СВЯТАСЛА́Ў О́ЛЬГАВІЧ (у хрышчэнні Мікалай; ? —15.2.1164),
князь чарнігаўскі. Сын Алега Святаславіча. У 1136 запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў з перапынкамі да 1141. Ў 1142 меў нейкую воласць «около Гомья» (Гомеля). У 1146 яму належалі Курск, Ноўгарад-Северскі, Карачаў, Колцеск, Дзедаслаў, але ў тым жа годзе ён выгнаны з Чарнігаўскай і Северскай зямель. У 1147 увайшоў у саюз з Юрыем Далгарукім, з дапамогай яго войск заняў зямлю вяцічаў, пасля вярнуў свае ўладанні. Калі Юрый Далгарукі заняў Кіеў (1149), С.О. атрымаў ад яго «и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче» (Слуцк і Клецк з навакольнымі землямі), а каля 1155 — Мазыр. Паводле дагавора 1157 з вял. кіеўскім кн. Ізяславам Давыдавічам атрымаў Чарнігаўскую зямлю, а г. Ноўгарад-Северскі перадаў пляменніку Святаславу Усеваладавічу. Некат. час у яго землях знаходзіўся пазбаўлены ўладанняў полацкі кн.Рагвалод Барысавіч, якому С.О. у 1158 дапамог войскамі вярнуць свае землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВЯРА́НЕ,
усходнеславянскія плямёны, якія ў канцы 1-га тыс.н.э. жылі ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Ворскла, Псёл, Северскі Данец. Межавалі на З з палянамі, дрыгавічамі, на Пн з радзімічамі і вяцічамі, на У і Пд з качавымі плямёнамі. У 8 — пач. 9 ст. плацілі даніну хазарам. У канцы 9 ст. заходнія С. разам з палянамі ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі, усходнія С. да канца 10 ст. захоўвалі адносную аўтаномію. У 11—12 ст. С. склалі значную ч. насельніцтва Чарнігаўскай (Северскай) зямлі. У 907 удзельнічалі ў паходзе Алега на Візантыю. Упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 884, 885 і пад 1024. Найб. гарады С. — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Сноўск, Пуціўль, Курск і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — спіралепадобныя і прамянёвыя скроневыя кольцы, пласціністыя галаўныя венчыкі. У 1096 на землях С. ўзнікла Северскае княства.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ГАР СВЯТАСЛА́ВІЧ (1150—1202),
князь ноўгарад-северскі (з 1178), чарнігаўскі (з 1198). Сын чарнігаўскага князя Святаслава Ольгавіча. Удзельнік феад. войн 12 ст. за кіеўскі прастол. У 1172 за р. Ворскла разграміў войска полаўцаў на чале з ханамі Кабяком і Канчаком. Сумесна з інш. князямі ўдзельнічаў у шэрагу паходаў супраць полаўцаў. Узначаліў няўдалы паход 1185, які потым склаў сюжэтную аснову «Слова аб палку Ігаравым». Уцёкшы з палону, нанёс новыя паражэнні полаўцам у 1187, 1190 і 1191.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Раман Міхайлавіч) (13.10.1885, г. Ноўгарад-Северскі, Украіна — 6.5.1959),
украінскі фалькларыст і літ.знавец. Праф. (1921). Скончыў Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1912). Даследаваў нар. драму, казкі, быліны і літ.-фалькл. сувязі. У працах пра сюжэтаскладанне ўсх.-слав. казак, стыль рус. казак і вытокі пушкінскай «Казкі пра цара Салтана» выкарыстаў і бел. матэрыял.
Тв.:
Народная драма «Царь Максимилиан» // Рус. филол. вестн. 1912. Т. 67—68, № 1—4;
Сказка: Разыскания по сюжетосложению народной казкі. Т. 1. Сказка великорусская, украинская, белорусская. Харьков, 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЫ́ХІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (канец 12 — канец 8 ст. да нашай эры) на ПнУ Украіны (бас. рэк Северскі Данец, Ворскла, Сула, Псёл, Сейм). Назва ад паселішча ва ўрочышчы Бандарыха, непадалёку ад г. Ізюм Харкаўскай вобласці. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у зямлянках і наземных жытлах. Пахавальны абрад — найчасцей трупаспаленне з наступным пахаваннем рэшткаў у грунтавых ямах. Кераміка арнаментаваная верт. расчосамі, гарыз. радамі ямак рознай формы. Прылады вырабляліся з каменю (свідраваныя сякеры, зерняцёркі), косці (праколкі, прасліцы) і бронзы (кельты, нажы, кінжалы). На думку большасці даследчыкаў, плямёны, якія пакінулі Бандарыхінскую культуру, былі фіна-угорскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЛАА́М (свецкае імя Шышацкі Рыгор; 1750, в. Красілаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 1821 ці 1823),
праваслаўны царк. дзеяч. Скончыў Пераяслаўскую духоўную семінарыю і Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1776 прыняў манаства, у 1780—95 ігумен і архімандрыт манастыроў у Расіі, на бел. і літ. землях Рэчы Паспалітай. У 1793 памагаў мінскаму архіепіскапу Віктару (Садкоўскаму) вяртаць уніятаў да праваслаўя. З 1805 епіскап, з 1808 архіепіскап магілёўскі і віцебскі. У час вайны 1812 падтрымаў французаў, загадаў служыць набажэнствы за Напалеона. Пасля выгнання акупантаў прыцягнуты да адказнасці па справе аб здрадзе, у 1813 пазбаўлены сану і сасланы простым манахам у Ноўгарад-Северскі і Спаса-Праабражэнскі манастыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку, пашыраная ў 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. ў бас. Акі, Клязьмы, у верхнім і часткова сярэднім Паволжы. Назва ад паселішча каля с. Пазнякова (паблізу г. Мурама). Паходжанне П.к. звязваюць з прасоўваннем з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. з рэк Дон і Северскі Данец плямён зрубнай культуры і асіміляцыяй імі мясц. насельніцтва. Асн. заняткі плямён П.к. — жывёлагадоўля, земляробства, выплаўка бронзы. Для яе характэрны невял. паселішчы на надпоймавых тэрасах, паблізу ад іх — могільнікі (курганныя для ранняга і грунтавыя для позняга этапаў); I пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы. Каля магіл выяўлены рэшткі вогнішчаў. Знойдзены гліняны посуд, крамянёвыя прылады, у багатых пахаваннях — бронзавыя нажы, кінжалы, упрыгожанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́ФРЫЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у канцы 14—19 ст. каля в. Сялец Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. Заснаваны як праваслаўны мсціслаўскім князем Лугвенам-Сімяонам, сынам вял.кн.ВКЛ Альгерда (паводле некат. звестак Юрыем, сынам Лугвена). У 1635 кароль Уладзіслаў IV перадаў манастыр грэка-каталіцкай царкве, яго настаяцелем быў архіепіскап смаленскі і северскі. Да 1809 манастыру належаў і фальварак. Усе манастырскія будынкі былі драўляныя, у апошняй трэці 18 ст. пабудаваны мураваныя царква св. Ануфрыя і жылы корпус. Б-ка Ануфрыеўскага манастыра мела 302 кнігі, у т. л. рукапісныя. Манастыр зачынены пасля скасавання Брэсцкай уніі (1839). Захавалася царква — помнік архітэктуры барока. Мураваны 1-нефавы храм з паўцыркульнай апсідай і высокай 5-яруснай чацверыковай вежай-званіцай. Цяпер прыходскі праваслаўны храм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКА (Дзяніс) (? — пасля 1671),
кіраўнік атрада бел. сялян у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, наказны бел. палкоўнік. Арганізаваны ім у 1656—57 атрад дзейнічаў у Мінскім і Аршанскім пав., рабіў рэйды па шляхецкіх маёнтках. Яго рэзідэнцыямі былі Ігумен (1656) і Камень (з 1657) у Мінскім пав. У вер. 1658 перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, вёў баявыя дзеянні супраць рас. войск ва ўзаемадзеянні з І.Нячаем і С.Аскеркам (гл.Аскеркі). 22.5.1659 сейм Рэчы Паспалітай надаў М. шляхецтва. У снеж. 1664 здзейсніў рэйд у Ноўгарад-Северскіпав., у студз. 1665 — у ваколіцы Чарнігава. У маі 1665 на шляху паміж Старадубам і Гомелем яго атрад (400 чал.) разбіты і сам ён паранены. Пазней служыў у войску гетмана ВКЛ П.Сапегі.
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЕ́ЦКІ ПАХО́Д І́ГАРА СВЯТАСЛА́ВІЧА 1185,
паход удзельных князёў Северскай зямлі на чале з ноўгарад-северскім князем Ігарам Святаславічам супраць полаўцаў. У крас. 1185 Ігар Святаславіч выступіў з дружынай з г. Ноўгарад-Северскі. Да яго далучыліся з дружынамі сын Уладзімір з Пуціўля, пляменнік Святаслаў Ольгавіч з Рыльска, брат Усевалад (кн. Трубчэўскі) і атрад кавуяў (аселых качэўнікаў) чарнігаўскага князя. Аб’яднанае войска (4—6 тыс.чал.) рушыла на Пд. У сучаснай гіст. л-ры няма адзінага меркавання пра канкрэтныя мэты паходу і месца вырашальнай бітвы. 11—12.5.1185 полаўцы на чале з ханам Канчаком акружылі і поўнасцю знішчылі северскае войска, узялі ў палон Ігара Святаславіча і інш. князёў. Потым яны спустошылі тэр. Пераяслаўскага і Ноўгарад-Северскага княстваў. Падзеі паходу склалі сюжэтную аснову «Слова аб палку Ігаравым».
Літ.:
Рыбаков Б.А. «Слово о полку Игореве» и его современники. М., 1971;
Гетманец М.Ф. Тайна реки Каялы: («Слово о полку Игореве»), 2 изд. Харьков, 1989.