стаўбуно́к, ‑нка, м.

Абл.

1. Памянш.-ласк. да стаўбун (у 1–3 і 5 знач.); маленькі стаўбун.

2. Вадзяная лілія. [Зіна] гаварыла, што там растуць фіялетава-ружовыя стаўбункі, а на ўзгорках — чырвоныя гваздзічкі. Гаўрылкін.

3. Пра што‑н. падобнае на слупок. Ля ларка Лёшка раскашэліўся яшчэ раз: купіў два стаўбункі марожанага. Асіпенка. І плацце сонечнага колеру, і прычоска, чугачку паднятая стаўбунком .. — усё так міла і так хораша .. [Тоні]. Скрыган. Над .. паверхняй [ракі] часам у знікалі цёмныя рухомыя стаўбункі — камары таўклі мак. Кірэенка. // Пра высокую шапку. Стройная, не прыгнутая гадамі, пастава, з густам падабраная і падагнаная вопратка — шэры аўчынкавы каўнер і гэткая ж шапка-стаўбунок узімку,.. падкрэсліваюць унутраную сабранасць, тую, што з глыбінь душы, інтэлігентнасць [пісьменніка]. Юрэвіч. Беглі на дарогу наперарэз карэце мужыкі... У лапцях, доўгіх, ледзь не па самае калена, белых зрэбных кашулях, шапках-стаўбунках: у руках — тапары. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаўбуне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Абл. Расці не ў караняплод, а ў стаўбун (у 5 знач.). // перан. Марнець, ведучы бясплоднае жыццё. Нарэшце Тоня адкінуў усе жарты ўбок і ціха выгаварыў пра свае намеры. [Насця:] — Як жа я пайду за цябе. — Ты ж цяпер ужо «Дойла». Хочаш, каб мяне дойліхаю дражнілі? [Тоня:] — Як быццам ты без мянушкі! Разяда! Цябе ж усе і завуць так з-за тваіх .. духоў, якімі ты ўсім некалі хвалілася. Стаўбуней сабе ў дзеўках, Разяда. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаўбу́р 1, ‑а, м.

Абл.

1. Стаўбун (у 2, 3 знач.). Адтуль, дзе Аляксей стаяў, не было відаць, як на нямецкім баку, за ўзгоркам, пачалі ўзлятаць чорныя грывы выбухаў, ускідваючы ўгару нейкія абломкі, стаўбуры зямлі. Мележ. Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. Казека.

2. Ствол дрэва, слуп і пад. Чорны, як вугаль, тоўсты, роўны, гладкі дубовы стаўбур ляжаў упоперак ракі. Колас.

стаўбу́р 2, ‑у, м.

Вірусная хвароба паслёнавых раслін (бульбы, памідораў, тытуню і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стаўбу́р ‘высокі конусападобны прадмет з круглым верхам; ствол дрэва, слуп дыму і пад.’ (ТСБМ), ‘кветаноснае сцябло’, ‘зламанае бурай дрэва’ (Ласт.; віл., паст., шальч., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стовбу́р ‘ствол, стрыжань расліны’. Відаць, таго ж паходжання, што і стаўбун (гл.), але з суф. ‑ур, аб якім гл. Слаўскі, SP, 2, 26; суадноснае з славен. stebër ‘калона’, харв. stàbar ‘дрэва, сцябло’, на аснове якіх ўзнаўляецца прасл. *stъbъrъ з галоснымі ў ступені рэдукцыі, гл. Бязлай, 3, 314. Роднаснае літ. stuobrỹs, stũbures, stùburas ‘сцябло; шасток’, лат. stubure ‘пень; сцябло’; апошнія хутчэй садзейнічалі захаванню слова, чым былі крыніцай для яго запазычання. Німчук (Давньорус., 244) мяркуе пра кантамінацыю стараж.-рус. стоборъ < зборн. стобориѥ ‘шэраг слупоў’ (< *stъbъrъ або *stoborъ) з стовп (< *stъlъpъ, гл. стоўб). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 762; ЕСУМ, 5, 422.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаўбе́ц, стаўпе́ц (стовбе́ц, стовпе́ц) ‘рыба ялец, Leuciscus leuciscus L.’ (Крыв.), стовпец ‘рыба ялец; рыба пячкур, Gobio gobio’ (на Прыпяці, Жук.), стаўбец ‘пячкур’ (Інстр. 2); з іншым суф. стаўбу́н ‘ялец’ (Янк. 1, 2). Дэрываты з суф. ‑ец ад стоўб, стоўп (гл.). Укр. стовбець, стовпець ‘пячкур; ялец’. Па сведчанні Сабанеева (2, 78 і наст.), пячкур называецца столбец, столбчик наогул па ўсёй паўднёвай Расіі; назва дадзена па брускаватай форме цела і па звычцы ў паўдзённую гарачыню стаяць нерухома каля камянёў і карчоў (гл. таксама Усачова, Слав. ихт. терм., 154); найменні першапачаткова адносіліся да пячкура, а потым перайшлі на яльца з прычыны некаторага падабенства і іх дробных памераў. Інакш ЕСУМ (5, 421), у якім мяркуюць аб змяненні і кантамінацыі назваў тыпу ўкр. ско́блик, ко́вблик, рус. колб, колбе́нь, якія былі набліжаны да стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)