Радыяцыйная экалогія 9/36

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,

тое, што аграэкалогія.

т. 14, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛО́ГІЯ ХАРЧАВА́ННЯ,

тое, што трофаэкалогія.

т. 18, кн. 1, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,

галіна экалогіі, якая вывучае ўздзеянне фактараў касм. прасторы на жывыя арганізмы, а таксама распрацоўвае метады біял. даследаванняў і сродкі забеспячэння жыццядзейнасці зямных арганізмаў ва ўмовах касм. палёту (экалогія штучных біял. сістэм). Адна з асн. задач К.э. — стварэнне біякомплексаў, ці замкнёных экалагічных сістэм з аўтатрофнымі і гетэратрофнымі арганізмамі, неабходнымі для працяглых касм. палётаў.

Першыя звесткі пра ўздзеянні ўмоў касм. палёту на жывыя арганізмы (першыя кароткачасовыя — 8—10 хвілін бязважкасці), атрыманы ў СССР і ЗША у 1940—50-я г. на ракетах, якія дасягнулі выш. 500 км. Сістэм. даследаванні пачаліся з 1957 (палёт сабакі Лайкі на 2-м штучным спадарожніку Зямлі). Вывучаліся непасрэдныя і аддаленыя вынікі ўздзеяння фактараў касм. палёту на расліны і жывёл, што дало магчымасць абгрунтаваць рэкамендацыі па медыка-біял. забеспячэнні працяглых пілатуемых касм. палётаў.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛО́ГІЯ ЧАЛАВЕ́КА,

раздзел экалогіі, які вывучае ўзаемадзеянне чалавека з навакольным асяроддзем. Вывучае крыніцы небяспекі для чалавека, вынікі іх уздзеяння, механізмы сац., псіхал. і фізіял. адаптацыі чалавека да розных умоў існавання, распрацоўвае інтэгральныя сістэмы, якія даюць магчымасць аналізаваць і прагназіраваць стан папуляцыі чалавека, шляхі выйсця з крызісных сітуацый.

Літ.:

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружаюшая среда и человек. 2 изд., М., 1986;

Экология человека. М., 1997.

т. 18, кн. 1, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБА́ЛЬНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,

раздзел экалогіі, які вывучае агульнабіясферныя заканамернасці прыродных працэсаў і іх змены пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння. Інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 20 ст., калі пачалі праяўляцца глабальныя экалагічныя праблемы. Разглядае іх на ўзроўні біясферы ў цэлым або дастасавальна да асобных яе падсістэм (гідрабіясферы, аэрабіясферы, глебы і інш.). Практычнае значэнне маюць даследаванні глабальнага забруджвання навакольнага асяроддзя, яго рэальных і патэнцыяльна магчымых наступстваў і ўплываў на стан розных экасістэм. На Беларусі асобныя аспекты глабальнай экалогіі рэалізуюцца праз абагульненне інфармацыі для сістэмы глабальнага маніторынгу (станцыі назіранняў у Бярэзінскім біясферным запаведніку).

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛО́ГІЯ ПАПУЛЯЦЫ́ЙНАЯ, дэмэкалогія,

раздзел агульнай экалогіі, які вывучае структуру і дынаміку папуляцыі, а таксама з’явы, што адбываюцца ў папуляцыі пад уздзеяннем розных фактараў. Уключае вучэнне аб папуляцыйных структурах, дынаміку папуляцый і яе фактары, у т. л. рост папуляцыі, унутрыпапуляцыйныя ўзаемадзеянні.

Першыя навук. працы па Э.п. — даследаванні законаў росту (развіцця) папуляцыі бельг. вучоных А.​Кетле (1835) і П.​Верхолста (1838). У сучасным выглядзе Э.п. сфарміравалася ў 1950—80-я г. дзякуючы працам амер. заолага Ч.​Элтана, С.С.Шварца, ням. вучонага Ф.​Швертфегера і інш. і ў сувязі са станаўленнем канцэпцыі аб папуляцыі як адзінцы мікраэвалюцыі. Э.п. развіваецца ў цесным узаемадзеянні з эвалюц. экалогіяй, сінэкалогіяй, экалагічнай фізіялогіяй, а ў адносінах да чалавека — з дэмаграфіяй і сац. экалогіяй.

В.​В.​Грычык.

т. 18, кн. 1, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,

галіна экалогіі, якая вывучае ўзаемаадносіны прыродных з’яў і ўзаемадзеянне паміж з’явамі ў межах пэўнай экасістэмы. Тэрмін уведзены ням. географам К.​Тролем (1939). Асновы Л.э. распрацаваны рас. вучонымі В.В.Дакучаевым, Г.Ф.Марозавым, Р.​І.​Аболіным у пач. 20 ст. Заканамерныя спалучэнні экасістэм у межах пэўнай тэр. ці акваторыі, характэрных у розных адносінах (напр., геамарфалагічных на сушы або гідралагічных у водным асяроддзі), утвараюць сістэму больш высокага ўзроўню — ландшафт. Экасістэмы, што ўтвараюць ландшафт, звязаны паміж сабой паверхневым і грунтавым сцёкамі, з якімі адбываецца асн. перанос рэчываў ад аўтаномных (водападзельных) да акумулятыўных (падначаленых) экасістэм праз пераходныя (транзітныя); пераносам рэчываў паветраным шляхам (ветрам), а таксама актыўнай міграцыяй жывёл. Кожная з экасістэм злучана з інш. экасістэмамі сувязямі, якія вызначаюцца яе ўнутр. ўласцівасцямі і становішчам у ландшафце. Экасістэмы кожнага ландшафту адчуваюць уздзеянне вонкавых па адносінах да іх фактараў: атм., літалагічных, гідрагеал. і антрапагенных. Задачы Л.э. вырашаюць таксама біягеацэналогія і ландшафтазнаўства.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ, радыеэкалогія,

навука, якая даследуе намнажэнне радыеактыўных рэчываў у арганізмах і іх міграцыю ў біясферы, узаемаадносіны радыеактыўнасці навакольнага асяроддзя з раслінамі і жывёламі, іх згуртаваннямі; раздзел радыебіялогіі і экалогіі. Цесна звязана з біялогіяй, медыцынай, гігіенай і інш. навукамі. Вырашае пытанні аб ролі радыеактыўнасці ў эвалюцыі біясферы, практычным пытанні прагназіравання паслядзеяння антрапагеннага радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя ў сувязі з шырокім выкарыстаннем ядз. энергіі.

Як самастойная навука зарадзілася ў канцы 1940-х г. у сувязі з выпрабаваннем ядз. зброі. Гал. ўвага ўдзялялася вывучэнню і міграцыі ў прыродзе цяжкіх радыеактыўных элементаў, найперш урану.

На Беларусі ўзнікла ў 1950—60-я г. з пачаткам даследаванняў па колькасці і размеркаванні радыенуклідаў у глебе, а таксама па вывучэнні міграцыі хім. элементаў у экасістэмах з выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў у якасці меткі. Даследаванні праводзяцца ў адпаведных ін-тах Нац. АН Беларусі, НДІ і праектна-вышукальных станцыях Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Міжнар. экалагічным ун-це імя А.​Дз.​Сахарава, Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу і інш. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задачы Р.э.: вызначэнне межаў і ўзроўню забруджвання тэрыторый, вывучэнне ізатопнага складу радыеактыўных ападкаў, распрацоўка мерапрыемстваў па бяспечным пражыванні насельніцтва на забруджаных тэрыторыях.

А.​У.​Чысцік.

т. 13, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛО́ГІЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

інтэграцыйная навука, якая спалучае два розныя падыходы да вывучэння экалагічных і сацыяльных аб’ектаў. Яе зыходная тэарэт. крыніца — ідэі экалогіі і сацыяэкалогіі, сфармуляваныя і развітыя Э.Гекелем і інш. вучонымі на працягу 1860—1930-х г., а таксама канцэпцыя наасферы, якую распрацоўвалі У.І.Вярнадскі, П.Тэяр дэ Шардэн і інш. Станаўленне як самаст. галіны сацыялагічных ведаў звязана з даследаваннямі навакольнага асяроддзя Р.​Данлэпа і У.​Кэтана. Асн. задачы Э.с.: вывучэнне экстрэмальных сітуацый, што ўзнікаюць у выніку парушэння раўнавагі ва ўзаемадзеянні грамадства з прыродай; высвятленне антрапагенных, тэхнал. і сац. фактараў іх узнікнення; адшуканне аптымальных шляхоў і сродкаў пераадольвання іх разбуральных наступстваў. Мэта Э.с. — ажыццяўленне тэарэт. сінтэзу прырода- і грамадазнаўчых ведаў, канцэпцый, метадаў даследавання і распрацоўка на іх аснове канцэптуальнай мадэлі ўзаемадзеяння чалавечай супольнасці і прыроды, якія б дазволілі аптымізаваць, а затым і гарманізаваць працэсы гэтага ўзаемадзеяння. Вывучае структуру, асаблівасці і тэндэнцыі функцыянавання аб’ектаў штучна створанага чалавекам прадметнага асяроддзя, якія ўзаемадзейнічаюць з навакольным прыродным асяроддзем. Аб’ект Э.с. — складаная сістэма сацыяпрыродных адносін і ўзаемадзеяння, што фарміруецца і функцыянуе ў выніку свядомай, мэтанакіраванай дзейнасці людзей, аб’яднаных у розныя сац. супольнасці. Э.с. даследуе спецыфічныя ўзаемадзеянні чалавека (грамадства) і навакольнага асяроддзя, уплыў апошняга як сукупнасці прыродных і грамадскіх фактараў на чалавека, а таксама ўплыў чалавека на навакольнае асяроддзе з пазіцыі выяўлення рэгіянальных і глабальных змен асяроддзя антрапагеннага паходжання і іх сацыякультурнай інтэрпрэтацыі, праблемы захавання і ўзнаўлення навакольнага асяроддзя для нармальнага жыцця чалавека як сацыябіял. істоты. Э.с. вывучае таксама розныя экалагічныя рухі, іх сац. структуру, ступені іх уплыву ў грамадстве, даследуе сац.-экалагічныя канфлікты, спецыфіку экалагічнай свядомасці, экалагічнай культуры і да т.п.

Літ.:

Сосунова И.А. Социальная экология. М., 1996.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 18, кн. 1, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)