цыклічны ферментатыўны працэс, які прадстаўляе мадыфікацыю трыкарбонавых кіслот цыкла (ТКЦ). Дае магчымасць жывым клеткам пераўтвараць тлушчы ў вугляводы. Актыўна функцыянуе ў некат. бактэрый, водарасцей і ў асобных тканках насення вышэйшых раслін пры яго прарастанні. У жывёльных клетках гліяксілатны цыкл адсутнічае і яны не пераўтвараюць тлушчы ў вугляводы. У гліяксілатным цыкле не адбываецца акіслення ацэтыльных астаткаў (вынік β-акіслення тлушчакіслотных рэшткаў запасных тлушчаў) да CO2 (як у ТКЦ), а ўтвараецца сукцынат, які потым выкарыстоўваецца ў працэсах біясінтэзу глюкозы. У адрозненне ад ТКЦ у гліяксілатным цыкле адбываецца расшчапленне ізацытрату з утварэннем гліяксілату і сукцынату і гліяксілат рэагуе з 2-й малекулай ацэтыл-KoA з утварэннем L-малату. У бактэрый ферменты гліяксілатнага цыклу і ТКЦ знаходзяцца ў адным кампартменце і гліяксілатны цыкл нагадвае шунт рэакцый дэкарбаксіліравання ТКЦ. У тканках вышэйшых раслін ферменты гліяксілатнага цыклу лакалізаваны ў асобных арганелах — гліяксісомах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫ́ЛАДА,
электравымяральная прылада, заснаваная на ўзаемадзеянні магн. поля нерухомага пастаяннага магніта з магнітным полем току, што вымяраецца і працякае па рухомым правадніку (шпулі, рамцы). Выкарыстоўваецца для вымярэння эл. напружання, сілы току, супраціўлення, колькасці электрычнасці ў ланцугах пастаяннага току (у вальтметрах, амперметрах, омметрах, гальванометрах).
Найб. пашыраны М.п. са шпуляй, якая верціцца вакол восі паміж нерухомым магнітам і жалезным стрыжнем. Сіла, што адхіляе шпулю з замацаванай стрэлкай, прапарцыянальная сіле току. Ёсць таксама М.п., у якіх пастаянны магніт змешчаны ўнутры рухомай шпулі, і прылады з рухомым магнітам, замацаваным на восі ўнутры нерухомай шпулі. Выкарыстоўваюцца таксама магнітаэл. лагометры. М.п. як састаўная ч. ўваходзяць у выпрамныя, тэрмаэл., электронныя аналагавыя і інш. прылады, што вымяраюць сілу пераменнага току і напружанне. Межы вымярэння пашыраюць шунтамі і дабавачнымі супраціўленнямі. У спалучэнні з вымяральнымі пераўтваральнікамі М.п. вымяраюць і неэл. велічыні (т-ру, ціск і інш.).