдзяляліся базы ў Амане і Мафраку; Англія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў любы пункт Іарданіі ў выпадку вайны. Дагавор прадугледжваў стварэнне пастаяннага англа-іарданскага Савета абароны. Ануляваны 14.3.1957 урадам Набулсі.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дына́р

(ар. dinar, ад лац. denarius)

1) старажытная арабская залатая манета;

2) грашовая адзінка Алжыра, Ірака (роўная 1000 філсам), Іарданіі, Кувейта (роўная 10 дырхемам) і некаторых іншых краін;

3) разменная манета Ірана, роўная 1/100 рыяла.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)