КЛЕРО́Н [Clairon; сапр. Клер Жазеф Іпаліт Лерыс дэ Лацюд (Leris de la Tude); 21.1.1723, г. Кандэ, Францыя — 29 або 31.1.1803],

французская актрыса. Прадстаўніца асветніцкага класіцызму. З 1736 на сцэне «Камеды Італьен» у Парыжы. З 1737 у трупах Руана, Ліля і інш. гарадоў. У 1743—66 У т-ры «Камеды Франсэз» (Парыж). Успрыняла тэатр. тэорыю Д.​Дзідро, працавала пад кіраўніцтвам Вальтэра. Выступала супраць манернасці арыстакратычнага т-ра, імкнулася да псіхал. індывідуалізацыі вобразаў, рэфармавала трагічную дэкламацыю, адмовілася ад падпарадкавання інтанацыі ўмоўнаму меладычнаму малюнку, уводзіла ў сцэн. касцюм гіст. і этнагр. дэталі. Найб. праславілася выкананнем роляў у трагедыях Вальтэра: Электра («Арэст»), Ідаме («Кітайскі сірата»), Аменаіда («Танкрэд»).

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКЕ́Н (Lekain; сапр. Кен; Cain) Анры Луі

(31.3.1729, Парыж — 8.2.1778),

французскі акцёр; найбуйнейшы прадстаўнік асветніцкага класіцызму. Вучань і паслядоўнік Вальтэра. Зазнаў уплывы М.Барона і А.Лекуўрор. У 1740-я г. ўдзельнічаў у спектаклях прыватных т-раў. З 1750 акцёр «Камеды Франсэз» у Парыжы. Салонна-арыстакратычнай вытанчанасці акцёрскай ігры проціпастаўляў вобразы, напоўненыя грамадз. пафасам і велічнай прастатой. Лепшыя ролі ў трагедыях Вальтэра — Арасман («Заіра»), Магамет («Магамет»), Чынгісхан («Кітайскі сірата»), у творах А.​М.​Лем’ера — Лінсей («Гіперместра»), Вільгельм Тэль («Вільгельм Тэль»), Ж.​Ф.​Лагарпа — Уорык («Граф Уорык») і інш. Ажыццявіў рэформу ў галіне тэатр. касцюма, імкнуўся да гіст. і этнагр. дакладнасці ў адзенні персанажа.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ ((Barrault) Жан Луі) (8.9.1910, Ле-Везінэ, дэп. Івелін, Францыя — 22.1.1994),

французскі акцёр і рэжысёр. Вучыўся на курсах жывапісу ў Луўрскай школе (Парыж). З 1931 у драм. т-ры «Атэлье», адначасова вывучаў мастацтва пантамімы. Працаваў у т-ры «Камеды Франсэз» (1940—46). Разам з жонкай актрысай М.​Рэно стварыў сваю трупу (1946), з якой паставіў «Гамлета» У.​Шэкспіра, «Працэс» Ф.​Кафкі, «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (і выканаў ролю Трафімава). У 1959—68 узначальваў «Тэатр дэ Франс» (Парыж), дзе паставіў «Насарогаў» Э.​Іанеска, «Маленькую пані Мальер» Ж.​Ануя і інш. З 1935 здымаўся ў кіно («Дзеці райка», «Вялікае каханне Бетховена», «Фантастычная сімфонія», «Завяшчанне доктара Кардэлье»). Развіваў традыцыі мастацтва пантамімы. Аўтар успамінаў «Роздум пра тэатр» (1949).

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКЛЕ́Н (Coquelin),

Каклен-старэйшы Бенуа Канстан (23.1.1841, г. Булонь, Францыя — 27.1.1909), французскі акцёр і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1859—60). У 1860—92 (з перапынкам) у «Камеды Франсэз», адначасова ствараў уласныя трупы. З 1895 у т-ры «Рэнесанс», з 1897 узначальваў «Порт-Сен-Мартэн» у Парыжы. Творчасці ўласцівы высокая сцэн. культура, віртуознае валоданне мастацтвам моўнай характарыстыкі, майстэрства знешняга пераўвасаблення, вострая індывідуальнасць вобраза. Сярод лепшых роляў: Фігаро («Жаніцьба Фігаро», «Севільскі цырульнік» П.​Бамаршэ), Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана); іграў у камедыях Мальера, рамант. п’есах, выконваў драм. ролі ў творах сучаснай яму драматургіі.

Тв.:

Рус. пер. — Искусство актера. Л.;

М., 1937.

Літ.:

История западноевропейского театра. Т. 5. М., 1970.

т. 7, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПО́ ((Copeau) Жак) (4.2.1879, Парыж — 20.10.1949),

французскі рэжысёр, акцёр, тэатр. дзеяч, адзін з заснавальнікаў сучаснай франц. рэжысуры. Вучыўся ў Сарбоне. У 1913 у Парыжы заснаваў т-р «В’ё каламб’е» («Тэатр старой галубятні»; кіраваў да 1924). Ставіў п’есы Мальера, У.​Шэкспіра, К.​Гальдоні, К.​Гоцы, М.​Гогаля, П.​Мерымэ, творы сучасных яму драматургаў («Крамдэйр стары» Ж.​Рамэна, 1920; «Мішэль Аклэр» Ш.​Вільдрака, 1922). Імкнуўся ствараць паэт. філас. спектаклі, адстойваў выхаваўча-этычнае значэнне мастацтва. У 1915 адкрыў тэатр. школу. Як акцёр выканаў ролі: Жака («Як вам гэта спадабаецца» Шэкспіра), Івана Карамазава («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага). У 1936—40 працаваў у т-ры «Камеды Франсэз». Аўтар п’ес «Ранішні туман» (1897), «Родны дом» (1924) і інш.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНА́Р ((Bernardt) Сара) (22.10.1844, Парыж — 26.3.1923),

французская актрыса. Скончыла драм. клас Парыжскай кансерваторыі (1862). Працавала ў т-рах «Камеды Франсэз» (1872—80), «Жымназ», «Порт-Сен-Мартэн», «Адэон», узначальвала т-ры «Рэнесанс» (з 1893), «Тэатр Сары Бернар» (1898—1922). У яе творчасці віртуознае майстэрства, вытанчаная тэхніка, маст. густ часта спалучаліся з наўмыснай эфектнасцю ігры. Сярод лепшых роляў: донья Соль («Эрнані» В.​Гюго), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» Дзюма-сына), Тэадора («Тэадора» Сарду), прынцэса Мара, герцаг Рэйхштацкі («Прынцэса Мара» і «Арляня» Э.​Растана), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Ларэнцача («Ларэнцача» А. дэ Мюсэ). З 1880-х г. выступала ў многіх краінах Еўропы і Амерыкі, у т. л. ў Расіі.

Тв.:

Рус. пер. — Моя двойная жизнь: Мемуары. М., 1991.

Літ.:

Кугель А. Театральные портреты. Л.;

М., 1967. С. 320—327.

С.Бернар.

т. 3, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ТЭАТРА́ЛЬНЫЯ.

Збіраюць і захоўваюць розныя матэрыялы па гісторыі т-ра. Існуюць як самаст. структуры (Цэнтр тэатр. музей імя А.​Бахрушына, Музей муз. культуры імя М.​Глінкі ў Маскве, Тэатр. музей у С.-Пецярбургу і інш.), пры некат. буйных т-рах («Камеды Франсэз» і «Гранд-апера» ў Парыжы, «Кабукі» ў Токіо, «Ла Скала» ў Мілане, МХАТ, Вял. і Малым т-рах, Т-ры імя Я.​Вахтангава ў Маскве, Т-ры оперы і балета, Вял. драм. т-ры ў С.-Пецярбургу і інш.), а таксама мемар. музеі (Мемарыяльны музей У.​Шэкспіра ў г.Страдфард-он-Эйван, Вялікабрытанія, К.​Станіслаўскага, У.​Неміровіча-Данчанкі ў Маскве і інш.), музеі-кватэры і мемар пакоі. Пры С.-Пецярбургскім цырку існуе адзіны ў свеце музей, які збірае матэрыялы па гісторыі і тэхніцы цыркавога мастацтва. На Беларусі дзейнічае Дзярж музей гісторыі тэатр. і муз. культуры Рэспублікі Беларусь (засн. ў 1990). М.т. існуюць таксама пры Бел. акад т-ры імя Я.​Коласа, Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы, Нац. акад. Вял. т-ры оперы і балета Беларусі.

т. 11, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБО́РАЎ (Барыс Абрамавіч) (н. 16.10.1935, Мінск),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1954), Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1961). Працуе ў станковым жывапісе, графіцы, скульптуры, тэатр.-дэкарацыйным мастацтве. У 1962—80 працаваў у Мінску. Сярод работ: ілюстрацыі да твораў У.​Шэкспіра, А.​Пушкіна, Ф.​Дастаеўскага (залаты медаль у Дрэздэне 1971), А.​Уайльда, Р.​Барадуліна; жывапісныя творы «Сазопальскія рыбакі», серыя «Стары Талін» (усе 1965), «Палескія музыкі» (1966); дэкарацыі і касцюмы да спектакляў «Тысяча франкаў узнагароды» (1962) В.​Гюго, «Мой няшчасны Марат» (1965) А.​Арбузава, «Навальніца» (1976) А.​Астроўскага — усе для Нац. акад. т-ра імя Я.​Купалы. З 1980 у Парыжы. Творчай манеры ўласцівы інтэрпрэтацыя старой фатаграфіі як вобраза мінулага свету, складаная вобразная сістэма, настальгічнасць, выкарыстанне тэхнікі жывапісу па ляўкасе: «Пейзаж з лодкай» (1983), «Вясковая хата» (1986), «Нацюрморт з вазай» (1988), «Дыялог» і «Аголеная ў садзе» (абедзве 1989), «Дзяўчынка і манекены» (1992). Аўтар касцюмаў да спектакляў «Маскарад» (1922) (1992) М.​Лермантава, «Лукрэцыя Борджыа» (1994) В.​Гюго, «Месяц у вёсцы» (1966) (1996) І.​Тургенева — усе для тэатра «Камеды Франсэз» (Парыж).

І.​М.​Мятліцкая, А.​А.​Сурскі.

Б.Забораў. Аголеная ў садзе. 1989.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́Ж (Paris),

горад, сталіца Францыі. Знаходзіцца на р. Сена, пры ўпадзенні ў яе рэк Марна і Уаза. 2152 тыс. ж. (1997). Разам з прыгарадамі (Версаль, Сен-Дэні, Іўры, Аржанцёй, Дрансі, Булонь-Біянкур, Мантрой і інш.) утварае самастойны дэпартамент Вял. П. (нас. каля 10 млн. чал.). Гал. горад гіст. вобласці Іль-дэ-Франс. Гал. трансп. вузел краіны (16 чыгунак і больш за 20 аўтадарог). Міжнар. аэрапорты: Шарль дэ Голь, Буржэ, Арлі. Сена звязвае П. з морам (аванпорт Гаўр). Гал. эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Галіны прам-сці — разнастайнае машынабудаванне (асабліва станка-, аўта- і авіябудаванне), вырабы дакладнай механікі і оптыкі, электронная, эл.-тэхн., ваенная, хім. (гумавая, фармацэўтычная, выраб фотаматэрыялаў, пластмас і інш.), харч., паліграф., папяровая, мэблевая прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў і інш. П. — міжнар. заканадаўца мод, выпускаецца больш за 30% гатовага адзення ў краіне. Сусветную вядомасць мае выраб прадметаў туалету, галантарэйных і ювелірных вырабаў, сувеніраў. У П. больш за 50% банкаў краіны, гораду належыць вядучая роля ва ўнутр. і знешнім гандлі Францыі. Рэгулярна праводзяцца міжнар. кірмашы. Горад наведваюць штогод больш за 15 млн. турыстаў. Метрапалітэн. Месцазнаходжанне ЮНЕСКА і інш. міжнар. арг-цый.

Засн. на месцы паселішча гальскага племя парызіяў (адсюль назва). Пад назвай Лютэцыя згадваецца Юліем Цэзарам (53 да н.э.). У 355—363 н.э. рэзідэнцыя рым. імператара Юліяна Адступніка. З 497 пад уладай франкаў, рэзідэнцыя (з 508) караля Хлодвіга I. Пры Каралінгах цэнтр графства. У 855—886 вытрымаў аблогу нарманаў. З 987 сталіца франц. дзяржавы. У гады праўлення караля Філіпа II Аўгуста горад абнесены сценамі, забрукаваны вуліцы, будаваўся Луўр. У 1215 засн. ун-т. У 13—14 ст. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр, найбольшы горад у Еўропе (у пач. 14 ст. 100 тыс. чал.). У 1348 эпідэмія чумы знішчыла ​1/3 яго жыхароў. Парыжане ўдзельнічалі ў парыжскім паўстанні 1357—58, паўстаннях 1382 і 1413. У Стогадовую вайну 1337—1453 горад заняты (1420—36) англ. войскамі. У 1420-я г. — сярэдзіне 16 ст. П. страціў ролю паліт. цэнтра, які перамясціўся ў луарскія замкі (рэзідэнцыя франц. каралёў). У час рэлігійных войнаў 16 ст. П. — апора каталіцызму. У 1572 тут адбылося масавае знішчэнне гугенотаў (гл. Варфаламееўская ноч). У П. разгортваліся гал. падзеі Фронды (1648—53). У 1682 каралеўская рэзідэнцыя з П. перанесена ў Версаль (да 1789). З 2-й пал. 17 ст. П. — сусветны цэнтр навукі, л-ры і мастацтва. 14.7.1789 у П. адбыўся штурм Бастыліі, падзенне якой стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99 (у гады рэвалюцыі П. атрымаў правы муніцыпальнага самакіравання; у час праўлення Напалеона I (1804—1814] пазбаўлены гэтых правоў). У сак. 1814 і ліп. 1815 П. акупіраваны войскамі антыфранц. кааліцыі. Адыгрываў важнейшую ролю ў Франц. рэвалюцыях 1830 і 1848. У 1847 у горадзе 1 млн. жыхароў. У 1853 пракладзены праспекты і бульвары, удасканалена сістэма водазабеспячэння і асвятлення (32 тыс. газавых ліхтароў). Месца правядзення сусв. выставак (1855, 1867, 1889, 1900, 1937). У франка-прускую вайну 1870—71 вытрымаў аблогу ням. войск; у горадзе ўсталявалася Парыжская камуна 1871. У 1896 у П. 2,5 млн. чал. У 1-ю сусв. вайну горад пацярпеў ад ням. бамбардзіровак. У П. праводзіліся II (1900) і VIII (1924) Алімпійскія гульні. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1940) ням. войскамі, цэнтр руху Супраціўлення. Вызвалены ў выніку Парыжскага паўстання 1944. У 1949—67 у П. знаходзілася штаб-кватэра НАТО. П. — месца правядзення шматлікіх міжнар. сустрэч, падпісання шэрагу міжнар. пагадненняў і дагавораў.

Захаваліся руіны амфітэатра 1 ст. і тэрм 2—3 ст. У 6—11 ст. П. быў абкружаны кальцом кляштараў: Сен-Жэрмен-л’Аксеруа, Сен-Жэрве, Сен-Мартэн-дэ-Шан, бенедыкцінцаў на Манмартры, Сен-Віктор, Сен-Марсель, Нотр-Дам-дэ-Шан. У 12—13 ст. гар. раёны па абодвух берагах р. Сена абнесены каменнай сцяной. У забудове сучаснага П. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка. Радыяльныя магістралі перасякаюцца кольцамі бульвараў, пракладзеных на месцы б. крапасных сцен. Гіст. ядро П. складаюць 3 цэнтры: дзярж. і рэліг. на в-ве Сітэ, універсітэцкі на левым беразе і гандл.-рамесны на правым беразе р. Сена. У 16—17 ст. у хаатычную сярэдневяковую забудову ўнесены элементы рацыянальнай планіроўкі, склаліся гал. рэнесансавыя і класіцыстычныя ансамблі, плошчы Вагезаў (б. Каралеўская; 1606—12), Вандомская (1685—1701), Перамог (1685—86, абедзве арх. Ж.​Ардуэн-Мансар). У 18 — пач. 19 ст. рэканструяваны цэнтр, створаны плошчы Людовіка XV (цяпер Згоды; 1755—63, арх. Ж.​А.​Габрыэль) і Карузель з трыумфальнай аркай (1806, арх. Ш.​Персье, П.​Фантэн), пабудавана больш за 50 застаў, т.зв. прапілеяў П. (захаваліся 4, 1784—89, арх. К.​Н.​Леду). У 1853—96 упарадкавана сетка гал. магістралей, створаны новыя плошчы (Рэспублікі, 1854—62), скверы і лесапаркі, у т. л. Булонскі і Венсенскі лясы, бульвары, азялененыя вуліцы з добраўпарадкаванымі рэспектабельнымі будынкамі. Берагі Сены ў раёне «Вялікага П.» злучаюць 60 мастоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. інтэнсіўна раслі жылыя раёны ўскраін, пракладзены метрапалітэн (1-я чарга ў 1897—1904, афармленне ўваходаў у стылі мадэрн, арх. Э.​Гімар). У 1920—30-я г. забудаваны прыгарады (комплексы ў Ле-Прэ-Сен-Жэрве, Пантэне, Дрансі), у 1950-я г. створаны буйныя жылыя масівы Бабіньі, Баньё, Масі-Антані, Баньёле і інш. У 1960—90-я г. забудоўваюцца жылыя раёны на перыферыі П. (Крэтэй, Нантэр), рэканструюецца цэнтр. Гал. арх. ансамблі: на в-ве Сітэ — Парыжскай Божай Маці сабор, Палац правасуддзя (1783—86, арх. П.​Дэмезон, Ж.​Д.​Антуан) з гатычнай капліцай Сент-Шапель (1243—48); на левым беразе Сены — Дом інвалідаў (з 1671, арх. Л.​Бруан і інш.) з саборам (1671—1708; паводле інш. звестак, 1680—1706; у інтэр’еры грабніца Напалеона 1, 1843—60), адкрыты на Эспланаду (плошчу) інвалідаў (1704—20) з мостам Аляксандра III (1896—1900); Марсава поле (сучасная планіроўка 1908—28, арх. К.​Фарміге) з Эйфелевай вежай, Пантэон (б. касцёл Сент-Жэнеўеў, 1755—89, арх. Ж.​Ж.​Суфло), б-ка Сент-Жэнеўеў (1843—50, арх. А.​Лабруст); на правым беразе Сены — пл. Згоды, на якой перасякаюцца гал. гар. восі, Луўр, Елісейскія палі (17 ст., арх. А.​Ленотр, забудавана пераважна ў канцы 19 ст.), пл. дэ Голя з трыумфальнай аркай (1806—37, рэльефы), якія ўтвараюць анфіладу плошчаў цэнтра П. Сярод арх. помнікаў гатычныя касцёлы Сен-Жэрмен-дэ-Прэ (11—17 ст.) і Сен-П’ер-дэ-Манмартр (1147), атэлі Клюні (1498) і Карнавале (1544, арх. П.​Леско, скульпт. Ж.​Гужон, абодва цяпер музеі); палацы Люксембургскі (Сенат; 1615—20, арх. С. дэ Брос), Каралеўскі (Пале-Руаяль; 1629—36, арх. Ж.​Лемерсье) і Бурбонскі (цяпер Палата дэпутатаў; 1722); комплексы будынкаў Сарбоны (з 1635, арх. Лемерсье і інш), кляштара Валь-дэ-Грас (1645—1710, арх. Ф.​Мансар, Лемерсье, П.​Лемюэ і інш.), Калеж чатырох нацый (цяпер Ін-т Францыі; 1661, арх. Л.​Лево), касцёл Сен-Сюльпіс (1646—1749), базіліка Сакрэ-Кёр на ўзгорку ў раёне Манмартра (1875, арх. П.​Абадзі), т-р «Гранд-апера» (1861—75, арх. Ш.​Гарнье; размалёўка плафона глядзельнай залы М.​Шагала, 1964), палац Шаё (1936—37, арх. Л.​Азема і інш.). Найб. значны горадабудаўнічы ансамбль 20 ст. — грамадска-дзелавы цэнтр квартала Дэфанс, які ўключае Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, арх. Б.​Зерфюс і інш.), вышынны дзелавы цэнтр Мен-Манпарнас (1964—73, арх. Э.​Бадуэн і інш.), комплекс «Фронт Сены» (з 1965), Вял. арку (1982, арх. І.О. фон Шпрэкельсен), шматлікія небаскробы і інш. Сярод жылых і грамадскіх пабудоў: т-р Елісейскіх палёў (1911—13, арх. А. і Г. Перэ, рэльефы А.​Бурдэля, размалёўкі М.​Дэні), вілы Ла-Рош (1923), Стайн (1927), у Пуасі (1929—31, усе арх. Ле Карбюзье), будынкі ЮНЕСКА (1953—57, арх. М.​Броер, Зерфюс і інш., інж. П.​Л.​Нерві), цэнтр «Італі» (з 1968), амёбападобныя жылыя дамы ў парку Дэфанс (1976—90, арх. Э.​Аё), Нац. цэнтр мастацтва і культуры імя Ж.​Пампіду (1977, арх. Р.​Піяно, Р.​Роджэрс і інш.), разбудова Луўра (1981—93). Каля П. ў Марне-ла-Вале пабудаваны вял. лунапарк «Еўрадыснейленд» (1992). У П. фантаны «Нявінных» (1547—49, арх. Леско, скульпт. Гужон), «4 пары года» (1739—45, скульпт. Э.​Бушардон) і інш. Набярэжная Сены з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Найважнейшыя помнікі П.: Калона Напалеона I на Вандомскай пл. (1806—10, арх. Ж.​Б.​Лепер, Ж.​Гандуэн), А. дэ Бальзаку (1893—97) і В.​Гюго (1866—1900, абодва скульпт. А.​Радэн), маршалу М.​Нею (1852—53), рэльеф «Марсельеза» на трыумфальнай арцы (1833—36, абодва Ф.​Руд), Сцяна камунараў на могілках Пер-Лашэз (1909, П.​Маро-Вацье), магіла Невядомага салдата пад аркай Зоркі (1921), мемарыялы Пакутнікаў Супраціўлення на ўзгорку Мон-Валер’ен (1960—61) і тым, што загінулі ў фаш. канцлагерах (на в-ве Сітэ, 1961).

У П. 13 ун-таў (створаны ў 1972 у выніку рэформы Парыжскага ун-та), Калеж дэ Франс, Вышэйшая практычная школа, Нац. політэхн. ін-т, Вышэйшая нармальная школа, Каталіцкі ін-т П., 2 кансерваторыі, Нац. вышэйшая школа выяўл. мастацтваў і інш.; Ін-т Францыі ў складзе 5 акадэмій, у т. л. Франц. акадэмія (з 1635), Акадэмія л-ры (з 1664), Акадэмія навук (з 1666); шматлікія НДІ і навук. т-вы, у т. л. Пастэраўскі ін-т, Ін-т арабскага свету, Ін-т радыю. Нац. б-ка і Нац. архівы. Буйнейшыя выд-вы, у т. л. Ашэт (з 1826), Ларус (з 1865). Каля 100 музеяў, у т. л. Луўр, Нац. музей сучаснага мастацтва, Музей чалавека, музеі Бальзака, Гюго, П.​Пікасо, А.​Радэна; шматлікія маст. галерэі. Каля 90 тэатраў, у т. л. «Камеды Франсэз», Парыжская опера; больш за 300 кінатэатраў. Бат. сад (з 1635; адзін з найстарэйшых у Еўропе).

Беларусы ў Парыжы. З часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай тут вучыліся некат. ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Т.Касцюшка. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у П. з’явіліся і паліт. эмігранты з бел. зямель: удзельнікі паўстанняў 1794 (у т. л. М.К.Агінскі), 1830—31 (І.Дамейка і інш.), 1863—64 (В.Урублеўскі, К.​Далеўскі, Г.Корвін-Крукоўская і інш. рэвалюцыянеры, якія сталі ўдзельнікамі Парыжскай камуны 1871). Тут вучыліся мастацтву Н.Орда і інш. ўраджэнцы Беларусі, жылі мастакі В.Ваньковіч, М.Шагал і інш. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў П. пачалася з узнікненнем у 1930 «Беларускага хаўрусу». У 1938 у П. створана «Бел. жаночая грамада імя А.​Пашкевіч (Цёткі)», стала выдавацца бел. газета «Рэха». Пасля 2-й сусв. вайны ў П. выдавалася першая з пасляваен. беларускамоўных газет у замежжы — «Беларускія навіны» (1945—47). З 1947 выходзілі бел. рэліг. час. «Божым шляхам» і штомесячнік «Моладзь», тут дзейнічаў старшыня Рады БНР М.Абрамчык. У канцы 1940 — пач. 1950-х г. у П. знаходзілася штаб-кватэра Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі. З 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з пераездам у інш. краіны ч. беларусаў іх грамадскае і нац.-культ. жыццё ў П. паступова згортвалася. У 1970 зноў актывізаваўся «Бел. хаўрус» (з 1991 яго старшыня — мастак М.Навумовіч). У 1980—90-я г. ў П. пераехалі В.Забораў, В.Дзёмкіна, мастак М.​Паўлоўскі і інш. Цяпер у П. жыве каля 1,3 тыс. беларусаў (асн. частка беларусаў Францыі). Дзейнічае бел. каталіцкая місія.

Літ.:

Париж.: Пер. с фр. М., 1976;

Favier J. Paris: Deux mille ans d’histoire. Paris, 1997;

Rouleau B. Paris: histoire d’un espace. Paris, 1997;

Лялькоў І. Gallia Albaruthensie, або Пяць стагодзьдзяў беларускае прысутнасьці ў Францыі // Спадчына. 1999. № 2.

Дз.​М.​Чаркасаў (гісторыя), Т.​А.​Папоўская (беларусы ў Парыжы).

Набярэжная Сены ў Парыжы.
Да арт. Парыж. Від на востраў Сітэ. Фрагмент мініяцюры з «Раскошнага часаслова герцага Берыйскага». Браты Лімбург. 1409—16.
Парыж. Калона Напалеона I на Вандомскай плошчы.
Парыж. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя.
Парыж. Вялікая арка ў квартале Дэфанс. 1982.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІЦЫ́ЗМ (ад лац. classicus узорны),

мастацкі стыль і эстэт. кірунак у еўрап. л-ры і мастацтве 17 — пач. 19 ст., адметнай рысай якіх быў зварот да вобразаў і форм антычнай л-ры і мастацтва як да эстэт. эталона.

У літаратуры сфарміраваўся на мяжы 16—17 ст. як вынік крызісу рэнесансавай свядомасці і спроба знайсці з яго пазітыўны выхад. Абапіраўся на прымат розуму і нязменнасць ідэалу прыгажосці. Полем маст. пошуку і даследавання К. зрабіў чалавечую душу і свядомасць. Унутраны свет чалавека падаваўся буйным планам і часта ў адрыве ад знешняга свету (асабліва ў трагедыі). К. імкнуўся стварыць узорны вобраз, пазачасавае ўвасабленне таго ці інш. характару, таму звяртаўся да матываў і сюжэтаў, апрабаваных часам, найперш да антычных. Грунтуючыся на законе гармоніі, К. падпарадкоўваў твор яснай і дакладнай логіцы, яскравай ідэі; адсюль патрабаванне ў драматургіі выканання правіл трох адзінстваў, якія давалі магчымасць сціснуць час, прастору і дзеянне, сканцэнтраваць увагу на свеце чалавечай свядомасці, стварыць стройны і адмысловы твор. Эстэтыка К. ўстанаўлівала строгую іерархію жанраў: «высокія» — трагедыя (вядучы жанр), эпапея, ода і «нізкія» — камедыя, сатыра, байка. Не дапускалася змяшэння высокага і нізкага, трагічнага і камічнага, гераічнага і паўсядзённага. Мове класіцыстаў уласціва яснасць, празрыстасць, афарыстычнасць. К. адлюстроўваў не рэальныя рэчы, а іх унутраную логіку, заканамернасць. Найб. поўна праявіўся ў 17 ст. ў Францыі (оды Ф.​Малерба, трагедыі П.​Карнеля, Ж.​Расіна, камедыі Мальера, проза М.​М.​Лафает; тэарэтыкі — Ж.​Шаплен, Г. дэ Бальзак, Н.​Буало; у Германіі — у тэарэт. працах і ў паэзіі М.​Опіца (у злучэнні з барока), у Англіі — у творчасці Б.​Джонсана, У.​Конгрыва, часткова — Дж.​Мільтана. На новай ступені развіваўся ў 18 ст. (т. зв. асветніцкі К.), часцей за ўсё ў перапляценні з барока, ракако, сентыменталізмам. Найб. яскрава прадстаўлены ў паэзіі А.​Поўпа (Англія), драматургіі Вальтэра (Францыя), тэарэт. працах і драматургіі І.​К.​Готшэда (Германія), В.​Альф’еры (Італія). К. эпохі Асветніцтва пазбаўлены жорсткай жанравай і тэматычнай рэгламентацыі (узнікае мяшчанская драма і трагедыя) і стварае непаўторныя нац. і індывід. варыянты. Буйнейшыя тэарэтыкі — Д.​Дзідро, Г.​Э.​Лесінг, а таксама І.​І.​Вінкельман, пад уплывам якога склаўся «веймарскі К.» (творчасць І.​В.​Гётэ і Ф.​Шылера веймарскага перыяду — 1780—90-я г.), эстэт. праграма якога абапіралася на канцэпцыю антычнасці Вінкельмана і эстэтыку І.​Канта і зыходзіла з разумення, што дасягнуць сапраўднай свабоды можна толькі праз выхаванне прыгажосцю. Для «веймарскага К.» характэрны жанравая і стылёвая поліфанічнасць, імкненне да гармоніі дасканалай формы і глыбокага зместу, індывідуалізацыі і шырокага філас. абагульнення, пастаноўка глабальных праблем гісторыі, культуры, цывілізацыі (найб. поўнае ўвасабленне — «Фауст» Гётэ). Ва Усх. Еўропе К. выявіўся пераважна ў эпоху Асветніцтва. Сярод прадстаўнікоў К. ў Расіі пісьменнікі А.​Кантэмір, В.​Традзьякоўскі, М.​Ламаносаў, А.​Сумарокаў, Г.​Дзяржавін, Дз.​Фанвізін і інш.

На Беларусі, у Польшчы і Літве тэндэнцыі К. прыкметныя з 17 ст. На лац. паэзію і ант. эстэтыку як на ўзоры арыентаваўся М.​Сарбеўскі (трактаты «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер», «Пра вартасці і недахопы элегіі, або Авідзій» і інш.). Спалучэнне стыляў рэнесансу, барока і К. відавочнае ў творах Сімяона Полацкага. Асн. рысы К. ў бел. л-ры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. — абагульненасць вобразаў, перавага рацыянальнага над эмацыянальным, культ антычнасці, імкненне да гармоніі — выявіліся ў творчасці пісьменнікаў, якія пісалі на польск. (А.​Нарушэвіч, Ю.​Нямцэвіч, Ф.​Багамолец, С.​Богуш-Сестранцэвіч), рус. (І.​Сакольскі, І.​Галянеўскі, І.​Яленскі) і лац. (М.​Карыцкі) мовах. Для «высокіх» жанраў лічыліся прыдатнымі «высокія» (польск., рус., лац. або стараслав.) мовы. Бел. прастамоўе дапускалася толькі для «нізкіх» жанраў. Гэтым нарматыўная эстэтыка К. стрымлівала развіццё беларускамоўнай л-ры. Трагедыі «Свабода ў няволі» К.​Марашэўскага, «Фемістокл» М.​Цяцерскага, «Крэз» І.​Юрэвіча, прысвечаныя «ўзвышаным» тэмам з ант. гісторыі, напісаны па-польску. У «нізкую» камедыю («Доктар па прымусу» Цяцерскага, «Камедыя» Марашэўскага) уводзілася бел. мова. У гэтых творах захавана адзінства часу, месца, дзеяння, што адпавядала патрабаванням К. Эстэтыка К. паўплывала на бел. пісьменнікаў 19 ст.: Я.​Чачота (філамацкія вершы), Я.​Баршчэўскага («Рабункі мужыкоў», «Гарэліца»), В.​Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Залёты»), у якіх класіцысцкія рысы спалучаліся з элементамі сентыменталізму, рамантызму і рэалізму.

У архітэктуры і мастацтве, 1) у шырокім сэнсе — кірунак, які грунтуецца на ўвасабленні традыцый ант. мастацтва: каралінгскі рэнесанс, атонаўскі рэнесанс, італьян. протарэнесанс, Адраджэнне, барочны К. (паладыянізм), неакласіцызм.

2) Стыль у еўрап. мастацтве 17—1-й пал. 19 ст. К. ўласцівы кананізацыя ант. класікі як дасканалага ўзору для наследавання, нарматыўнасць эстэт. крытэрыяў, ідэалізацыя і абстрактнасць вобразнага абагульнення (тыпізацыя) без усебаковага выяўлення непаўторна-асаблівага (індывідуалізацыі), дынамікі і жыццёвай зменлівасці гіст. канкрэтнай рэчаіснасці. Грунтаваўся на традыцыях Адраджэння і разам з тым сінтэзаваў дасягненні процілеглага яму барока, якое папярэднічала і часткова суіснавала з новым кірункам. Тэндэнцыі К. вызначыліся з 2-й пал. 16 ст. ў арх. тэорыі, трактатах і практыцы А.Паладыо, трактатах Дж.Віньёлы, С.Серліо, больш паслядоўна — у 17 ст. ў творах Дж.​П.​Белоры, у эстэт. нарматывах акадэмістаў балонскай школы жывапісу. У цэласную сістэму К. склаўся ў франц. маст. культуры 17 ст. (т.зв. Вялікі стыль Людовіка XIV). З 18 ст. стаў агульнаеўрап. стылем (у сусв. мастацтвазнаўстве гэты перыяд звычайна называюць неакласіцызмам), што было абумоўлена павышэннем цікаўнасці да ант. мастацтва ў сувязі з археал. раскопкамі ў Пампеях, Геркулануме і інш.

Архітэктура К. заснавана на выкарыстанні структурных і маст.-дэкар. магчымасцей ант. ордэрнай сістэмы (пераважна дарычнай), на выяўленні яе тэктанічных заканамернасцей, прапарцыянальнасці і сувымернасці аб’ёмаў і дэталей будынка. Пераважаў тып крыжова-купальнай кампазіцыі, распрацаваны ў малюнках Леанарда да Вінчы, Д.​Брамантэ, Рафаэля і Мікеланджэла. У 17 ст. станаўленне К. ў Францыі звязана з пабудовамі Ф.​Мансара (палац Мезон-Лафіт каля Парыжа, 1642—51), К.​Перо (усх. фасад Луўра), Л.​Лево, Ф.​Бландэля. З 2-й пал. 17 ст. ў франц. К. з’явіліся некаторыя элементы барока (палац і парк Версаля, арх. Ж.​Ардуэн-Мансар, А.​Ленотр). У 17 — пач. 18 ст. К. сфарміраваўся ў «паладыянскай» архітэктуры Англіі (І.​Джонс), архітэктуры Галандыі (Я. ван Кампен, П.​Пост), Швецыі (Н.​Тэсін Малодшы) і інш. На ўзор сабора св. Пятра ў Рыме франц. арх. Ж.​Ж.​Суфло з 1755 пачаў будаваць у Парыжы царкву Сент-Жэнеўеў, якая ў 1791 па асацыяцыі са стараж.-рым. звычаем была ператворана ў Пантэон і стала ўзорам для шэрагу інш. еўрап. пабудоў. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. арх. К.​Н.​Леду, Ж.​Ф.​Шальгрэн, П.​Віньён (Францыя), Р.​Адам, Р.​Смёрк (Англія), Л.​Каньёла (Італія), К.​Г.​Лангханс, К.​Ф.​Шынкель (Германія), А.​Захараў, А.​Манферан, В.​Бажэнаў, М.​Казакоў, І.​Староў (Расія) стваралі палацы і грамадскія пабудовы з развітой ордэрнай сістэмай, портыкамі порцікамі*, купаламі, імкненнем да манументальнасці і велічы. Горадабудаўніцтва К. 17 ст. развівала ў планах гарадоў-крэпасцей канцэпцыі «ідэальнага горада», стварыла тып рэгулярнага абсалютысцкага горада-рэзідэнцыі (Версаль і інш.). З 2-й пал. 18 ст. складаліся новыя прыёмы планіроўкі, якім уласціва арган. спалучэнне гар. забудовы і прыроды, стварэнне адкрытых плошчаў, што прасторава зліваліся з вуліцай або набярэжнай. Пашырылася садова-паркавае мастацтва. Гл. таксама Ампір.

У архітэктуры Беларусі К. выявіўся ў 1770-я г. і развіваўся паралельна з познім барока; у канцы 18 ст. стаў асн. маст. кірункам. Для яго характэрна спалучэнне зах.-еўрап. і рус. культуры з мясцовымі маст. традыцыямі. Сярод помнікаў пераходнага перыяду ад барока да К. Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Ружанскі палацавы комплекс. Распрацоўваліся новыя схемы планіроўкі гарадоў (у форме квадратаў, шматвугольнікаў), тыпы будынкаў адм. і навуч. устаноў. Для палацава-сядзібнага буд-ва характэрны геаметрычнасць планіроўкі тэрыторыі, цэнтрычная ў плане пабудова палаца з купалам (Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль), галерэі-каланады (сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на), манум. порцік (сядзіба ў в. Дзедзін Міёрскага р-на, Маламажэйкаўская сядзіба, дом Э.​Ваньковіча ў Мінску), анфіладная планіроўка парадных памяшканняў і калідорная жылых. Неад’емным элементам арх. ансамбляў былі ландшафтныя паркі з уключэннем збудаванняў малых форм (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Сноўскі палацава-паркавы ансамбль). Палац або сядзібны дом размяшчаўся паміж парадным дваром і паркам (палац у в. Алешкавічы Мастоўскага р-на). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёлаў і цэркваў К. — пераважна прамавугольны ў плане кампактны аб’ём з 2-схільным дахам (касцёлы ў в. Мамаі і Мосар Глыбоцкага, г.п. Жалудок Шчучынскага р-наў); будаваліся храмы-ратонды (Лідскі Іосіфаўскі касцёл, у в. Дубай Пінскага р-на царква Раства Багародзіцы, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор). К. паўплываў і на драўлянае дойлідства, дзе выкарыстоўваліся формы класічных ордэраў (Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс). Сярод архітэктараў: бел. Б.​Захарэвіч, А. і П. Макарэвічы, Л.​Гуцэвіч, М.​Шульц, К.​Падчашынскі, італьян. К.​Спампані, шатландскі Дж.​Кларк, польскія Ш.​Цуг, А.​Ідзкоўскі, рус. М.​Львоў, Староў, В.​Стасаў і інш.

У выяўленчым мастацтве эстэтыка К. ўстанавіла іерархію жанраў, якія падзяляліся на «высокія» (гіст., міфалагічны, рэліг.) і «нізкія», ці «малыя» (пейзаж, партрэт, нацюрморт), і мелі строгія межы і фармальныя прыкметы. Вобразны лад твораў вызначаўся тэктанічнасцю, строгай ураўнаважанасцю пабудовы, рацыяналіст. яснасцю, пластычнай завершанасцю і скульптурнай акрэсленасцю форм, лагічнасцю вырашэнняў, гал. роляй кампазіцыі і малюнка, абстрактнай ідэалізацыяй, адмаўленнем ад рэальных вобразаў сучаснасці і негіст. трактоўкай ант. мастацтва як абсалютнай нормы. У жывапісе пашырыўся «ідэальны пейзаж», які ўвасобіў мару класіцыстаў аб «залатым веку» чалавецтва. Сярод прадстаўнікоў К.: скульптары Б.​Торвальдсен (Данія), Л.​Барталіні, А.​Канова (Італія), Ж.​А.​Гудон (Францыя), Дж.​Флаксмен (Англія), І.​Г.​Шадаў, К.​Раўх (Германія), Ф.​Шубін (Расія) і інш., жывапісцы Ж.​Л.​Давід, А.​Ж.​Гро, П.​П.​Прудон, Н.​Пусэн (Францыя), А.​Р.​Менгс, Ф.​Рунге (Германія), Дж.​Бэры (Англія), К.​А.​Енсен (Данія), А.​Апіяні (Італія), Б.​Уэст (ЗША), А.​Ласенка, Ф.​Бруні (Расія) і інш. Рысы К. ўласцівы творам Ж.А.​Д.​Энгра (Францыя) і Ф.​Гоі (Іспанія).

У мастацтве Беларусі К. з’явіўся ў 2-й пал. 18 ст. Найб. ярка выявіўся ў дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, тканіны, урэцка-налібоцкае шкло і інш.). У скульптуры і жывапісе шырокага развіцця не атрымаў. У аздабленні палацава-паркавых ансамбляў, гар. і сельскіх сядзіб выкарыстоўвалі гермы, карыятыды, атланты, рэльефы з адлюстраваннямі класіцыстычных эмблем, алегарычных фігур. Рысы К. прыкметны ў жывапісных творах І.​Аляшкевіча, Ф.​Смуглевіча, ранніх творах В.​Ваньковіча і Я.​Дамеля. У 1-й пал. 19 ст. выцеснены рамантызмам.

У тэатральным мастацтве К. садзейнічаў больш глыбокаму раскрыццю ідэі драм. твора, пераадоленню перабольшанасці ў выяве пачуццяў, уласцівых сярэдневяковаму тэатру. Майстэрства выканання класіцыстычнай трагедыі падпарадкоўвалася прынцыпам эстэтыкі Н.​Буало. Акцёр трагедыі павінен быў эмацыянальна выразна чыгаць вершы і пры гэтым не імкнуцца да стварэння ілюзіі сапраўдных перажыванняў героя.

Сцвярджэнне К. ў акцёрскім мастацтве звязана з творчасцю франц. акцёраў Мандары, Фларыдора, Дзюпарк, М.​Шанмеле. У 18 ст. асветніцкі К. адлюстраваўся ў творчасці А.​Л.​Лекена, Клерон, Дзюменіль. Дэмакр. тэндэнцыі К. найб. выявіліся ў сцэн. практыцы Мальера. У перыяд Франц. рэвалюцыі 1789—99 дзеячы тэатра надалі К. рэв.-гераічнае гучанне (Ф.​Ж.​Тальма і інш.). Франц. К. 17—18 ст. паўплываў на тэатр інш. краін Еўропы. Сярод буйнейшых яго прадстаўнікоў Ф.​К.​Нейбер у Германіі, Т.​Бетэртан, Дж.​Кембл у Англіі, Э.​Рашэль у Францыі. У 19 — пач. 20 ст. эстэт. нормы К. ўласцівы спектаклям т-ра «Камеды Франсэз», акцёрам Ж.​Муне-Сюлі, С.​Бернар і інш. Для рус. К., які ўзнік у 1730—50-я г., характэрны нац.-патрыят. тэматыка, выхаваўча-асветніцкія тэндэнцыі. Буйнейшыя драматургі К. — А.​Сумарокаў, Я.​Княжнін, акцёры — Ф.​Волкаў, І.​Дзмітрыеўскі, В.​Каратыгін, С.​Сандуноў, К.​Сямёнава, Т.​Траяпольская.

Праваднікамі прынцыпаў К. ў тэатр. жыцці Беларусі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. былі прыгонныя, прафес. і аматарскія драм. трупы Нясвіжа, Слоніма, Мінска і інш. У іх рэпертуары — трагедыі Карнеля («Сід»), Ж.​Расіна («Федра»), Вальтэра («Заіра», «Марыяна»), камедыі Мальера («Цырымонлівыя паненкі», «Лекар паняволі», «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», «Маскарыль»).

У музыцы найб. выявіўся ў муз.-сцэн. жанрах. Яго пачынальнік — Ж.​Б.​Люлі, які стварыў оперны жанр лірычнай трагедыі з характэрнай ант. і міфалагічнай сюжэтыкай, высокай героікай і ўзнёсласцю стылю. Яго оперы вылучаліся лагічнай яснасцю, адпаведнасцю строгім правілам і нарматывам, арыентацыяй на драм. рэчытатыў і арк. развіццё. Спалучэнне рыс К. і барока характэрна для творчасці кампазітараў неапалітанскай опернай шкалы, оперы-серыя з яе ўнутр. адзінствам, рэгламентацыяй муз. форм і адначасова віртуознасцю вак. партый, эфектнасцю сцэн. афармлення. У эстэтыку муз. К. 18 ст. значны ўклад зрабіў рэфарматар оперы-серыя і лірычнай трагедыі К.В.Глюк. Якасна новая стадыя ў развіцці муз. К. — творчасць прадстаўнікоў венскай класічнай школы І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, дзе найб. росквіту дасягнулі вядучыя інстр. жанры — сімфонія, саната, стр. квартэт, сфарміраваліся санатна-сімф. цыкл і сімф. аркестр. На мяжы 18—19 ст. новыя формы К. характэрны для музыкі кампазітараў франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Ф.​Гасека, Э.​Меполя, Л.​Керубіні і інш. У рус. музыцы рысы К. ў спалучэнні з элементамі інш. маст. кірункаў выявіліся ў творах М.​Беразоўскага, Дз.​Бартнянскага, В.​Пашкевіча, Е.​Фаміна, І.​Хандошкіна.

У муз. спадчыне кампазітараў Беларусі (Міхал Казімір Агінскі, М.​Радзівіл, В.Казлоўскі) К. існаваў у спалучэнні з сентыменталізмам, элементамі рамантызму, барока і ракако, развіваўся ў рэчышчы агульнаеўрап. традыцый. У 1770—90-я г. ў магнацкіх т-рах Нясвіжа, Слоніма, Гродна ставілі камічныя оперы італьян. кампазітараў («Фраскатанка, ці Залатая дзева» Дж.​Паізіела, «Джаніна і Бернардоне» Д.​Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.​Сарці і інш.). Тыповыя рысы К., характэрныя для еўрап. опернага мастацтва, увасоблены ў муз. помніку школьнага т-ра — оперы «Апалон-заканадаўца, ці Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага на лібр. М.​Цяцерскага, створанага для т-ра Забельскага дамініканскага калегіума. Рысы К. маюць творы паслядоўніка берлінскай і венскай класічных школ Я.Д.Голанда (опера «Агатка, або Прыезд пана», опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць», уверцюра да балета «Арфей у пекле»), музыка Радзівіла (6 паланэзаў і дывертысмент для камернага аркестра), Казлоўскага (да трагедыі «Фінгал», скрыпічны канцэрт і інш.). У традыцыях ранняга К. напісаны творы літургічнай музыкі 18 ст. (месы ў гонар Дзевы Марыі, у гонар Нараджэння Хрыста і інш.).

Літ.:

Ренессанс. Барокко. Классицизм: Проблема стилей в западноевропейском искусстве XV—XVII вв. М., 1966;

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Виппер Ю.Б. Формирование классицизма во французской поэзии начала XVII в. М., 1967;

Литературные манифесты западноевропейских классицистов. М., 1980;

Обломиевский Д.Д. Французский классицизм. М., 1968;

Русский и западноевропейский классицизм: Проза. М., 1982;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1986—87;

Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;

Інструментальная музыка Беларусі XVIII ст. Мн., 1991;

Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992.

Г.​В.​Сініла (літаратура), А.​В.​Мальдзіс (бел. літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура і мастацтва), Н.​В.​Сазановіч (музыка).

Да арт. Класіцызм. Сядзібны дом у в. Алешкавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл. Малюнак Н.​Орды. 19 ст.
Да арт. Класіцызм. А.​Р.​Менгс. Парнас. 1761.
Да арт. Класіцызм. Палац Мезон-Лафіт каля Парыжа. Арх. Ф.​Мансар. 1642—51.

т. 8, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)