Тронкі ‘назва гульні’: На грошы ў тронкі тут гуляюць / Парнаскі дзеўкі, дзецюкі («Тарас на Парнасе», Полымя. 1971, 10, 217), ‘гульня з каменьчыкамі’ (Рам. 8: «камушки кладутса в две кучки: три в одну и один в другую»), ‘гульня, змест якой у тым, каб пацэліць з рукі трыма алавяннымі шарыкамі ў ямку, што знаходзіцца ад гульца на пэўнай адлегласці’ (Мядзв.), ‘гліняныя або алавяныя шарыкі велічынёй з круглую кулю ад стрэльбы, якія служаць для гульні «ў тронкі»’ (Нік., Оч.), дро́нкі ‘дзіцячая гульня, калі драўляныя шарыкі кідаюць у ямачкі; няцотны лік шарыкаў у ямачцы лічыцца выйгрышам’ (маг., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і тро́нкі ‘дробная бульба’ (Рэг. сл. Віц.), ‘плод бульбы’ (Касп.) і не патлумачанае тронки (Шымк. Собр.). Параўн. рус. смал. тро́нка, тро́нки ‘гульня ў арлянку’, ‘шарык з волава або гліны памерам з арэх для гульні «ў тронкі»’ (СРНГ). Слова з не да канца высветленай этымалогіяй. Куркіна (Этимология–1983, 27–28) параўноўвае з укр. тріньки ‘трошкі’, рус. дыял. тро́ньки ‘тс’, балг. тро́нка ‘зусім мала’, сюды ж таксама серб. ці макед. тронка ‘крышка, парушынка’, макед. ронка ‘тс’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *tronъka ‘нешта вельмі малое’, роднаснае да прасл. *troxa (гл. трохі) і якое ўзводзіцца да *terti, *tьrǫ, гл. церці (ЕСУМ, 5, 648). Аднак абмежаваныя тэрытарыяльна назвы гульняў з розным зместам дапускаюць перанос наймення з іншых гульняў, напрыклад, “у ножыка” ад тронкі ‘сцізорык’, або зыходзячы са значэння ‘бульба’, параўн. укр. дыял. тромпак, кро́мпель ‘бульба’ (ЕСУМ, 5, 647). Лучыц-Федарэц (вусн. паведамл.) дапускае сувязь з з літ. treñkti ‘кідаць, шпурляць’. Сувязь з тры (гл.), відаць, другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рабі́цца, раблюся, робішся, робіцца; незак.

1. (часцей ужываецца як звязка ў састаўным іменным выказніку). Станавіцца, прыходзіць да якога‑н. стану. Рабіцца вясёлым. □ Чалавек не нараджаецца майстрам, ён ім робіцца ў час працы. Мяжэвіч. Ногі дрыжалі, слабелі, рабіліся нейкія нежывыя, і.. [Косця] баяўся, каб хаця не ўпасці. Адамчык. Чым больш піла ўядалася ў дрэва, чым больш.. [Гушку] ўсё цяжэй рабілася пілаваць аднаму, тым спакайнейшы ён рабіўся. Чорны. / у безас. ужыв. Рабілася цёпла. □ Калі таялі рэшткі сіл І рабілася цёмна ўваччу — Песня сілы вяртала ўсім. Гілевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адбывацца; тварыцца, чыніцца. На шашы рабілася несусвеціца. Усю дарогу зацягнула дымам. Лынькоў. Сын .. нічога не адказаў, а пачаў прыглядацца да ўсяго, што рабілася ў хаце. Чорны. [Наталля:] — Не ведаю, што робіцца са мною, Алеся. То мне здаецца, што ў нас адно толькі жарты былі, то часамі так заходзіцца сэрца, што месца сабе не знаходжу. Скрыган. // Выконвацца, ажыццяўляцца. [Гаварушка] умеў адразу ўключыцца. У яго ўсё рабілася бягом. Лобан. Сын дырэктара буйнога крупаўскага завода, ён ніколі ні аб чым не турбаваўся.. Усё рабілася само сабой, дзякуючы грошам і імю. Шамякін.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Утварацца, паяўляцца. Калі.. [Зіна] ўсміхалася, на шчоках рабіліся ямачкі. Новікаў. // Вырабляцца з чаго‑н. Цэгла робіцца з гліны. □ Раскопкі сведчылі, што ў Друцку не раз бушавалі вялікія пажары. Гэта было звычайнай з’явай — усё ж пабудовы рабіліся з дрэва. Штыхаў.

4. Зал. да рабіць.

•••

Што яму (табе, мне і г. д.) робіцца — нічога з ім (табой, мной і г. д.) не здараецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сакаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае шмат соку. Такое высокае і сакавітае кепскае шчаўе расло, што між яго трэба было адшукваць рэдкія і хілыя кусцікі чырвонай канюшыны. Пянкрат. Нясуць калгаснікі на рынак Лясоў багатыя дары: Маліну, зорныя суніцы, Тугіх парэчак шрот буйны. І сакавітыя чарніцы З прыемным водарам лясным. Жычка. // Водарны, духмяны. Нашто тое лета, калі няма жніва, калі на пасецы не раяцца пчолы, не пахнуць у садзе чырванабокія сакавітыя малінаўкі?.. Кулакоўскі. // Апетытны, смачны, не сухі. — Шынкевіч таксама добрая цаца! — падчэпліваючы відэльцам сакавітую бакавіну ліня з каструлі, абурана прадаўжаў Фама Гаўрылавіч. Паслядовіч.

2. перан. Разм. Поўны сіл, здароўя, энергіі (пра чалавека). Перад самай вайной цётка прыязджала да нас у госці з нейкай сакавітай і гладкай рагатухай. Карпюк. // Яркі, свежы, поўны (пра вусны, рот). Смяяліся яе [Гаецкай] сакавітыя вусны, выпешчаныя шчокі — то з’яўляліся, то знікалі сімпатычныя ямачкі на іх. Шамякін. // Прыемны, поўны задавальнення. Паміж двума сакавітымі пацалункамі Сімон пачуў такую лічбу, ад якой яму стала холадна. Самуйлёнак.

3. перан. Каларытны, насычаны спалучэннем яркіх фарбаў. Сакавітыя фарбы пейзажу.

4. перан. Трапны, вобразны (пра мову, словы і пад.). Сварыліся [шляхта] на сакавітай беларускай мове, хоць называлі яе мужыцкай, часта ўстаўляючы словы «пане» — ды так, каб яно гучала праз нос. Пестрак. Калі плытагон выходзіць у сплаў, дарога абяцае яму сустрэчы... Яны то радасныя, з сакавітымі кпінамі і блазенскім рогатам, то гаркава-маўклівыя. Карамазаў.

5. перан. Гучны, звонкі, прыемны (пра гук, голас і пад.). Ад Еўніч і Старыцы яшчэ чулася іх гамонка, а часам і жніўная песня, у якой высока лунаў, ведучы яе, чый-небудзь сакавіты голас. Хадкевіч. Мужчыны смяяліся, і смех самога расказчыка быў такі сакавіты і гучны, што конік, стрыгучы вушамі, нават без пугі пачаў хутчэй перабіраць нагамі. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)