ГАЛАСНІ́К,

керамічная пасудзіна ў выглядзе збана, якую ўмуроўвалі ў сцены будынкаў горлам у інтэр’ер. У якасці галаснікоў выкарыстоўвалі і амфары. Галаснікі паляпшалі акустычныя магчымасці зальных памяшканняў, аблягчалі мураваную сцяну. Вядомыя з часоў Стараж. Рыма. На ўсходнеславянскай тэр. набылі пашырэнне ў 12 ст. (Ноўгарад, Полацк, Гродна). Найб. даследаваныя галаснікі Гродзенскай Барысаглебскай царквы і Гродзенскай ніжняй царквы. Гэта высокія (38—49,5 см) пасудзіны з круглым тулавам і доўгім вузкім горлам (дыяметр 7—8 см). Іх паверхня (у верхняй частцы) аздаблялася густым паралельна-лінейным арнаментам.

А.​А.​Трусаў.

Галаснік.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст., якую выраблялі цаніннікі з г. Магілёў. Кафля канца 15—16 ст. гаршковая, з круглым вусцем, некаторыя вырабы пакрыты знутры зялёнай палівай. Кафля канца 16—20 ст. каробчатая (тэракотавая, зялёная паліваная, паліхромная). У аздабленні паліхромнай кафлі 17 ст. выкарыстоўвалі белую, зялёную, блакітную, карычневую, жоўтую паліву. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. выраблялі кафлю з двухпрыступкавай рамкай на вонкавай пласціне. Паводле тыпаў і прызначэння М.к. падзяляецца на сценавую, карнізную (простую, складаную і інш.), паясную, вуглавую, кафлі-перамычкі, гарадкі (каронкі). У аздабленні пашыраны расл. (выява букета кветак у вазе, дубовыя і лаўровыя лісты, бутон хмелю і інш.) і геам. (зігзагі, сетка, «рыбіна луска» і інш.) арнаменты, сюжэтныя, зааморфныя, геральдычныя, міфалагічныя выявы (ільвы, арлы, грыфоны, анёлы, коннікі, гербы і інш.). У трактоўцы расл. арнаменту, які часта спалучаўся з геам., адметны ўплыў маньерызму (вырабы канца 16—1-й пал. 17 ст.), барока (сярэдзіна — 2-я пал. 17 ст.). Некаторыя кафлі датаваныя. Кафлю канца 17 — пач. 18 ст. часта аздаблялі т.зв. дывановым арнаментам, рэльефнымі выявамі. Кафля канца 18—19 ст. мае гладкую вонкавую пласціну, пакрытую пераважна зялёнай палівай. У канцы 19 — пач. 20 ст. паверхню вонкавай пласціны аздаблялі складаным рэльефным малюнкам.

Літ.:

Володько Р.Ф. Белорусские изразцы. Мн., 1978;

Трусаў А.А., Чарняўскі І.М., Кукуня В.Р. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні гістарычнага цэнтра Магілёва // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1983. № 5.

А.​А.​Трусаў, І.​М.​Чарняўскі.

Магілёўская кафля. Паліваная кафля з выявай картуша. 18 ст.

т. 9, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВЕ́РХНЯЯ ЦАРКВА́,

помнік мураванага дойлідства 14 — пач. 15 ст. Пабудавана на месцы Гродзенскай Ніжняй царквы. Часткі пабудовы выяўлены ў 1931—37 Ю.​Ядкоўскім у час археал. раскопак на тэр. Гродзенскага Старога замка; у 1939 перанесены ў асобны павільён.

Рэшткі царквы даюць падставу меркаваць, што гэта быў квадратны ў плане са зрэзанымі вугламі бесстаўповы храм з паўкруглай апсідай. Унутры бакавых частак апсіды выяўлены аркі таўшчынёй у 1—2 цагліны. Першапачаткова перакрыццё царквы было драўлянае, пазней — скляпеністае на нервюрах. Пасля перабудовы храм накрыты чырвонай чарапіцай у форме плоскіх пласцін. Верхняя частка сцен упрыгожана крыжападобнай цэглай. Рэканструкцыю царквы выканалі: у 1938 Т.​Андрыёнчык, у 1965 Абрамаўскас, у 1987 Ф.​Селязнёў, Р.​Сташкевіч, А.​Трусаў.

т. 5, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЖА́Л (араб.),

клінковая халодная зброя блізкага бою, прызначаная для колючага ўдару. У старажытнасці выраблялі з крэменю, рогу, пазней з металу. Найб. пашыраны на Усходзе, дзе захаваўся да нашых дзён як парадная зброя. Папярэднікам К. на Беларусі быў вял. баявы нож. Атрымаў пашырэнне ў часы сярэдневякоўя, калі набыў форму 1-, 2-лязовага або штыкападобнага клінка. На Беларусі К. называўся пуйнал (ад італьян. pugnale). З 17 ст. ён паступова траціць баявое значэнне і выкарыстоўваецца ў асн. як парадная і дэкаратыўная зброя.

Літ.:

Трусаў А.А. Зброя Лідскага замка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.

Ю.​М.​Бохан.

Кінжал з г. Бібл (цяпер г. Джубейль, Ліван, 2-е тысячагоддзе да н.э.).

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́, Каложская царква,

помнік мураванай стараж.-рус. архітэктуры, адзін з помнікаў Гродзенскай школы дойлідства. Пабудаваны ў 2-й пал. 12 ст. ў Гродне на высокім правым беразе Нёмана, побач з замкавай гарой, на тэр. б. Каложскага пасада. Часткова разбурана ў 1853 у выніку апоўзня, паўд. апсіда абвалілася ў 1889. Праведзены работы па кансервацыі (1910 і 1935) і кансервацыйна-рамонтныя (1970, 1985—87). Захаваліся паўн. і частка зах. Сцяны, 3 апсіды і 2 зах. круглыя (дыяметр каля 1,2 м) падкупальныя слупы.

Цагляны 6-слуповы 3-апсідны крыжова-купальны храм. Даўжыня каля 21,5 м, шыр. 13,5 м. Таўшчыня сцен каля 1,2 м. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. Фасады ўпрыгожаны лапаткамі ступеньчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных адценняў са шліфаванай вонкавай паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. У верхняй ч. сцен вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. У час рэстаўрацыйных работ 1985—86 знойдзены фрагменты фрэсак на ўнутр. сцяне і шматлікія графіці на сценах. У 1894 В.​В.​Гразновым выяўлены ў муроўцы будынка галаснікі, знакі на цэгле, ім выказана думка, што царква мела фрэскавую размалёўку. Падлога храма першапачаткова была выкладзена з паліваных квадратных, трохвугольных і фігурных плітак, у 18 ст. — з мармуровых пліт. Фрагмент падлогі 12 ст. захаваўся ў бакавой апсідзе. Фундамент храма складзены з валуноў сярэдняй велічыні і заглыблены на 1,5 м. Каля царквы выяўлены сляды манастыра 15—18 ст. Царкву даследавалі: у 19 ст. В.​В.​Гразноў, у пач. 20 ст. П.​П.​Пакрышкін, у 1935 Ю.​Ядкоўскі, у 1946 І.​І.​Хозераў, у 1982, 1983—84 А.​А.​Трусаў, П.​А.​Рапапорт.

Літ.:

Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Беларуси. XI—XVII вв. Мн., 1988.

А.​А.​Трусаў.

т. 5, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ КНЯ́ЖАЦКІ ЦЕ́РАМ,

княжацкі палац, помнік архітэктуры 12 ст. Размяшчаўся на тэр. Гродзенскага Старога замка, на паўд. рагу дзядзінца. Рэшткі церама выяўлены ў 1932—33 Ю.​Ядкоўскім. Збераглася паўн. частка даўж. 9,72 м і выш. да 2 м. Гэта быў 2-павярховы на каменным падмурку будынак з драўлянымі бэлечнымі перакрыццямі. Змураваны з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. На кароткіх тарцах цаглін рэльефныя мулярскія знакі. Звонку дэкар. муроўка была аздоблена радамі амаль неапрацаваных камянёў. Падмурак — рад камянёў (таўшчыня 35—40 см), пад якімі праслойка бітай цэглы. Будынак быў накрыты свінцовымі лістамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. да ўвахода прыбудаваны новы ганак з буйнапамернай цэглы, будынак прыстасаваны да абароны. Разбураны ў 16 ст. ў час перабудовы Старога замка Стафанам Баторыем.

А.​А.​Трусаў.

т. 5, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ЗА́МАК.

Пабудаваны ў 1330-я г. з бутавага каменю і цэглы ў г. Ліда Гродзенскай вобл. Уваходзіў у лінію супрацькрыжацкай абароны Навагрудак—Крэва—Меднікі—Трокі. Замак у плане меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка з 2 вуглавымі вежамі, быў пастаўлены на насыпным пясчаным узгорку, абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка, з Пн — ровам шыр. каля 20 м, які злучаў гэтыя рэкі і аддзяляў замак ад горада. Пазней (верагодна, у 16—17 ст.) у сістэму перадзамкавых умацаванняў з У уключана штучнае возера. На замкавым двары размяшчаліся правасл. царква (у 1533 перанесена ў горад), жылыя і гасп. пабудовы, з 1568 — суд, архіў, астрог. Жылыя памяшканні былі на верхніх паверхах вежаў.

Л.з. зведаў шмат аблог. У 1384 пасля штурму яго ўзялі крыжакі і часткова разбурылі. У 1392 атрады ням. і англ. рыцараў і войскі іх саюзніка кн. Вітаўта аблажылі і ўзялі замак. У 1394 англ. і франц. рыцары зноў напалі на Ліду, але жыхары горада абаранілі замак. Не авалодалі Л.з. у 1406 атрады смаленскага кн. Юрыя Святаславіча, у 1433 войска кн. Свідрыгайлы, у 1506 загоны крымскіх татар. Улетку 1659 замак штурмам захапіла рус. войска І.​А.​Хаванскага. У час. Паўн. вайны 1700—21 замак разбураны ў 1702 і 1710 (паводле інш. звестак, і ў 1706) шведамі, якія ўзарвалі яго вежы. Апошняя бітва тут адбылася ў 1794 паміж паўстанцамі Т.​Касцюшкі, што заселі ў руінах замка, і царскімі войскамі.

Археал. даследаванні Л.з. праводзілі М.​А.​Ткачоў (1970), А.​А.​Трусаў (1977—78, 1980, 1985), А.​К.​Краўцэвіч (1986—87). У 1920-я г. зроблена частковая, у 1982 — поўная кансервацыя Л.з. Вядуцца работы па рэстаўрацыі сцен і вежаў замка.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Краўцэвіч А, Трусаў А. Археалагічнае вывучэнне Лідскага замка і г. Ліды // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1992.

Лідскі замак. Акварэль Ю.​Пешкі канца 18 ст.
Лідскі замак. Сучасны выгляд.

т. 9, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ТУПІЧЭ́ЎСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у сярэдзіне 17 — пач. 20 ст. на ўсх. ускраіне г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Засн. як мужчынскі (з 1886 жаночы). Складаўся з Святадухаўскай, Увядзенскай, Успенскай, Мікалаеўскай цэркваў, жылых і гасп. пабудоў. Абнесены спачатку драўлянай, з канца 19 ст. мураванай агароджай. Манастырскія жылыя і гасп. пабудовы былі пераважна драўляныя. Захаваліся фрагменты мураванай агароджы, брамы, капліц 19 ст. У выніку археал. даследаванняў выяўлены культ. пласт 16—18 ст. Святадухаўская царква (пабудавана ў 1641) — крыжова-купальны храм (25 × 25 м) на каменным падмурку; абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і купал на светлавым барабане над сяродкрыжжам завяршаліся галоўкамі. Напачатку царква была накрыта гонтавым дахам, з канца 19 ст. — бляхай. Інтэр’ер аздоблены размалёўкай па дрэве на біблейскія і евангельскія сюжэты (73 кампазіцыі). Тыповыя для Беларусі краявіды, элементы арх. антуражу, выявы жывёл сведчаць, што ў аздабленні царквы ўдзельнічалі майстры, якія творча перапрацоўвалі традыцыі нар. выяўл. мастацтва Магілёўшчыны 17—18 ст. У некат. кампазіцыях прыкметны рысы стылю барока. Іканастасы аздоблены дэкар. разьбой і пазалотай. Увядзенская царква (пабудавана ў 1771) — драўлянае на каменным падмурку, прамавугольнае ў плане (каля 12 × 7 м) купальнае збудаванне. У канцы 19 ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. Інтэр'ер упрыгожаны арнаментам і размалёўкай на рэліг. сюжэты. Мікалаеўская царква (існавала да 1839) — збудаванне (9 × 8 м) на 2-м ярусе надбрамнай званіцы. Успенская царква (пабудавана ў 1891—95 у псеўдарус. стылі) — мураваны крыжова-купальны храм са званіцай над бабінцам, завершаны купалам на светлавым барабане. У інтэр’еры знаходзіліся 4-ярусны з пазалотай і 3-ярусны іканастасы. Комплекс амаль цалкам спалены ў Вял. Айч. вайну, канчаткова зруйнаваны ў 1950 — пач. 1960-х г. У 1980-я г. на тэр. М.Т.м. праводзіў раскопкі А.​А.​Трусаў.

А.​А.​Трусаў, Л.​Л.​Чарняўская, Ю.​А.​Якімовіч.

Успенская царква Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра. Фота пач. 20 ст.

т. 10, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКІ ЗА́МКАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры 16 — пач. 20 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў пач. 16 ст. магнатам Ю.​І.​Іллінічам. З 1568 належаў кн. Радзівілам, у 19 ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Уключае замак, палац (захаваўся часткова), парк, капліцу-пахавальню (гл. Мірская капліца). Замак напачатку быў мураванай (цэгла і бутавы камень) крэпасцю (з унутр. дваром, блізкім у плане да квадрата), абнесенай з зах. і паўн. бакоў абарончымі сценамі (выш. з падмуркам каля 13 м, таўшчыня ўнізе 3 м) з 5-яруснымі вежамі па вуглах. Пасярэдзіне зах. сцяны знаходзілася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Вежы (выш. 25—27 м) накрыты шатрамі, прарэзаны байніцамі і амбразурамі для вядзення агню з ручной агнястрэльнай зброі і гармат. Паўд. і паўн.-зах. вежы завяршаліся машыкулямі для кідання камянёў і ліцця вару. Ніжнія ярусы вежаў маюць мураваныя скляпенні, верхнія перакрываліся памостамі на драўляных бэльках. Замак абкружаны землянымі валамі выш. каля 10 м і ровам з вадой. Дэкар. вырашэнне заснавана на кантрасце чырвонай цэглы і ружовай атынкоўкі. Вонкавыя сцены арнаментаваны парэбрыкамі, гіркамі, нішамі, паяскамі, паўкалонкамі. Архітэктура замка мае рысы позняй готыкі і рэнесансу. У 1580—90-я г. перабудаваны пад княжацкую загарадную рэзідэнцыю (будаўнік М.​Збароўскі). Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. Вежы прыстасаваны пад жыллё, уздоўж зах. і паўд. сцен замка пастаўлены гасп. пабудовы (кухня, стайня). У сутарэннях палаца і на 1-м паверсе размяшчаліся гасп. памяшканні, на 2-м — службовыя, на 3-м — княжацкія пакоі. Усяго ў палацы больш за 40 пакояў, аздобленых лепкай, мармурам, шпалерамі. Сістэма ацяплення складалася з прыгожых кафляных печаў і камінаў, дымаходы праходзілі ў мураваных сценах. Сцены і вежы звонку атынкаваныя. Аконныя праёмы, дзверы, ганкі ўпрыгожаны разнымі дэталямі з вапняку. У вежы-браме быў гадзіннік са званамі, у т. л. ажурнымі; перад уваходам пабудавана дадатковае паўкруглае ўмацаванне (барбакан) з асобнай брамай і рэнесансавым разным парталам. Замак быў адм. цэнтрам Мірскага графства, тут знаходзіліся канцылярыя і астрог. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў. Пашкоджаны ў 1655 і 1706. Адноўлены ў пач. 18 ст. Замак моцна пашкоджаны ў 1794. У канцы 18 ст. заняпаў. У 1812 пад сценамі замка адбыўся бой паміж франц. кавалерыяй маршала Л.​Н.​Даву і ар’ергардам 2-й рус. арміі — казацкай конніцай М.​І.​Платава. Была ўзарвана паўн.-ўсх. вежа, палац разрабаваны, разбураны і спалены. У 1870-я г. праведзены першыя работы па захаванні замка як помніка старажытнасці. У 1920—30-я г. часткова адноўлены М.​Святаполк-Мірскім. У Вял. Айч. вайну ў замку размяшчалася яўр. гета. З 1969 праводзіліся частковая кансервацыя і навук. даследаванні (праект рэстаўрацыі 1982, арх. В.​Атас, С.​Верамейчык, В.​Калнін, навук. супрацоўнікі А.​Трусаў, Л.​Трэпет). Археал. даследаванні на тэр. замка праводзілі Ю.​Ядкоўскі (1912), М.​Ткачоў (1972), Трусаў (1980—84, 1991; у 1982 з І.​Чарняўскім). Знойдзена вял. колькасць керамічных, шкляных і метал. вырабаў. З 1992 філіял Нац. маст. музея Беларусі. Парк (т.зв. італьян. сад) створаны на Пд за замкавымі валамі. Закладзены ў 17 ст. як рэгулярны парк італьян. тыпу з сістэмай алей і баскетаў, аранжарэямі і вадаёмамі. Па перыметры абсаджаны ліпамі. У канцы 19 ст. створаны пейзажны парк (пл. каля 20 га), у яго кампазіцыі рэшткі рэгулярнага парку ў зах. частцы. Акрамя прысад з мясц. парод у парку больш за 400 цеплалюбівых раслін з розных куткоў свету. На У ад комплексу знаходзіцца фальварак, на Пд — каскад ставоў з вадзянымі млынамі. За 3 км ад замка закладзены звярынец для палявання. Комплекс у асноўным захаваўся і з’яўляецца унікальным збудаваннем бел. архітэктуры, у якім адлюстраваны стылі готыкі і рэнесансу, сумяшчаюцца рысы абарончай і палацавай архітэктуры. Аднесены ЮНЕСКА да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусв. культуры (1994). Вядзецца рэстаўрацыя (2000).

Літ.:

Иодковский И.И. Замок в Мире // Древности. М., 1915. Т. 6;

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987;

Трусаў А.А. Старонкі мураванай кнігі. Мн., 1990;

Калнін В.В. Мірскі замак: [Гіст.-архіт. нарыс]. Мн., 1995.

В.​Р.​Анціпаў, В.​В.​Калнін, А.​М.​Кулагін, А.​А.​Трусаў.

Мірскі замкава-паркавы комплекс.

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ПАЎСТА́НЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ 1863,

арганізацыя па падрыхтоўцы і кіраўніцтву паўстаннем 1863—64 у Мінску і Мінскай губ. На першым этапе гал. ролю ў ёй адыгрывалі «чырвоныя»: А.​Трусаў, І.Козел, К.Марцінкевіч і інш.; у Навагрудскім пав. — У.Борзабагаты і В.Клімовіч, у Барысаўскім — М.​Цюндзявіцкі. Арг-цыя паступова набыла характар сістэмы губ., гар. і пав. органаў з падзелам на цывільныя і ваенныя. Вясной 1863, з далучэннем да паўстання партыі «белых», многія важныя пасады апынуліся ў руках памяркоўных элементаў, звязаных з памешчыкамі. Асн. ваен. сілу ў арг-цыі складалі «чырвоныя», што дазволіла паўстанцкім атрадам у крас. 1863 арганізавана выступіць супраць царызму. З лета 1863 паўстанцкім губ. камісарам стаў доктар М.Аскерка. Увосень 1863 К.​Каліноўскі паслаў у Мінск свайго памочніка І.Яманта, які разам з Аскеркам і К.Пялікшам (губ. цывільны начальнік) рэарганізаваў арг-цыю. Разгромлена царскімі ўладамі ў пач. 1864.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)