МЕНЬЕ́РА ХВАРО́БА,

хвароба ўнутранага вуха, якая праяўляецца прыступамі галавакружэння і шуму ў вуху, зніжэннем слыху. Апісана франц. урачом П.​Меньерам (1861). Найчасцей пашкоджваецца адно вуха, слых не аднаўляецца. Прыступы суправаджаюцца моташнасцю, ірвотай, парушэннем раўнавагі, зніжэннем артэрыяльнага ціску і т-ры цела. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт. і хірургічнае.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАРЫ́ЦЫЙ,

вострае гнойнае запаленне тканак пальцаў. Часцей узнікае пры інфіцыраваных мікратраўмах (ранкі, трэшчыны, уколы і інш.). Звычайна бывае на пальцах рукі, радзей ступні. Узбуджальнікі — стафілакок, стрэптакок, змешаная інфекцыя, зрэдку гніласная (ранкі ад укусаў). Адрозніваюць П. паверхневы (скурны, паз- і падпазногцевы, падскурны) і глыбокі (сухажыльны, касцявы, сустаўны, лімфатычны, пандактыліт). Прыкметы: моцны боль, ацёк і гіперэмія пальцаў. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., хірургічнае.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́НЗЕН, Фінсен (Finsen) Нільс Руберг (15.12.1860, г. Торсхаўн, Данія — 24.9.1904), дацкі фізіятэрапеўт; заснавальнік навук. распрацоўкі святлолячэння. Скончыў Капенгагенскі ун-т (1890). Заснавальнік і дырэктар (1896—1904) Фінсенаўскага ін-та святлолячэння (Капенгаген). Навук. працы па праблемах фізіял. ўздзеяння святла на арганізм, біял. ўздзеяння УФ выпрамянення і яго выкарыстання для лячэння туберкулёзу скуры. Нобелеўская прэмія 1903.

В.​Ф.​Ермакоў.

Н.Р.Фінзен.

т. 16, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ГЕЛЬ Галіна Яўгенаўна (н. 7.1.1937, г. Клінцы Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны-фізіятэрапеўт. Д-р мед. н. (1983), праф. (1985). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1960). З 1962 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1988 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па электрадыягностыцы і электратэрапіі, рэабілітацыі хворых на парэзы і паралічы.

Тв.:

Физиотерапия и курортология нервных болезней. Мн., 1984 (разам з А.​М.​Гурленем).

т. 2, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЭЛІ́Т [грэч. myelos (спінны) мозг],

запаленне спіннога мозга. Адрозніваюць М. першасны (выклікаецца нейратропнымі вірусамі) і другасны (ускладненні агульнаінфекц. захворванняў — адзёру адру*, дызентэрыі, тыфу, шкарлятыны і інш.), траўматычны (траўмы спіннога мозга, раненні пазваночніка), таксічны (пры цяжкіх атручэннях). Першасны ачаговы М. развіваецца востра, з т-рай, болем у спіне, расстройствам функцый нерв. сістэмы. Пры гібелі нерв. клетак узнікаюць вялыя паралічы, спастычныя парэзы і інш. Трапляюцца ацёкі, пролежні і інш. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., пры паралічах — артапедычныя ўкладкі.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́ЛЬЧАРСКА-АКУШЭ́РСКАЯ ДАПАМО́ГА,

медыцынская даўрачэбная дапамога, якую аказваюць работнікі з сярэдняй мед. адукацыяй (мед. сёстры, фельчары, акушэркі). Ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам урача ў амбулаторыях, участковых і раённых бальніцах, паліклініках, станцыях хуткай мед. дапамогі ці самастойна на фельчарска-акушэрскіх пунктах і інш.

Уключае даўрачэбную дапамогу (амбулаторна ці дома ў хворага), першую неадкладную дапамогу, фізіятэрапеўт. працэдуры, накіраванне хворых у адпаведныя мед. ўстановы; таксама прафілакт. мерапрыемствы і мед. дапамогу дзецям у дзіцячых установах і школах, экстранную акушэрскую і гінекалагічную дапамогу.

Э.​А.​Вальчук.

т. 16, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЖА ў чалавека,

інфекцыйная хвароба з вострым запаленнем скуры (радзей слізістых абалонак), ліхаманкай, інтаксікацыяй. Выклікаецца гемалітычным стрэптакокам групы A. Бывае на любым участку скуры, у т. л. на валасістай ч. галавы, палавых органах, слізістых абалонках верхніх дыхальных шляхоў. Праявы Р.: выразна акрэсленыя балючыя ачагі пачырванелай скуры (межы маюць выгляд зубцоў, языкоў полымя), пухіры з вадкасцю, зрэдку кровазліцці. На твары пашыраецца звычайна сіметрычна ў выглядзе крылаў матылька. Зрэдку распаўсюджваецца па ўсім тулаве. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., пры ўскладненнях (абсцэсы, флегмоны) — хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЫНГІ́Т [ад грэч. larynx (laryngos) гартань],

запаленне слізістай абалонкі гартані. Адрозніваюць Л. востры і хранічны. Востры Л. бывае пры вял. нагрузцы на голас, вострай рэспіраторнай інфекцыі, алергічным пашкоджанні, пры адры, грыпе, дыфтэрыі, шкарлятыне. Запаленчы працэс можа пашкоджваць слізістую абалонку трахеі (ларынгатрахеіт). Асн. сімптомы — сухасць, пяршэнне ў горле, сухі кашаль, парушэнне голасу. Пры вострым Л. іншы раз узнікае ацёк падскладкавай вобласці (найчасцей у дзяцей) са стэнозам дыхальных шляхоў да асфіксіі. Прычына хранічнага — частыя вострыя Л. Лячэнне вострага Л. тэрапеўт. і фізіятэрапеўт., а таксама рэфлекторная тэрапія.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЎРАЛГІ́Я (ад неўра... + algos боль),

інтэнсіўны, звычайна прыступападобны боль, які распаўсюджваецца па ходзе нерва ці яго галін. Узнікае пры запаленчых, траўматычных (у т. л. мікратраўмы), таксічных, метабалічных уздзеяннях, пры сцісканні нерваў у касцявых і інш. каналах. У нерв. ствалах настаюць дыстрафічныя змены, разрастанне злучальнай тканкі. Найб. часта трапляецца Н. трайчастага нерва (кароткачасовыя прыступы пакутлівага болю ў вобласці твару, часам з пачырваненнем скуры, ацёкам, дрыжаннем, павышэннем крывянога ціску і інш.). Радзей бывае Н. вушна-скроневага, носа-вейкавага, языкаглотачнага нерваў, патылічная Н. і інш. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., іголкарэфлексатэрапія.

Ю.​Г.​Шанько.

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МАЎ Сямён Сямёнавіч (н. 7.11.1938, в. Глыбоцкае Гомельскага р-на),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Віцебскі ветэрынарны ін-т (1960). З 1985 працуе ў Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Даследаванні па фізіятэрапеўт. метадах лячэння і прафілактыцы хвароб жывёл ва ўмовах Беларусі.

Тв.:

Незаразные болезни молодняка. Мн., 1989 (у сааўт.);

Профилактика незаразных болезней молодняка. М., 1990 (у сааўт.);

Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд. Мн., 1990 (у сааўт.), Тлумачальны слоўнік-даведнік па ветэрынарыі і заатэхніі. Мн., 1992 (у сааўт.);

Выращивание и болезни собак. Мн., 1993 (у сааўт.).

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)