ІПУМЕ́ЙКА Мікалай Максімавіч (н. 22.9.1942, г. Дуброўна Віцебскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1984), праф. (1987). Скончыў Маскоўскі ун-т (1966). З 1970 у БДУ (з 1986 нам. дырэктара НДІ ядз. праблем, з 1993 дырэктар Нац. навукова-вучэбнага цэнтра фізікі часціц і высокіх энергій). Навук. працы па ядз. фізіцы і фізіцы высокіх энергій. Распрацаваў універсальны каварыянтны метад разліку радыяцыйных эфектаў у калібровачнай квантавай тэорыі поля (метад Бардзіна—Ш.), алгарытмы і праграмы ўліку радыяцыйных эфектаў.

Тв.:

On an exact calculation of the lowestorder electromagnetic correction to the point particle elastic scattering (разам з Дз.​Ю.​Бардзіным) // Nuclear Physics. 1977. Vol. B127, №2;

О приближенном вычислении электромагнитных поправок к глубоконеупругому LN-рассеянию // Ядерная физика 1979. Т. 29, вып. 6;

Radiative effects in deep inelastic scattering of polarized leptons by polarized light nuclei (разам з І.​В.​Акушэвічам) // J.Physics. G. Nucl. part. phys. 1994. Vol. 20.

т. 17, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАНКО́ЎСКІ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,

дэтэктар зараджаных часціц, дзеянне якога заснавана на рэгістрацыі Чаранкова—Вавілава выпрамянення. Складаецца з радыятара (рэчыва, у якім рухаецца часціца), аптычнай сістэмы для факусіроўкі святла і аднаго ці некалькіх фотаэлектронных памнажальнікаў, што ператвараюць светлавы сігнал у электрычны. Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы і фізіцы часціц высокіх энергій.

т. 17, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛАТРО́Н [ад грэч. kyklos круг + элек(трон)],

цыклічны рэзанансны паскаральнік цяжкіх зараджаных часціц (пратонаў, іонаў), у якім кіроўнае магн. поле і частата паскаральнага напружання пастаянныя ў часе. Часціцы ў Ц. рухаюцца па плоскай спіралі, якая разгортваецца, пры гэтым часціцы могуць паскарацца да нерэлятывісцкіх энергій. Гл. таксама Паскаральнікі зараджаных часціц.

т. 17, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,

раздзел фізікі. які ўключае эксперым. і тэарэт. даследаванні ў галіне ядзер атамных і элементарных часціц. Падзяляецца на Я.ф. нізкіх і высокіх энергій. Я.ф. нізкіх энергій даследуе працэсы. у якіх энергія ўзбуджэння атамнага ядра не перавышае некалькіх дзесяткаў мегаэлектронвольт. Я.ф. высокіх энергій (энергіі некалькіх соцень мегаэлектронвольт і больш) вывучае пераважна пытанні, звязаныя са структурай элементарных часціц. Асн. раздзелы Я.ф.: ядзерная спектраскапія, ядзерныя рэакцыі, фізіка элементарных часціц, нейтронная фізіка, фізіка паскаральнікаў і інш.

Гал. этапы развіцця: эксперыментальна даказана наяўнасць ядра ў атаме (Э.Рэзерфард, 1911); ажыццёўлена першая штучная ядз. рэакцыя (Рэзерфард, 1919); прапанавана гіпотэза аб нейтронна-пратонным саставе атамнага ядра (Дз.​Дз.Іваненка, В.Гайзенберг, 1932); выяўлена магчымасць штучна атрымліваць радыеактыўныя ядры (І. і Ф.Жаліо-Кюры, 1934); адкрыта дзяленне цяжкіх ядраў пры бамбардзіроўцы іх нейтронамі (О.Ган, Ф.​Штрасман. 1939); ажыццёўлена першая ланцуговая ядз. рэакцыя ў ядз. рэактары (Э.Фермі, 1942); пушчана першая ў свеце сав. АЭС (1954). Далейшыя навук. дасягненні звязаны са стварэннем паскаральнікаў зараджаных часціц, удасканаленнем тэхнікі рэгістрацыі актаў узаемадзеяння часціц з атамнымі ядрамі і элементарнымі часціцамі. Я.ф. з’яўляецца навук. асновай многіх сучасных галін навукі і тэхнікі — ядз. энергетыкі, ядз. ўзбраення, нейтронна-актывацыйнага аналізу, астрафізікі, біял. дзеяння іанізавальнага выпрамянення, радыяцыйнай бяспекі, радыеэкалогіі. радыехіміі. радыетэрапіі ў медыцыне, метадаў неразбуральнага кантролю з выкарыстаннем нейтронаў і гама-прамянёў і інш.

На Беларусі даследаванні па Я.ф. праводзяцца ў «Цэнтры ядзерных тэхналогій — Сосны Нац. АН Беларусі», БДУ, Ін-це фізікі Нац. АН і інш.

Літ.:

Широков Ю.М., Юдин Н.П. Ядерная физика. М., 1972;

Михайлов В.М., Крафт О.Е. Ядерная физика. Л., 1988.

Э.​А.​Рудак.

т. 18, кн. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,

газаразрадная прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў, выхадны сігнал якой прапарцыянальны энергіі зарэгістраванай часціцы.

Зараджаная часціца пры праходжанні праз газ, які запаўняе П.Л., стварае на сваім шляху іон-электронныя пары, лік якіх залежыць ад энергіі, страчанай часціцай у газе. У адрозненне ад іанізацыйнай камеры анодная нітка П.л. мае малую таўшчыню (да 0,1 мм і менш), у выніку чаго электроны паблізу ад яе набываюць энергію, дастатковую для другаснай іанізацыі і на анод прыходзіць лавіна электронаў. Паводле энергет. раздзялення П.л. пераўзыходзіць сцынтыляцыйны лічыльнік, але саступае паўправадніковаму дэтэктару, аднак у адрозненне ад яго дазваляе працаваць у вобласці энергій, меншых за 1 кэВ У фізіцы высокіх энергій пашыраны прапарцыянальныя камеры, што налічваюць некалькі дзесяткаў тысяч П.л., далучаных да ЭВМ, якая запамінае і апрацоўвае інфармацыю. П.л. выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў, астрафізіцы, тэхніцы, медыцыне, геалогіі і інш.

Схема прапарцыянальнага лічыльніка: 1 — нітка-анод; 2 — акно; 3 — крыніца часціц; 4 — катод; 5 — крыніца высокага напружання; 6 — лічыльнік імпульсаў; а — вобласць дрэйфу электронаў, б — вобласць газавага ўзмацнення; R — супраціўленне нагрузкі.

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАБЯЛЬЦЫ́Н Дзмітрый Уладзіміравіч (24.11.1892, С.-Пецярбург — 16.11.1990),

расійскі фізік і грамадскі дзеяч, заснавальнік навук. школы па фізіцы атамнага ядра і касм. прамянёў. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Петраградскі ун-т (1915). З 1916 у ВНУ Ленінграда. У 1929—31 працаваў у лабараторыі М.​Складоўскай-Кюры. З 1937 у Фіз. ін-це АН СССР (у 1952—72 дырэктар), адначасова ў 1946—60 дырэктар НДІ ядз. фізікі Маскоўскага ун-та (з 1940 праф.). У 1950—74 старшыня Камітэта па Міжнар. Ленінскіх прэміях. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў і фізіцы высокіх энергій. Выкарыстаў камеру Вільсана, змешчаную ў магн. поле, для даследаванняў узаемадзеяння γ-квантаў з рэчывам (1924), вынікі якіх пацвердзілі квантавую прыроду святла. Адкрыў наяўнасць у касм. прамянях зараджаных часціц высокіх энергій і паяўленне груп з некалькіх (да 4) генетычна звязаных часціц (т.зв. касм. ліўні; 1927—29), што дало пачатак даследаванню прыроды касм. прамянёў. Залаты медаль імя Ламаносава 1952. Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1982.

Тв.:

Космические лучи. Л.;

М., 1936;

Парадокс близнецов в теории относительности. М., 1966.

Дз.У.Скабяльцын.

т. 14, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКАРА́ЛЬНІКІ ЗАРА́ДЖАНЫХ ЧАСЦІ́Ц,

устаноўкі для атрымання зараджаных часціц (электронаў, пратонаў, атамных ядраў, іонаў і інш.) высокіх энергій (больш за 1 МэВ) за кошт іх паскарэння ў эл. полі.

У 1919—32 развіццё П.з.ч. грунтавалася на атрыманні высокіх напружанняў і іх выкарыстанні для паскарэння зараджаных часціц. У 1931 створаны электрастатычны генератар (гл. Ван-дэ-Граафа генератар), у 1932 — каскадны генератар, што дазволіла атрымліваць патокі паскораных часціц з энергіяй да 10 МэВ. У 1931—44 распрацаваны рэзанансныя метады паскарэння часціц, пры якіх паскораныя часціцы шматразова праходзілі паскаральны прамежак і набіралі энергію пры адносна невял. паскаральным напружанні (гл. Цыклатрон). У 1940 пабудаваны цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў — бэтатрон. У 1950-я г. прапанаваны прынцыпы аўтафазіроўкі і моцнай факусіроўкі часціц, у выніку павялічыліся межы дасягальных энергій у цыклічных і лінейных П.З.Ч. Існуюць лінейны паскаральнік даўжынёй больш за 3 км, дзе электроны і пазітроны маюць энергію да 45 ГэВ (г. Станфард. ЗША); цыклічны паскаральнік з даўжынёй арбіты каля 27 км з энергіяй да 103 ГэВ (г. Жэнева, Швейцарыя); тэватрон паскарае пратоны і антыпратоны да энергіі 940 ГэВ (г. Батавія, ЗША). Развіццё паскаральнікаў звязана з павелічэннем энергій паскораных часціц, нарошчваннем іх інтэнсіўнасці (сілы току ў пучку) і працягласці імпульсу паскоранага пучка. Распрацоўваюцца новыя і ўдасканальваюцца метады паскарэння, дзе выкарыстоўваюцца звышправодныя матэрыялы ў магнітах і паскаральных сістэмах. аўтам. кіраванне, паскаральнікі 3 накапляльнымі кольцамі (гл. Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі) і інш. Выкарыстоўваюцца для навук. мэт (нараджэння новых часціц, атрымання штучных нуклідаў, вывучэння ядз. рэакцый, для доследаў у радыебіялогіі, хіміі, фізіцы цвёрдага цела і інш.), а таксама ў металургіі (для дэфектаскапіі), дрэваапр. прам-сці (для хуткай высакаякаснай апрацоўкі вырабаў), харч. прам-сці (для стэрылізацыі прадуктаў), медыцыне (для прамянёвай тэрапіі, «бяскроўнай хірургіі» і інш.). Гл. таксама Фазатрон, Сінхрафазатрон.

Літ.:

Комар Е.Г. Основы ускорительной техники. М., 1975;

Лебедев А.Н., Шальнов А.В. Основы физики и техники ускорителей. 2 изд. М., 1991.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЭ́МБАЎСКІ ЗРУХ узроўняў энергіі,

невялікія адрозненні энергій электрона ў атаме вадароду і вадародападобных атамах для некаторых станаў, у якіх, паводле Дзірака ўраўнення, энергіі павінны супадаць. Эксперыментальна выяўлены ў 1947 У.Ю.Лэмбам і амер. фізікам Р.​Рызерфардам і тэарэтычна растлумачаны Г.А.Бетэ. У квантавай электрадынаміцы Л.з. тлумачыцца тым, што ўплыў на электрон яго ўласнага поля залежыць ад стану электрона. Гл. таксама Тонкая структура.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РМА,

фізічная велічыня, якая характарызуе меру энергіі, перададзенай іанізавальным выпрамяненнем зараджаным часціцам у дадзеным пункце аб’ёму апрамененага рэчыва. Тэрмін «К.» — абрэвіятура англ. выразу kinetic energy released in matter (кінетычныя энергія, вызваленая ў рэчыве). К. роўная адносінам сумы пачатковых кінетычных энергій зараджаных часціц, якія ўтвараюцца пад дзеяннем нейтронаў, рэнтгенаўскіх і γ-квантаў у элементарным аб’ёме рэчыва, да масы рэчыва ў гэтым аб’ёме. Адзінка К. ў СІ — грэй.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́Т (лац. Astatium),

At, радыеактыўны хім. элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 85, адносіцца да галагенаў. Найб. устойлівы штучны ізатоп ​210At (перыяд паўраспаду 8,3 гадз). Упершыню атрыманы ў 1940 (ізатоп ​211At). У паверхневым пласце зямной кары таўшчынёй 1,6 км знаходзіцца каля 70 мг At. Па адных хім. уласцівасцях падобны да неметалу ёду, па другіх — да металаў палонію і вісмуту. Атрымліваюць апрамяненнем вісмуту і торыю α-часціцамі высокіх энергій.

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)