МАРТЭ́Н (Martin) П’ер Эміль [18.8. 1824, г. Бурж, Францыя — 25 (?).5. 1915], французскі металург. Скончыў горную школу. Працаваў на металург. з-дзе бацькі ў г. Фуршамбо, у 1854—83 дырэктар металург. з-да каля г. Ангулем. У 1864 прапанаваў новы спосаб атрымання літай сталі з чыгуну і стальнога лому (мартэнаўскі працэс) у рэгенератыўных полымных печах, названых мартэнаўскімі печамі.

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́О,

расійскія цыркавыя артысты-ілюзіяністы, бацька і сыны. Нарадзіліся ў Маскве. Эміль Тэадоравіч (сапр. Гіршфельд-Рэнард; 11.4.1894—19.12.1965). Нар. арт. Расіі (1958). Як ілюзіяніст дэбютаваў у 1921 на Маск. эстрадзе. З 1932 адзін з першых пачаў выступаць у цырках з ілюзійнай апаратурай на адкрытай арэне. У праграмах выкарыстоўваў балет, сцэн. ігру, кантакт з залай. Ствараў цэласныя праграмы-рэвю, дзе асобныя нумары мелі вострасатыр., надзённы характар. Канструяваў цыркавую апаратуру. Эміль Эмілевіч (н. 12.7.1938). Сын Эміля Тэадоравіча. Засл. арт. Паўн.-Асецінскай рэспублікі (1969), засл. арт. Расіі (1977). Скончыў Маск. інж.-буд. ін-т. У цырку пачаў працаваць з 1961 у атракцыёне бацькі, з 1966 выступае самастойна. Апіраючыся на рэпертуар бацькі, стварае новыя нумары і трукі. Ігар Эмілевіч (н. 13.3.1944). Сын Эміля Тэадоравіча. З 1959 асістэнт і дублёр бацькі, з 1966 выступае з яго нумарамі самастойна. Стварае арыгінальныя ілюзійныя атракцыёны.

Літ.:

Марьяновский В.А. Кио: отец и сыновья. М., 1984.

т. 8, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТРА́Н ((Bertrand) Габрыэль Эміль) (17.5.1867, Парыж — 20.6.1962),

Французскі біяхімік, хімік, батанік, бактэрыёлаг. Чл. Франц. мед. акадэміі і Парыжскай АН (1923). Праф. (1908). Замежны чл.-кар. Расійскай АН і АН СССР (1924). Скончыў Вышэйшую фармацэўтычную школу ў Парыжы. З 1900 у Сарбоне, адначасова ў Пастэраўскім ін-це. Навук. працы па энзімалогіі. Распрацаваў колькасныя метады выяўлення цукрыдаў (1906) і мікраэлементаў раслін і жывёл.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДЭРГА́ЛЬДЭН ((Abderhalden) Эміль) (9.3.1877 — 5.8.1950),

швейцарскі біяхімік. Замежны чл.-кар. АН СССР (1925). У 1904—45 працаваў у Германіі; з 1946 у Цюрыхскім ун-це. Сінтэзаваў (разам з Э.Г.Фішэрам) поліпептыд з 19 амінакіслот (1916). Даследаваў структуру і функцыі бялкоў, ролю тлушчаў, вітамінаў, гармонаў пры харчаванні; адкрыў т.зв. ахоўныя ферменты, якія ўтвараюцца ў арганізме пры цяжарнасці, пухлінах і інш. Аўтар «Падручніка фізіялагічнай хіміі» (рус. пер. 1934).

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОХ ((Bloch) Конрад Эміль) (н. 21.1.1912, г. Ныса, Польшча),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1954). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Мюнхене (1934), Калумбійскі ун-т (1938). З 1938 працаваў у Калумбійскім, Чыкагскім, з 1954 праф. у Гарвардскім ун-тах. Навук. працы па ізатопным аналізе клетачнага метабалізму, праблемах біясінтэзу і хім. будовы стэроідаў, парфірынаў, ферментаў. Вызначыў ролю халестэрыну ў абмене рэчываў у жывёл і асн. этапы яго біясінтэзу. Нобелеўская прэмія 1964 (разам з Ф.Ліненам).

т. 3, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮКЛО́ ((Duclaux) П’ер Эміль) (24.6.1840, г. Арыяк, Францыя — 3.5.1904),

французскі мікрабіёлаг і хімік. Чл. Парыжскай АН (1888). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1862). Працаваў з Л.Пастэрам. З 1895 дырэктар Пастэраўскага ін-та. Навук. працы па біяхіміі. Даследаваў хім. састаў малака, малочнакіслае браджэнне, уздзеянне сычужнага ферменту, састаў і ўтварэнне розных сыроў. Прапанаваў метад вызначэння лятучых кіслот шляхам фракцыйнай перагонкі. Вывучаў з’яву осмасу і руху вадкасці ў капілярах. Адстойваў мікробную тэорыю хвароб. Аўтар 4-томнага твора «Мікрабіялогія» (1898—1901).

т. 6, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ХЕР ((Kocher) Эміль Тэадор) (25.8.1841, Берн —27.7.1917),

швейцарскі хірург, адзін з заснавальнікаў брушной хірургіі. Прэзідэнт Германскага хірург. т-ва, ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага хірург. т-ва, Рус. хірург. т-ва імя М.У.Пірагова і інш. Скончыў Бернскі ун-т (1865). З 1872 праф. хірургіі і дырэктар хірург. клінікі Бернскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні функцый і метадах хірург. лячэння шчытападобнай залозы, антысептыцы. Распрацаваў аператыўныя доступы да ўнутраных органаў і буйных сасудаў, упершыню ажыццявіў выдаленне шчытападобнай залозы. Нобелеўская прэмія 1909.

Т.Кохер.

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЛЬ ((Borel) Эміль) (7.1.1871, Сент-Афрык, дэп. Аверон, Францыя — 3.2.1956),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (1921), чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Вышэйшую Нармальную школу ў Парыжы (1891). З 1893 у Лільскім ун-це, з 1897 праф. Парыжскага ун-та і Вышэйшай Нармальнай школы. Адзін з арганізатараў і дырэктар (з 1928) ін-та імя А.Пуанкарэ. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі функцый, матэм. фізіцы і тэорыі імавернасцяў.

Тв.:

Рус. пер. — Пространство и время. М., [1924];

Основные идеи алгебры и анализа. М.; Л., 1927;

Вероятность и достоверность. М., 1974.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНВЕНІ́СТ ((Benveniste) Эміль) (27.5.1902, г. Халеб, Сірыя — 3.10.1976),

французскі мовазнавец. Вучань А.Мее. З 1935 праф. Калеж дэ Франс, з 1945 сакратар Парыжскага лінгвістычнага т-ва, з 1960 чл. Франц. АН. Працы ў галіне агульнага і індаеўрап. мовазнаўства, агульнай семіялогіі. Даследаваў праблемы структурнай лінгвістыкі. У адрозненне ад Ф. дэ Сасюра лічыў моўны знак міжвольным, таму што ён абумоўлены сістэмай мовы («Прырода лінгвістычнага знака», 1939). Аўтар тэорыі структуры індаеўрап. кораня, шматлікіх прац па іранскіх мовах.

Тв.:

Problèmes de linguistique gènèrale. Paris, 1969;

Рус. пер. — Общая лингвистика. М., 1974.

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫНГ ((Behring) Эміль Адольф фон) (15.3.1854, Гансдорф, цяпер у Эльблонгскім ваяв., Польшча — 31.3.1917),

нямецкі мікрабіёлаг, бактэрыёлаг, імунолаг. Праф. (1894). Скончыў Берлінскі ун-т (1880). З 1889 у Ін-це гігіены ў Берліне, з 1894 ва ун-це ў г. Гале, з 1895 дырэктар Ін-та эксперым. тэрапіі ў г. Марбург. Навук. працы па імунізацыі жывёл і чалавека супраць інфекц. хвароб. Прапанаваў проціслупняковую (1890) і процідыфтэрыйную (адначасова з франц. мікрабіёлагам Э.Ру, 1901) антытаксічныя сывараткі, распрацаваў спосаб імунізацыі супраць дыфтэрыі. Першая Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне 1901.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)