ІЛЬМЕНІ́Т (ад назвы радовішча ў Ільменскіх гарах на Паўд. Урале, дзе ўпершыню выяўлены),
тытаністы жалязняк, мінерал падкласа складаных аксідаў, FeTiO3. Змяшчае жалеза 36,8%, тытану 31,6%, састаў непастаянны; прымесі магнію, марганцу і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя. Агрэгаты шчыльныя, зярністыя. Колер чорны. Бляск металічны. Цв. 5—6. Шчыльн. 4,7—4,8 г/см³. Трапляецца ў асноўных шчолачных пародах і ў шчолачных пегматытах, таксама ў россыпах (другасныя радовішчы). На Беларусі як акцэсорны мінерал трапляецца ў пародах крышт. фундамента, у большасці абломкавых парод платформавага чахла. Руда тытану. Крыніца атрымання фератытану і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКАНЕ́ЛЬ,
сплаў нікелю (аснова), хрому (да 15%) і жалеза (да 9%) з дабаўкамі алюмінію, тытану, малібдэну. Гарачаўстойлівы і гарачатрывалы матэрыял (т-ра эксплуатацыі да 900 °C). Выкарыстоўваюць у авіяцыі і ракетнай тэхніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ТЭРЫ (англ. getter),
газапаглынальнікі, рэчывы, якія звязваюць газы (акрамя інертных) за кошт хім. ўзаемадзеяння (хемасорбцыя) ці адсорбцыі. Выкарыстоўваюць гетэры (звычайна плёнкі тытану, цырконію, барыю, танталу, малібдэну і інш.) для павышэння вакууму ў электравакуумных прыладах, ачысткі інертных газаў ад прымесей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТУНІ́РАВАННЕ,
нанясенне (звычайна электралітычным спосабам) тонкага (да 10 мкм) слоя латуні на паверхню метал. вырабаў. Засцерагае вырабы ад карозіі, стварае т.зв. падслой пры нікеліраванні або луджэнні, павышае адгезію (счапленне) стальных і алюмініевых вырабаў з гумай пры гуміраванні, паляпшае антыфрыкцыйныя ўласцівасці вырабаў з тытану, яго сплаваў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНАМЕТА́Л,
метал (сплаў) ячэістай структуры. Для атрымання П. ў расплаў металу ўводзяць гідрыды (напр., тытану, цырконію), якія раскладаюцца з вылучэннем вадароду, што ўспеньвае метал. Ячэістая структура замацоўваецца хуткім ахаладжэннем. Вырабляюць П. на аснове алюмінію (пенаалюміній мае шчыльн. 230—750 кг/м³, а алюміній — 2700 кг/м³), магнію і інш. металаў. Выкарыстоўваюць як напаўняльнікі канструкцый (для забеспячэння іх цвёрдасці), а таксама як цеплаізаляцыйны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІВІ́РАВАННЕ, пасівацыя металаў,
пераход паверхні металаў у пасіўны стан, які прыводзіць да рэзкага запавольвання карозіі; сукупнасць хім. і электрахім. метадаў апрацоўкі паверхні металаў (метал. вырабаў) для надання ім каразійнай устойлівасці.
Абумоўлена ўтварэннем тонкіх ахоўных плёнак цяжкарастваральных злучэнняў, пераважна аксідаў. Самаадвольнае П. металаў (напр., алюмінію, тытану) выклікана іх акісленнем у паветры. У тэхніцы (штучнае П.) ажыццяўляецца апрацоўкай металаў спец. рэчывамі — пасіватарамі, пераважна акісляльнікамі (напр., храматамі, нітратамі). Гл. таксама Аксідаванне.