ВІ́ЦЕБСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1772—77. Уваходзіла ў Пскоўскую губ. Цэнтр — г. Віцебск. Агульная пл. 851 284 дзесяціны. Паводле ўказа ад 22.7.1776 падзялялася на Веліжскі, Гарадоцкі і Віцебскі пав. Уключала 7 мястэчак, 166 сёл, 2910 вёсак; каля 175 тыс. чал. падатковага насельніцтва. З дзярж. уладанняў былі Віцебская эканомія і 17 старостваў. Узначальвалася ваяводам. Скасавана паводле «Устанаўленняў для кіравання губерняў Расійскай імперыі» (1775).
т. 4, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛА АЛЯКСА́НДРАВІЧ
(1261 — сак. 1303),
князь Маскоўскага вялікага княства (да 1283—1303). Родапачынальнік маск. князёў. Сын Аляксандра Неўскага і полацкай князёўны Аляксандры Брачыслаўны. З 1280-х г. удзельнічаў у барацьбе за права княжыць ва Уладзіміры і Ноўгарадзе. У 1300 далучыў да сваіх уладанняў Каломну і шэраг валасцей, у 1302 — Пераяслаў-Залескі, што дало пачатак росту тэр. Маск. княства. Пасля смерці кананізаваны, перапахаваны ў заснаваным ім каля 1298—99 Данілавым манастыры.
т. 6, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАГАТА́ЙСКІ (ЧАГАТА́ЙСКІ) УЛУ́С,
спадчыннае ўладанне манг. ханаў з роду Джагатая. Вылучыўся з Мангольскай імперыі ў 1224, уключаў сярэднеазіяцкія землі (Маверанахр, Сямірэчча і Кашгар). Пасля Курултая 1251 і ўступлення на прастол Мункэ большасць дарослых прадстаўнікоў дынастыі Джагатаяў была закатавана. У 1260-я г. ўнук Джагатая Алгу аднавіў ва улусе ўладу Джагатаяў. У 1340-я г. улус фактычна распаўся на шэраг феад. уладанняў. Пасля ўтварэння дзяржавы Цімура ўлада Джагатаяў спынілася.
т. 6, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТ-І́НДСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ, Карыбская федэрацыя (Britich Caribbean Federation). Існавала ў 1958—62 у складзе астраўных уладанняў Вялікабрытаніі ў Карыбскім моры. Уваходзілі Ямайка, Трынідад і Табага, Барбадас, Антыгуа, Мантсерат, Сент-Кітс—Невіс—Ангілья, Дамініка, Грэнада, Сент-Люсія, Сент-Вінсент. Была няўдалай спробай Вялікабрытаніі стрымаць у сваіх калоніях уздым нац.-вызв. руху і рост уплыву ЗША у гэтым рэгіёне. У год распаду федэрацыі незалежнасць атрымалі Ямайка, Трынідад і Табага, пазней — Барбадас і інш.
т. 4, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛКА́НСКІ САЮ́З 1912,
ваенна-паліт. саюз Балгарыі, Сербіі, Грэцыі і Чарнагорыі супраць Турцыі і Аўстра-Венгрыі. Ствараўся пры падтрымцы Расіі. Напачатку саюз заключаны паміж Сербіяй і Балгарыяй, потым да яго далучыліся Грэцыя і Чарнагорыя. Меў на мэце падзел еўрап. уладанняў Турцыі. У кастр. 1912 дзяржавы Балканскага саюзу пачалі вайну з Турцыяй і перамаглі. Спрэчкі вакол падзелу заваяваных тэрыторый выклікалі вайну паміж Балгарыяй, Сербіяй і Грэцыяй (гл. Балканскія войны 1912—13) і распад саюза летам 1913.
т. 2, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБУКЕ́РКІ (Albuquergue) Афонсу дэ
(1453—16.2.1515),
партугальскі мараплавец, намеснік (віцэ-кароль) партуг. уладанняў у Індыі [1510—15], заснавальнік партуг. калан. імперыі ў Ост-Індыі. У 1503 на чале партуг. флатыліі накіраваны ў інд. г. Кочын, дзе пабудаваў форт. У 1507 захапіў г. Армуз у Персідскім заліве. У 1510 захапіў Гоа (стаў асн. апорным пунктам партуг. заваёўнікаў на Усходзе), у 1511 — Малаку. Албукеркі ўзначальваў першыя партуг. экспедыцыі на Малабарскі бераг, в. Цэйлон, у краіны Паўд.-Усх. Азіі.
т. 1, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБЕ́РНА
(ад лац. hibernus зімовы),
1) у Стараж. Рыме зімовыя кватэры войска.
2) У Рэчы Паспалітай павіннасць зімовага ўтрымання войска і забеспячэння яго харчам, якую неслі жыхары дзярж. і царк. уладанняў (шляхецкія маёнткі былі вольныя ад яе). У 1649—52 заменена на аднайм. штогадовы падатак, скасаваны на сейме ў 1775. Вызначалася сеймамі ў памерах патрэбы, у ВКЛ у 1-й пал. 18 ст. дасягала 0,5 млн. злотых. З гіберны рабіліся выплаты гетманам, пісарам польным і інш. вайск. службоўцам.
В.С.Пазднякоў.
т. 5, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРЫ́ЙСКАЯ СПА́ДЧЫНА,
вайна за Аўстрыйскую спадчыну, вялася паміж еўрап. дзяржавамі ў 1740—48. Паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (закон, які выдаў Карл VI) вял. валоданні аўстр. Габсбургаў павінны былі заставацца непадзельныя і перайсці да яго дачкі Марыі Тэрэзіі. Аднак пасля смерці Карла VI (1740) Прусія, Баварыя, Саксонія, Іспанія, падтрыманыя Францыяй, пачалі аспрэчваць спадчыннае права Марыі Тэрэзіі. У распачатай вайне Аўстрыю падтрымлівалі Англія, а з 1746 і Расія. Паводле Ахенскага міру 1748 Марыя Тэрэзія захавала б.ч. сваіх уладанняў, аднак амаль уся Сілезія перайшла да Прусіі.
т. 2, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЕ МЕЖАВА́ННЕ,
суцэльнае вымярэнне, здымка, картаграфаванне і апісанне адм. адзінак, зямельных уладанняў («дач»), угоддзяў, падатковага насельніцтва ў Расійскай імперыі ў 1760-я г. — сярэдзіне 19 ст. У ходзе генеральнага межавання вырашаліся задачы: межавыя, землеўпарадкавальныя, статыстычныя, картаграфічныя, зямельна-падліковыя. На Беларусі праведзена толькі на землях, далучаных да Рас. імперыі паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) — у Магілёўскай (1783—84) і Полацкай (1784—85) губернях. Межавая дакументацыя абвяшчалася адзінай законнай падставай землеўладання, чым скасоўваліся ўсе папярэднія прывілеі і граматы на зямлю. Матэрыялы генеральнага межавання — каштоўная гіст. крыніца.
т. 5, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1884—85,
міжнародная канферэнцыя па пытаннях каланіяльных уладанняў у Афрыцы. Склікана па ініцыятыве Германіі, каб перашкодзіць Вялікабрытаніі і Партугаліі захапіць зах.-афр. ўзбярэжжа, у т. л. вусці р. Конга. Удзельнікі (Аўстра-Венгрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Іспанія, Італія, Нідэрланды, Партугалія, Расія, Турцыя, Францыя і Швецыя) фармальна прызналі Конга «свабоднай дзяржавай» на чале з бельг. каралём Леапольдам II (акрамя Бельгіі права эксплуатаваць Конга атрымалі і інш. дзяржавы), вызначылі парадак набыцця «незанятых афр. зямель», удакладнілі граніцы партуг. калоніі Анголы, фактычна адобрылі захопы Францыі ў Экватарыяльнай Афрыцы.
т. 3, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)