МАРО́ЗАВА (Марыяна Генадзеўна) (н. 23.4.1958, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Скончыла Бел. кансерваторыю (1983, клас Я.Глебава). З 1985 выкладае ў Мінскім пед. ун-це (з 1993 дацэнт). Працуе пераважна ў галіне вак. лірыкі. У творчасці апіраецца на традыцыі бел. і рус. муз.-паэт. фальклору. Некат. творы напісаны пад уплывам жывапісу і л-ры. Сярод твораў: кантаты, у т. л. «Муха-цакатуха» на словы К.Чукоўскага (1982); 3 сімфоніі, у т. л. «Чорная быль» (1988); «На кірмашы» для нар. арк. (1989); 2 сюіты з балета «Стойкі алавяны салдацік» і «Adagio» для камернага арк. (усе 1990); камерна-інстр., у т. л. стр. квартэт «Лічбы на сэрцы» па матывах аднайм. цыкла карцін М.Савіцкага (1985); п’есы для фп. з інструментамі сола (1981—99); вак. цыклы і рамансы на вершы Н.Гілевіча, А.Кальцова, С.Капуцікян, Н.Мацяш, А.Міцкевіча, А.Пушкіна, Я.Янішчыц, Т.Мушынскай, на нар. тэксты; песні, хары, музыка да тэлеспектакляў.
Літ.:
В’югінава І. Жывапіс у гуках // Мастацтва. 1998. № 1.
т. 10, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛЮ́К (Валерый Васілевіч) (н. 30.3. 1953, в. Ропна Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. рэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). З 1979 рэжысёр Бел. т-ра імя Я.Коласа (у 1993—96 дырэктар і да 1997 маст. кіраўнік). У 1981—83 працаваў гал. рэжысёрам Магілёўскага абл., у 1983—91 Дзярж. рус. драм. т-раў. У рэжысуры спалучае псіхалагізацыю характараў з вобразнай умоўнасцю сучаснай тэатр. эстэтыкі. Лепшыя спектаклі М. вызначаюцца яркай відовішчнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, уменнем раскрыць акцёрскую індывідуальнасць. Сярод пастановак: у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Клеменс» К.Саі і «Стары дом» А.Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе (1981), «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1994), «Размова ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма» П.Хакса (1995), «Жаніцьба» М.Гогаля і «Час быка» Саі (1996), «Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка (1998); у Магілёўскім абласным драм. т-ры (у спектаклях выступаў і як акцёр) — «Візіт дамы» Ф.Дзюрэнмата (1981), «Тутэйшыя» паводле твораў Я.Купалы (і роля Мікіты Зносака), «Каханне, джаз і чорт» Ю.Грушаса (роля Андруса) і «А хтосьці выпаў з гнязда» паводле Д.Васермана (роля Мак Мэрфі; 1982); у Дзярж. рус. драм. т-ры — «Гамлет» У.Шэкспіра, «Усё ў садзе» Э.Олбі і «Бабскае царства» Ю.Нагібіна (1984), «Знак бяды» паводле В.Быкава (1985; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Апошні наведвальнік» У.Дазорцава і «Царства зямное» Т.Уільямса (1986), «Начныя карлікі і Антыгона» Л.Разумоўскай і «Ноч анёла» А.Розанава (1987), «Майстры» А.Дударава паводле М.Булгакава і «І быў дзень...» («Сметнік») Дударава (1988). Аўтар п’ес «Судны дзень» (разам з В.Казько, паст. 1982), «Начное рандэву», «Чароўная кашуля» (абедзве паст. ў 1992), «Вялікая сумная рыбіна, якая чакае» (паст. 1995), «Пакахай мяне, салдацік» паводле аповесці Быкава (паст. 1997), «Кацігарошак» паводле бел. фальклору (паст. 1998), «Пад сонцам» (паст. 1999), вершаў у зб. «Сцяжына» (1983).
Літ.:
Гаробчанка Т. Свой шлях у мастацтве // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11.
Т.Я.Гаробчанка.
т. 10, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)