Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫ ПРАЕ́КТАР,
бязлінзавы электронны мікраскоп для атрымання павялічанага відарыса паверхні цвёрдага цела. Прынцып дзеяння грунтуецца на аўтаэлектроннай эмісіі. Вынайдзены ням. фізікам Э.Мюлерам (1936).
Асн. часткі Э.п.: даследаваны ўзор у выглядзе тонкага вастрыя (радыус крывізны не больш за 0,1 мкм), які служыць катодам; шкляная сферычная ці конусападобная колба, дно якой пакрыта люмінафорам; анод у выглядзе праводнага слоя на сценках колбы ці тонкага кальца вакол катода. Вылучаныя электроны паскараюцца ў радыяльных (адносна вастрыя) напрамках, бамбардзіруюць экран, выклікаюць свячэнне люмінафора і тым самым ствараюць павялічаны (да 106 разоў) відарыс паверхні ўзору, які адлюстроўвае яго крышталічную структуру. Выкарыстоўваецца для вывучэння аўтаэлектроннай эмісіі металаў і паўправаднікоў, вызначэння работы выхаду электронаў з розных граней монакрышталёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫ МІКРАСКО́П,
вакуумная электронна-аптычная прылада для атрымання павялічанага відарыса аб’екта, у якой замест светлавых прамянёў выкарыстоўваюцца пучкі электронаў, паскораных да высокіх энергій. Прынцып дзеяння Э.м. заснаваны на законах электроннай і іоннай оптыкі. Па раздзяляльнай здольнасці (да 0,1 нм) пераўзыходзіць аптычны мікраскоп у некалькі тысяч разоў, што дазваляе вывучаць атамную і малекулярную структуру даследуемых аб’ектаў. Паводле характару даследаванняў аб’ектаў адрозніваюць прасвечвальныя, адбівальныя, растравыя, эмісійныя, ценявыя і люстраныя Э.м.
У прасвечвальных Э.м. відарыс аб’екта ствараецца з дапамогай электронных лінзаў электронамі, якія прайшлі праз даследаваны аб’ект. У адбівальных — рассеянымі (адбітымі) электронамі. У растравыхэлектронны пучок факусіруецца лінзамі ў тонкі прамень-зонд, які сканіруе паверхню аб’екта. Такімі мікраскопамі даследуюцца празрыстыя і непразрыстыя (для электронаў) аб’екты, відарыс якіх звычайна назіраецца на экране электронна-прамянёвай трубкі. У эмісійных Э.м. аб’ект сам за кошт награвання, асвятлення, бамбардзіроўкі яго электронамі ці іонамі і інш. выпрамяняе электроны, якія паскараюцца і праходзяць праз лінзы. У ценявых Э.м. электронныя лінзы ствараюць электронны зонд, які на аддаленым ад аб’екта экране ці на фотапласцінцы стварае ценявы відарыс. З дапамогай люстраных Э.м. вызначаюць размеркаванне эл. патэнцыялу паблізу паверхні даследуемага ўзору (электроны адбіваюцца ад эквіпатэнцыяльнай паверхні, якая ўтварылася перад узорам). Э.м. выкарыстоўваюцца ў навук. даследаваннях, у тэхнал. мэтах, напр., для вырабу мікрасхем метадам электроналітаграфіі, а таксама для кантролю ў розных галінах мікраэлектронікі, паўправадніковай тэхнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́П ЭЛЕКТРО́ННЫ,
працэс, пры якім ядро спантанна захоплівае электрон з адной з унутраных абалонак атама з адначасовым выпрамяненнем электроннага нейтрына; від бэта-распаду. Абумоўлены слабымі ўзаемадзеяннямі. Адбываецца, калі маса «старога» ядра большая за масу «новага» на велічыню энергіі сувязі электрона, які захопліваецца. Прадказаны яп. фізікамі Х.Юкава і С.Саката у 1936 і выяўлены амер. фізікам Л.Альварэсам у 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫ ПАМНАЖА́ЛЬНІК,
электронная прылада для ўзмацнення (памнажэння) электронных патокаў за кошт другаснай электроннай эмісіі. Уваходзіць у склад некат. прылад (фотаэлектроннага памнажальніка, электронна-аптычнага пераўтваральніка, некат. перадавальных электронна-прамянёвых прылад і інш.) або як самаст. прылада выкарыстоўваецца для непасрэднай рэгістрацыі эл.-магн. выпрамянення або часціц.
Дыскрэтныя дынодныя сістэмы электроннага памнажальніка: 1 — жалюзійная; 2 — каробчаста-сеткавая; 3 — коўшападобная. Чырвоным колерам вылучаны дыноды, сінія стрэлкі — шлях электронаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫ ЗАХО́П,
працэс, пры якім ядро спантанна захоплівае электрон з якой-н. унутранай абалонкі атама; разнавіднасць бэта-распаду ядраў. Абумоўлены слабымі ўзаемадзеяннямі.
У кожным акце Э.з. 1 пратон ядра пераўтвараецца ў нейтрон з адначасовым выпрамяненнем электроннага нейтрына. Працэс суправаджаецца вылучэннем аднаго ці больш квантаў характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення, утворанага пры запаўненні вакансій у электроннай абалонцы атама. Некаторыя нукліды (напр., жалеза-55, кадмій-109), дзе назіраецца Э.з., выкарыстоўваюцца як крыніцы монахраматычнага рэнтгенаўскага выпрамянення ў даследаваннях у біямедыцыне. матэрыялазнаўстве, дэфектаскапіі і інш.