БЯРО́ЗА (да 1940 Бяроза-Картузская, Картуз-Бяроза),
горад у Беларусі, цэнтр Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Ясельда. За 102 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы, на аўтадарозе Кобрын—Баранавічы. 30,5 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах вядома з 1477 як вёска Слонімскага, у 1521 — Кобрынскага пав.ВКЛ. Належала Гамшэям, Вештартовічам, Гастоўскім, Рудзінскім, з канца 16 ст. — Сапегам. З 1629 мястэчка. У 1648—89 пабудаваны Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў (картузаў, адсюль назва Картуз-Бяроза). У 1706 тут адбылася сустрэча рас. цара Пятра I з каралём польскім і вял.кн.літ. Аўгустам II. У час Паўночнай вайны 1700—21швед. войскі разбурылі Бярозу і абрабавалі кляштар. З 1795 Бяроза ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Пружанскага пав. (з 1801 Гродзенскай губ.). У 1-й пал. 19 ст. праводзілася 8 кірмашоў на год, дзейнічалі 2 гарбарныя і суконныя мануфактуры. У 1871 праз Бярозу пракладзена Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. У 1897 — 6,2 тыс.ж. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіравана герм. войскам, у 1919—20 занята польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1921 у Польшчы, мястэчка Пружанскага пав. Палескага ваяв. У 1934 створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр раёна. З 23.6.1941 да 15.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў створаным імі лагеры смерці загубілі 7 тыс.чал. Дзейнічала патрыят. падполле. Бяроза вызвалена войскамі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1969 — 7,5 тыс.чал.
У Бярозе прадпрыемствы маш.-буд., буд. матэрыялаў (Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў), харч. (Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі сыраробны камбінат) прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў, Бярозаўская Петрапаўлаўская царква. Помнікі на месцы б. канцэнтрацыйнага лагера, сав. лётчыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛАСЫРАРО́БНАЯ І МАЛО́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна мясной і малочнай прамысловасці, якая ўваходзіць у харчовую прамысловасць. Аб’ядноўвае прадпрыемствы па перапрацоўцы малака ў розныя малочныя прадукты (гл. таксама Казеін, Масла сметанковае, Масласыраробная вытворчасць).
На Беларусі здаўна малако перапрацоўвалася на сыр, масла, тварог у хатніх умовах. Сыраробныя і масларобныя прадпрыемствы з’явіліся ў пач. 19 ст. ў маёнтках памешчыкаў, у 2-й пал. 19 ст. ўзніклі спецыялізаваныя прадпрыемствы. У 1892 працавалі сырзаводы: 1 у Віцебскай губ. (400 пудоў сыру за год), 4 у Мінскай губ. (3,3 тыс. пудоў), 2 у Магілёўскай (700 пудоў). У 1912 выраблена 1154 т сыру і 139 т масла. Як індустрыяльная галіна пачала развівацца ў сав. перыяд: да 1927 пабудавана 17, да 1932—85, да 1939—116 масла- і сыраробных з-даў, 8 малочных прадпрыемстваў. у т. л. 2 камбінаты (у Мінску і Віцебску). У 1940 дзейнічала 500 такіх прадпрыемстваў. з іх 37 механізаваных У Вял.Айч. вайну 68% прадпрыемстваў М. і м.п. разбурана.
У 1998 на долю М. і м.п. прыпадала 22,3% усёй валавой прадукцыі харч. прам-сці і 46,7% прадукцыі мяса-малочнай галіны; колькасць занятых у падгаліне людзей адпаведна 19,1% і 48%. Колькасць прадпрыемстваў і вытв-сцей склала 215. Большасць прадпрыемстваў шматпрофільныя. Найб. буйныя прадпрыемствы па выпуску цэльнамалочнай прадукцыі: Мінскі гарадскі малочны завод № 2, Мінскі гармалзавод № 3, Брэсцкі, Гродзенскі, Баранавіцкі, Бабруйскі, Магілёўскі малочныя камбінаты, Гомельскае ААТ «Малочныя прадукты» і інш.; па вырабе сметанковага масла і сыру — масласырзаводы Шчучынскі масласырзавод, Скідзельскі, Кобрынскі, Пастаўскі, Талачынскі, Пружанскі і інш.; па вытв-сці сыру — Бярозаўскі сыраробны камбінат, сырзаводы Бярэзінскі, Высокаўскі, Дзятлаўскі, Драгічынскі, Камянецкі і інш.; сметанковага масла — маслазаводы Капыльскі, Карэліцкі, Дубровенскі, Круглянскі, Хоцімскі і інш.; сухога абястлушчанага малака — Клімавіцкі завод масла і сухога абястлушчанага малака, прадпрыемствы ў Івацэвічах, Слоніме, Добрушы, г.п. Акцябрскі; марожанага — спецыялізаваныя прадпрыемствы ў Брэсце, Магілёве, Гомелі; малочных кансерваў — Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, Лепельскі малочнакансервавы камбінат, Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, сухіх малочных сумесей для дзяцей — Ваўкавыскі малочнакансервавы камбінат дзіцячых прадуктаў.
У 1998 выпушчана 955 тыс.т цэльнамалочнай прадукцыі ў пераліку на малако (54% аб’ёму адпаведнай прадукцыі ў 1990), сметанковага масла — 74,2 тыс.т (47%), тлустых сыроў 43,5 тыс.т (67%), малочных кансерваў — 115 млн.шт. умоўных слоікаў (68%). Значна скарацілася спажыванне малака і малочных прадуктаў (у пераліку на малако): з 425 кг у 1990 да 366 у 1998.
Найбольш развіта ў ЗША, Германіі, Францыі, Расіі, на Украіне, у Бельгіі, Нідэрландах, Польшчы, Бразіліі і інш.; па вытв-сці-сметанковага масла вылучаюцца — ЗША, Германія, Францыя, Расія, Польшча, а па вытв-сці сметанковага масла на душу насельніцтва — Фінляндыя (10 кг), Нідэрланды (8,7 кг), Францыя (7,8 кг), Аўстрыя (7,6 кг), Германія (6 кг).
П.І.Рогач.
Да арт.Масласыраробная і малочная прамысловасць. У цэху гарадскога малочнага завода № 2 Мінска.