сухата́, ‑ы, ДМ ‑хаце, ж.

Разм.

1. Адчуванне сухасці дзе‑н.; сухасць. Сухата і радасць, слёзы і песня — вось чым спрадвеку быў для жанчыны лён. Палтаран. Жыта было наспелае, ужо растапырвала каласкі, каб выплакацца зернем, шасцела сухатою гарачай, саломы, прасілася пад серп. Лобан.

2. Гарачая сухая пагода; суш. Такой сухатой чэрві стачылі дзічкі, як разакі дрэва; дзічкі сыпаліся зверху на мяжу, як з кошыка. Пташнікаў.

3. Клопат, турбота; туга. [Эма:] — Некалі і я вучылася — Цяжка. Адна сухата... Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Су́ша ’зямля ў процілегласць воднай прасторы’, ’сухое надвор’е, засуха’ (ТСБМ, ТС), ’сухое надвор’е, засуха’ (Сл. ПЗБ, Байк. і Некр., Гарэц., Янк. 3., Пятк. 2, Сцяшк.), ’сухое месца’ (Сл. ПЗБ), ’цвёрдая зямля, мацярык’ (Ласт.). Укр. су́ша, рус. су́ша, ц.-слав. суша, польск. susza, чэш. souše, серб.-харв. су̑шасуш’, славен. súša ’тс’, балг. су́ша ’суша, засуха’, макед. суша ’тс’. Прасл. *suša (< *suxja) утворана ад *suchъ, сухі (гл.) пры дапамозе суф. ‑ja, што ўтварае адпрыметнікавыя абстрактныя назоўнікі, якія могуць набываць канкрэтнае значэнне, гл. Борысь, Etymologie, 544; Фасмер, 3, 814.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

су́ша, ‑ы, ж.

1. Зямля ў процілегласць воднай прасторы. Не паспеюць [матросы] вярнуцца ў свой порт, размяць ногі на сушы, як зноў каманда: у мора! Б. Стральцоў. У адкрытым акіяне няма ні дрэў, ні траў, дык чаму ж паветра гам значна больш багатае кіслародам, чым на сушы? Матрунёнак. Катэры набліжаюцца да берага, вось ужо недалёка прыстань, хутка матросы ступяць на сушу. Кулакоўскі. // Сухая зямля ў параўнанні з балотам. Града — вузкая палоска сушы сярод багны і трысця. Асіпенка.

2. Тое, што і суш (у 1 знач.). Стаяла гарачыня, суша, жыты ў палях пабялелі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухасто́й Участак лесу, у якім багата засохлых на корані дрэў; плошча сухіх дрэў у лесе; павал (БРС). Тое ж сухале́ссе (Зах. Бел. Др.-Падб.), сухапастой (Сміл. Шат.), суш (Нас.), сушнік (Слаўг., Сміл. Шат.), сушня́к, сушняўні́к, сухастоўнік, сушняві́к (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Сухме́нь ’сухое гарачае надвор’е’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Мат. Гом., Растарг.), ’сухое месца’ (Нас.; слаўг., Яшк.), ’сухое месца паміж балотамі’ (ц.-палес., Талстой, Геогр., 128), сукмеɣннік ’грудок на балоце; падсохлая глеба ў берага’ (< сухменнік) (зах.-палес., Талстой, там жа), сухмі́нь ’сухое месца’ (слаўг., Яшк.). Укр., рус. сухме́нь ’сухое месца’ і да т. п.; дакладную паралель бачыць у літ. sausmenà ’сухое месца’ Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 193). Дэрываты ад сухі (Фасмер, 3, 813) з фармантам ‑мень/‑мінь; да суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 76. З іншым суф. ‑ель‑ сухме́ль ’цеплата, суш’ (круп., Сл. ПЗБ), сюды ж сухмельня ’ёўня’ (Мат. Маг.). Паводле Карскага (2–3, 29), у выніку змены ранейшага суф. ‑ман‑ пад уздзеяннем суф. *‑men‑, які ўтвараў асновы на зычны, параўн. сухмя́ны ’сухі’ (Ласт.), сухме́ць ’засуха’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

усе́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. (пераважна з адмоўем «не»). Утрымацца ў сядзячым становішчы, не падаючы пры штуршках, гайданні і пад. [Конь], нарэшце, ірвануў, ды так, што цётка не ўседзела і навалілася на воз. Ус.

2. Застацца сядзець, знаходзіцца на месцы. Калі бацька пайшоў, Таццяна не магла адна ўседзець у хаце і зноў выйшла на вуліцу, накіравалася да школы. Шамякін. Турбавала яго [Я. Коласа] і тое, што часам улетку стаяла суш. Тады цяжка было паэту ўседзець за пісьмовым сталом. С. Александровіч. Львіцы — як толькі могуць уседзець яны ў адной клетцы! — з чыста жаночай цікавасцю паглядалі праз краты: што робіцца на белым свеце? Лужанін. // Прабыць некаторы час без работы. Я знаю — Ўседзець не змаглі б Без справы там і вы, Калі б пачулі, Як іграў Наш Пецька Канцавы. Кірэенка.

3. перан.; (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы ўтрымацца на якой‑н. пасадзе. Ды час прабіў. Дыхнула бура.. Не ўседзеў цар у сваіх мурах. Колас. [Сыч:] — Дзе тут уседзець у нас, ды яшчэ доктару біялагічных навук! Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)