паклады карысных выкапняў, якія сфарміраваліся ў працэсе асадканамнажэння. Паводле месца ўтварэння падзяляюцца на рачныя, балотныя, азёрныя, марскія і акіянскія (адрозніваюць платформавыя і геасінклінальныя), па характары намнажэння — мех. (гравій, пяскі, гліны, россыпы мінералаў), хім. (солі, руды жалеза, марганцу і інш.), біяхім. (гаручыя газы, нафта, вугаль, фасфарыты, карбанатныя і крамяністыя пароды), вулканагенныя (калчаданавыя радовішчы рудаў каляровых металаў, аксідныя радовішчы рудаў жалеза, марганцу і інш.). Маюць важнае прамысл. значэнне. У асадкавых радовішчах сканцэнтравана асн. частка мінеральна-сыравінных рэсурсаў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРАЛІ́ТЫ [ад грэч. kopros памёт, кал + літ(ы)],
выкапнёвыя экскрэменты марскіх жывёл (чарвей, малюскаў, іхтыязаўраў і інш.), што захоўваюць першасную форму, а часам і неператраўленыя рэшткі ежы. Месцамі складаюць марскія мулы. У выкапнёвым стане (з ардовіку) трапляюцца капрагенныя вапнякі, даламіты і фасфарыты, якія ўяўляюць сабой псеўдамарфозы на К. Фасфарытызаваныя К. рыфейскага ўзросту — самыя стараж. сляды жывёл на Зямлі. К. маюць да 55—60% трыкальцыю фасфату і выкарыстоўваюцца як угнаенні. Трапляюцца пераважна ў Вялікабрытаніі і Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНАГЕ́ННА-АСА́ДКАВЫЯ ПАРО́ДЫ,
горныя пароды, якія складаюцца з вулканічнага і асадкавага матэрыялу. Адрозніваюць вулканагенна-асадкавыя пароды: вулканагенна-абломкавыя, утвораныя з абломкавага (піракластычнага) матэрыялу — попелу, часцінак і абломкаў лавы, горных парод, што складаюць вулкан, і асадкавых кампанентаў (туфы, туфіты, туфапясчанікі, туфагравеліты і інш.); хемагенныя, якія складаюцца з матэрыялаў гарачых крыніц, парагазавых струменяў, прадуктаў вышчалочвання вулканічных парод і інш., што выпалі ў асадак на дне мораў або ўчастках прылеглай сушы (многія яшмы, некаторыя руды жалеза, марганцу, адклады серы, фасфарыты і інш.). У Беларусі вулканагенна-асадкавыя пароды вядомыя ў вендзе (верхні пратэразой) у цэнтр., паўд,зах. і паўн.-ўсх. частках і ў дэвоне (на ПдУ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДА́,
прыроднае мінеральнае ўтварэнне, што мае ў сабе металы або іх злучэнні ў канцэнтрацыях, эканамічна выгадных для іх прамысл. здабычы. Р. наз. таксама некат. неметалічныя карысныя выкапні, напр., азбеставая, барытавая, графітавая, серная, агранамічная. Вылучаюцца Р.: прыродна багатыя, бедныя (патрабуюць абагачэння), монамінеральныя (складаюцца з аднаго мінералу), полімінеральныя (некалькі каштоўных і інш. мінералаў), комплексныя (пры наяўнасці ў Р. спадарожных каштоўных кампанентаў). Паводле хім. саставу адрозніваюць Р. сілікатныя, крамяністыя, аксідныя, сульфідныя, карбанатныя і мяшаныя. Найб. пашыраны Р. жалезныя, поліметалічныя, медныя. На Беларусі існуюць ільменіт-магнетытавыя Р. (Навасёлкаўскае радовішча жалезных руд), жалезістыя кварцыты (Аколаўскае радовішча жалезных руд), праяўленні даўсаніту — Р. на алюміній і соду (на Заазёрнай і Асташкавіцкай плошчах Прыпяцкага прагіну); з агранамічных Р. найб. значэнне маюць калійныя солі, даламіты, мел, фасфарыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,
на ПнУ Афрыкі (частка Сахары), у Егіпце, паміж далінай р.Ніл і Чырвоным морам. На Пд (22°паўн. ш.) злучаецца з Нубійскай пустыняй. У рэльефе пераважаюць друзаватыя, пясчанікавыя і вапняковыя плато выш. да 500 м, якія паступова ўздымаюцца з З на У. Уздоўж Чырвонага м. цягнецца крышт.хр. Этбай (выш. да 2184 м, Шаіб-эль-Банат). Карысныя выкапні: нафта, волава, фасфарыты, буд. камень. Клімат трапічны пустынны, гарачы. Сярэдняя т-растудз. 15 °C, ліп. 30 °C, ападкаў да 100 мм за год. Дажджы не выпадаюць многія гады. Характэрны сухія рэчышчы (вадзі). Падземны сцёк, які захоўваецца круглы год, падтрымлівае ў далінах разрэджаную ксерафітавую і злакава-хмызняковую расліннасць; трапляюцца асобныя дрэвы (акацыі, тамарыскі, фінікавая пальма і інш.). Жывёльны свет: шматлікія грызуны, антылопы, гіены, шакалы, паўзуны. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля (козы, авечкі, вярблюды). У аазісах — земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІАДУ́ХО (Мікалай Фёдаравіч) (10.12.1878, г. Чэрвень — 13.1.1935),
бел. геолаг. Акад.АН Беларусі (1928), праф. (1926). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1903). З 1922 нач. Горнага аддзела Упраўлення СНГ Беларусі, заг. кафедры геалогіі БДУ. З 1926 узначальваў Камісію па вывучэнні прадукц. сіл рэспублікі, з 1929 старшыня Прадстаўніцтва Геал.к-та на Беларусі. З 1929 дырэктар Ін-та геалогіі і гідрагеалогіі Бел.АН. Навук. працы па геалогіі і карысных выкапнях Беларусі. Узначальваў экспедыцыю па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акруг. Вывучаў мелавыя адклады і фасфарыты на р. Сож. Абгрунтаваў пастаноўку геафіз. даследаванняў і глыбокага свідравання ў Мінску, Полацку, Бабруйску і інш. Паводле вынікаў геамагнітнай здымкі зрабіў прагноз на выяўленне жалезарудных канцэнтрацый у нетрах Беларусі. Упершыню склаў геал. карты дачацвярцічных і чацвярцічных адкладаў, карысных выкапняў Беларусі.
Тв.:
Сборник трудов по геологии и полезным ископаемым БССР. М., 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ КАРМЫ́, мінеральныя падкормкі,
састаўная частка рацыёнаў жывёл, якая забяспечвае іх неабходнымі мінер. рэчывамі. Выкарыстоўваюць у якасці кармавых дабавак у здробненым стане, вырабляюць сыпкія салявыя сумесі, брыкеты-лізунцы, таблеткі.
Найб. важная — кухонная соль (мае натрый і хлор, якіх мала ў расл. кармах). Кальцыевыя дабаўкі: вапнякі (мергель, траверцін, гарныш, даламітызаваны вапняк, у якім шмат і магнію), гіпс (ёсць і сера), мел, сапрапель, гашаная вапна, драўнінны попел (мае таксама натрый, калій, магній, фосфар, мікраэлементы); яечная шкарлупіна, ракавінкі малюскаў (для птушак) і інш. Фосфарныя дабаўкі: мона- і дынатрыйфасфат, мона- і дыамонійфасфат (таксама крыніца азоту). Фосфарна-кальцыевыя дабаўкі: касцявая мука, рыбная мука, касцявы прэцыпітат (дыкальцыйфасфат), абясфтораныя фасфарыты, касцявыя попел і вугаль, свежадраблёная косць (для пушных звяроў) і інш. Крыніцы магнію: аксід, карбанат і сульфат магнію; калію — хларыд калію; серы — чыстая сера, сульфаты натрыю і амонію, тыясульфат натрыю; мікраэлементаў металаў — іх сульфаты і інш. солі, аксіды (жалеза — таксама чырв. гліна), ёду — ёдзістыя калій і натрый, селену — селенат і селеніт натрыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 27,1 тыс.км². Нас. 1435,1 тыс.чал. (1994), гарадскога 64%. Цэнтр — г.Белгарад. Найб. гарады: Стары Аскол, Губкін, Шабекіна, Аляксееўка, Валуйкі.
Прырода. Белгародская вобласць размешчана на ПдЗ Сярэднярускага ўзвышша. Паверхня — узгоркавая раўніна (выш. да 276 м), моцна парэзаная ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда (радовішчы Курскай магнітнай анамаліі), буд. матэрыялы, фасфарыты, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -8 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў да 500 мм за год. Асн. рэкі: Северскі Данец і Аскол (бас. Дона), Ворскла (бас. Дняпра). Глебы пераважна чарназёмныя, месцамі шэрыя лясныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Белгародская вобласць ляжыць у лесастэпавай і стэпавай зонах, б.ч. разнатраўна-лугавога стэпу ўзарана. Пад лясамі 9% тэрыторыі (дуб, клён, ясень, бяроза і інш.). Запаведнікі «Лес на Ворскле» і частка Цэнтральначарназёмнага запаведніка («Ямскі стэп»).
Гаспадарка. Развіты горназдабыўная прам-сць (жал. руда), машынабудаванне і металаапрацоўка (паравыя катлы, абсталяванне для харч. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці, вытв-сць металаканструкцый, электраабсталявання і інш.), металургічная, хім. (вітаміны, мыйныя сродкі і інш.), харч. (цукр. і мяса-малочная) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых (ячмень, пшаніца) і тэхнічных (цукр. буракі, сланечнік, эфіраалейныя) культур. Пладаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, пчалярства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Харкаў, Масква—Растоў-на-Доне, Харкаў—Бранск, аўтамагістраль Масква—Сімферопаль і ўчасткі магістральных газаправодаў Шабялінка—Масква, Стаўрапаль—Масква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́ДКАВЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
горныя пароды, якія ўтвараюцца асаджэннем рэчыва ў водным асяроддзі, радзей з паветра і ў выніку дзейнасці ледавікоў. У залежнасці ад характару асаджэння падзяляюцца на абломкавыя, хім. і арганагенныя (біягенныя). Утвараюць пласты, слаі, лінзы і інш.геал. целы рознай формы і памераў, якія залягаюць у зямной кары гарызантальна, нахільна або ў выглядзе складаных складак. Адрозніваюць больш як 10 груп асадкавых горных парод: абломкавыя, гліністыя, глаўканітавыя, гліназёмістыя, жалезістыя, фасфатныя, марганцавыя, карбанатныя, солі, каўстабіяліты і інш., а таксама мяшаныя вулканагенна-асадкавыя пароды. Сярод асадкавых горных парод пераважаюць гліністыя (гліны, аргіліты, гліністыя сланцы — каля 50%), пясчаныя (пяскі і пясчанікі) і карбанатныя (вапнякі, даламіты і інш.; разам каля 45%), астатнія тыпы (солі і інш.) складаюць менш за 5%. Утварэнне і размяшчэнне на зямной паверхні асадкавых горных парод (асадканамнажэнне) вызначаецца пераважна кліматычнымі і тэктанічнымі ўмовамі, мае перыядычны характар і падобныя ўмовы ў мінулыя геал. эпохі і ў сучаснасці. Асадкавыя горныя пароды складаюць каля 10% масы зямной кары, укрываюць 75% паверхні Зямлі. Асн. іх маса сканцэнтравана на мацерыках (752 млн.км³), шэльфах і кантынентальных схілах (158 млн.км³), менш на дне акіянаў (190 млн.км³). Многія асадкавыя горныя пароды — карысныя выкапні (нафта, прыродны газ, вугаль, фасфарыты, баксіты, вапнякі, нярудныя буд. матэрыялы). Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі, асабліва гліны, алеўраліты, пяскі, каменная і калійная солі, ангідрыт, вапнякі, даламіты, мергелі, мел.
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии: (к Межведомств. стратигр. Совещанию, Минск, октябрь, 1981 г.). Мн., 1981;
Логвиненко Н.В. Петрографяя осадочных пород с основами методики исследования. 3 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННІЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 26,4 тыс.км². Нас. 2012 тыс.чал. (1995), гарадскога 45%. Цэнтр — г. Вінніца. Найб. гарады: Жмерынка, Магілёў-Падольскі, Хмяльнік.
Прырода. Большая ч.тэр. размешчана ў межах Падольскага (выш. да 362 м) і Прыдняпроўскага (выш. да 323 м) узвышшаў. Паверхня — хвалістая раўніна, пераважаюць выш. 200—300 м. Карысныя выкапні: граніты, гнейсы, мергелі, вапнякі, кааліны, фасфарыты, мел, гіпс, гліны, пяскі, торф і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў каля 530 мм за год. Гал. рака Паўд. Буг з прытокамі Згар, Дзясна, Соб, Днестр (на мяжы з Малдовай) з прытокамі Лядава, Нямія, Мурафа. Мінер. крыніцы. Вінніцкая вобласць размешчана ў лесастэпавай зоне. Пашыраны чарназёмныя, шэрыя і светла-шэрыя глебы. Стэп узараны; пад невял. ўчасткамі лесу (з дубу, грабу, ясеню, ліпы, клёну) 12% тэрыторыі.
Гаспадарка. Развіта харчасмакавая прам-сць (цукровая — каля 40 заводаў, мяса-малочная, алейнатлушчавая, плодакансервавая, спіртавая і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для харч. прам-сці; трактарныя агрэгаты, падшыпнікі, інструменты, прылады, электронная апаратура і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні), лёгкая (абутковая, швейная, трыкат., футравая), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, жалезабетонныя вырабы). Здабыча каалінаў, граніту, вапнякоў, глін. Ладыжынская ДРЭС. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, гародніну, з тэхнічных — цукр. буракі і сланечнік. Садаводства. Вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Свінагадоўля. Птушкагадоўля. Густая сетка чыгунак: Кіеў—Вінніца—Магілёў-Падольскі, Хмяльніцкі—Жмерынка—Адэса, Шапятоўка—Калінаўка—Умань, Жытомір—Вінніца—Першатравенск. Аўтадарогі Жытомір—Вінніца—Кішынёў, Хмяльніцкі—Вінніца—Умань. Суднаходства па Дняпры і Паўн. Бугу. Курорты Хмяльнік і Пячэра.