БЭ́ТА-РАСПА́Д, β-распад,
самаадвольнае ператварэнне ўнутры атамнага ядра аднаго з нейтронаў у пратон (ці наадварот), а таксама свабоднага нейтрона ў пратон, абумоўленае слабым узаемадзеяннем. Адзін з асн. тыпаў радыеактыўнасці. Ператварэнне нейтрона ў пратон суправаджаецца выпусканнем электрона e− і электроннага антынейтрына ν̃e, а пратона ў нейтрон — выпусканнем пазітрона e+ і электроннага нейтрына νe (гл. Бэта-выпрамяненне).
Пры электронным бэта-распадзе (β−) утвараецца ядро з колькасцю пратонаў, большай на 1 за іх колькасць у зыходным ядры, напр.:
. Пры пазітронным бэта-распадзе (β+) колькасць пратонаў у ядры памяншаецца на 1:
. Да бэта-распаду адносяць таксама электронны захоп. Энергія, якая вылучаецца пры бэта-распадзе, размяркоўваецца пераважна паміж e− і ν̃e (ці e+ і νe). Перыяды паўраспадаў β-актыўных ядраў ад 10−2 с да 1018 гадоў. Пры бэта-распадзе не захоўваецца прасторавая цотнасць, што выяўляецца ў асіметрыі прасторавых напрамкаў у руху электронаў, якія выпраменьваюцца ядрамі: у напрамку спіна ядраў вылятае менш электронаў, чым у адваротным. Асновы тэорыі бэта-распаду закладзены Э.Фермі (1934). Далейшае развіццё тэорыі бэта-распаду прывяло да стварэння адзінай тэорыі слабых і эл.-магн. узаемадзеянняў (гл. Электраслабае ўзаемадзеянне).
М.А.Паклонскі.
т. 3, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ-МЕЗО́НЫ, π-мезоны, піоны,
група самых лёгкіх нестабільных псеўдаскалярных элементарных часціц з моцнымі ўзаемадзеяннямі — адронаў. Утвараюць трыплет, які складаецца з 2 зараджаных (π+ — часціца і π− — антычасціца) і 1 нейтральнай (π0) часціц з нулявым спінам і масамі, прамежкавымі паміж масамі пратона і электрона (масы π+ і π− роўныя прыкладна 139,6 МэВ, π0 — 135 МэВ). Прадказаны Х.Юкавай (1935) для тлумачэння караткадзейнага характару і вялікай велічыні ядз. сіл; эксперыментальна π+ знойдзены ў касм. прамянях С.Ф.Паўэлам (1947), π− і π0 атрыманы ў лабараторных умовах (1948 і 1950 адпаведна).
З’яўляюцца звязанымі станамі пар кварк—антыкварк. маюць нулявы спін і адмоўную ўнутраную цотнасць, утвараюць ізатапічны трыплет (праекцыі ізатапічнага спіна +1, -1, 0) з амаль строга выраджанымі па масе спакою членамі. Удзельнічаюць ва ўзаемадзеяннях — моцным, эл.-магн., слабым і гравітацыйным. Іх распады абумоўлены электраслабым ўзаемадзеяннем (час жыцця π+ і π− роўны прыкладна 2,6 10−8 с, π0 — 0,9 10−16 с; спосабы распаду вызначаюцца іх квантавымі лікамі), а нараджэнне — моцным узаемадзеяннем паміж нуклонамі пры іх сутыкненнях. Складаюць значную частку касм. выпрамянення ў атмасферы Зямлі, штучна інтэнсіўныя пучкі піонаў атрымліваюць для прыкладных мэт, напр., для прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Павольныя зараджаныя П.-м. выкарыстоўваюць для вывучэння структуры рэчыва.
І.С.Сацункевіч.
т. 12, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)