живо́тный в разн. знач. жывёльны;

живо́тный мир жывёльны свет;

живо́тный э́пос лит. жывёльны э́пас;

живо́тное ма́сло ма́сла;

живо́тные жиры́ жывёльныя тлу́шчы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

«РАМА́ЯНА»

(санскр. «Сказанне пра Раму»),

старажытнаіндыйская эпічная паэма на санскрыце. Створана каля 4 ст. да н.э. ва Усх. Індыі, сучасны выгляд набыла да 2 ст. н.э. Аўтарства прыпісваецца легендарнаму паэту Вальмікі. У цэнтры паэмы расказ пра подзвігі цара Рамы ў барацьбе супраць цара дэманаў-людаедаў (ракшасаў) Раваны за вызваленне сваёй жонкі Сіты, якая была ім украдзена. Эпапея складаецца з 7 частак, уключае шэраг інтэрпаляцый. У ёй фантаст. матывы паданняў і міфаў спалучаюцца з рэальнымі рысамі тагачаснай эпохі. У сярэднія вякі стала адной са свяшчэнных кніг індуізму. «Р.» — багатая крыніца сюжэтаў і вобразаў, якія атрымалі развіццё ва ўсіх інд. л-рах, найбольш у творчасці прадстаўнікоў стараж. класічнай л-ры (Калідаса, Бхавабхуці, Бхаці, Тулсідас і інш.). Вядомы яе інтэрпрэтацыі таксама ў л-рах Тыбета, Кітая, краін Паўд.-Усх. Азіі.

Публ.: Рус. пер. — Махабхарата. Рамаяна. М., 1974.

Літ.:

Гринцер П.А. «Махабхарата» и «Рамаяна». М., 1970;

Яго ж. Древнеиндийский эпос. М., 1974.

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЕ́Р (Homēros),

паўлегендарны паэт Стараж. Грэцыі. З антычных часоў яму прыпісваецца аўтарства паэм «Іліяда» і «Адысея» — класічных узораў стараж.-грэч. эпасу, якія зрабілі вял. ўплыў на еўрап. і сусв. л-ру. Паводле легенды Гамер — сляпы вандроўны пясняр. Яго біяграфія, час і ўмовы стварэння паэм дакладна не высветлены, што спрыяла ўзнікненню т.зв. «гамераўскага пытання». Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што Гамер (ці іншы паэт, аўтар эпасу) жыў у г. Смірна (іанічная М. Азія) ці на в-ве Хіяс прыкладна ў 8 ст. да н.э.; выкарыстоўваючы фалькл. традыцыю — гераічныя песні, казанні і маст. сродкі нар. творчасці (яркія эпітэты, разгорнутыя параўнанні і інш.), ён стварыў «Іліяду». Паводле іх меркавання, «Адысея» з’явілася пазней (на мяжы 8—7 ст. або ў пач. 7 ст. да н.э.) і не належыць Гамеру. Абедзве паэмы грунтуюцца на матэрыяле міфаў пра Траянскую вайну, якая адбылася паміж траянцамі і грэкамі ў 13—12 ст. да н.э. «Іліяда» (назва ад г. Іліён (Троя)] апавядае пра падзеі дзесятага года вайны і ўслаўляе воінскую доблесць. У «Адысеі» пераважае быт. і казачны матэрыял, звязаны з падарожжамі, прыгодамі і вяртаннем Адысея на в-аў Ітака, услаўляецца чалавечы розум і прага да пазнання свету. Напісаныя гекзаметрам паэмы «Іліяда» і «Адысея» дэманструюць урачыстасць і велічнасць эпічнага стылю, з’яўляюцца выдатнымі ўзорамі паэтычнай творчасці. На Беларусі яны вядомы са стараж. часоў. На іх спасылаўся ў сваіх пропаведзях Клімент Смаляціч, Сімяон Полацкі назваў Гамера «пресловутым Омиром». Ф.​Скарына выкарыстоўваў літ. форму экфразіса (маст. апісання твора), якая бярэ пачатак ад Гамера. Да «Іліяды» і «Адысеі» неаднаразова звяртаўся ў сваім творы «Пра свецкую ўладу» С.​Будны. Цытаваў Гамера ў трактаце «Аб абавязках» С.​Кашуцкі. На бел. мову ўрывак з «Іліяды» («Развітанне Гектара з Андрамахай») перакладаў Ю.​Дрэйзін; цалкам пераклаў Б.​Тарашкевіч, але захаваліся толькі ўрыўкі, фрагменты з «Адысеі» — А.​Клышка.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991. С. 264—303;

Рус. пер. — Илиада;

Одиссея. М., 1967.

Літ.:

Лосев А.Ф. Гомер. М., 1960;

Сахарный Н.Л. Гомеровский эпос. М., 1976;

Ярхо В.Н. Гомеровский эпос // История всемирной литературы. М., 1983. Т. 1;

Малюковіч С.Д. Гамераўская традыцыя ў беларускай літаратуры // Славянские литературы в контексте мировой. Мн., 1994.

С.​Дз.​Малюковіч.

Гамер.

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕ́СНЯ ПРА МАЙГО́ СІ́ДА»

(«El cantar de Mío Cid»),

помнік іспанскага гераічнага эпасу. Створаны каля 1140, дайшоў у адзіным няпоўным запісе 1307 (апубл. 1779). Гіст. аснову паэмы склалі падзеі Рэканкісты — барацьба іспанцаў з арабамі, якія захапілі Пірэнеі. Гал. герой — доблесны і мудры Сід (ад араб. сеід пан), гіст. прататыпам якога стаў кастыльскі военачальнік Радрыга Дыяс дэ Бівар, празваны Кампеадорам (воінам). У ідэалізаваным вобразе Сіда ўвасобіліся характэрныя рысы змагара за вызваленне радзімы ад маўраў, вернага каралю васала, абаронцы народа ад уціску феад. знаці. Дэмакратызм і народнасць «Песні...» выявіліся ў разнастайнасці яе тэматыкі (паліт., ваен., быт., сямейнай), адсутнасці гіпербалізацыі ў адлюстраванні людзей і падзей, выразнай і яркай мове, блізкай да народнай. Помнік значна паўплываў на далейшае развіццё ісп. л-ры. Вобраз Сіда знайшоў адлюстраванне ў творах П.​Карнеля, М.​Мачада-і-Руіса, навук. працах І.​Гердэра.

Публ.:

Рус. пер. — Песнь о Роланде;

Коронование Людовика;

Нимская телега;

Песнь о Сиде;

Романсеро. М., 1976.

Літ.:

Смирнов А.А. Испанский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.

Т.​У.​Кавалёва.

т. 12, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРМУ́НСКІ (Віктар Максімавіч) (2.8.1891, С.-Пецярбург — 31.1.1971),

расійскі філолаг. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1939). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). З 1919 праф. Ленінградскага ун-та. Чл.-кар. Германскай (Берлін, 1956), Брытанскай (1962), Дацкай (1967), Баварскай (1970) АН. Ганаровы д-р Оксфардскага, Кракаўскага, Берлінскага і Карлава (Прага) ун-таў. Асн. працы па пытаннях герм., агульнага і цюрк. мовазнаўства, дыялекталогіі, гісторыі зах. і рус. л-ры, тэорыі л-ры, паэтыкі, вершаскладання, фальклору і ўсходазнаўства: «Нямецкі рамантызм і сучасная містыка» (1914), «В.​Брусаў і спадчына Пушкіна» (1922), «Рыфма, яе гісторыя і тэорыя» (1923), «Байран і Пушкін» (1924), «Уводзіны ў метрыку. Тэорыя верша» (1925), «Гётэ ў рускай літаратуры» (1937), «Народны гераічны эпас» (1962) і інш. Аўтар фундаментальнай працы «Нямецкая дыялекталогія» (1956), адзін з аўтараў «Параўнальнай граматыкі германскіх моў» (т. 1—4, 1962—66).

Тв.:

Творчество Анны Ахматовой. Л., 1973;

Тюркский героический эпос. Л., 1974;

Теория стиха. Л., 1975;

Общее и германское языкознание. Л., 1976;

Теория литературы. Поэтика. Стилистика. Л., 1977;

Байрон и Пушкин;

Пушкин и западные литературы. Л., 1978;

Сравнительное литературоведение: Восток и Запад. Л., 1979;

Из истории западноевропейских литератур. Л., 1981;

Гете в русской литературе. Л., 1982.

Літ.:

В.​М.​Жирмунский. М., 1965.

І.​У.​Саламет.

А.М.Жырмунскі.

т. 6, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)