Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЭТНАГРА́ФІЯ БЕЛАРУ́СІ»,
аднатомная галіновая энцыклапедыя. Падрыхтавана і выдадзена ў 1989 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Уключае больш за 3 тыс. артыкулаў, пераважная большасць якіх прысвечана паказу асн. аспектаў жыццядзейнасці беларусаў ад старажытнасці да нашага часу: паходжанне і развіццё бел. этнасу, працэсы складвання бел. народнасці і нацыі, фарміраванне этн. самастойнасці беларусаў, асаблівасці іх культуры і побыту. Асвятляюцца матэрыяльная (прылады працы, жыллё, традыц. адзенне, ежа, трансп. сродкі, рэчы гасп. і хатняга ўжытку і інш.) і духоўная (веды, прац. навыкі, традыцыі, звычаі, абрады і святы, уяўленні і вераванні, мараль і этыка, розныя віды нар. творчасці, нар. медыцына, метралогія, метэаралогія і інш.) культуры бел. народа. Частка артыкулаў прысвечана інш. народам і этн. групам, што жывуць на Беларусі або мяжуюць з ёй. Тэарэт. артыкулы даюць вызначэнне асн. паняццяў этналагічнай навукі, паказваюць гісторыю яе развіцця. Пэўнае месца адведзена біягр. артыкулам пра даследчыкаў культуры і побыту беларусаў. Выданне мае прадметна-імянны паказальнік, яно багата праілюстравана каляровымі, чорна-белымі фотаздымкамі, малюнкамі, чарцяжамі, партрэтамі.