у..., прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: 1) накіраванасць дзеяння ўнутр прадмета або асяроддзя, напрыклад: убіць, увезці, уехаць, уплесці, упхнуць; 2) распаўсюджанне дзеяння на ўвесь аб’ект або на частку яго, напрыклад: увешаць, укачаць, утыкаць, удзяліць; 3) давядзенне дзеяння да пэўнага выніку, напрыклад: увязаць, угаварыць, угарнуць, укарміць, усаліць, узгодніць, умаліць; 4) працяканне дзеяння насуперак чаму‑н., напрыклад: уляжаць, усядзець, уцярпець; 5) аддзяленне часткі ад прадмета, змяншэнне або павелічэнне яго колькасці, аб’ёму, змяненне якасці, напрыклад: урэзаць, уцаніць, удвоіць, утроіць, усушыць; 6) устойлівасць дзеяння, напрыклад: устаяцца, угніцца, успацца, угневацца, улегчыся; 7) поўнае паглыбленне ў дзеянне, напрыклад: углядзецца, услухацца, учытанна, удумацца; 8) звычкі суб’екта, яго асаблівыя рысы, напрыклад: унадзіцца, ублытацца, ужыцца; 9) стан суб’екта, напрыклад: упіцца, угамавацца, узрушыцца; 10) узаемнасць дзеяння, напрыклад: угаварыцца, умовіцца, улюбіцца.

II. Ужываецца для ўтварэння прыслоўяў і абазначае: 1) месца, прастору, напрыклад: убок, уверх, угару, улева, управа, уверсе, унізе, удалі, увысі; 2) час, напрыклад: увосень, увясну, узімку, уначы, увечары; 3) меру і ступень, напрыклад: удвайне, утрайне; 4) спосаб дзеяння, напрыклад: употай, увачавідкі, угалоп, уголас, улегцы.

III. Утварае форму закончанага трывання дзеясловаў, напрыклад: уджаліць, укусіць, упісаць, уклеіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЭКРЭ́ТНЫ ЧАС,

зменены паясны час на 1 гадз уперад з мэтай больш рацыянальнага выкарыстання светлай часткі сутак. У СССР уведзены ў 1930. Д.ч. другога гадзіннага пояса лічыцца маскоўскім, апераджае сусветны час на 3 гадз. Парадак падліку Д.ч.: паясны час плюс 1 гадз. (пастаянна на працягу года) з дадатковым пераводам гадзіннай стрэлкі на 1 гадз уперад у летні час. Перавод адбываецца ўначы з апошняй суботы на нядзелю ў сакавіку і адпаведна на 1 гадз назад у кастрычніку. Тэр. Беларусі ўваходзіць у другі гадзінны пояс. За аснову Д.ч. ўзяты паясны, таму маскоўскі час апераджае беларускі на 1 гадз. Парадак пераводу гадзіннай стрэлкі ў летні час застаўся той самы.

т. 6, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНЫ ЧАС,

сярэдні сонечны час Грынвіцкага мерыдыяна. Выкарыстоўваецца пры астр. назіраннях. у міжнар. тэлеграфнай і тэлетайпнай сувязі і інш. Гл. таксама Мясцовы час, Паясны час.

т. 15, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦО́ВЫ ЧАС,

час, вызначаны для дадзенага месца на Зямлі. Адрозніваюць зорны час, сапраўдны сонечны час і сярэдні сонечны час. М.ч. залежыць ад геагр. даўгаты месца і аднолькавы для ўсіх пунктаў, размешчаных на дадзеным мерыдыяне зямным. Рознасць значэнняў М.ч. ў двух пунктах на Зямлі адпавядае рознасці іх даўгот (напр., рознасць даўгаты крайніх усх. і зах. пунктаў Беларусі складае 9°36′, у выніку чаго наступленне поўдня на У бывае на 38 мін раней, чым на З). М.ч. карыстаюцца пры дакладных кліматычных даследаваннях. У побыце М.ч. нярэдка няправільна наз. паясным часам.

т. 11, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАРАБО́ЧЫ ЧАС Уключае час, звязаны з працай (час прыбыцця на работу, абедзенны перапынак і г.д.), час вядзення хатняй гаспадаркі, карыстання паслугамі прадпрыемстваў быт. абслугоўвання, працы ў асабістай дапаможнай гаспадарцы, асабіста свабодны час і інш. Структура П.ч. разглядаецца ў залежнасці ад розных сац.-прафес. груп гар. і сельскага насельніцтва, ад велічыні і складу сям’і і інш. Прадукцыйнае выкарыстанне П.ч. садзейнічае павышэнню прафес., агульнаадук. і культ. ўзроўню, духоўнаму і фіз. ўдасканаленню асобы. Дзяржава павінна садзейнічаць стварэнню неабходных умоў, якія б спрыялі гарманічнаму і духоўнаму развіццю асобы, раскрыццю магчымасцей і таленту людзей у інтарэсах грамадства і асобы.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЯСНЫ́ ЧАС,

сістэма адліку часу па гадзінных паясах, што распасціраюцца ўздоўж мерыдыянаў з даўгатой, кратнай 15°. Нумарацыя 24 паясоў (ад 0 да 23) вядзецца з З на У ад Грынвіцкага мерыдыяна. П.ч. у сумежных паясах адрозніваецца на 1 гадз. Межы часавых паясоў звычайна праводзяць па дзярж. і адм. граніцах, па рэках, хрыбтах і інш. Ва ўсіх пунктах, якія знаходзяцца ў межах аднаго пояса, лічыцца адзін і той жа час сярэдняга мерыдыяна дадзенага пояса. П.ч. уведзены ў 1883 у ЗША, у СССР — з 1919. Гл. таксама Дэкрэтны час, Мясцовы час.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́СНЫ ЧАС у тэорыі адноснасці,

час, вымераны па гадзінніку ва ўласнай сістэме адліку рухомага цела. Час працякання якога-н. працэсу, вымераны назіральнікам па-за межамі цела, дзе адбываецца працэс, залежыць ад адноснай скорасці назіральніка і цела.

Пры вымярэннях удалечыні ад прыцягвальных цел (гл. Прыцягненне) карыстаюцца спец. адноснасці тэорыяй. Калі вымярэнні праводзяць у інерцыяльнай сістэме адліку (лабараторнай сістэме), адносна якой цела рухаецца з пастаяннай скорасцю ν, то прамежак У.ч. Δτ звязаны з прамежкам часу Δt назіральніка суадносінамі: Δτ = Δt 1 − v2 / c2 , дзе c — скорасць святла ў вакууме.

т. 16, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧЫ ЧАС,

вызначаная ў заканадаўчым парадку працягласць рабочага дня, на працягу якой работнік абавязаны выконваць даручаную яму работу. Пачатак і заканчэнне рабочага дня рэгулююцца правіламі ўнутр. распарадку і графікамі зменнасці. Рэжым Р.ч. залежыць ад умоў і характару работы. Р.ч. падзяляецца на час работы і час перапынкаў (рэгламентаваных і нерэгламентаваных). Рэгламентуецца прац. заканадаўствам шляхам вызначэння працягласці рабочага дня (часткі сутак, на працягу якой работнік выконвае свае абавязкі), рабочага тыдня (Р.ч. на працягу каляндарнага тыдня), рабочага года (каляндарнага года, які адлічваецца з дня працаўладкавання), звышурочнай работы. Вымяраецца для асобнага работніка ў гадах, днях і гадзінах, для калектыву — у чалавека-гадах, чалавека-днях і чалавека-гадзінах.

т. 13, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНДА́НЦКІ ЧАС,

надзвычайная мера, якая забараняе жыхарам дадзенага населенага пункта з’яўляцца на вуліцах у пэўны час сутак (як правіла, вечарам і ноччу) без асобага дазволу. Звычайна ўводзіцца ва ўмовах ваен. становішча з мэтай аховы парадку, папярэджання магчымай дыверсійнай, разведвальнай або інш. варожай дзейнасці супраць войск ці аб’ектаў, якія маюць ваен. або прамысл. значэнне. Для падтрымання парадку ў перыяд К.ч. вылучаюцца спец. ваен. падраздзяленні.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНЫ ЧАС,

сістэма адліку часу, у якой працягласць сутак вызначаецца па кульмінацыях пункта вясенняга раўнадзенства ў месцы назірання (гл. Зорныя суткі). Роўны прамому ўзыходжанню (у гадзіннай меры) нябеснага свяціла ў момант яго верхняй кульмінацыі. Выкарыстоўваецца ў астраноміі.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)