све́дчанне, ‑я, н.

1. Паведамленне асобы пра тое, сведкай чаго яна была. Па сведчанню самога паэта, сюжэтам для.. паэмы [«Адплата кахання»] паслужыла праўдзівае здарэнне, якое ў даўнія часы мела месца недзе пад Тайнай, а затым зрабілася паданнем. Івашын.

2. Факты, рэчы і пад., што з’яўляюцца пацвярджэннем чаго‑н. Усе гэтыя драбніцы яго жыцця, якія непакоілі Любу, былі для яго [Хадкевіча] найлепшым сведчаннем іх блізкасці. Васілевіч. Там, за лесам, на высачэзных калонах заводскай пляцоўкі гарэлі чырвоныя сцяжкі — сведчанне перамог мантажнікаў, уладароў блакітных нябесных вышынь. Лукша. Яркім сведчаннем неадольнай жыццёвай сілы камуністычнага руху сталі першамайскія дэманстрацыі. «Маладосць».

3. Дача паказанняў на судзе. Старшыня суда.. папярэдзіў, што Пошта павінен гаварыць адну толькі праўду і што за непраўдзівае сведчанне ён будзе пакараны. Крапіва.

4. Афіцыйнае пацвярджэнне сапраўднасці чаго‑н. [Мікіта Мікітавіч:] — А так, без сведчання ўрача, пошта такую тэлеграму не прыме. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Прывесці што‑н. у пэўны парадак. Калгасы адбудаваліся, упарадкавалі палі, аднавілі жывёлагадоўчыя фермы. Хадкевіч. Белай паперай заслалі [Валька і Тася] стол, упарадкавалі на этажэрцы кніжкі, яркую, радасную фіранку павесілі на акно. Мікуліч. У дзяжурным памяшканні Таня яшчэ раз агледзела ліхтарык, падрыхтавала зусім новенькія жоўтыя сцяжкі, упарадкавала куфэрак, які звычайна брала ў дарогу. Даніленка. // і без дап. Навесці парадак дзе‑н. [Марына] упарадкавала ў хаце, узяла серп на плячо. Кавалёў. // Уладзіць; вырашыць. Пакуль дырэкцыя ўпарадкуе справы на новым месцы, мы ўсе адпачываем пасля цяжкага падарожжа і знаёмімся з горадам. Сяргейчык. // і каго. Давесці да ладу, уладкаваць. [Кажамяка:] А ўжо ж, як упарадкую дачку, дык трэба будзе заглянуць. Гурскі.

2. Добраўпарадкаваць. Упарадкаваць гарадскія кварталы. □ [Сцяпан Гаўрылавіч:] — Трэба спачатку ўпарадкаваць дарогу, тады не будзе такога становішча. — Добра, я падумаю, пашукаю выйсця, — згадзіўся Бедыкоўскі. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)