БОРГ ((Borg) Б’ёрн) (н. 6.6.1956, г. Сёдэртэлье, Швецыя),

шведскі спартсмен (тэніс). Чэмпіён свету (1976), пераможца турніраў у Уімблдане (1976—80), турніру «Мастэрс» (1979, 1980), адкрытага першынства Францыі (1974—76, 1978—80) у адзіночным разрадзе. У 1977—81 лідэр у рэйтынгу лепшых тэнісістаў свету.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕНГА́ГЕНСКІ МІР 1660.

Завяршыў дацка-швед. вайну 1658—60, у якой Швецыя пацярпела паражэнне. Падпісаны 27.5.1660 у г. Капенгаген. Паводле дагавора Даніі вернуты Тронхеймскі лен (у Нарвегіі) і в-аў Борнхальм, адменена (па патрабаванні саюзніцы Даніі Галандыі) забарона на плаванне ў Балтыйскім м. флатоў небалт. дзяржаў.

т. 8, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ЗЕВЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, дзе адным з асн. лек. фактараў з’яўляюцца гразі лячэбныя. Вытокі ў практыцы гразелячэння з часоў Стараж. Рыма і Усходу. У канцы 18 ст. гразевыя курорты з’явіліся ў многіх краінах Еўропы (Швецыя, Аўстрыя, Германія, Расія), мед. кантроль на іх пачаў уводзіцца ў 19 ст. Сучасныя гразевыя курорты спалучаюць функцыі гразевых, бальнеалагічных і кліматычных.

Вядомыя еўрап. Гразевыя курорты: Паморые, Тузла, Шабла (Балгарыя), Хевіз (Венгрыя), Бад-Берка, Бад-Доберан, Бланкенбург, Бад-Дрыбург, Бад-Грунц (Германія), Буска-Здруй, Полчын-Здруй, Крыніца, Інавроцлаў, Цэхацынек (Польшча), Кавасна, Савата, Мангалія (Румынія), Спа (Бельгія), Абана-Тэрме, Аньяна-Тэрме, Сальсамаджорэ-Тэрме, Сірміёне (Італія), Дакс (Францыя), Ронебю (Швецыя), Кемеры (Латвія), Хаапсалу (Эстонія), Бірштанас, Друскінінкай (Літва), Адэса, Сакі, Салёны Ліман, Гопры (Украіна), Сольвычагодск, Старая Руса, Мацэста (Расія) і інш.

На Беларусі пашырэнню гразелячэння спрыяюць багатыя рэсурсы прыродных гразей з лек. ўласцівасцямі (тарфяныя, сапрапелевыя).

т. 5, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЭГА́Т (Kattegatt),

праліў паміж усх. берагам п-ва Ютландыя і Скандынаўскім п-вам, які ўваходзіць у сістэму Дацкія пралівы. Даўж. 270 км, найменшая шыр. 60 км, глыб. 17—30 м, у паўн. ч. да 124 м. У сярэдняй ч. а-вы Анхальт і Лесё. Часам каля берагоў замярзае. Порт — Гётэбарг (Швецыя).

т. 8, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛЬСТА́ДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1905.

Падпісаны паміж Швецыяй і Нарвегіяй 26 кастр. ў г. Карльстад (Швецыя) пасля папярэдніх двухбаковых перагавораў (праходзілі 31.8—23.9.1905) і ўхвалення парламентамі абедзвюх краін. Аформілі скасаванне швед.-нарв. уніі 1814—1905, вызначылі цэласнасць тэр. Нарвегіі, стварэнне нейтральнай пагран. зоны, умовы бяспошліннага транзіту тавараў для Швецыі праз тэр. Нарвегіі, пацвердзілі правы качавання шведскіх саамаў на нарв. землях і інш.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТНІ́ЧНЫ ЗАЛІ́Ў (швед. Bottniska viken, фін. Pohjanlahti),

паўночная частка Балтыйскага м., паміж Швецыяй і Фінляндыяй. Злучаецца з адкрытым морам пралівам Сёдра-Кваркен паміж Аландскімі а-вамі і берагам Швецыі. Пл. 117 тыс. км². Даўж. 668 км, шыр. да 240 км. Найб. глыб. 290 м. Шэраг невял. астравоў — шхераў. Зімой замярзае. Прылівы мяшаныя, на Пн сутачныя (да 0,1 м). Гал. парты: Васа, Оўлу, Поры (Фінляндыя), Лулео, Умее (Швецыя).

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФВЕ́Н (Alfvén),

Альвен Ханес (н. 30.5.1908, г. Норчэпінг, Швецыя), шведскі фізік і астрафізік. Чл. Шведскай АН (1947), замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў ун-т Упсалы (1934). З 1937 у Нобелеўскім ін-це фізікі, з 1940 праф. Каралеўскага тэхнал. ін-та (Стакгольм). Навук. працы па электрадынаміцы, фізіцы плазмы, касм. фізіцы і астрафізіцы. Развіў тэорыю ўзнікнення палярных ззянняў, геамагн. бур і Сонечнай сістэмы. Нобелеўская прэмія 1970.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЭРБЕРГ ((Widerberg) Бу) (н. 8.6.1930, г. Мальмё, Швецыя),

шведскі кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў т.зв. новага шведскага кіно. У фільмах «Дзіцячая каляска» (1962), «Варонін квартал», «Каханне, 65» (1965), «Прывітанне, Раланд!» (1966) цікавасць да сац. праблем, духоўнага свету пасляваен. пакалення, пошукі новай кінематаграфічнай формы. Сярод фільмаў: «Эльвіра Мадзіган» (1967), «Джо Хіл» (1971), «Змяіная сцежка» (1986), камедыя «Сапляк» (1974), дэтэктыў «Чалавек на даху». Аўтар кн. «Панарама шведскага кіно» (1962).

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬТ ((Bildt) Карл) (н. 15.7.1949, г. Хальмстад, Швецыя),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Швецыі. Скончыў Стакгольмскі ун-т. У 1973—74 старшыня Свабоднага студэнцкага саюза Памяркоўнай кааліцыйнай партыі (ПКП). У 1974—76 старшыня Арг-цыі еўрап. студэнтаў-дэмакратаў, адначасова сакратар па паліт. пытаннях ПКП. З 1979 дэп. рыксдага (парламента). З 1986 старшыня ПКП. У 1991—94 — прэм’ер-міністр Швецыі. З 1995 пасрэднік Еўрап. саюза па ўрэгуляванні Баснійскага крызісу 1990-х г.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́ЎСКІ МІР 1660,

мірны дагавор паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай з яе саюзнікамі Аўстрыяй і Брандэнбургам. Падпісаны 3.5.1660 у Аліўскім манастыры паблізу Гданьска пры пасрэдніцтве Францыі. Завяршыў (разам з Капенгагенскім мірам 1660) Паўночную вайну 1655—60. Паводле Аліўскага міру кароль Рэчы Паспалітай Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на швед. карону. Швецыя замацавала за сабой Эстляндыю з в-вам Эзель і амаль усю Ліфляндыю, захопленыя ёй у 16 — пач. 17 ст.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)