сялянска-казацкае паўстанне на Правабярэжнай Украіне ў 1768 супраць сац. і нац. прыгнёту з боку Рэчы Паспалітай; найб. ўздым руху гайдамакаў. Пачалося ў маі на поўдні Кіеўскага ваяв., дзе пад кіраўніцтвам М.Залізняка сабраліся незадаволеныя сяляне, узброеныя каламі (адсюль назва) і халоднай зброяй. Яны занялі Смелу, Чаркасы, Канеў, Корсунь, Лысянку. 20—21 чэрв. атрады Залізняка і казакі на чале з Х.Гонтай авалодалі Уманню. Паўстанне ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Падолію, Валынь. Дзейнічалі атрады гайдамакаў пад кіраўніцтвам С.Нежывога, А.Журбы, І.Бандарэнкі і інш. Пад уплывам К. пачаліся сял. хваляванні ў Галіцыі і этнічнай Польшчы. Баючыся пашырэння паўстання на сваю тэр., урад Расіі дапамог уладам Рэчы Паспалітай задушыць яго (7 ліп.рас. войскі захапілі Залізняка, Гонту і інш. кіраўнікоў, раззброілі іх атрады). К. прысвечана паэма Т.Р.Шаўчэнкі «Гайдамакі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНЫЯ КНІ́ГІ,
від актавых запісаў пра купцоў і іх тавары, правезеныя праз мытныя каморы ці прыкаморкі; каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. У М.к. фіксаваліся прозвішчы і месца жыхарства купцоў, якія, адкуль і куды везлі тавары, іх кошт, сума мыта. Паводле М.к. (1-я пал. 17 ст.) з усяго купецтва Беларусі, якое займалася замежным гандлем, беларусаў было 80—85% (ім належала да 90% перавезеных тавараў), яўрэяў — 9—10%, палякаў, рускіх і інш. 4—6%. Асн. прадметы ўвозу: футра, тканіны, металы, рамесныя вырабы і інш. М.к. сведчаць, што асн. пунктамі гандлю бел. купцоў у Расіі былі Масква, Пскоў, Вял. Лукі, Таропец, Смаленск, Белы, Бранск, Вязьма; на Украіне — Кіеў, Чаркасы, Львоў, Луцк; у Прыбалтыцы — Рыга, Кралявец (Кёнігсберг); у Польшчы — Люблін, Гданьск, Торунь, Гнезна, Познань, Вроцлаў, Тыкоцін.
Асн. гандлёвыя шляхі 15—18 ст.: рэкі Зах. Дзвіна, Дняпро, Прыпяць, Нёман і іх прытокі; больш за 20 сухапутных дарог (гасцінцаў), найважнейшыя з іх: Орша—Мінск—Ваўкавыск—Шарашова—Брэст, т.зв. «вялікая дарога»; Полацк—Віцебск—Орша, т.зв. «гасцінец вялікі»; Пінск—Гарадзішча—Навагрудак—Іўе—Вільня; Пінск—Хомск, т.зв. «дарога вялікая»; Полацк—Невель, т.зв. «вялікая Маскоўская дарога»; Магілёў—Шклоў—Копысь—Орша; Гомель—Рэчыца—Бабруйск—Мінск; Мінск—Глуск—Слуцк. На Вільню было 9 дарог, на Смаленск і Маскву — 10, на Люблін — 6. Зберагліся М.к.: Брэста за 1583 (апублікавана) і 1605, Гродна за 1600 (апублікаваны фрагмент), 1605 і 1764, Магілёва за 1612, 1708, Полацка за 1616 і 1708, Віцебска за 1605 (апублікавана), Барысава за 1708, Камянца за 1708, Вержбалова за 1708 і 1709, Мінска за 1709, Рэчыцы за 1708 і 1709, Сталовічаў за 1708. М.к. пач. 17 ст. зберагаюцца ў рукапісным аддз. б-кі Вільнюскага ун-та, 18 ст. — у рукапісным аддзеле б-кі Нарадовай у Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́, Днепр (стараж.-грэч.Барысфен,
укр.Славуціч),
рака ў Расіі, у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл. Беларусі і на Украіне; трэцяя па даўжыні і плошчы басейна ў Еўропе (пасля Волгі і Дуная). Даўж. 2145 км, на Беларусі 689 км, у т. л. на мяжы Расіі і Беларусі 17 км, у Беларусі да Лоева 562 км і 110 км на мяжы Беларусі і Украіны. Пл. вадазбору 504 тыс.км², у т. л. на Беларусі 118 тыс.км². Пачынаецца з невял. балота на Валдайскім узв. (Смаленская вобл., Расія), упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. Вярхоўі вадазбору ў межах Смаленскага ўзв., правабярэжжа сярэдняй ч. верхняга цячэння на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, левабярэжжа на Аршанска-Магілёўскай раўніне, што на Пд пераходзіць у нізіну Беларускага Палесся. На Пд ад г. Рагачоў па левабярэжжы ракі цягнецца Прыдняпроўская нізіна. У вярхоўі даліна добра распрацаваная, трапецападобная, шыр. 600 м — 1 км. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. ад 50 м да 1,5 км. Рэчышча свабодна меандрыруе. У межах Беларусі даліна пераважна трапецападобная, ніжэй вусця р. Сож невыразная, шыр. ад 800 м да 10 км, у межах Палескай нізіны зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма на значным працягу ад Магілёва — двухбаковая тэраса, шыр. яе ад 1 да 10 км у межах Гомельскага Палесся. Рэчышча на вял. працягу моцназвілістае, багатае перакатамі і мелямі, найб. выразнымі на ўчастку паміж вусцямі рэк Друць і Сож. За 9 км вышэй г. Орша рака праразае граду дэвонскіх вапнякоў, утварае т.зв. Кабяляцкія парогі, даўж. якіх каля 200 м. У сярэднім цячэнні даліна Д. шыр. 6—10 км. Правы бераг узвышаны і стромкі, абрываецца да ракі. Каля г. Канеў даліна звужаецца да 2 км. Паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа Д. перасякае гранітны масіў, дзе да буд-ва Днепрагэса былі Дняпроўскія парогі. У нізоўях Д. цячэ па Прычарнаморскай нізіне, шыр. поймы 23 км. Асн. прытокі на Беларусі: Адроў, Лахва, Друць, Бярэзіна, Прыпяць (справа), Ухлясць, Ржаўка, Сож (злева). Сярэдні і ніжні Д. ў асноўным — каскад ГЭС (з вадасховішчамі): Кіеўская, Канеўская, Крамянчугская, Днепрадзяржынская, Дняпроўская, Кахоўская. У сярэднім цячэнні гал. прытокі Рось (справа), Сула, Псёл, Ворскла, Самара (злева); у ніжнім — Базаўлук, Інгулец (справа), Конка (злева). Асноўны сцёк ракі фарміруецца ў верхнім цячэнні. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1670 м³/с. Ледастаў з снеж. да сак. ў нізоўі і да пач.крас. ў вярхоўі. Воды Д. выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (каналы: Д. — Крывы Рог, Д. — Данбас, Паўночна-Крымскі арашальны). Суднаходны ад вусця да г. Дарагабуж. Д. злучаны з бас. Віслы Дняпроўска-Бугскім каналам, з бас. Нёмана — Агінскім каналам, з бас.Зах. Дзвіны — Бярэзінскім каналам. На правым беразе Д. Канеўскі запаведнік. Асн. гарады: Дарагабуж, Смаленск (Расія), Орша, Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Рэчыца (Беларусь), Кіеў, Чаркасы, Крамянчуг, Днепрапятроўск, Запарожжа, Нікапаль, Херсон (Украіна).