ДУНТЫНХУ́,

возера на У Кітая, на Цзянханьскай раўніне, у даліне р. Янцзы. Пл. ад 4—5 тыс. км² зімой (распадаецца на некалькі вадаёмаў) да 10—12 тыс. км² летам; сезонныя ваганні ўзроўню 10—15 м. Глыб. да 8 м. У возера ўпадаюць рэкі Сянцзян, Юаньцзян, Лішуй, Цзьшуй і інш., рэгулюе сцёк р. Янцзы (з якой злучана рукавамі), прымае ўлетку 40—60% яе паводкавых вод. Суднаходства, рыбалоўства.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЗЯНСУ́,

правінцыя на У Кітая, па ніжнім цячэнні р. Янцзы. Абмываецца Жоўтым і Усх.-Кітайскім морамі. Пл. 102,6 тыс. км². Нас. 73,55 млн. ж. (2001); адзін з найб. шчыльна заселеных раёнаў Кітая. Адм. ц. — г. Нанкін. Размешчана ў паўд.-ўсх. ч. Вял. Кітайскай раўніны. Клімат субтрапічны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. ад -0,6 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. 26—29 °C. Ападкаў 600—1200 мм за год. Гал. рака — Янцзы. Воз. Хунцзэху. Ц. — эканамічна развіты індустр.-агр. раён Кітая. Здабыча кам. вугалю, жал. руды, апатытаў, кааліну, солі. Прам-сць; машынабудаванне (судны, лакаматывы, трактары, станкі, горнае абсталяванне, электратэхніка, электроніка), металургія, лёгкая, хім., цэм., шкляная, керамічная, харчовая. Саматужныя промыслы і маст. рамёствы. Шматгаліновая сельская гаспадарка з перавагай земляробства. Буйныя арашальныя сістэмы. Вырошчваюць рыс, пшаніцу, ячмень, боб, кукурузу, батат. Ц. — адзін з гал. раёнаў баваўнаводства і шаўкаводства. Развіта свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскі промысел. Суднаходства па р. Янцзы (даступная для марскіх суднаў на ўсёй тэр. Ц.), Вялікім канале. Гал. прамысл. і партовыя гарады: Нанкін, Усі, Сучжоў, Чанчжоў, Наньтун, Ляньюньган.

т. 17, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЬЦЗЯ́Н,

назва 2 рэк у Кітаі: рака ў цэнтр. ч. краіны, левы прыток Янцзы. Даўж. 793 км, пл. бас. 134 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Міньшань, цячэ па глыбокай звілістай цясніне, перасякае Сычуаньскую катлавіну, упадае ў р. Янцзы каля г. Ібінь. Сярэдні расход вады больш за 3 тыс. м³/с, летнія паводкі. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Пачатак суднаходства ад г. Чэнду; рака на ПдУ Кітая. Даўж. 577 км, пл. бас. 60,8 тыс. км². Цячэ ў адгор’ях гор Уішань, упадае ў Тайваньскі праліў, утварае эстуарый. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 2 тыс. м³/с, макс. (летам) — да 30 тыс. м³/с. Густая сетка арашальных сістэм. ГЭС. У ніжнім цячэнні суднаходная. На М. — г. Наньпін, у эстуарыі — марскі порт Фучжоў.

т. 10, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫЧУА́НЬ,

правінцыя на ПдЗ Кітая, у бас. верхняга цячэння р. Янцзы. Пл. 570 тыс. км². Нас. каля 110 млн. чал. (2000). Адм. цэнтр г. Чэнду. Усх. яе ч. — узгорыстая Сычуаньская катлавіна, акаймаваная гарамі; на З — ч. Тыбецкага нагор’я выш. да 7590 м (г. Гунгашань). Клімат субтрапічны мусонны, вільготны. Рэкі (Янцзы і яе прытокі) мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Асн. земляробчы раён — Сычуаньская катлавіна.

Гал. збожжавая культура — рыс. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, ячмень, бабовыя, батат, рапс, цукр. трыснёг, чай, бавоўнік, тунг, цытрусавыя. Шаўкаводства. Гадуюць на З якаў, авечак, коз, на У буйвалаў, свіней. Здабыча нафты, каменнай солі, каменнага вугалю, жал. руды, азбесту і інш. Прам-сць: маш.-буд., хім., баваўняная, харчовая; чорная і каляровая металургія. Асн. прамысл. цэнтры: Чунцын, Чэнду, Цзыгун. Транспарт чыг. і рачны.

т. 15, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНЧЖО́Ў,

горад ва ўсх. ч. Кітая, у прав. Цзянсу. 313 тыс. ж. (1990). Порт на р. Янцзы і Вялікім канале. Цэнтр рысаводчага раёна. Прам-сць: харчасмакавая (рысаачышчальная, мукамольная, альбумінавая, маслабойная); вытв-сць с.-г. прылад.

т. 18, кн. 1, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЙХУ́,

возера на У Кітая, на правабярэжнай ч. даліны р. Янцзы, каля яе дэльты. Пл. 2,2—3,6 тыс. км². Прэснае. Летам паўнаводнае, глыб. да 12 м, зімой мялее. Злучана пратокамі з Вялікім каналам. Выкарыстоўваецца для арашэння рысавых палёў, суднаходства, рыбалоўства.

т. 15, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЖАНЦЗЯКО́Ў, Калган,

горад у паўн. ч. Кітая, у даліне р. Янхэ (бас. р. Янцзы), у прав. Хэбэй. 529 тыс. ж. (1990). Вузел шашэйных дарог. Цэнтр раёна авечкагадоўлі і здабычы жал. руды (бас. Лун’янь) і каменнага вугалю. Прам-сць: чорная металургія, маш.-буд., харч., шкляная.

т. 17, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЯ́Н,

горад на Пд Кітая, на р. Наньмінхэ (бас. Янцзы), у цэнтр. ч. Гуйчжоўскага нагор’я. Ада. цэнтр прав. Гуйчжоў. 1360 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне (гарнаруднае, трансп., хім., с.-г., радыёэлектроннае), хім., шкляная, цэм., дрэваапр., папяровая, тэкстыльная. Філіял АН. Ун-т.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЗЯНСІ́,

правінцыя на У Кітая. Пл. 1.66,6 тыс. км². Нас. 41,86 млн. ж. (2001). Адм. ц. — г. Наньчан. Унутр. ч. займае нізінная раўніна ў бас. воз. Паянху, па ўскраінах — горныя хрыбты (Уішань, Цзюліншань, Муфушань). Клімат субтрапічны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. 4—10 °C, ліп. 27—30 °C, ападкаў 1400—1700 мм за год. Гал. рэкі — Янцзы і Ганьцзян. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Гал. культура — паліўны рыс (па 2 ураджаі за год). Вырошчваюць таксама пшаніцу, ячмень, батат, бабовыя, чай, цытрусавыя і тэхн. Культуры (бавоўнік, джут, рамі, тытунь, цукр. трыснёг, алейныя). Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, у т. л. буйвалаў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Здабыча вальфраму, свінцу, волава, цынку, медзі, малібдэну, марганцу, золата, урану, кам. вугалю. Прам-сць: машынабудаванне (аўтамабілі, трактары, станкі), тэкст., шкляная, фарфоравая (найб. ў Кітаі ф-ка ў г. Цзіндэчжэнь), папяровая, хім., харчовая. Найб. гарады: Наньчан, Цзіндэчжэнь, Цзюцзян, Ганьчжоў. Суднаходства па воз. Паянху, рэках Янцзы і Ганьцзян.

т. 17, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМ,

паўднёва-ўсходняя ўскраіна Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Пераважаюць горныя хрыбты (Баян-Хара-Ула, Расійскага геагр. т-ва і інш.). Выш. да 3000—4000 м, асобныя вяршыні да 6000 м. Хрыбты падзелены падоўжнымі цяснінамі рэк Янцзы, Меконг, Салуін. Высакагорныя стэпы і лугі, па цяснінах — лясы. На вяршынях — шматгадовыя снягі і ледавікі.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)