увы́сь, прысл.

Уверх, угару, увышыню. За гмахам гмах, ушыр і ўвысь, Расце трактараград. А. Александровіч. І вось падняўся ўвысь лісток, Ляціць па-над радзімым краем. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уго́ру, прысл.

Увышыню, уверх; увысь; проціл. уніз. Спрадвечныя дубы лёгка ўзнімаюць угору на сваіх гранітных ствалах цяжкія кроны. Паслядовіч. Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Хлопцы стралялі ўсё, больш угору, бо і наперадзе, і з бакоў — усюды свае. Ваданосаў. // У напрамку да верху, на больш высокае месца; вышэй. Вуліца падымалася ўгору. Мележ. Усе ўтраіх падняліся ўгору і прайшлі да Петрусёвага пакоя. Гартны. // Уверх, дыбам. Звер глуха рычыць,.. ягоная кароткая пярэстая шэрсць узнімаецца ўгору і ападае. Самуйлёнак.

•••

Ісці ўгору гл. ісці.

Лапкі ўгору гл. лапка.

Рукі ўгору! гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак., каго-што.

1. Паэт. Узняць увысь, увышыню; падняць вышэй навакольнага. Праз дзесяць дзён будынак школы На голым дзікім пустыры З граніту ўзвысяць навасёлы. Астрэйка.

2. Надаць каму‑, чаму‑н. больш высокае грамадскае становішча або значэнне. Узвысіць па службе. // перан. Падняць чый‑н. аўтарытэт. Мне хацелася зрабіць нешта асаблівае, выключнае, што ўзвысіла б мяне ў вачах дзяўчыны, дазволіла стаць упоравень з ёй. Навуменка.

3. Павысіць, зрабіць больш моцным (пра голас). — Гаворыш абы-што! — узвысіў голас і Станкевіч. Арабей.

4. Павялічыць, павысіць (цану і пад.). Узвысіць цэны на прамысловыя тавары.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвы́сіцца, ‑вышуся, ‑высішся, ‑высіцца; зак.

1. Паэт. Узняцца ўвысь, увышыню; падняцца вышэй навакольнага. Кожны парастак прагнуў Узвысіцца дрэвам магутным, Кожны лісцік хацеў Разрасціся ў агромністы ліст. Гілевіч.

2. Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча або значэння; узняць свой аўтарытэт. [Высоцкі:] Масква яшчэ больш узвысілася над светам, як сімвал свабоды. Гурскі. [Белавус] убачыў смешную фанабэрыю чатырох маладых хлопцаў, іх наіўнае жаданне ўзвысіцца ў вачах дзяўчыны, якая падабалася. Савіцкі.

3. Павысіцца, стаць больш рэзкім, гучным (пра голас). Гугнявы голас перакладчыка ўзвысіўся ў такой меры, што строй аж жахнуўся. Сабаленка.

4. Узрасці (пра цэны і пад.). Плата за ўваход у музей узвысілася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)