ГРА́ДУС (ад лац. gradus крок, ступень),
пазасістэмная адзінка вымярэння плоскага вугла (вуглавы градус), роўная 1/90 прамога вугла. Абазначаецца °; дзеліцца на 60 мінут (60′) або 3600 секунд (3600″), 1° = 60′ = 3600″. Прамы вугал складае 90°, разгорнуты — 180°. Выкарыстоўваецца таксама для вымярэння дуг акружнасцей (разам з радыянам; поўная акружнасць роўная 360°).
2) Градус тэмпературны — агульная назва адзінак т-ры, што адпавядаюць розным тэмпературным шкалам. Адрозніваюць градусы шкалы Кельвіна (кельвін; К), градус Цэльсія (°C), градус Рэамюра (°R), градус Фарэнгейта (°F), градус Ранкіна (°Ra). 1 К = 1 °C = 0,8 °R = 1,8 °F = 1,8 °Ra.
3) У геадэзіі і астраноміі — адзінкі геадэзічнай даўгаты (двухгранны вугал паміж плоскасцямі 2 геадэзічных мерыдыянаў) і геадэзічнай шыраты (вугал у плоскасці мерыдыяна паміж 2 нармалямі да паверхні геоіда.
4) У розных галінах метралогіі — адзінка колькасці спірту ў растворах, таксама адзінкі жорсткасці вады, канцэнтрацыі солей, сернай к-ты (градус Баме), вязкасці вадкасці ў адносінах да вязкасці вады пры 20 °C (градус Энглера) і інш.
А.А.Саламонаў.
т. 5, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гра́дус
(лац. gradus = ступень)
1) адзінка вымярэння вугла або дугі, роўная 1/90 прамога вугла або адпаведна 1/360 акружнасці;
2) адзінка вымярэння тэмпературы (розная па розных тэмпературных шкалах — Цэльсія, Кельвіна, Рэамюра, Фарэнгейта);
3) адзінка вымярэння працэнтнай насычанасці спіртам некаторых напіткаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)