млекакормячае роду коней атр. няпарнакапытных. Сустракаецца ва Усх. Афрыцы (Самалі, Эфіопія). Жыве ў пустынях і стэпах. 2 падвіды: асёл самалійскі (Equus asinus somalicus) і асёл нубійскі (Equus asinus africanus).
Выш. ў карку 1,1—1,4 м. Афарбоўка пясчана-шэрая з 2 цёмнымі палосамі, адна з якіх праходзіць уздоўж хрыбта і перасякаецца з другой на лапатках. Грыва невялікая, даходзіць толькі да вушэй. Хвост тонкі з кутасом доўгіх валасоў. Вушы 25—35 см. Трымаецца невял. табунамі. Корм раслінны. Прыручаны 5—6 тыс.г. назад у Егіпце і Эфіопіі. Ад дзікага асла паходзяць многія свойскія пароды, якія выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Пад пагрозай знікнення, у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАДРЫ́Л (Papio hamadryas),
малпа роду павіянаў сям. мартышкавых атр. прыматаў. Пашыраны ў Афрыцы (Эфіопія, Паўн.-Усх. Судан, Паўн. Самалі) і Азіі (Паўд.-Зах. Аравія). Жыве ў адкрытай мясцовасці, у стэпах і саваннах статкамі да 100 і больш асобін.
Даўж. цела 75—80 см, хваста 53—60 см, маса 20—30 кг; самкі амаль удвая меншыя. Самцы светла-шэрыя, з доўгімі (да 25 см) валасамі на плячах і верхняй ч. тулава, якія ўтвараюць серабрыста-шэрую мантыю, на мордзе — вял. «бакенбарды», на хвасце — кутасік. Самкі цемнавата-карычневыя з аліўкавым адценнем. Сядалішчныя мазалі чырвоныя, добра развітыя. Усёедны. Дзіцяняты чорнага колеру, нараджаюцца 2 разы за год. Сродкі зносін (міміка, жэсты, позы, гукі) вельмі складаныя і выразныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́ЙЛЕ СЕЛА́СІЕ I,
да 1930 Тафары Маконен (23.7.1892, Ыджэрса-Гора, правінцыя Харэр, Эфіопія — 27.8.1975), імператар Эфіопіі [1930—74]. З сям’і дзярж. дзеяча Маконена, стрыечнага брата імператара Менеліка II. У 1916 абвешчаны рэгентам пры імператрыцы Заўдыту. Пасля яе смерці каранаваны імператарам Эфіопіі (2.11.1930) пад імем Х.С. I. Увёў цэнтралізаванае кіраванне краінай, адмяніў рабства і гандаль рабамі, ажыццявіў некат. прагрэсіўныя мерапрыемствы ў галіне адукацыі і аховы здароўя, абвясціў (1931) першую ў Эфіопіі канстытуцыю і інш. У 1923 дамогся прыняцця Эфіопіі ў Лігу Нацый. У час італа-эфіопскай вайны 1935—36 узначаліў барацьбу супраць італьян. захопнікаў. Адзін з ініцыятараў стварэння Арганізацыі Афрыканскага Адзінства. У выніку перавароту з-за сацыяльна-эканам. і паліт. крызісу ў краіне 12.9.1974 скінуты, у жн. 1975 забіты.
Літ.:
Ягья В.С. Хайле Селассие 1 // Вопр. истории. 1990. №10;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1935—36,
каланіяльная вайна фаш. Італіі супраць Абісініі (Эфіопіі). Ініцыіравана італьян. дыктатарам Б.Мусаліні, які заявіў тэр. прэтэнзіі да Эфіопіі. 3.10.1935 італьян. войскі (усяго 377 тыс.чал., асн. сілы 250 тыс.) уварваліся ў Эфіопію з тэр. Эрытрэі (ч. эфіопскіх зямель, захопленых Італіяй у 1890) і Італьян. Самалі. Ім процістаяла слаба ўзбр. эфіопская армія (10 тыс. гвардзейцаў імператара Хайле Селасіе I і 350—450 тыс.чал. з фарміраванняў мясц. князёў). Нягледзячы на ўпартае супраціўленне эфіопскай арміі і народа, італьян. войскі (каманд. маршал П.Бадольё) 5.5.1936 занялі сталіцу Адыс-Абебу, да лют. 1937 акупіравалі ўсю краіну. Каб задушыць супраціўленне народа Эфіопіі, італьян. камандаванне шырока выкарыстоўвала атрутныя рэчывы, праводзіла масавы тэрор. За час вайны і акупацыі Эфіопіі загінула 760 тыс. воінаў і жыхароў краіны. Эфіопія вызвалена ад акупантаў у студз.—ліст. 1941 у выніку сумесных дзеянняў эфіопскіх партызан і англ. войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЕ МО́РА,
міжкантынентальнае мора Індыйскага ак., паміж Афрыкай і Аравійскім п-вам (Паўд.-Зах. Азія). Абмывае берагі Егіпта, Судана, Эфіопіі, Ізраіля, Іарданіі, Саудаўскай Аравіі і Йемена. Злучана з Індыйскім ак. Баб-эль-Мандэбскім пралівам, з Міжземным м. — Суэцкім каналам. Даўж. 1932 кмшыр. да 305 км. Пл. каля 460 тыс.км². Найб.глыб. 3039 м. Берагі парэзаны слаба. Залівы Суэцкі і Акаба (на Пн) раздзелены Сінайскім п-вам. Найб.в-аў — Дахлак. Прылівы паўсутачныя (да 0,6 м). Ч.м. — адно з самых цёплых (да 32 °C) і салёных (38—42‰) мораў. Праз Ч.м. самы кароткі марскі шлях з Еўропы ў Азію і Аўстралію. Рыбалоўства, здабыча каралаў, жэмчугу. Гал. парты: Суэц (Егіпет), Порт-Судан (Судан), Масаўа (Эфіопія), Джыда (Саудаўская Аравія), Хадэйда (Йемен). Мяркуецца, што Ч.м. атрымала сваю назву ад прысутнасці ў ім вял. колькасці водарасцей (Frishodesmium erythracum), скопішчы якіх надаюць вадзе чырванаваты колер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1895—96,
каланіяльная вайна Італіі супраць Эфіопіі. У 1885 Італія захапіла на Чырвоным м. порт Масаўа, які стаў базай для ваен. сутыкненняў з Эфіопіяй у 1887—88. Заключаны ў 1889 італа-эфіопскі дагавор аб дружбе і гандлі Італія стала тлумачыць як падставу для ўстанаўлення свайго пратэктарату над Эфіопіяй і захапіла шэраг яе паўн.-зах. раёнаў. Калі Эфіопія адвергла такія прэтэнзіі, італьян. армія пачала ваен. дзеянні і на працягу 1895 захапіла прав. Тыгрэ. Імператар Эфіопіі Менелік II заклікаў народ да абароны радзімы. 1.3.1896 у бітве пры Адуа 20-тыс.італьян. армія была разбіта. Паводле дагавора ад 26.10.1896 Італія вымушана была прызнаць незалежнасць Эфіопіі. Дапамогу Эфіопіі аказала Расія, накіраваўшы зброю (30 тыс. ружжаў, 5 млн. патронаў) і атрад Чырв. Крыжа на чале з ген. М.К.Шведавым. У аказанні дапамогі Эфіопіі ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі: ваен. ўрач Д.Л.Глінскі, ваен. спецыялісты А.К.Булатовіч, М.С.Лявонцьеў (ваен. саветнік Менеліка II) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЯЯ А́ФРЫКА,
прыродная краіна, якая займае ўсх.ч.Афрыкі ў экватарыяльным і субэкватарыяльных паясах, паміж Эфіопскім нагор’ем на Пн, упадзінай Конга на З, ніжнім цячэннем р. Замбезі на Пд і Індыйскім ак. на У. У межах У.А. размешчаны (цалкам або часткова) Кенія, Уганда, Руанда, Бурундзі, Танзанія, Замбія, Малаві, Самалі, Эфіопія, Эрытрэя, Джыбуці. Большую ч. займае Усх.-Афрыканскае пласкагор’е (выш. больш за 1000 м), разбітае тэктанічнымі разломамі (гл.Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма). У рэльефе — складанае спалучэнне ўзвышаных цокальных раўнін, скідавых упадзін і ўступаў, глыбавых гор, лававых плато і вулканічных конусаў (сярод іх найвышэйшы пункт Афрыкі — г. Кіліманджара, 5895 м). Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны, мусонны, гарачы, сезонна-вільготны. Ападкаў ад 500 да 3000 мм за год. Усх.-Афрыканскае пласкагор’е — водападзел паміж бас. рэк Ніл, Конга, Замбезі і інш. Шмат азёр (Вікторыя, Танганьіка, Ньяса і інш.). Пераважаюць розныя тыпы саваннаў і рэдкалессяў, у гарах — вышынная пояснасць. Жывёльны свет багаты і разнастайны (асабліва фауна млекакормячых).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКІ САЮ́З (АС),
агульнаафрыканская міжнар. арганізацыя (53 дзяржавы-члены ў 2003). Створаны на аснове Арганізацыі афрыканскага адзінства (ААА) на яе 38-й асамблеі ў ліп. 2002 у г. Дурбан (Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР). Пасля таго, як у 1994 быў скасаваны рэжым апартэіду ў ПАР, гал. мэты, якія стаялі перад ААА, былі дасягнуты і паўстала пытанне аб рэфармаванні гэтай арганізацыі. На сустрэчы ў вер. 1999 у г. Сірт (Лівія) прынята рашэнне аб стварэнні АС, а 36-я асамблея ААА у чэрв. 2000 прыняла праект Устаноўчага акта АС, ратыфікаваны да 2002 большасцю афр. дзяржаў. Ён прадугледжвае большую ступень інтэграцыі членаў АС, чым гэта было ў ААА, у прыватнасці, пры падтрымцы 2/3 дзяржаў АС мае права на ваен. інтэрвенцыю ў краіну, якая з’яўляецца членам АС, у надзвычайных абставінах (генацыд супраць насельніцтва, ваен. злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці). Вышэйшы орган АС — асамблея кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў; важную ролю адыгрываюць таксама Выканаўчы к-т, К-т прадстаўнікоў. Дзейнасцю Саюза кіруе адм. орган — Камісія АС са штаб-кватэрай у г. Адыс-Абеба (Эфіопія). Побач з Эканам., сац. і культ. саветам, у АС прадугледжана стварэнне 7 спецыялізаваных тэхн. к-таў, Усеафр. парламента, Афр. банка, Афр. валютнага фонду і Афр. інвестыцыйнага банка. У мэтах эканам. інтэграцыі краін АС прынята праграма Новае партнёрства для развіцця Афрыкі.
Літ.:
Усов В. От панафриканизма — к созданию Африканского союза // Азия и Африка сегодня. 2002. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫГІ́ТЛЕРАЎСКАЯ КААЛІ́ЦЫЯ,
саюз дзяржаў і народаў, якія змагаліся ў другой сусветнай вайне 1939—45 супраць агрэсіўнага блока гітлераўскай Германіі, Італіі, Японіі і іх сатэлітаў. Аснову кааліцыі складалі вял. дзяржавы — Савецкі Саюз (адыграў вырашальную ролю ў дасягненні перамогі), ЗША, Англія, Францыя, Кітай. У ваен. дзеяннях на баку антыгітлераўскай кааліцыі прымалі ўдзел Польшча, Чэхаславакія, Югаславія, Аўстралія, Бельгія, Бразілія, Індыя, Канада, Філіпіны, Эфіопія і інш. Асобныя дзяржавы дапамагалі антыгітлераўскай кааліцыі пастаўкамі ваен. сыравіны (напр., Мексіка). Былі і такія краіны, што аб’явілі вайну Германіі толькі напярэдадні яе разгрому і не зрабілі якога-небудзь укладу ў перамогу. На момант сканчэння 2-й сусв. вайны антыгітлераўская кааліцыя аб’ядноўвала больш за 50 дзяржаў, прычым вайну Германіі аб’явілі і яе былыя саюзнікі Балгарыя, Венгрыя, Італія і Румынія. Дапамогу антыгітлераўскай кааліцыі аказаў народны Рух Супраціўлення, які разгарнуўся ў многіх акупіраваных краінах. У ліку паўнапраўных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі былі Беларусь і Украіна (будучыя члены — заснавальнікі ААН), а таксама іншыя былыя саюзныя рэспублікі СССР.
Пачатак утварэнню антыгітлераўскай кааліцыі пакладзены заявамі аб узаемнай падтрымцы ўрадаў СССР, ЗША і Англіі пасля нападу фаш. Германіі на СССР, англа-сав. і сав.-амер. перагаворамі летам 1941, падпісаннем 12.7.1941 сав.-англ. пагаднення аб сумесных дзеяннях у вайне супраць Германіі, Маскоўскай нарадай 1941 трох дзяржаў (гл.Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945), а таксама шэрагам інш. пагадненняў паміж саюзнікамі. 1.1.1942 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя 26 дзяржаў (Дэкларацыя Аб’яднаных Нацый), якія знаходзіліся на той час у стане вайны з Германіяй, Італіяй, Японіяй і іх саюзнікамі. У Дэкларацыі гаварылася, што дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі абавязаны выкарыстоўваць свае ваен. і эканам. рэсурсы для барацьбы супраць фаш. дзяржаў і не заключаць з імі сепаратных дагавораў. Пазней дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі падпісалі шэраг дакументаў, сярод якіх найбольшае значэнне маюць пастановы Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый (пра ўсе гл. асобныя арт.) кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Антыгітлераўская кааліцыя ў цэлым вырашыла задачы, што стаялі перад ёю ў 2-й сусв. вайне, і стала асновай для ўтварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ́,
працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.