ВАЛУ́Й, бычок (Russula foetens),

шапкавы пласціністы грыб з роду сыраежка сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце асобна і групамі ў розных лясах (пераважна ў бярозавых і мяшаных). Пладовыя целы з’яўляюцца летам і ўвосень.

Шапка да 15 см у дыяметры, у маладых грыбоў амаль шарападобная, ліпкая, жаўтаватая, у спелых пукатая або плоска распасцёртая, жоўта-бурая, з бугрыста-рубчастым краем. Пласцінкі спачатку белыя, потым робяцца жаўтаватыя. Ножка тоўстая, белаватая, з пустотамі або пустая. Смак свежага валуя едкі, пах непрыемны. Нізкаякасны ядомы грыб. Спажываецца толькі солены і марынаваны (пасля вымочвання і адварвання). Па вонкавым выглядзе да яго крыху падобны неядомы валуй несапраўдны, або хрэнавы грыб.

Валуй.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́НКА, ваўнянка белая (Lactarius pubescens),

шапкавы пласціністы грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі пераважна ў маладых, часта забалочаных бярозавых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жніўні—верасні.

Шапка да 6 см у дыяметры, тонкаапушаная, з загнутым уніз валакністым краем, белая, сухая або злёгку слізкая, з цягам часу становіцца шырокалейкападобная, сухая, белая або крэмаватая. Пласцінкі спачатку белыя, пасля крэмава-ружовыя. Ножка да 4 см выш., белая або з ружавата-крэмавым адценнем, гладкая, пустая. Мякаць белая, пад скуркай ружаватая, са слабым пахам герані, мае горкі млечны сок. Ядомы грыб. Ужываецца толькі солены (пасля вымачкі і адварвання). Вонкавым выглядам нагадвае сапраўдную ваўнянку.

Бялянкі.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)