Вы́салапіць (БРС, Нас., Гарэц., Грыг., Чач., Клім., Бес., Шн., 2, Нік., Оч., Шпіл., Янк. БФ), вы́салапіцца ’выказацца’ (Мат. Гом.). Укр. ви́солопити ’тс’, рус. вы́солопить (толькі пагран. рус. гаворкі). Беларуска-ўкраінская ізалекса, якая не мае адпаведнікаў у іншых славянскіх мовах. Слова-крыніцу (*salpiti) Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 46) прапаноўвае аднесці да літ.-лат. лексічнай групы: літ. sul̃pti, sul̃piti ’ссаць, прысёрбваць’, лат. sulpît ’ссаць, аблізваць’. У сувязі з тым што бел. і ўкр. формы паслядоўна фіксуюць поўнагалоссе, гэта запазычанне павінна было адбыцца да метатэзы плаўных. Гл. яшчэ салупаць і Трубачоў, Слав. языкозн., 177.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Салапя́ка ’разява, чалавек з высунутым языком; чалавек з адкрытым ротам; той, хто часта высоўвае язык’ (ТСБМ, Др.-Падб., Шат., Гарэц., Нар. лекс.), салапя́к (Бір. Дзярж.), салапа́йка (Сцяшк. Сл., Янк. 1), солопʼя́ка (Клім.), салопя́ка, салапі́ха (Сл. ПЗБ), сале́па (Скарбы), салапа́ты (Жд. 1), салапа́н (Нар. сл.), солопэ́й (Нар. лекс.), салапа́ты, салапа́йка, салапе́ка (Мат. Гом.), солопе́ка, солопе́та (ТС). Для ўкр. солопій ’салапяка’ і, такім чынам, бел. солопэ́й Анікін, Этымалогія–1982, 69 узнаўляе прасл. *solpějь. Да салупаць (гл.) з рознымі суф. Сюды ж салапа́ты, салапа́ч ’той, хто выгаворвае с замест ш’ (Шат.), салапа́ты ’шапялявы’ (Ян.) з далейшым развіццём значэння ’чалавек з разінутым ротам’ — ’чалавек, які мае дэфект вымаўлення’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)