МІЖНАРО́ДНЫ ВАЕ́ННЫ ТРЫБУНАЛ (МВТ),

міжнародны суд. орган па праследаванні і пакаранні гал. ваен. злачынцаў. Першы М.в.т. для пакарання гал. ваен. злачынцаў еўрап. краін, якія змагаліся на баку фаш. Германіі, створаны 8.8.1945 паводле Лонданскага пагаднення паміж урадамі СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. Да пагаднення далучыліся 19 краін. Месцазнаходжанне — Берлін, месца правядзення суд. працэсу — г. Нюрнберг (гл. Нюрнбергскі працэс). М.в.т. для Д. Усходу створаны 19.1.1946 у выніку пагаднення паміж Кітаем, Францыяй, Нідэрландамі, Канадай, Новай Зеландыяй, ЗША, Вялікабрытаніяй, СССР, Аўстраліяй (пазней далучыліся Філіпіны і Індыя) з мэтай асуджэння яп. ваен. злачынцаў у 2-й сусв. вайне. Суд. працэс адбыўся ў 1946—48 (гл. Такійскі працэс).

т. 10, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ДЗУ (Ясудзіра) (12.12.1903—12.12.1963),

японскі рэжысёр. Здымаў пераважна сумныя і лірычныя з мяккім гумарам фільмы, якія ўводзілі гледача ў паўсядзённае жыццё, паказвалі ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей. Сярод «нямых» фільмаў — «Універсітэт-то я скончыў...» (1929), «Такійскі хор» (1931), «Нарадзіцца-то я нарадзіўся...» (1932), «Аповесць пра плывучую ваду» (1934), «Такійская гасцініца» (1935); гукавых — «Адзіны сын» (1936), «Позняя вясна» (1949), «Час збору ўраджаю» (1951), «Смак простай ежы» (1952), «Такійская аповесць» (1953), «Кветкі Хіган» (1958), «Смак сайры» (1962). Рэжысёрскі стыль О. стаў адной з асноў традыц. школы яп. кіно: спакойная кампазіцыя, запаволенасць дзеяння, адсутнасць вострых драм. калізій, доўгія агульныя планы. З 1955 ген. сакратар Асацыяцыі кінарэжысёраў Японіі.

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУТАГА́ВА (Руноскэ) (1.3.1892, Токіо — 24.7.1927),

японскі пісьменнік. Скончыў Такійскі ун-т (1916). Выдатны стыліст і майстар навелы. У цэнтры твораў Акутагавы — вострыя праблемы сучаснасці, загадкавасць і непрадказальнасць чалавечай свядомасці (навелы-прытчы «Расёмон», 1915, «У гушчары», 1922, і інш.), трагічныя калізіі дабра ў свеце зла (псіхал. навелы «Восень», 1920, «Холад», 1924, сац.-фантаст. алегорыя «У краіне вадзянікоў», 1927, і інш.), адзінота чалавека, яго бездапаможнасць перад часам, гісторыяй (аповесць-споведзь «Жыццё ідыёта», 1927). Скончыў жыццё самагубствам. У Японіі ўстаноўлена літ. прэмія яго імя (1935). На бел. мову асобныя навелы Акутагавы пераклаў У.Шатон.

Тв.:

Бел. пер. — Брама Расё;

Нос;

Павуцінкі // Далягляды. Мн., 1990;

Рус. пер. — Избр. Т. 1—2. М., 1971;

Новеллы. М., 1989.

Р.Акутагава.

т. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́Э (Кэндзабура) (н. 31.1.1935, Осе, Японія),

японскі пісьменнік. Скончыў Такійскі ун-т. Дэбютаваў у 1957. Зведаў моцны ўплыў Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, У.Фолкнера, Ж.П.Сартра. Асн. тэма яго твораў — моладзь у сучасным грамадстве. У раманах «Моладзь, якая спазнілася» (1962), «Асабісты вопыт» (1964), «Футбол 1860» (1967), «Агарнулі мяне воды да душы маёй» (т. 1—2, 1973), «Нататкі пінчранера» (1976), «Гульні равеснікаў» (1979) і інш. праблемы станаўлення асобы і ўзаемадачыненняў індывід. і масавай свядомасці, матывы паводзін і псіхалогія «падманутага пакалення», роля моладзі ў духоўным выратаванні грамадства і прычыны яе маральнай дэградацыі, пошукі нац. каранёў, суаднесенасць гіст. вопыту з сучаснасцю. Аўтар «Хірасімскіх нататкаў» (1966), аўтабіягр. рамана «Лісты да мілага мінулага» (1987). Нобелеўская прэмія 1994.

Тв.:

Рус. пер. — Объяли меня воды до души моей: Роман;

Рассказы. М., 1978;

Опоздавшая молодежь. Футбол 1860 г. М., 1990.

Е.А.Лявонава.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫЯ ЗЛАЧЫ́НЦЫ,

у міжнародным праве асобы, вінаватыя ў злачынствах супраць міру і чалавецтва, у парушэнні нормаў права ва ўзбр. канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны). Прынцыпы адказнасці ваенных злачынцаў былі ўстаноўлены ў 1945 статутамі Міжнародных ваенных трыбуналаў (гл. Нюрнбергскі працэс, Такійскі працэс), створаных для суда над ням. і яп. ваеннымі злачынцамі 2-й сусв. вайны. Злачынствамі супраць міру з’яўляюцца планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне захопніцкай вайны і інш., супраць чалавецтва — забойствы, вынішчэнне, зняволенне, ссылка, ганенні па паліт., расавых або рэліг. матывах. Да парушэнняў законаў і звычаяў вайны (ваенныя злачынствы) належаць: забойства, катаванне або вываз у рабства цывільнага насельніцтва акупіраванай тэр., забойства і катаванне ваеннапалонных або заложнікаў, бессэнсоўнае разбурэнне гарадоў, вёсак і інш. Для ваенных злачынцаў не існуюць тэрміны даўнасці (напр., паводле міжнар. канвенцыі 1968 вінаватыя ў ваен. злачынствах і саўдзеле ў іх прадстаўнікі дзярж. уладаў і прыватныя асобы нясуць адказнасць незалежна ад часу здзяйснення злачынства), ім не даецца права на прытулак. Ваенныя злачынцы падлягаюць выдачы. На 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя Беларусі перадала спіс вінаватых у злачынствах на акупіраваных бел. землях у час 2-й сусв. вайны (каля 1200 ваенных вязняў), аднак ніхто з іх не быў выдадзены зах. дзяржавамі (ЗША, Канада, ФРГ і інш.) для прыцягнення да адказнасці там, дзе былі ўчынены злачынствы. Рашэннем Савета Бяспекі ААН (1993) створаны Міжнар. трыбунал для разгляду спраў на асоб, якія абвінавачваюцца ў злачынствах на тэр. б. Югаславіі пасля 25.6.1991.

Літ.:

Алексеев Н.С. Злодеяния и возмездие: Преступления против человечества. М., 1986;

Мартыненко Б.А. Нацистские военные преступники в США и других странах НАТО. Киев, 1988.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)